Адукацыя ў Глыбоцкім кляштары

Язэп Корсак, закладаючы кляштар Кармэлітаў босых у мястэчку Глыбокім, напісаў у сваім тэстамэнце, што жадае, каб манахі ў гэтым кляштары здабывалі веды. Фундатар жадаў, каб пры кляштары быў створаны навіцыят – ад лац. novus, noviciatus – новы, нявопытны – перыяд пачатку манаскага жыцьця ў каталіцтве. Гэты перыяд працягваўся адзін кананічны год (12 месяцаў), які заканчваўся складаньнем манаскай прафэсіі – 3 шлюбаў (абетаў) – паслухмяства, чысьціні і беднасьці.

Падчас навіцыяту маладыя асобы, якія жадалі стацца манахамі, здабывалі адпаведныя веды пра веру, катэхізм, манаскія статуты, гісторыю ордэна і гд. У каталіцтве кляштары таго самага ордэна аб’ядноўваліся ў адну правінцыю. Усе кляштары Кармэлітаў босых у Рэчы Паспалітаў былі аб’яднаныя ў Польскую правінцыю Сьвятога Духа Кармэлітаў босых, якая паўстала ў 1617 г. Згодна з кананічным правам ва ўсёй правінцыі мог быць толькі адзін кляштар, пры якім быў навіцыят (Кракаў). Такім чынам, усе асобы, якія жадалі быць Кармэлітамі, павінныя былі ехаць у кракаўскі кляштар, дзе быў навіцыят і толькі пасьля заканчэньня навіцыяту, маладых манахаў высылалі ў розныя кляштары правінцыі. Аднак з-за вялікай тэрыторыі Рэчы Паспалітай такое становішча было досыць складаным. Напрыклад, асоба з Віцебска, якая б жадала быць манахам Кармэлітам, маючы кармэлітанскія кляштары ў Глыбокім, Вільне ці Гродне, не зважаючы на гэта мусіла б ехаць ў Кракаў.

У 2-й палове XVII ст. Кармэліты пастанавілі стварыць дапаможны навіцыят у Вільні, куды прыязджалі б асобы з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Аднак у 1727 г. навіцыят быў перанесены зь Вільні ў Глыбокае, дзе быў урачыста адчынены 15 жніўня 1727 г.

У 1731 г. адбыўся падзел польскай правінцыі Кармэлітаў, з якой была вылучана новая Літоўская правінцыя сьв. Казіміра з цэнтрам у Вільні і кананічным навіцыятам у Глыбокім. Таму ўсе манахі Кармэліты, якія працавалі на тэрыторыі ВКЛ ад 1727 года аж да 1864, прайшлі праз глыбоцкі кляштар, усе яны атрымалі пачатковую адукацыю менавіта ў Глыбокім.

Дзеля прыгатаваньня маладых манахаў у Глыбокім былі сканцэнтраваныя найбольш вучоныя манахі. Сьмела можна сказаць, што ў глыбоцкім кляштары была “сьмятанка” Літоўскай правінцыі Кармэлітаў босых – выдатныя прыёры, пісьменьнікі, архітэктары, а таксама прафэсары. Імёны некаторых глыбоцкіх выкладчыкаў ужо згадваліся ў папярэдніх нумарах. Аднак варта дадаць таксама і іншыя. Сярод іх айцец Габрыэль Ангірскі, айцец Аляксандар Ёдка, айцец Марц’яліс Мацкевіч, айцец Паўлін Рагоўскі, айцец Даніэль Бушкевіч, айцец Апалінары Хэжодовіч, айцец Сэбасцьян Алдаўскі, айцец Фаўстын Ільлініч, айцец Геронім Сецінскі, айцец Цыпрыян Сасноўскі, а таксама іншыя.

Чым адрозьніваўся глыбоцкі кляштар ад іншых, а таксама, чым адрозьніваліся глыбоцкія прафэсары ад іншых? Перш за ўсё, мэтодыкай працы! Бо, перад тым, каб стацца манахам, малады хлопец перш за ўсё павінен быў скончыць навуку ў канвікце ў Беразьвеччы ці іншай навучальнай установе. Таму, калі такі хлопец прыходзіў у кляштар у навіцыят, то ён ужо меў вельмі салідныя навуковыя базы. Таму, разумныя глыбоцкія манахі, каб не вучыць яшчэ раз таго самага, пастанавілі займацца пашырэньнем навуковых гарызонтаў.

На патрэбы навіцыяту пры кляштары ў Глыбокім прыёрамі быў створаны адпаведны габінэт (зала) для навукі. Гэтая зала служыла ня толькі як мейсца навукі рэлігіі, але таксама іншых прадмэтаў: фізыкі, хіміі, біялогіі. У Глыбокім маладых манахаў вучылі ня толькі лацінскай мове, але і французскай, і расейскай, акрамя таго вучылі граматыцы польскай мовы, арыфмэтыцы, геаграфіі і філасофіі. Каб навука адбывалася на адпаведнім узроўні, трэба было мець добрае навуковае заплечча. Дзеля гэтага глыбоцкімі прыёрамі быў зроблены і ўладкаваны спэцыяльны габінэт, дзе і адбывалася навука маладых манахаў.

Сьмела можна сказаць, што ў глыбоцкім кляштары была сьмятанка” Літоўскай правінцыі Кармэлітаў босых – выдатныя прыёры, пісьменьнікі, архітэктары, а таксама прафэсары.

Захавалася апісаньне гэтага габінэту з першай паловы ХІХ ст. Такім чынам, у габінэце з н а х о д з і ў с я : гіпсавы бюст імпэратара Аляксандра І, мазаіка Маці Божай у пазалочанай рамцы, абраз Маці Божай з Езусам італьянскай работы, 4 карціны італьянскай работы, 30 папяровых карцін італьянскай работы з англійскім шклом, 8 капэрштыхаў (гравюр) Ватыкану пакрытых лакам, 7 лакераваных арабэскаў у рамках, 6 розных лакераваных капэрштыхаў у рамках, 6 розных лакераваных партрэтаў у рамках, партрэты ўсіх польскіх каралёў. Акрамя таго ў габінэце былі таксама два глобусы: адзін зямны і адзін нябесны, гальвінічны слуп, магніт, магнітныя іголкі за шклом апраўленыя дрэвам, люстэрка, павялічальнае шкло, два компасы, 5 штук маленькага шкла з выявамі розных фігур, два мікраскопы, калейдаскоп з 97 рознымі выявамі, пячатка Язэпа Корсака і касьцёльная пячатка, электрычная машына Вольта, электрычная батарэя для штучнай маланкі, драўляная хатка з двумя кандуктарамі для зьбіраньня электрычнасьці, крышталёвая фізычная лямпа, пнэўматычная машына з 3 срэбнымі званочкамі , медная бляха з выявай Язэпа Корсака, дубовы стол, капілярная трубка, какосавы арэх з 3 кветкамі таго самага арэха, скрыня з 7 шуфлядамі, у якіх былі сабраныя розныя тыпы камянёў, каралавае дрэва, стравусіныя яйкі, марскі рак, луска карпа, вустрыцы, чарапаха, скрынкі з 54 тыпамі розных камянёў і гд.

Ня ўсе дзяржаўныя ўнівэрсытэты мелі такія мэханізмы й прылады, якія меў навіцыят пры глыбоцкім кляштары Кармэлітаў босых!

Акрамя таго, гэты габінэт меў таксама і сваю бібліятэку (не блытаць з кляштарнай бібліятэкай). Гэтая бібліятэчка ўяўляла сабой вялікую драўляную шафу з ашклёнымі дзьвярамі, якія замыкаліся французскім замком. У гэтай шафе было: 105 італьянскіх гравюр розных сьвятых, 101 розных італьянскіх гравюр, 108 гравюр з гісторыяй Сьвятога Пісаньня, 195 гравюр канону пантыфікальнай імшы, кнігі статутаў ВКЛ, 127 гравюр габрэйскіх патрыярхаў і каралёў, 128 гравюр розных рымскіх абразоў Маці Божай, падручнік па старажытнай геаграфіі, падручнік па архітэктуры, школьны атлас, розныя мапы, 407 гравюр Рыма і гд.

Як бачна, гэтае заплечча было вельмі багатым, варта падкрэсьліць, што ў тыя часы толькі ўнівэрсытэты мелі такую вялікую лічбу рознага тыпу прыладаў і механізмаў. Сёньня можна прачытаць у розных падручніках, што менавіта сьвятары і манахі найбольш перашкаджалі ў разьвіцьці навукі, асабліва фізыкі ці біялогіі. Усё гэта няпраўда. На прыкладзе Глыбокага мы бачым, што менавіта манахі былі тымі, хто разьвівалі мэдыцыну, стваралі першыя аптэкі, самі выраблялі лекі, менавіта ў кляштары зьявіліся першыя электрычныя мэханізмы і апараты, і гэта ў тыя часы, калі не кожны дзяржаўны ўнівэрсытэт меў падобныя прылады. Менавіта ў кляштарах вучылі фізыцы і хіміі ці геаграфіі.

На жаль, пасьля закрыцьця кляштара расейскімі ўладамі ў 1864 г., усе гэтыя навуковыя скарбы пакінулі Глыбокае, частка зь іх патрапіла ў Вільню, дзе некаторыя экзэмпляры можна пабачыць і сёньня ў музэі Віленскага ўнівэрсытэту. Частка рэчаў з глыбоцкага габінэту патрапіла ў Кіеўскі ўнівэрсытэт, а частка, на жаль, была раскрадзеная і зьнішчаная самімі Глыбачанамі. Шкада, што мы ня ўмеем цаніць і берагчы нашай спадчыны.

Такія гравюры з выявамі Рыма меў навіцыят пры глыбоцкім кляштары Кармэлітаў босых.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №19(631) 10 траўня 2012 года.