Адукацыя ў мястэчку Глыбокім

Надышоў час апавесьці пра адукацыю ў мястэчку Глыбокім. Як вядома ў горадзе Глыбокім першыя асяродкі адукацыі ўзьніклі ўжо ў ХVІ ст., дзякуючы кальвіністам, якія іх закладалі. Аднак у мястэчку Глыбокім яны зьявіліся значна пазьней, а дакладней у другой палове ХVІІ ст. Хто стаяў за ўзьнікненьнем адукацыі ў мястэчку? Адказ вельмі просты – Язэп Корсак. Менавіта ён забавязаў манахаў Кармэлітаў босых, каб яны задбалі аб адукацыі ў мястэчку, але толькі для маладых манахаў.

Як Кармэліты справіліся з гэтым наказам? Вельмі добра! Акрамя зьдзяйсьненьня мары фундатара – стварэньня адмысловага мейсца навукі для манахаў пры глыбоцкім кляштары, Кармэліты задбалі таксама і пра адукацыю мяйсцовай шляхты і пра адукацыю мяйсцовых сялян і мяшчан.

Глыбоцкая прыкляштарная школка

Што сабой уяўляла прыкляштарная школка (szkółka) ХVІІ-ХVІІІ стст.? Перадусім гэта было мейсца, дзе вучылі простых дзяцей перадусім рэлігіі, а таксама чытаньню і пісаньню, часамі матэматыкі, але толькі лічэньню, таму нават цяжка назваць гэтую ўстанову школай, адсюль і назва – школка. Прыкляштарная школка ўзьнікла ў мястэчку Глыбокім дзякуючы намаганьням айцоў Кармэлітаў дзесьці ў другой палове ХVІІ ст. Першапачаткова гэтая школка налічвала некалькі вучняў – больш-менш каля 10 асобаў, якіх падчас візыту сваіх падданых адзін з манахаў выбіраў, лічучы іх за больш здольных. Забіраў гэтых дзяцей на нейкі пэрыяд часу да кляштару, дзе гэтых дзяцей адзін з манахаў вучыў рэлігіі, пісаньню і чытаньню, а таксама лічэньню.

У тыя часы навука была вельмі дарагой, таму на адукацыю сваіх дзяцей магла сабе дазволіць толькі шляхта. Аднак глыбоцкія Кармэліты пастанавілі вучыць бедных дзяцей бясплатна, так як усе яны паходзілі са звычайных сямей сялянаў ці мяшчанаў. Гэтая навука была спарадычнай, зазвычай бацькі прысылалі свайго сына на некалькі месяцаў і то ўзімку, бо ўвесну, улетку ці ўвосень простыя людзі шмат працавалі ў полі, а разам зь імі і іх дзеці. Адукацыя ў такога тыпу школе ня мела таксама і класаў, бо дзяцей вучылі толькі пачатковым рэчам, бо перадусім бацькі гэтых дзяцей не былі зацікаўленыя ў далейшай вучобе сваіх дзяцей, так як дзеці былі перадусім памочнікамі сваіх бацькоў падчас цяжкога сялянскага жыцьця. Вельмі часта было так, што пасьля заканчэньня навукі (каля 3-6 месяцаў) гэтае дзіцё вярталася ў сваю вёску, дзе вучыла іншых дзяцей чытаньню і пісаньню.

Безумоўна, парафіяльная школа не давала вялікіх ведаў, аднак была яна першым узроўнем адукацыі мяйсцовых жыхароў. Вельмі важнай рысай Глыбоцкай прыкляштарнай школы было тое, што яна была бясплатнай і была не для шляхты, але для простых звычайных людзей. Гэтая школка праіснавала аж да 1829 г.

Глыбоцкая парафіяльная школа

Як ужо было сказана, манахі Кармэліты вельмі клапаціліся ня толькі пра адукацыю сялянаў і мяшчанаў, але такасама пра іх патрыятызм. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай палітычныя абставіны не спрыялі Глыбачанам пачувацца грамадзянамі Рэчы Паспалітай, бо ўсё было накіравана на русіфікацыю шляхты і на прыгон сялян. Кармэліты не жадалі з гэтым мірыцца. На пярэдадні паўстаньня 20 студзеня 1829 г. прыёр глыбоцкага кляштара айцец Войцех Пчыцкі заклаў новую школу для дзяцей мяшчанаў і сялянаў. Гэтая школа была дармовай, а акрамя таго вучылі ў гэтай школе вельмі прагрэсіўным мэтадам Болла-Ланкастра. Навука вялася на трох узроўнях: пачатковым, прагрэсіўным і паглыбленым. Навука адбывалася 6 дзён на тыдзень ад панядзелка да суботы. У парафіяльнай школе вучылі рэлігіі, чытаць, пісаць, арыфмэтыцы, адмысловым заданьням для практыкаваньня памяці. Акрамя таго кожную сераду і суботу адбываліся заняткі па фізічнай культуры.

Ня гледзячы на тое, што школа называлася парафіяльнай, аднак яна ня мела вялікай сувязі з глыбоцкім пробашчам і касьцёлам Сьв. Тройцы, бо адказнасьць за гэтую школу цалкам узялі на сябе манахі, таксама як яе кошты ўтрыманьня, адзінае – гэтая школа падлягала нагляду мінскага біскупа. Так, па праўдзе, гэтая парафіяльная школа была працягам прыкляштарнай школкі.

На патрэбы гэтае школы прыёрам было выдзеленае адмысловае памяшканьне кляштара каля кляштарнай аптэкі. Акрамя таго прыёр запрасіў настаўніка, які добра валодаў мэтадам узаемнага навучаньня Болла-Ланкастра. Гэты мэтад палягаў на тым, што настаўнік дзяліў вучняў на некалькі груп, вучыў больш здольных вучняў з гэтых груп, пасьля чаго гэтыя вучні вучылі і тлумачылі сваім аднагрупнікам.

Першым настаўнікам Глыбоцкай парафіяльнай школы быў Томаш Казлоўскі.

Настаўнік. Прыкладна так мог выглядаць настаўнік Томаш Казлоўскі.

Захаваўся таксама сьпіс першых 15 вучняў:

1. Дамінік Сялюта
2. Фрыдэрык Эйзэрман
3. Міхал Цехановіч
4. Юстын Статута
5. Якуб Філіповіч
6. Фэлікс Юшкевіч
7. Ігнацы Пашкевіч
8. Міхал Яноўскі
9. Вінцэнты Лутынскі
10. Бэнэдыкт Баратынскі
11. Людвік Баратынскі
12. Адам Захарэвіч
13. Каетан Каруза
14. Адам Каруза
15. Эдвард Філіповіч

Варта яшчэ раз зазначыць, што вучоба ў гэтай школе была бясплатнай. Акрамя таго манахі клапаціліся аб вучнях, забяспечваючы іх усім неабходным: ложкам, харчаваньнем, прыладамі да пісаньня, а таксама кнігамі – букварамі і сшыткамі для каліграфіі, а на дадатак кляштар аплачваў працу настаўніка Казлоўскага.

На жаль, школа не праіснавала доўга, так як з-за прычыны забраньня ў 1842 г. царскімі ўладамі ў кляштара ўсіх фундушаў і прыбыткаў, манахі ўжо не былі ў стане ўтрымоўваць вучняў і настаўніка.

Канвікт Кармэлітаў для шляхэцкай моладзі ў Беразьвеччы

Акрамя адукацыі простага люду, Кармэліты займаліся таксама адукацыяй мяйсцовай шляхэцкай моладзі. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Кармэліты былі занепакоеныя ўзрастаючай русіфікацыяй, шмат хто з мяйсцовай шляхты, каб не пасылаць сваіх дзяцей у расейскія школы, пакідалі іх дома, бо большасьць зь іх была не ўстане пасылаць сваіх дзяцей за мяжу. Менавіта таму ў 1800 г. Кармэліты заклалі канвікт – свайго роду інтэрнат, мейсца, дзе жылі і вучыліся шляхэцкія сыны пад кругласутачным даглядам настаўніка. Кармэліты ўфундавалі гэты канвікт для беднай шляхты, якая ня мела грошай на навуку сваіх дзяцей, а акрамя таго вучні гэтага канвікту выхоўваліся ў патрыятычным духу Рэчы Паспалітай.

Дня 12 сакавіка 1804 г. сам імпэратар Аляксандар І падцьвердзіў фундацыю Кармэлітамі гэтага канвікту. На патрэбы канвікту Кармэліты бралі ў арэнду будынак (пасьля выкупілі) і пляц пры кляштары Базыльянаў у Беразьвеччы, а таксама плацілі чынш Базыльянам за выкарыстаньне агарода. Канвікт уяўляў сабой драўляны будынак з сасновага дрэва, быў пакрыты гонтам, складаўся з сяней, двух вялікіх пакояў з бакоўкамі, пякарні з бакоўкай, складам і склепам.

У тыя часы ДЫСЦЫПЛІНАЙ называўся адмысловы біч для караньня вучняў.

Меў 11 вакон, 2 швэдзкія печы і адну цагляную. Акрамя таго для канвікту манахі купілі 3 шафы з унутранымі замкамі для кніжак і бялізны, 4 сталы з шуфлядамі, 14 крэслаў, 11 ложкаў, 3 ліхтары, 2 абрусы, сталовы сэрвіз на 11 чалавек, розныя прылады да пісаньня і дысцыпліну на 5 шнуркоў .

У дадатак Кармэліты паклапаціліся таксама і пра навуковае заплечча канвікту. Манахі купілі 100 кніг для навукі лацінскай мовы, 56 кніг для польскай мовы, 56 расейскай мовы, 64 для французкай і 74 для матэматыкі – усяго разам 350 кніг, як на тыя часы гэта былі вялізарная бібліятэка.

Захаваўся сьпіс вучняў канвікту на 1830 г. Настаўнікам у гэтым часе быў Язэп Польлевіч. Вучні:

1. Людвік Круповіч
2. Адольф Клюшчык
3. Леапольд Казакевіч
4. Гэркульян Каллазоўскі
5. Плацыд Янушэўскі
6. Тадэвуш Верпша
7. Адрыян Гарбоўскі
8. Казімір Пчыцкі
9. Аляксандар Лабуноў
10. Антоні Корсак

На жаль, канвікт Кармэлітаў напаткаў такі самы лёс, што і парафіяльную школу. Праблемы ўжо пачаліся з-за ўдзелу вучняў у паўстаньні 1831 г. супраць расейцаў. У 1839 г. пасьля касацыі вуніі беразьвецкі кляштар Базыльянаў быў перароблены на праваслаўны, лёс канвікта быў няпэўны, аж да 1842 г., калі царскі ўрад адабраў у Кармэлітаў маёмасьць і манахі не былі ў стане ўтрымоўваць канвікт з вучнямі і настаўнікам.

Падсумаваньне

Глыбокае мае вельмі глыбокія і старыя традыцыі бясплатнай адукацыі. Манахі Кармэліты не былі толькі звычайнымі ўладальнікамі мястэчка, як бачна, ад іх перадусім залежыла развіцьцё мястэчка. Кармэліты будавалі ў Глыбокім фабрыкі, бровары, лядоўні і гд., добраўпарадкоўвалі тэрыторыю – капалі сажалкі, садзілі сады, лекавыя зёлы і гд., разьвівалі культуру – будавалі капліцы, алтары, арганізоўвалі канцэрты і гд., дбалі пра жыхароў – закладалі шкаплерныя брацтвы, клапаціліся аб адукацыі сялянаў, мяшчанаў і шляхты.

На жаль, сёньня Глыбачане нават сабе не ўяўляюць, што страцілі і чыімі нашчадкамі зьяўляюцца.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №17(629) 26 kрасавіkа 2012 года.