1905 – 1906 гады. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Станкруль, Каменны крыж і вёска Асінава былі галоўнымі аб’ектамі маёй зацікаўленасці падчас майго апошняга знаходжання з бацькам у Станкрулю. Калі едзеш з Докшыц у Вітунічы, а таксама да Станкруля ў Нябышыне працякае рака Поня. Па правым баку той ракі ляжачая мясцовасць называлася Запонне. Жыве там у асноўным польская шляхта, а таксама большасць абывацеляў земляробаў. Як: Чаховічы, Шолтыковічы і іншыя. Вёскі былі каталіцкія, заселеныя дробнай засцянковай шляхтай. Жыхары Запоння амаль усе лічылі сябе палякамі, якіх царскія ўлады, нягледзячы на вялікія высілкі, не здолелі русіфікаваць у перыяд часу ад паўстання 1863 года да 1895 года. Якраз у гэты перыяд, як папярэдне апавядаў, прымушалі пераходзіць у праваслаўную веру. Калі ў 1906 – 1907 гадах царскі ўрад абвясціў рэлігійную талерантнасць, усё насельніцтва, якое раней было перавернута ў праваслаўе, перайшло да сваёй былой каталіцкай веры. Папы засталіся без прыхаджан. Цэрквы сталі пустымі .Закрытыя раней касцёлы былі адчынены, як: у Замошшы, Беразіне, Шклянцах, Kямяшовіцах і Порплішчы. Спыніўся прыгнёт і пераслед каталіцкага насельніцтва. Праз некаторы час, калі і праваслаўныя пачалі пераходзіць на каталіцкую веру, быў выдадзены ў 1907 годзе ўказ, згодна з якім можна было перайсці ў каталіцкую веру толькі са згоды губернатара. Уся настойлівая царская акцыя з 1863 па 1905 год, пакладзеная на русіфікацыю насельніцтва, якое пражывае ў Паўночна-Заходнім краі, які ахопліваў губерніі: Віленскую, Гродзенскую, Сувалскую, Беластоцкую, Мінскую, Віцебскую, Магілёўскую і Ковенскую, не дасягнула поспеху.

Рэвалюцыя, якая выбухнула ў 1905 годзе, паклала канец прыгнёту не толькі польскага насельніцтва, але і іншых народаў, якія жылі пад уладай рускіх цароў. Бацька са сваім братам Міхалам да 1906 года былі ўключаныя ў рэгістрацыйныя кнігі Вітуніцкай гміны пад прозвішчам Стадольнік, у той час як усіх нас, дзяцей, ахрысцілі ў каталіцкай веры пад прозвішчам Ражноўскі. Узнікла патрэба абраць адно прозвішча з тых двух, відавочна сапраўднае – Ражноўскі. Спачатку бацька намерваўся зацвердзіць дзядулю родам з дваран у Дваранскім Сходзе ў Лепелі, а потым сябе з братам і ўсіх нас. Аднак гэта вымагала шмат высілкаў і грашовых выдаткаў, і таму бацька адмовіўся ад гэтага намеру і замест гэтага звярнуўся да рускага цара ў 1906 годзе з просьбай аб дапісанні ў кнігах Вітуніцкай гміны да прозвішча Стадольнік яшчэ прозвішча Ражноўскі.

Цар падтрымаў гэтую просьбу і з тых часоў наша прозвішча гучала Стадольнік– Ражноўскі. У больш позні час я, прыпісваючыся ў рэгістрацыйныя кнігі горада Вільні, ўзяў толькі адно прозвішча– Ражноўскі. Такім чынам, я пазбавіўся ад прозвішча Стадольнік. Мой брат Казімір доўгі час насіў прозвішча Стадольнік – Ражноўскі.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля