Чаму так названа : (Народныя тлумачэнні тапанімістычных назваў Лынтупшчыны)

Мястэчка Лынтупы і вуліца Красовая

(Запісана ад Пажыс (дзявочае – Цюкша) Веранікі Антонаўны, 1931 года нараджэння з вёскі Кавалі. Запісаў 12 снежня 1999 г. у м. Лынтупы Алесь Гарбуль).

“Мая мама расказвала, што чула ад лынтупскіх старых, нібыта Лынтупы пайшлі ад аднаго жыдка, што тут карчму збудаваў. Тут раздарожжа было раней, месца люднае. Таго жыдка Лынтупам звалі, вось і мястэчка так назвалі.

Пазней недалёка ад той карчмы, на ўзбочыне віленскай дарогі, пабудаваўся ўжо адзін мясцовы гаспадар. Ён займаўся вырабам і гандлем розных рэчаў вышытых квяцістымі малюнкамі: абрусоў, посцілак, паясоў, ручнікоў, дываноў ды таго-сяго з вопраткі. Гэты чалавек вельмі любіў прыгажосць, таму і ўвесь свой тавар упрыгожваў рознакаляровымі вышыванкамі, ды й пры кожнай нагодзе не супраць быў пахваліцца сваім таварам. Таму, казалі, увесь яго панадворак быў завешаны гэтымі дзівоснымі рэчамі. Яны віселі і на платах, і на яблынях, і на сценах хаты. З-за гэтай прыгажосці ніводзін падарожнік не мог прайсці ці праехаць побач, не спыніўшыся і не падзівіўшыся яго таварам. А самога гаспадара і хлебам можна было не карміць, толькі даць пакрасавацца ля свайго тавара.

Вось з-за гэтага, што любіў красавацца, і людзі яго празвалі “красава”. Пасля дзеці і ўнукі, як вырасталі ды абзаводзіліся сваімі сем’ямі, таксама побач будаваліся ды рамяства свайго продка не кідалі. Можа, з-за гэтага і мянушка “красава” прыліпла да ўсяго іхняга роду. А калі ў тым месцы цэлая вуліца вырасла, яе і назвалі Красовай, бо там “красавы” жылі.

Вёска Борысы, ды Кішкава дуброва

(паданне)

У часы караля Сцяпана Батуры зямля вакол вёсак Альшэва, Бакшты і Грумбіненты належыла вялікаму пану са Свянцян, Кішку. Той Кішка ў Батуры ваяводам быў і разам з Батурай Полацак ад Масквы вызваляў. Пасля гэтай вайны з Масквой Кішка вырашыў у памяць аб слаўным Полацкім паходзе пасадзіць на сваёй зямлі, ля Бакштаў і Альшэва, вялікую дуброву з колькасцю дубоў па колькасці яго жаўнераў, якія былі ў яго войску ў полацкім паходзе. І каб мужыкі, якія садзілі тыя дубы, не вылезлі за межы яго зямлі, месца, дзе ён спланаваў дуброву, акружыў неглыбокім равом, які стаў мяжой дубровы і ў людзей атрымаў назву “Кішкавай Рысы”. Прайшло шмат часу, у гэтай зямлі былі ўжо іншыя гаспадары, якія на краі Кішкавай дубровы пабудавалі леснічоўку. Так сталася, што леснічоўка стаяла за кішкавым межавым равом, і людзі сталі тую леснічоўку называць Парысы, гэта значыць, “па кішкавы рысы”. Праз некаторы час вакол леснічоўкі пачалі іншыя будавацца, вырасла вёска, якую так і называлі, – Парысы.

А ўжо пры цары пісары маскоўскія, як перапісвалі нашыя вёскі, ці з-за таго, што мовы нашай не ведалі, ды нехаця памылку зрабілі, ці наўмысна, каб памяць аб нашай славе пад Полацакам сцерці, замест Парысаў у сваіх паперах дзяржаўных запісалі Борысы. Так гэта вёска і цяпер называецца, хаця правільна, па-нашаму, па-тутэйшаму, будзе, — Парысы! А ад старой Кішкавай дубровы да цяперашняга часу яшчэ адзін дуб захаваўся. Ён стаіць недалёка ад Бакштаў, справа ад Свірскай дарогі. Кажуць, гадоў таму дубу каля пяці соцень будзе.

Вёска Попелекі і як раней хавалі памерлых

(паданне)

(запісана ад Пажыс (Цюкшы) Веранікі Антонаўны, 1931 г. нар. з в. Кавалі) Запісаў 21 студзеня 2000г. у м. Лынтупы Алесь Гарбуль.

Калі Лынтупы былі вялікім горадам, у Шудаўцах быў каралеўскі суд, у Казнадзеюшках – казна, у Кавалях жылі кавалі, у Масленіках – малочнікі, масла выраблялі для караля. А ў Попеліках жылі “папелікі” – вартаўнікі попелу памерлых. Раней жа тут, у нас, жылі паганцы-бязбожнікі, і яны памерлых не хавалі па-боску, як трэба, у зямлі, а спальвалі ў ломе (кастрышчы). А тады той попел збіралі ў збанкі ды балявалі з тыдзень ля балваноў сваіх ці дубоў вялікіх, якіх таксама сваімі божышчамі лічылі. Вось пакуль яны балявалі, збанкі з попелам памерлага вартавалі папелікі, каб душу не скралі злыя духі. Гэтыя бязбожнікі лічылі, што душа памершага знаходзілася ў тым збанку з попелам. Казалі, што найчасцей душу памершага маглі скрасці шкодныя вятры-падвеі і лоймы, ведзьмы такія, што разам з вятрамі лёталі па свеце і жылі ў вятровых віхурах. Гэтыя лоймы і дзяцей малых маглі скрасці. Толькі тады, калі ўсе прысутныя на пахаванні нагульваліся ўдосталь, збанкі з попелам забіралі ў папелікаў , неслі ў лес і там іх засыпалі зямлёй. А везці куды далей ляніліся пасля такіх гулянак, таму закопвалі тыя збанкі з попелам недалёка ад хатаў папелікаў. З-за гэтага ў лясах каля Попелікаў так многа капцоў.Тыя капцы і ёсць магілы гэтых бязбожнікаў.

У лесе, дзе тыя капцы ёсць, месцы заўсёды блудныя, бо людзі там не пахаваныя па-боску, па чалавечы. Таму іхнія душы не трапілі на Неба і блукаюць, беспрытульныя, па тых месцах, збіваюць з панталыку людзей, што патрапілі ў тое месца. Каб вырвацца з-пад улады тых душаў памерлых, трэба тры разы змовіць пацеры “Ойча наш…”. Толькі тады, як тры разы змовіш пацеры, дарогу да свайго дома знойдзеш!

Вінная гара, альбо, як просты мужык  каралеўскі суд абдурыў

(легенда)

(Запісана ад Пажыс (Цюкшы) Веранікі Антонаўны, 1931 г. нар.з в. Кавалі. Запісаў у м. Лынтупы 3 лютага 2000 г. Алесь Гарбуль).

Калі едзеш ад Кавалёў у Масленікі, праехаўшы алешнік, злева ў невялікай адлегласці ад дарогі будзе вялікая гара. У нас гэту гару Віннай называюць. Аб гэтай гары мая мама такую гісторыю расказвала. У той час, калі каралём у нас быў Зыгмунт Стары, на гэтай гары была зямля нейкага Свірбута. Гэта, можа, які быў прапрадзед цяперашніх кавалёўскіх Свірбутаў, альбо, які іншы Свірбут, — не ведаю! Дык вось, мучыўся з той гарой Свірбут, мусіць, паўжыцця, а рады ніяк не мог даць. Ён і ўгнойваў яе, і сукі паліў на ёй, каб палепшыць зямлю, а зямля як была пустой, так і заставалася. Як быццам, праклятая тая гара была, нічога на ёй не расло. А падаткі за тую зямлю ўсё адно плаціць прыходзілася. Вось і ўдумаў тады Свірбут, каб хоць якую карысць з той зямлі мець, накапаць на той гары лоўчых ямаў і пасткаў на розных звяроў панаставіць. Як удумаў, так і зрабіў.

У той час недзе каля Станчукоў быў паляўнічы палац Зыгмунта Старога. А жонка яго, каралева Бона, вельмі любіла сама паляваць па нашых лясах, таму трымала ў сябе вялікую зграю вельмі каштоўных паляўнічых сабакаў.

Неяк пасля аднаго палявання з гэтай зграі прапалі самыя любімыя каралевай сабакі. Бона была ў роспачы. Кароль, каб неяк суцешыць жонку, падняў на пошукі прапаўшых сабакаў людзей з усяго наваколля. Праз некалькі дзён пошукаў сабакаў знайшлі пакалечаных у пастках і лоўчых ямах Свірбута, на яго праклятай гары.

Бона, раззлаваная няшчасцем, якое здарылася з яе любімцамі, падала ў каралеўскі суд на Свірбута і патрабавала, каб вінаваты заплаціў ёй за пакалечаных сабакаў альбо быў бы строга пакараны судом.
Сам кароль узначаліў суд, і ў час разбіральніцтва запытаў у Свірбута, ці прызнае той сваю віну.

— Не! не прызнаю, бо не вінны я! — адказаў Свірбут.

– Як гэта – не вінны? –здзівіўся кароль.

— Гара, — твая?

— Мая!

— Зямля, — твая?

— Мая!

— Пасткі і ямы ты ставіў і рабіў?

— Я!

— Дык чаму ж тады ты не вінны, і калі не ты, то хто?

— Ваша Літасць! — звярнуўся да караля Свірбут. — Вось скажыце, калі б зямля на гэтай гары добра радзіла, то ці стаў бы я яе псаваць лоўчымі ямамі?

— Ну, думаю, што не стаў бы! — адказаў той.

— А калі б на гэтай гары хоць штосьці расло, ці стаў бы я займаць яе плошчу пасткамі?

— Падобна што — не стаў бы! — зноў згадзіўся кароль.

— Вось, таму і не вінны я! — усклікнуў Свірбут. — Калі б гэта зямля добра радзіла, ці на гэтай гары хоць штосьці расло, я б на ёй не капаў лоўчых ямаў і не ставіў бы пасткаў. А калі б я не капаў бы лоўчых ямаў, і не ставіў бы пасткаў, то ў іх бы не папалі сабакі каралевы. А калі б у ямы і пасткі не папалі б сабакі каралевы, яны б не пакалечыліся і былі б здаровыя! Таму ва ўсіх няшчасьцях вінная толькі гэта гара і ніхто болей! — закончыў свае тлумачэнні хітры мужык.

Зыгмунта Старога рассмяшыла тлумачэнне Свірбута, але кароль згадзіўся з разумнымі разважаннямі простага мужыка.

Суд пастанавіў прызнаць віннай у няшчасці з сабакамі каралевы саму гару, на якой адбылося няшчасце, і да пакарання прызнанага злачынца перадаць злачынца ў поўную ўласнасць пацярпеламу боку, гэта значыць, каралеве Боне, да неабмежаванага ніякімі дзяржаўнымі законамі асабістага суда пацярпелай.

Вось так хітры мужык Свірбут пазбег адказнасьці за калецтва сабакаў Боны і разам пазбавіўся выплаты падаткаў за зямлю на гэтай гары, аддаўшы яе ва ўласнасць каралевы.

Пасля гэтага выпадку людзі гэту гару і пачалі называць Віннай гарой.

 

Вёска Свіраны, ды аб таленавітай гандлярцы з Гэдэмінава роду

(паданне)

(Запісана ад Клімашэўскага Казіміра Вікенцьевіча, 1908 г. н., з м. Лынтупы. Запісаў 18 сакавіка 1989 года Алесь Гарбуль).

Калісьці панам у Лынтупах быў такі Доўгірд. Ён быў дворным маршалкам у Вітаўта. А жонка ў яго была з Гэдэмінава роду, казалі, мела страшэнныя багацці. Толькі багацці тыя яна не ў спадкі атрымала, а старыя казалі, сама зарабіла!

Калі Вітаўт таго Доўгірда паставіў гаспадаром вялікіх земляў у Карпатах, яго жонка выкарыстала гэта для свайго ўзбагачэння. Яна ў новых уладаннях свайго мужыка завяла сяброўства з асманскімі купцамі. Пасля, скарыстаўшы высокую пасаду ў тых краях свайго мужыка, па вельмі нізкаму кошту скупляла ў тых купцоў грэцкія гарэхі і розныя ўсходнія пранасці ды перавозіла іх у Лынтупы.

А пасля, праз Дзвінск і Полацак па Дзвіне адпраўляла іх да марскіх партоў і там перапрадавала па кошту ў дзесяцькроць большаму!

Для захоўвання таго тавару з паўднёвых краёў яна недалёка ад Лынтупаў пабудавала трыццаць вялікіх свіранаў. У тых свіранах яе тавар знаходзіўся да той пары, пакуль яго не адпраўлялі далей да Дзвінска, Вільні, ці Полацка. Ля тых свіранаў яна пасяліла некалькі сем’яў варты. Тыя сем’і пачалі разрастацца, будавацца, і праз час вырасла вёска, якую так і назвалі, Свіраны.

Фаворы, альбо Вавёркі?

(паданне)

Раней гэта вёска не Фаворы звалася, а Паворы, што ад літоўскага слова “павярыс “ паходзіць, Гэта па-нашаму — “вавёркі”, значыць! Казалі, што калісьці тут жыла сям’я Рамейкаў. Гэта, можа, якія продкі цяперашніх Рамейкаў,  не ведаю. Дык тыя даўнія Рамейкі не жылі, як усе людзі, са сваёй зямлі, а на жыццё зараблялі за кошт лесу: Палявалі, грыбы, ягады і гарэхі збіралі, сушылі, а пасля іх людзям прадавалі. Казалі, што які б год не быў бы пусты на грыбы і гарэхі, а ў Рамейкаў тых заўсёды поўныя бочкі назапашана да продажу было! Людзі меркавалі, што гэтыя Рамейкі нейкія сакрэтныя замовы да духаў лясных ведалі, таму ў лесе ім кожны год шэнціла. З-за вялікай колькасьці гарэхаў і сушаных грыбоў, што Рамейкі прывозілі на кірмашы, іх і празвалі “вавёркі”. Пазней адну дачку Рамейкі ўзяў у жонкі Буцюта ды пабудаваўся побач. Так самаго таго Буцюту ды яго дзяцей таксама пачалі абзываць Вавёркамі. Ды і вёску тую ўсе называлі Паворы, бо там “Вавёркі” (сем’і Рамейкаў і Буцютаў) жылі.

Яўнэлішкі, ды хто такія вукулы, ды актыры

(паданне і павер’і)

Калісьці на тым месцы, дзе цяпер Яўнэлішкі стаяць, жыла старая знахарка Анэля. Яна магла распазнаць у чалавеку ці жывёле вукулу ды ўмела адбараніць людзей і скаціну ад актыраў. На гэта і жыла.

Вукула  — гэта вядзьмак, які можа пераварочвацца ноччу ў жывёлу і шкодзіць людзям. Яшчэ ёсьць такія вукулы, што дапамагаюць людзям. Гэтыя вукулы палучаюцца, калі злы вядзьмак са сваёй злосьці якога добрага чалавека перавярне ў якога звера. Вось гэтыя вукулы людзям не шкодзяць, бо самі ж людзямі і застаюцца, толькі ў скуры якога звера. Вукулы розныя бываюць і па-рознаму называюцца. Вось той, што ў ваўка перавернуты, — ваўкалакам называецца, а што ў мядзвядзя, — локісам. От, не памятаю, як вукулу называюць, што ў ката перавернуты. Але, гэтага вукулу можна лёгка адрозьніць ад простага ката! Кажуць, што калі ў ката абодва вокі рознага колеру, дык гэта, бяз спрэчкі, вукула катовы! Гэты катовы вукула сам, калі захоча, можа перавярнуцца назад у чалавека ў поўнач на Яна і ў калядную ноч. А вось іншыя вукулы па свайму жаданню зноў чалавекам стаць не могуць, бо вельмі моцнае чараўніцтва ведзьмакоў іх трымае.

Актыры — гэта душы памершых ведзьмакоў, якія жывуць у целе кажаноў, могуць знянацку напасці ноччу на чалавека ці скаціну і высмактаць усю кроў. Актыры жывуць на старых магільніках і ў гушчарах лесу, днём схаваўшыся спяць, а ноччу, як і камары, вылятаюць на паляванне. Іх сустрэць вельмі небясьпечна!

Анеля жыла адна, таму неяк узяла да сябе на выхаванне аднаго хлопчыка — сірацінку з мястэчка. Калі хлопчык той падрос, зрабіўся вельмі прыгожым і працавітым падлеткам. Людзі толькі дзівіліся яго прыгажосцю ды здольнасьцямі да хоць якой працы. Уся праца кіпела ў яго руках! І людзі, дзівячыся на яго, пыталі: — “Чый жа ты такі будзеш?” А хлопец кожны раз адказваў: — “Я ў Нэлі жыву!” Вось з-за такога яго шторазовага адказу, хлопца і празвалі Яўнэль!

Калі Анеля памерла, Яўнэль так і застаўся жыць у яе хаце, пасля з жонкай ды сваімі дзяцямі. А мянушка Яўнэль прыліпла да ўсяго іхняга рода. Ды і вёску, ў якой жылі дзеці і ўнукі Яўнэля, так і да сёняшняга дня называюць — Яўнэлішкі.

Алесь Гарбуль