Апавяданне дзеда пра студзеньскае паўстанне. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Мой дзед Вінцэнт Ражноўскі арандаваў маёнтак Янкі Барысаўскага павета Мінскай губерні, куды мяне часта забіралі як унука ў перыяд майго жыцця ад шасці да дванаццаці гадоў.

Бацькі мае жылі ў мястэчку Докшыцы, за два кіламетры ад маёнтка Янкі. Маёнтак Янкі меў вялізную тэрыторыю, навокал яго быў прыгожы вялікі лес поўны ягад, грыбоў і лясных арэхаў. Часта, калі я быў у дзеда, мы хадзілі ў лес за гэтымі ляснымі дарамі. Я вельмі любіў збіраць баравікі, якіх я заўсёды збіраў больш, чым астатнія. Дзядуля і бабуля былі вельмі гэтым задаволеныя. Як узнагароду, ад дзеда атрымліваў лясныя арэхі, а ад бабулі кавалкі цукру.

Я вельмі любіў дзеда за тое, што ён расказваў мне розныя байкі, напрыклад, пра паўстанне 1863 года. Ён расказваў пра гэта вечарамі альбо ў святочныя дні пад разложыстай ліпай: пра барацьбу, якая была паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. Паводле тых апавяданняў, дзед належаў да партызанскага атрада, які дзейнічаў на тэрыторыі Галубіцкай пушчы, што межавала з Віцебскай губерніяй каля мястэчка Кублічы і з Мінскай губерніяй каля мястэчка Беразіно. У гэтых мястэчках стаялі атрады царскіх войскаў, якія змагаліся з паўстанцамі. Як вынікала з аповедаў дзеда, атрады паўстанцаў былі горш узброеныя, чым царскія войскі. Паўстанцы мелі паляўнічыя стрэльбы, пісталеты і косы, асаджаныя сторцам на драўляныя палкі, якія служылі ў якасці штыкоў. Кавалерыя паўстанцаў была ўзброена рознымі шаблямі, пісталетамі і коп’ямі. Расейскія войскі мелі карабіны са штыкамі, таксама палявыя гарматы. Царскія афіцэры мелі пісталеты і рэвальверы. У праводзімых адкрытых баях паўстанцы дабіваліся перамогі, калі косы былі даўжэйшыя за расійскія штыкі. Аднак у ходзе баявых дзеянняў на адлегласці расіяне дамінавалі, таму што іх карабіны і гарматы на далейшую адлегласць дасягалі паўстанцаў.

Студзеньскае паўстанне

Вясной 1864 года расіяне сабралі большыя сілы сваіх войскаў вакол Галубіцкай пушчы і пачалі выцясняць паўстанцаў. Паўстанцкія атрады, каб пазбегнуць катастрофы, пачалі прабівацца з пушчы ў лясы на ўсход ад ракі Беразіна. Гэтыя лясы выцягнуліся ў накірунку Барысава.

Падчас адступлення паўстанцы панеслі сур’ёзныя страты. Мой дзед, будучы раненым, быў схоплены казакамі і трапіў у палон. Усіх палонных паўстанцаў сагналі ў мястэчка Лепель Віцебскай губерні, дзе царскім судом яны былі асуджаныя да ссылкі ў Сібір, некаторыя – да вечнага выгнання або катаргі і цяжкіх работ. Дзед з іншымі быў асуджаны на 15 гадоў. Маёнткі дзеда, якія знаходзіліся ў Лепельскім павеце, Камень і Ула, былі канфіскаваныя і перададзеныя царскім генералам за заслугі “в усмирении мятежа”.

У 1867 годзе майму дзеду ўдалося збегчы з Сібіры і вярнуцца на радзімую старонку. Дзедава жонка (мая бабуля) некалі жыла ў сваіх бацькоў па прозвішчы Гінтаўт у фальварку Станкруль Вітуніцкай гміны Барысаўскага павета. Бабуля пасля канфіскацыі маёнткаў дзеда прыехала да бацькоў з двума маленькімі сынамі. Адзін з іх меў імя Ян і быў пасля маім бацькам, другі меў імя Міхал. Дзед пасля вяртання на радзіму цягам доўгага часу ўкрываўся, а пазней пад прозвішчам Стадольнік жыў у вёсцы Асінавік гміны Вітунічы, прыкладна да 2 км ад Станкруля і там у млыне ён працаваў млынаром.

Паводле далейшых аповедаў дзядулі і бабулі, пасля падаўлення паўстання царскі ўрад пачаў страшны пераслед польскага насельніцтва. Здзяйсняліся масавыя смяротныя пакаранні. Высылалі ў Сібір за найменшыя прыкметы польскай культуры.

Пасля паўстання

Не існавала двара і фальварка, дзе б не аплаквалі забітых ці вывезеных членаў сям’і. Каталіцкае і ўніяцкае насельніцтва прымусова пераварочвалі ў праваслаўе. Казакі нагайкамі зганялі насельніцтва пад цэрквы або праваслаўныя могілкі, дзе праваслаўны поп пасля адпраўлення малітвы і пасля асвячэння крапілам святой вадой ужо запісваў у прыходскую кнігу. Пасля людзей распускалі па дамах з папярэджваннем, што ўжо, як праваслаўныя, павінны прысутнічаць у царкве на набажэнствах у святочныя дні, асабліва на царскія святы. Такі лёс напаткаў маю бабулю са сваякамі і двума малымі сынамі Янам і Міхалам, якія былі гвалтоўна ахрышчаныя на праваслаўе ў Вітуніцкай царкве.

Касцёлы зачынялі ў масавым парадку ці ператваралі ў праваслаўныя цэрквы. Касцельная маёмасць перадавалася праваслаўным прыходам ці ў царскую казну. Найбліжэйшыя касцёлы ў Скланцах, Замошшы, Беразіне, Небышыне і Порплішчы былі зачыненыя. Застаўся толькі касцёл у Докшыцах, у якім пробашч некаторы час быў вымушаны прамаўляць казанні на рускай мове і арганіст спяваць на рускай мове.

Насельніцтва, гвалтоўна пераварочанае на праваслаўе, пасля таемна збіралася ў лясах ці ў глухіх мясцовасцях і калектыўна малілася на польскай мове па каталіцкаму абраду, асабліва ва ўрачыстыя святы, як Вялікдзень і Божае Нараджэнне. Капліцы і прыдарожныя крыжы былі знішчаныя, а на іх месцы ўзведзены праваслаўныя крыжы або знішчаны сляды ад крыжоў і каталіцкіх капліц. Было забаронена гаварыць па-польску і вывучаць польскую мову. Такі прыгнёт працягваўся да 1905 года, г.зн.да пачатаку рэвалюцыі ў Расіі.

Дзед хаваўся пад прозвішчам Стадольнік да 1878 года, г.зн. да заканчэння тэрміну яго пакарання ссылкі ў Сібір. Пасля чаго пры дапамозе бацькоў жонкі Гінтаўтаў жыў у фальварку Станкруль. Затым арандаваў маёнтак Янкі ў гміне Докшыцы. У тым маёнтку мой дзед ужо жыў з усёй сям’ёй, з сынамі і дочкамі, якія нарадзіліся пасля яго вяртання з Сібіры. Былі тры сыны: Леанард, Фелікс, і Юзаф, дочак таксама тры: Юстына, Юльяна і Марыя. Пры іх дапамозе гаспадарыў досыць заможна.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля


 

One Comment