Аб’яўленне Маці Божай у Будславе – аповед 1650 года

Неяк нядаўна я пераклаў невялікі ўрывак з кнігі айца Элеўтэрыя Зеляевіча “Zwierzyniec na ziemi niebieski, to jest Puszcza Budzka łaskami Bożymi opływająca, których ludzie przy cudownym obrazie Najśw. Marii Panny w kościele OO. Bernardynów będącym doznawają”, выдадзенай у Вільні ў 1650. Гэтая кніга – пра кляштар у Будзе (Будславе), тамтэйшы абраз Маці Божай і цуды, якія Бог там чыніў.

“Браты Віленскага канвента, прыняўшы гэты кавалак лесу ад высланых на яго вылучэння каралеўскіх камісараў, на вылучэнне яго высланых, буды сабе і капліцу з біскупскага дазволу ў гэтай пушчы на беразе ракі Сэрвачы, дзе цяпер кляшторны сад, пабудавалі, і там удваіх, часам утраіх ці ўчатырох вялі пустэльніцкае жыццё, дрэва на апал у Віленскі кляштар па рацэ Сэрвачы, якая ўпадае ў Вяллю, сплаўлялі.

Заўважылі іх людзі, якія ў прылеглых мясцінах жылі, і бачачы людзей, дасюль не бачаных, вельмі з іх вопраткі, асобаў, а найболей ладу жыцця, дзівячыся, часта да іх будаў пачалі падыходзіць. Законнікі часта іх бачылі, і паступова рознымі спосабамі і лагоднасцю да сабе прыцягваючы, навучалі святой каталіцкай веры, і паступова абрыдзіўшы іх ад забабонаў, з дазволу ардынарыя (гэты дазвол і па сённяшні дзень мае гэтае месца ab officio), да святога Хросту прыводзілі.

Праз кароткі час пасля таго, як гэтую дзейнасць адначасова з іншымі сваімі заняткамі з ахвотай і гарачай любоўю да Бога для збаўлення бліжняга сталі праводзіць, мясцовыя жыхары, якія пасвілі скаціну ці працавалі ў прылеглых лясах, заўважалі не раз і не два, што вельмі рана незвычайнае вогненнае святло сыходзіла на гэтыя манаскія будкі, і часта ахоплівала гэтыя будкі, не прыносячы ніякай шкоды. Яны далі ведаць пра гэта не толькі іншым жыхарам, але расказалі пра тое, што бачылі, і самім пустэльнікам. А таксама некаторыя вартыя даверу людзі шляхецкага стану, пацвердзіўшы свае словы прысягай, сцвердзілі, што яны самі са сваёй чэляддзю часта, асабліва перад узыходам сонца, бачылі гэтае палымянае святло.

Пустэльнікі разважылі гэтую справу, і адразу далі ведаць у стары Віленскі кляштар. Той неадкладна накіроўвае ў гэтую пушчу святароў, якія прыбылі і правялі стараннае даследванне, апытаўшы мясцовых жыхароў пра той агонь, які сыходзіў на буды сваіх братоў, а потым прызначылі пост і малітву, просячы Ўсемагутнага Бога, каб са Сваёй ласкі растлумачыў, чым ёсць гэтае надзвычайнае святло, якое паказваецца над будамі.

На трэці дзень, пасля заканчэння ранішняга набажэнства, паказалася воблачка, з якога паходзіла святло, якое ахапіла і асвятліла капліцу і ўсе будкі. У гэтым святле паказалася Найсвяцейшая Багародзіца Марыя, якая трымала на руцэ Дзіця Езуса, ахопленая вялікай грамадой анёлаў, і так прамовіла законнікам: “Тут хвалу нашага Бога і майго Сына, і маё заступніцтва заўсёды будзеце мець. Гэтае месца я выбрала сабе як надзейны прытулак грэшным людзям”.

Усе прысутныя браты ўпалі на твары, пакорна дзякавалі Богу і Яго Найсвяцейшай Маці, што з Божай ласкі выбрала гэтае месца для хвалы свайго Сына, і ратунку грэшных людзей. Гэты надзвычайны выбар не быў бясплённы – бо і па сённяшні дзень гэтае месца напаўняецца Боскімі дабрадзействамі і ласкамі.

Што датычыць назвы гэтай Будскай пушчы. Калі пасля таго аб’яўлення абмяркоўвалі браты між сабой, як называць гэтае месца, настаяцель Віленскага кляштара, гледзячы на будкі, над якімі нябеснае святло з’яўлялася, загадаў называць гэтае месца Будай, бо даўней браты там сабе будкі з галля і хаткі з саломы для жылля пабудавалі, і ад тых будак і па сённяшні дзень гэтая пушча, а ад яе сённяшні кляштар і касцёл маюць назву Буда”.

Кастусь Шыталь


 

One Comment

  1. Jevgenij Zareckij

    Маладзец Кастусь, цікавую знайшоў кнігу. Надрукуй яшчэ болей!