Чыгуначная аварыя ці дыверсія пад Лынтупамі. Раскручванне рэек стала прычынай выкаляення лакаматыва

Вільня. Учора ноччу ў 2 гадзіны 20 хвілін на пуці Вільня — Глыбокае здарылася чыгуначная аварыя. Пасажырскі цягнік, які ішоў з Вільні ў Крулеўшчызну, на адлегласці аднаго кіламетра ад Лынтуп па прычыне пашкоджання пуцей выпаў з рэек і скаціўся на насып. Па шчасліваму збегу абставін ён не разбіўся.

У хвіліны, калі лакаматыў, выскокваючы з рэек, трапіў на насып, ідучыя за ім вагоны адзіна што нахіліліся і засталіся так стаяць на месцы. Таму трэба быць удзячным, што ў ацалелых ад разбіцця вагонах ніхто з пасажыраў не пацярпеў. Таксама выйшлі цэлымі машыніст і абслуга цягніка. Цягнік ехаў з нязначнай хуткасцю, таму ў хвіліны аварыі яго ўдалося своечасова спыніць. Першыя агледзіны месца здарэння наводзяць на думку, што тут адбыўся новы акт сабатажу. Менавіта знойдзены сляды раскручвання рэек незадоўга перад прыходам цягніка.

У 4 гадзіны 20 хвілін выратавальным цягніком з Вільні выехала чыгуначная камісія, у склад якой увайшлі начальнікі аддзелаў: дарожнага, механічнага і аддзелу руху Віленскай Дырэкцыі чыгункі для правядзення адміністрацыйнага расследавання. Гэтым самым цягніком выехалі вышэйшыя функцыянеры Ваяводскай Адміністрацыі і Следчага Аддзела і Аддзела Бяспекі. Адначасова прыбылі Свянцянскі стараста і камендант павятовай паліцыі. Органы бяспекі арганізавалі надзвычай якаснае і энергічнае расследаванне і пошук злачынцаў.

У 10 гадзін на месца здарэння выехаў надзвычайны цягнік, на якім у Лынтупы прыехалі дырэктар Польскай Дзяржаўнай Чыгункі інжынер Фалькоўскі, віцэ-ваявода Янкоўскі, пракурор Акруговага Суда Прыбыльскі, якія агледзелі месца аварыі і далі адмысловыя распараджэнні. Потым адразу прыступілі да ўздыму выкалееных вагонаў і паравоза. Пасажыры, якія ехалі на цягніку, ад’ехалі з Лынтуп да Крулеўшчызны спецыяльным вагонам. Паколькі перапынак у руху быў цэлы дзень і ноч, пасажыры, якія прыбывалі з боку Крулеўшчызны ў Вільню, ад’язджалі вузкакалейкай у Свянцяны. У нядзелю пад раніцу пачаўся нармальны рух. Значных шкодаў ні ў вагонах, ні ў сапсаванні палатна чыгунка не панесла.

(“Слова” № 222 ад 27верасня 1931 года)

Арышт чатырох асобаў у Лынтупах

Свянцяны. У сувязі са злачыннай дыверсіяй на цягнік каля станцыі Лынтупы 26 верасня паліцэйскія ўлады ў выніку цяперашняга расследавання затрымалі чатырох асобаў, прозвішчы якіх не называюць з погляду на праводзімае следства.

(“Слова” № 226 ад 2 кастрычніка 1931 года)

Выканаўцы дыверсіі пад Лынтупамі

Вільня. Шматдзённая пагоня за выканаўцамі выкаляення пасажырскага цягніка пад Лынтупамі ўвянчалася канкрэтнымі вынікамі. Лынтупы здаўна былі вядомыя паліцыі тым, што камунізм мае там адносна значную колькасць прыхільнікаў. Тамтэйшыя дыверсанты першымі на тэрыторыі Віленскага ваяводства арганізавалі ў сябе так званыя “Пункты супраціву”, як гэта нядаўна выявіў працэс, які праводзіўся Віленскім Акруговым Судом, і мелі за заданне канцэнтрацыю зброі, навучанне баевікоў, пашырэнне неспакою на тэрыторыі Зямлі Віленскай і нарэшце планавае правядзенне агітацыі сярод насельніцтва і падбухторванне яго да пасіўнага супраціву праз прыпыненне выплаты падаткаў, недавання рэкрутаў і г. д. Арганізатары гэтай шырока прадуманай і з савецкага замежжа інспіраванай аперацыі былі сурова пакараныя Судом, аднак тым не менш тэрыторыю Лынтупшчыны камуністы лічылі за найбольш схільную для рэалізацыі іх планаў. Дыверсію на цягнік пад Лынтупамі, як адну з серыі дыверсій, здзейсненых на тэрыторыі Віленскага ваяводства на працягу апошніх некалькіх месяцаў, паставіў органы бяспекі супраць шэрагу фактаў, якія прывялі да падазрэння, што пашкоджанне чыгуначнага пуці выканаў нехта іншы, як мясцовыя камуністы. Таксама ў гэтым напрамку накіравалася следства, і такім чынам прывяло да выяўлення злачынцаў. Афіцыйны камунікат паведамляе, што выявілі чатырох злачынцаў, таму застаецца толькі дадаць, што ў іх знойдзены доказы, якія пацвярджаюць, што яны мелі ў распараджэнні прымітыўна зроблены інструмент для раскручвання рэек. Арыштаваным сабатажнікам пагражае хуткі Ваенна-Палявы Суд.

(“Слова” № 228 ад 4 кастрычніка 1931 года)

Пераклад Міхал Гіль