А каб кароўка не прапала! Успаміны Язэпа Квача

Кароў у нас трымалі ў кожнай сям’і і па адной. Дзве маглі быць толькі ў таго, хто хацеў памяняць карову. Ва ўсіх рагулі былі ў вялікай пашане, бо былі сапраўднымі карміцелькамі. А вось самім ім кармоў у наш час вельмі не хапала. Касілі толькі па лугах ды няўдобіцах. Але і тое спачатку добра абразалася. А якім чынам? Усім адшчапенцам (хто працаваў не ў калгасе) даводзілася заданне выкасіць па тры гектары. Такім быў і мой бацька. Што касіў сам, што дапамагалі мы, некага наймалі. Але трэба было абавязкова выкасіць, бо не дадуць укосу (дзялкі).

А такіх адшчапенцаў у Квачах было не адзін, а можа з чатыры. Яны выкошвалі самыя лепшыя лугі ў калгас. Што заставалася, дзялілі між сабой, а гэта не мала, а прыблізна на 65 гаспадароў. Стваралі камісію. У яе звычайна “выдзвігалі” маю маму, Эдзіка Лавутавага ад механізатараў, Рублеўскага, Паўлу. Яны абыходзілі ўсе сенакосы і вызначалі, колькі ў якім месцы можна накасіць сена, запісвалі гэта. Напрыклад, вызначылі, што ўсяго сена на 65 вазоў. Значыць, на карову па возе. І глядзелі па спіску. Ну, напрыклад, на Хвашчоўцы 6 вазоў. Па парадку па спісе яе аддавалі шасці суседзям і г. д. Ужо гэтыя суседзі і ішлі дзяліць тую Хвашчоўку на дзялкі. Іх магло быць і па пяць, і па дзесяць, бо гэта ж не было роўнае поле, а розныя ўзмежкі, канаўкі, акрамускі (тое, што засталося).

За дзяльбу членам камісіі выдзялялі па нейкім возе сенажаці дадаткова. З дзялак накошвалі не больш двух вазоў. А на зіму ж трэба вунь колькі, і з калгаса, як цяпер, рулонаў не давалі, і так смела не ўкрадзеш. Займалі бабы, дзе больш з травой лён, рвалі яго і касілі ллянішча, касілі іржышча, дзялілі атаву. Давалі з калгаса па пару капніцеляў саломы. Мама купляла ў рачніка ўчастак ракі, каб можна было скасіць на сена. Вось так нялёгка дабываліся кармы.

Я памятаю, калі яшчэ малако не прымалі, а трэба было здаваць план маслам. А дзе яго столькі возьмеш? Маці ехала ў Глыбокае або Паставы і купляла там масла на рынку ці ў магазіне. Затым фармавала яго ў формачках і здавала, як ад сваёй каровы. Калі пачалі прымаць малако, то помню, то ў нас заўсёды гэту работу рабіла Юзюня Адамава. Спачатку трэба было малако да яе насіць самім здатчыкам. Потым ёй далі каня Марынчынага, і яна сама збірала малако па хатах, а летам ехала туды, дзе стаялі каровы ў абед. А каровы ў нас пасвіліся то ў Хмялінцы, то на Балоце. Гэта летам, а ўжо восенню там, дзе прыдзецца, дзе ёсць трава (і ў Навінках, і па Слісаршчыне – ўсюды).

Электрапастуха тады не было, і адбывалі радоўку па чарзе па трое суседзяў. Часам пасвіў і я. Старэйшыя, напрыклад, Янэчык, ці Вінцуська камандуюць, ну а я стараюся і бегаю, адганяючы кароў ад шкоды. Выводзілі кароў рана, недзе каля пяці гадзін, і кожны вёў на гужыку сваю карову. Часам будзілі і мяне завесці карову, калі бацькам не выходзіла. Ой, як тады хацелася спаць! Разбіраць кароў (забіраць з поля) таксама трэба было кожнаму, і тут было ўжо весялей.

Часу было і ў нас, і ў старых, і мы выходзілі па кароў зарання, за гадзіну ці нават больш. Старыя часам гулялі ў карты, абмяркоўвалі навіны, пагаварыць ім было пра што. Мы, дзеці, таксама не марнавалі часу. Каля Альжбеткі пад Хмялінцам бегалі па кустах, кідаліся коп’ямі, гулялі ў карты, у рэпку, курылі, палілі вогнішча. Летам кароў прыводзілі недзе каля дзевяці гадзін. Глядзелі праграму “Время” і пілі цёплае, з-пад каровы малако.

Язэп Квач