Аўстэрыя, якая некалі знаходзілася на мейсцы сёньняшняга фантана

Корчмы

Акрамя таго Кармэліты мелі ў мястэчку некалькі корчмаў. Найбольшай з іх была Аўстэрыя, якая знаходзілася на Рынку мястэчка Глыбокае. Гэта быў цагляны будынак, пабудаваны ў форме прамавугольніка, атынкаваны, пабелены. Меў двое ўяздных двайных варот, якія былі абітыя футрам, на засоўкі і з унутранымі замкамі. Аўстэрыя мела драўляны ганак, пабудаваны на 6 слупах з боку Рынку, і таксама як Аўстэрыя быў пакрыты гонтам. Сама Аўстэрыя складалася з памяшканьня з дзьвюмя бакоўкамі і цаглянай печчу, дзе жылі працаўнікі карчмы, адной вялікай залі (так званая шынковая заля), 4 складоў, 3 гасьцявых пакояў, кухні зь дзьвюмя печамі і двух склепаў. Аўстэрыя мела два дубальтовыя вакны і 15 адзіночных, з кратамі 4, кафлёвых печак было 5 і адна цагляная, такім чынам Аўстэрыя мела 5 комінаў. У залі і двух пакоях падлога была драўляная, а ў іншых памяшканнях цагляная. У залі было 4 сталы: 2 вялікія, адзін з шуфлядай і адзін маленькі, каля сьцен стаялі дзьве лавы, былі таксама адзін зэдлік, 3 крэслы, 2 тапчаны і вуглавая шафа. Каля Аўстэрыі была стадола для коняў.

Манахі мелі таксама іншую карчму, якая называлася “Гавэнда” (Gawęda), а знаходзілася яна на канцы вуліцы Рынкавай. «Гавэнда» была драўляная, пакрытая гонтам, мела адзін комін, складалася з залі шынковай і памяшканьня для шынкара са шведскай печчу і бакоўкай. У залі была цагляная печ, адзін стол, 2 лавы і зэдлік, два сярэднія вакны і адно малое.

Была і трэцьцяя манашская карчма, якая называлася “Пад Касьцялком Копцёўкай” (Pod Kościółkiem Kopciówką). Была яна драўляная сасновая. Складалася з памяшканьня для шынкара з дзьвюмя бакоўкамі, залі шынковай і двух гасьцявых пакояў. Гэтая карчма мела таксама і стадолу.

Аўстэрыя (на пярэднім плане) з вышыні птушынага палёту. Фота Леанарда Рачыцкага, 1930-ыя гг.

Іншыя пабудовы

У Глыбокім Кармэліты мелі таксама і ветравы млын тыпу казак і таксама водны млын. Акрамя гэтага была яшчэ і пякарня (там, дзе пяклі хлеб), краўцоўня (дзе шылі адзеньне пад заказ), абутковая майстэрня, аптэка, цырульня. Варта памятаць, што пры кляштары быў яшчэ шпіталь, лазарэт і парафіяльная школа, але вялікага ўплыву на гаспадарку кляштара, яны ня мелі. Трэба толькі дадаць, што мелі яны сваю кухню, 2 склады, 2 склепы, ганак і свой агарод.

Каб усё гэта добра працавала, манахі мелі 69 працаўнікоў, якія жылі пры кляштары і выконвалі свае абавязкі. Саміх манахаў было 32.

Жывы інвентар

Акрамя пералічаных пабудоваў манахі мелі шмат жывёлаў. А менавіта пры кляштары Кармэлітаў у Глыбокім было 37 коняў, 54 каровы, 21 цялушка, 5 козаў, 53 авечкі, 86 сьвіней, 47 гусакоў, 66 курэй, 8 вуллёў з пчоламі.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №6(618) 9 лютага 2012 года