Агульны гадавы прыбытак і расходы Кляштара

Вельмі часта можна спаткацца з апісаньнем глыбоцкага кляштара Кармэлітаў, як вельмі багатага, бо сапраўды так было, як я ўжо згадваў, – быў ён найбагацейшым кляштарам Кармэлітаў босых ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў Эўропе. Аднак пры апісаньні кляштарнага маёнтку, яго нерухомасьці, варта было б прысьвяціць крыху нашае ўвагі яго прыбыткам і расходам, адкуль манахі бралі грошы і куды гэтыя грошы ішлі далей.

На самым пачатку варта згадаць, што ўжо згодна з тэстамэнтам фундатара – Язэпа Корсака – “калі б у глыбоцкім кляштары было больш, чым трэба рухомых рэчаў – харчовых прадуктаў, то [кармэліты] могуць іх высылаць да свайго бяднейшага кляштара [кармэлітаў]. Аднак той кляштар павінен будзе за мяне [Язэпа Корсака] Пану Богу маліцца. Тое, што застанецца з грошай, касьцёльных упрыгожваньняў, золата, срэбра – то ўсё гэта павінна на вечныя часы застацца пры маім глыбоцкім касьцёле, а калі б грошай было больш, чым трэба, то ўсё гэта [кармэліты] павінныя будуць аддаваць на аздабленьне глыбоцкіх касьцёла і кляштара, каб там quam splendidissime зьдзяйсьняць Божую Хвалу.” Гэты ўрывак з тэстамэнту Я. Корсака вельмі дакладна апісвае, што маюць рабіць з грашамі глыбоцкія манахі. Іншымі словамі, Корсак жадаў, каб усе грошы манахі аддавалі на ўпрыгожваньне касьцёла і кляштара. Варта таксама прыгадаць, што некалькімі радкамі вышэй, Корсак у сваім тэстамэнце напісаў, што жадае, каб глыбоцкі прыёр “быў добрым гаспадаром”. Менавіта на гэтай аснове і была пабудаваная глыбоцкая эканоміка – прыёр клапаціўся, каб добра разьвівалася гаспадарка. Гаспадарка, якая добра разьвівалася, прыносіла шмат грошай, а за гэтыя грошы Кармэліты аздаблялі касьцёл і кляштар. Менавіта дзякуючы такой сыстэме, Кармэліты маглі пабудаваць і касьцёл, і кляштар, і капліцы і суконную фабрыку, аптэку, шпіталь, лазарэт, бровары, цагельню, школы і гд.

Глыбоцкі кляштар Кармэлітаў быў найбагацейшым кляштарам Кармэлітаў босых ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але й ва ўсёй Эўропе.

Вяртаючыся да эканомікі, то трэба зазначыць, што сёньня людзі маюць банкі і банкавыя рахункі і туды ўкладваюць свае грошы, зь якіх бяруць працэнцы. У тыя часы было падобна, толькі замест банкаў грошы ўкладвалі ў зямлю – яна была той крыніцай ўзбагачэньня. Паколькі гэтая сыстэма залежала ад зямлі, таму і разьлічэньне вялося ў гадавым маштабе, а не так, як сёньня – месячным. Гэта было зьвязана з пасевамі і жнівамі, бо зазвычай працэнты браліся ў выглядзе харчовых прадуктаў: збожжа, садавіны, гародніны, мёду, воску і гд. Працэнты браліся таксама і ў выглядзе грошай, але каб мець грошы, то перш трэба было прадаць збожжа і гд. Таму ўсе падлікі вяліся ў гадавым плане.

Зараз варта зьвярнуцца да канкрэтыкі. Каб было прасьцей, за прыклад возьмем пач. ХІХ ст. На пачатку ХІХ ст. крыніцамі прыбытку глыбоцкага кляштара перш за ўсё былі грошы з продажу збожжа: жыта, пшаніцы азімай, аўса і ячменю. У год прыбытак са збожжа складаў 5694 срэбныя руб. з усіх кляштарных фальваркаў. Як вядома, кляштар меў таксама і вялікі фруктовы сад у Глыбокім, меў таксама вялікі агарод, таму шмат садавіны і гародніны ішло на продаж – у год манахі зараблялі 230 ср. руб. Крыху больш манахі зараблялі з продажу лекаў пры кляштарнай аптэцы – 270 ср.руб. у год. З продажу соладу і з бровараў зараблялі 220 ср. руб. у год. Кармэліты таксама прадавалі сена, зь якога зараблялі аж 823 ср. руб. і 50 кап.

Вельмі прыбытковымі былі корчмы і млыны. Корчмы былі адзіным месцам “адпачынку” для сялян, а млыны адзіным месцам памолу збожжа. Манахі зараблялі на гэтым 1653 ср. руб. На пач. ХІХ ст. манахамі быў падпісаны таксама пакт на каровы, згодна зь якім гадавы прыбытак складаў 531 ср. руб. Прыбытак з продажу абразікаў, крыжоў, медалікаў і гд. складаў 60 ср. руб. у год. Акрамя таго кожны гаспадар павінен быў плаціць гадавы чынш, згодна зь якім манахі павінныя былі атрымліваць 3160 с. руб і 44 кап. у год. Аднак толькі 44 гаспадары былі ў стане плаціць чынш, а іншыя падпісвалі ўмову з кляштарам, згодна зь якой адраблялі чынш у выглядзе розных прац пры фальфарках. На дадатак, ад 1818 г. да 1829 г. сяляне пазычылі ў Кармэлітаў акрамя каней, кароў і гд., саміх грошай на суму 30052 руб. і 80,5 кап. дзеля аплаты царскіх падаткаў. Акрамя таго ў 1828 г. Кармэліты паклалі ў банку суму 30000 руб., ад якой, пачынаючы з 1830 г., павінныя былі атрымліваць 5% – 1500 руб. у год.

Усё вышэй пералічанае тычыцца прыбыткаў з фальваркаў, аднак былі яшчэ іншыя прыбыткі, а менавіта легацыйныя сумы. Як сама назва падказвае, гэтыя сумы былі зьвязаныя з нейкім фальваркам. Напрыклад Міхал Тышкевіч запісаў Кармэлітам 558 руб. з гадавым працэнтам 41 руб. Гэта значыць, што Кармэліты так па праўдзе не атрымалі на рукі 558 руб. – гэтыя грошы далей мела сям’я Тышкевічаў, аднак яна была павінная штогод выплачваць Кармэлітам па 41 руб. Альбо напрыклад Я. Корсак запісаў кляштару Бэрнардынаў у Будславе і Францішканам у Дзісьне па 200 руб. у год з фальварка Гнязьдзілава. Фальварак Гнязьдзілава належаў да Кармэлітаў, аднак Кармэліты штогод павінныя былі плаціць па 200 руб. толькі з прыбыткаў гэтага фальварка, такім чынам, усе лішкі ішлі да Кармэлітаў. Акрамя таго Кармэліты з цягам часу мелі таксама свае ўласныя грашовыя сумы, якія размяшчалі, напрыклад, у суседніх маёнтках – скажам так “пазыка пад працэнт”, якая была замацаваная за канкрэтным фальваркам, такім чынам, калі “даўжнік” ня мог сплачваць працэнты, а грошай зьвярнуць ня мог, то ў яго забіралі фальварак.

Яшчэ адной крыніцай прыбытку кляштара былі “вечныя імшальныя забавязаньні”. Шмат прадстаўнікоў шляхты жадала, каб за іх пасьля сьмерці была адпраўляная імша. Дзеля прыкладу возьмем пані Зоф’ю Шпілеўскую. Яна перад сьмерцю заказала ў Кармэлітаў 365 імшы за сябе ў год (імшу на кожны дзень), дзеля гэтага яна запісала манахам 6000 скуд з гадавым працэнтам 100 скуд. Дый за самаго фундатара Кармэліты адпраўлялі каля 4 імшы кожны дзень, таму, так па праўдзе, усе тыя маёнткі, якія Корсак запісаў манахам, былі платай за гэтыя імшы.

Такім чынам, прыкладны агульны гадавы прыбытак глыбоцкага кляштара на пач. ХІХ ст. складаў 84212 руб. і 59 кап.

Што тычыцца расходаў, на што манахі выдавалі грошы, то перадусім гэта былі выдаткі на адукацыю манахаў, на кнігі для іх, вопратку і іншыя патрэбныя рэчы. У год на 32 манахаў ішло 3520 руб. Шмат грошай ішло на зарплату працаўнікам кляштара, аптэкару, доктару, на канвікт, шпіталь, лазарэт і гд. – штогод 5050 руб. Акрамя таго Кармэліты заўсёды дапамагалі сваім сялянам, даплачвалі за іх царскі падатак, мелі асобныя грошы дзеля дапамогі бедным сялянам – усяго ў год выдаткоўвалі на сялян 2545 руб. Трэба дадаць, што сваім сялянам Кармэліты пазычалі без працэнтаў і вельмі часта даравалі гэтыя даўгі, альбо дамаўляліся на адпрацаваньне, каб не руйнаваць прыватную гаспадару сялян, якія былі крыніцай узбагачэньня. Такім чынам, агульны гадавы расход кляштара складаў 14116 руб. і 44 кап. Тут варта дадаць, што Кармэліты выдаткоўвалі шмат грошай на розныя фізычныя машыны, на карціны, абразы, статуі і гд. На жаль, гэтыя выдаткі не адлюстраваныя ў расходах, аднак варта пра гэта памятаць.

Як бачна з вышэй пададзеных лічбаў, глыбоцкі кляштар Кармэлітаў быў сапраўды эканамічнай магутнасьцю нашага рэгіёну. Такі высокі ўзровень разьвіцьця гаспадаркі ставіць наш кляштар бадай на адно зь першых мейсцаў на тэрыторіі былога ВКЛ. Такой гісторыяй мы можам толькі ганарыцца!

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №24(636) 14 чэрвеня 2012 года.