Айцец Панкрацы Крушынскі

Кармэліт босы. Прыкладна так выглядаў айцец Панкарацы Крушынскі.

Постаць Кармэліта босага айца Панкрацыя ад сьв. Міхала з’яўляецца адной з найцікавейшых у гісторыі мястэчка Глыбокае ў ХІХ ст. Па сёньняшні дзень айцец Панкрацы зьяўляецца найбольш знаным манахам Кармэлітам для гісторыі, а дакладней адзіным манахам з Глыбокага, пра якога ведаем ня толькі тое, што ён зрабіў, але і таксама, дзе быў пахаваны і дзе знаходзіцца яго цела. Але ўсё па чарзе.

Айцец Панкрацы на радзіўся ў 1795 г. у Марыямпалі, як занатавалі кляштарныя кронікі, быў ён “Ліцьвінам, шляхецкага стану, сынам Шымона”. Яго сьвецкае імя было Міхал Крушынскі. На жаль, больш на тэму яго дзяцінства нічога не вядома. У 1819 г. Міхал Кру шынскі, пасьля таго, як закончыў два класы навукі, прыехаў у Глыбокае з мэтай стаць манахам Кармэлітам босым. Таму ўжо 27 сакавіка 1820 г. склаў манаскія шлюбы, прымаючы імя Панкрацыя ад сьв. Міхала. Брат Панкрацы вучыўся філасофіі ў Гародні, а таксама тэалогіі ў Вільні. Быў вельмі здольным у навуцы. У 1827 г. Панкрацы Крушынскі атрымаў сьвятарскія пасьвячэньні і быў пераведзены ў глыбоцкі кляштар Кармэлітаў, дзе працаваў як выкладчык філасофіі для манахаў. Акрамя таго быў дарадцам прыёра.

У часе паўстаньня 1831 г. у Глыбокім, айцец Панкрацы не прыняў актыўнага ўдзелу ў паўстаньні, так як ужо аж 6 манахаў бралі ўдзел: сам прыёр айцец Уладыслаў Казакевіч, айцец Рамуальд Глінскі, айцец Нарцыз Валынскі і яшчэ брат Анзэльм Гурскі, брат Патрыцы Корсак і брат Ігнацы Руткоўскі. Хтосьці павінен быў застацца ў кляштары, каб манаскае жыцьцё функцыянавала там без праблемаў. Гэтая місія была ўскладзеная на айца Панкрацыя Крушынскага, які застаўся ў кляштары, працягваючы свае выкладаньне філасофіі для манахаў. У чэрвені 1831 г. менавіта айцец Панкрацы сустрэў і прыняў у кляштары генэрала Міхаіла Мураўёва. А каб задаволіць яго пыху даў яму той самы пакой, дзе быў прыняты Напалеон. Айцец Панкрацы ўсімі магчымымі спосабамі ха цеў уратаваць сваіх ма нахаў ад катаваньняў Му раўёва, таму ў ва ўсім хацеў яму дагадзіць, з гэтай прычыны ў некаторых паўстанцаў, якія бачылі айца Панкрацыя амаль заўсёды поруч Мураўёва, склалася думка, што ён быў яго паплечнікам (дарэчы сам Гэдэманн так піша), аднак гэта была няпраўда. Айцец Панкрацы хацеў паказаць Мураўёву, што манахі лаяльныя. Менавіта такая пастава айца Панкрацыя і ўратавала прыёра Казакевіча і айца Глінскага, а таксама вуніяцкага ксянд за з горада Глыбокага Скабалановіча ад кары, а глыбоцкі кляштар ад закрыцьця.

У ва ўсім гэтым была заслуга айца Панкрацыя Крушынскага. Пасьля выбараў новага глыбоцкага прыёра, якім стаў айцец Барталамей Брыдыцкі вельмі малады і энэргічны манах (невядома чаму Гэдэманн памылкова піша пра яго як пра няздольнага манаха), айцец Панкрацы стаўся эканомам кляштара, а пасьля і пробашчам глыбоцкага касьцёла Сьв. Тройцы.

У тым самым часе пачаліся рэпрэсіі вуніятаў з-за іх удзелу ў паўстаньні 1830-1831 гг., якіх на Глыбоччыне было найбольш. Дарэчы аж да 1839 г. ані ў мястэчку Глыбокім, ані ў маёмасьці Кармэлітаў не было аніводнага праваслаўнага! Так, можа гэта здавацца неверагодным, аднак на Глыбоччыне аж да 1839 г. усе сяляне і большасьць мяшчан былі вуніятамі. На Глыбоччыне не было аніводнай праваслаўнай царквы – былі толькі вуніяцкія цэрквы і каталіцкія касьцёлы. А менавіта ў маёмасьці Кармэлітаў было аж 6 вуніяцкіх цэркваў: у Сьвіле, у Перадолах, у Кавалях, у Вальбаравічах, у Гнязьдзілаве – дзьве, якія пасьля 1839 г. былі пе раробленыя на праваслаўныя.

Ад 1835 г. цар скі ўрад мэта накіравана прысьпяшаў ліквідацыю вуніі і разам з вуніяцкім біскупам Сямашкам, ха цеў далучыць вуніятаў да рускага праваслаўя. Глыбоцкія вуніяты упарта не жадалі прымаць пра васлаўе. Дзеля гэтага ў Глыбокае асабіста прыехаў сам Сямашка, які быў незадаволены глыбоцкім ву ніяцкім ксяндзом Янам Обухам, каторы быў вялікім праціўнікам рускага пра васлаўя і быў добрым прыяцелям Кармэлітаў. Біскуп Сямашка аднак выгнаў Обуха за непаслухмянасьць царскай уладзе. У 1838 г. вуніяцкая царква сьв. Тройцы ў горадзе Глыбокім згарэла, а новы ўладальнік горада Глыбокага граф Вінгэнштайн, які быў праваслаўным, аднаўляючы царкву, выз начыў на пробашча сьвятара Стэфана Касецкага, які перайшоў з вуніяцтва ў праваслаўе (за здраду вуніяцтву Касецкі атрымаў ад царскіх уладаў тытул пратаіерэя, а таксама глыбоцкага благачыннага). Менавіта Касецкі быў прызначаны ўладамі для ліквідаваньня вуніі на Глыбоччыне, а з боку манахаў стаўся прызначаны айцец Панкрацы Крушынскі, якога абавязалі дапамагаць Касецкаму рэгістраваць усе вуніяцкія сем’і, якія мусілі былі быць гвалтам перапісаныя на праваслаўных.

Айцец Панкрацы, будучы эканомам кляшта ру Кармэлітаў, дамовіўся з прата іерэям Касец кім, што ня будзе перапісваць вуніяцкія сем’і з кляштарнай маёмасьці на праваслаў ных, а будзе іх пе рапісваць на католікаў. За гэта глыбоцкі благачынны жадаў ад айца Панкрацыя 50 рублёў за кожную перапісаную сям’ю, акрамя таго розныя харчовыя прадукты, а часамі жадаў ад айца Панкрацыя бочак з водкай, па якую езьдзіў для пратаіерэя Касецкага ў фальварак Янкі Міхаіл Пятух, адзін з першых праваслаўных у Глыбокім.

Вышэй сказанае вельмі добра ілюструе, як айцец Панкрацы дапамагаў “навяртаць” вуніятаў на праваслаўе.5 Варта дадаць, што за прыхільнасьць пра таіерэя Касецкага да Кармэлітаў, айцец Панкрацы падараваў яму нават пару добрых коней.

Вяртаючыся да гісторыі, афіцыйна вунія была скасавана 25 сакавіка 1839 г. Усе вуніяты былі гвалтам перапісаныя на праваслаўных. Кляштар Базыльянаў у Беразьвеччы таксама стаўся праваслаўным. Аднак адзін з манахаў уратаваўся, хаваючыся ў кляштары Кармэлітаў, быў ім Базыльянін Інацэнты Білевіч.

У выніку далейшага перасьледу Каталіцкага Касьцёла, у 1842 г. была канфіскавана ўся касьцёльная маёмасьць, і ў тым ліку, і маёмасьць глыбоцкага кляштара Кармэлітаў босых. Кармэлітам улады пакінулі толькі 203 дзесяціны зямлі, з гадавой пэнсіяй для кожнага манаха 40 рублёў.

Мястэчка Глыбокае такім чынам у 1842 г. спыніла сваё існаваньне – было далучана да горада Глыбокае. Манахі Кармэліты былі пазбаўленыя сваёй эканамічнай магутнасьці, аднак айцец Панкрацы не намерваўся мірыцца з русіфікацыяй Глыбокага, якая ўсё больш пашыралася. Адным з галоўных элементаў русіфікацыі Глыбокага была новаўзьнікшая Праваслаўная Царква, якая складалася на 100% з перапісаных вунія таў. Ад 1844 г. новым праваслаўным прыхадскім сьвятаром Глыбокага стаўся былы вуніят Флор Ражынскі, які, будучы здраднікам вуніяцтва, стаўся яшчэ больш падатны на хабар і падкуп. Карыстаючыся гэтым, айцец Панкрацы выкупіў з праваслаўя яшчэ некалькі сем’яў былых вуніятаў, якія не жадалі быць рускімі праваслаўнымі, так як бачылі ў гэтым здраду ня толькі веры, але і радзіме.

Акрамя таго айцец Панкрацы падараваў праваслаўнаму прыходу ў Глыбокім новыя трэбнікі, якія, так па папраўдзе, былі каталіцкімі малітоўнікамі, падробленымі пад правас лаўныя трэбнікі. Праваслаўны сьвятар Флор Ражынскі не вельмі клапаціўся аб чысьціні праваслаўя ў Глыбокім, з гэтага карыстаўся айцец Панкрацы Крушынскі, таму большасьць “пра васлаўных” спакойна магла хадзіць на набажэнства ў касьцёл.

Варта ўзгадаць лёс самога Ражынскага. Як ужо было сказана, ён, будучы вуніяцкім сьвятаром, гвалтам стаўся перапісаны на праваслаўнага бацюшку. Для яго гэта была асабістая жыцьцёвая трагэдыя, якую ён хацеў заглушыць у алкаголі. У 1861 г., вяртаючыся з былога Базыльянскага кляштара ў Беразвеччы пасьля гульні ў карты, Флор Ражынскі ў нецьвярозым стане зва ліўся з каня і ўтапіўся ў беразьвецкім возеры. На жаль, такая жыцьцёвая драма спаткала вельмі шмат “праваслаўных” сьвятароў, перапісаных з вуніяцтва гвалтам.

Вяртаючыся да айца Панкрацыя Крушынскага, трэба зазначыць, што, на жаль, у 1859 г. гэты заслужаны для жыхароў Глыбокага манах, памёр. Як згадвала шмат сьведкаў, пахаваньне айца Панкрацыя было найбольш вялікім пахаваньнем у гісторыі Глыбокага. У пахавальнай працэсіі на могілкі Копцеўка прынялі ўдзел амаль усе жыхары мястэчка, і ня толькі каталікі і праваслаўныя, але таксама й габрэі. Шмат жыхароў Глыбокага яшчэ аж да часоў ІІ сусьветнай вайны захавала памяць пра айца Панкрацы Крушынскага як пра сьвятога.

Некалькі год таму, мне разам з двумя міністрантамі з Глыбокага падчас прыбіраньня могілак на Копцеўцы, удалося знай сьці магілу і адчытаць напіс

– x. Pankracy Kruszyński, ur. 1796, + 1859 – кс. Панкрацы Крушынскі, нар. 1795, пам. 1859.

У глыбоцкім касьцёле Сьв. Тройцы ёсьць таксама іншая памятная шыльда ў гонар айца Панкрацыя

– D. O. M. Pamięci W.J.X. Pankracego Kruszyńskiego Proboszcza Głębockiego ur. 1795, um. 1859 Przyjaźń tę pamiątkę poświęca 1860. – Богу Найлепшаму Найвялікшаму. Вяльможнаму Ягомосьцю Ксяндзу Панкрацу Крушынскаму Глыбоцкаму Пробашчу нар. 1795, пам. 1859 Сяброўства гэту памятку пасьвячае 1860.

Такім чынам, айцец Панкрацы Крушынскі зьяўляецца адзіным з усіх глыбоцкіх манахаў, пра якога вядома, дзе дакладна ён пахаваны. Падсумоўваючы, варта падкрэсьліць вялікія заслугі айца Панкрацы ў ратаваньні глыбачанаў, веры і патрыятызму. Няхай узнагародай яму за гэта будзе вечная хвала ў небе і ўдзячлівая памяць у сэрцах жыхароў колішняга мястэчка Глыбокага.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №15(627) 12 kрасавіkа 2012 года.