Цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай у Глыбокім

На жаль, сёньня Маці Божая Падхорная ў Глыбокім амаль зусім і амаль усімі забытая. Езьдзім з паломніцтвамі ў Будслаў, Вільню, Чэнстахову і іншыя мясьціны, а да сваіх цудадзейных абразоў мы, глыбачане, маліцца ня хочам.

Перад абразом Маці Божай Падхорнай маліўся Якуб Ясінскі ў часе паўстаньня Т. Касьцюшкі. Перад гэтым абразом маліўся сам Напалеон Банапарт, калі жыў некалькі дзён у глыбоцкім кляштары Кармэлітаў. Менавіта перад гэтым абразом паўстанцы 1831 г. складалі прысягу на вернасьць Айчыне і адраджэньню Рэчы Паспалітае. Цяпер сьвятыня знаходзіцца ў глыбоцкім касьцёле Сьв. Тройцы. Фота Ул. Скрабатуна.

Надышоў час рас павесьці пра найвялікшую сьвятыню Глыбоцкай зямлі – цудадзейны абраз Маці Божай Шкаплернай, а больш знанай як Падхорнай. Гэта абраз прывезьлі ў мястэчка Глыбокае манахі Кармэліты, якія тут мелі свой кляштар. Адмыслова для гэтага новага абраза ў сярэдзіне XVIII ст. была зробленая капліца. Так як унутраная тэрыторыя ўсяго кляштарнага касьцёла была занятая, таму гэтую новую капліцу размясьцілі пад хорам, адкуль і ўзялася прастанародная назва “Маці Божая Падхорная”, бо абраз знаходзіўся ў капліцы пад хорам.

Варта некалькі слоў распавесьці пра тып абраза МБ Падхорнай. Гэта была копія вельмі папулярнага марыйнага абраза, называнага ў Рэчы Паспалітай Маці Божай Сьнежнай, а ў арыгінале Salus Popoli Romani (Ocalenie Ludu Rzymskiego – Ацаленьне (збаўленьне) Рымскага Народу). Сам арыгінал, згодна з хрысьціянскай традыцыяй ,намаляваў апостал Лука, і прадстаўляе ён сабой ікону з выявай Багародзіцы, якая трымае на руках Дзіця Езуса, які ў сваю чаргу трымае ў руках Эвангэлле. Гэты арыгінал знаходзіцца ў адной з 4 галоўных базылік Рыма – Санта Марыя Маджорэ, першай хрысьціянскай сьвятыні ў гонар Багародзіцы, якая была пабудаваная на месцы, дзе летам выпаў сьнег, адсюль і назва – Маці Божая Сьнежная.

Вяртаючыся да нашага абраза, то як ужо было сказана, быў ён XVIII-най копіяй, якую прывезьлі ў Глыбокае Кармэліты. Першапачаткова абраз быў прывезены, каб разьмясьціць яго ў алтары ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Гэта алтар МБ Шкаплернай быў закладзены для брацтва МБ Шкаплернай, якое паўстала ў Глыбокім у 1753 г. Таму, каб копія абразу МБ Сьнежнай адпавядала назве алтару МБ Шкаплернай, на гэтай копіі быў дамаляваны шкаплер, які Багародзіца трымала ў руках. Такім чынам абраз МБ Сьнежнай у Глыбокім ператварыўся ў абраз МБ Шкаплернай, аднак звычайны люд даў яму сваю назву МБ Падхорнай.

Абраз МБ Падхорнай знаходзіўся, як было ўжо сказана, у касьцёле Кармэлітаў у капліцы пад хорам. Ужо адразу пасьля свайго з’яўленьня ў Глыбокім, жыхары мястэчка пачалі мець да гэта абраза вялізарнае набажэнства, якое пачало вельмі хутка разьвівацца, дзякуючы дзейнасьці Брацтва МБ Шкаплернай, якія апекаваліся гэтым абразом, а дакладней алтаром, ў якім знаходзіўся гэты абраз. Набажэнства да гэтага абраза ўжо ў хуткім часе ахапіла таксама і мясцовую шляхту, па крысе пачалі арганізоўвацца індывідуальныя, а пасьля і сумесныя паломніцтвы, асабліва на 16 ліпеня – сьвята МБ Шкаплернай. З паломніцтвам да цудадзейнага алтара хадзілі таксама і праваслаўныя вернікі.

Вельмі шмат людзей пачало атрымліваць ласкі і дабрадзействы ад Маці Божай Падхорнай, і такім чынам пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты ад удзячных веруючых за атрыманыя цуды і ласкі. Таму ўжо ў другой палове XVIII ст. манахі зрабілі з выбеленай медзі адмысловую шату, якаснай работы для гэтага цудадзейнага абраза. Акрамя таго, за яхвяры, складзеныя перад абразом, манахі зрабілі тры срэбныя кароны, дзьве зь якіх былі выкладзеныя дарагімі чэскімі камянямі, а адна, якую трымалі над абразом два анёлы, была пакрытая золатам, гэтыя кароны былі прымацаваныя да абраза разам з шатай.

Акрамя гэтага ўжо пад канец XVIII ст. каля абраза віселі каштоўныя і вельмі каштоўныя экс-воты, а менавіта: вялікі залаты пярсьцёнак, вялікі срэбны пярсьцёнак, каштоўны крыж з трыма дыямантамі і шмат розных срэбных экс-вотаў. Вісеў таксама каля абраза, як выраз удзячнасьці і ордэн Белага Арла – найвышэйшая дзяржаўная адзнака ў Рэчы Паспалітай.

Злева: вельмі цікавае экс-вота, якое прадстаўляе МБ Падхорную, XVIII ст.; усярэдзіне – экс-вота з 1831 г.; срава – экс-вота 2-й паловы XVIII ст. Фота А. Івашчонка.

Для большай бясьпекі абраз Маці Божай Падхорнай быў закрыты на ноч іншым абразом Маці Божай Балеснай з памерлым Езусам на руках, маляваным на палатне. Перад абразом віселі тры вялікія срэбныя ватыўныя лямпы (лампады). А на сьцяне пры алтары была прымацаваная для пацалаваньня срэбная Ступня Маці Божай, зробленая з ланцужкоў, падараваных веруючымі за атрыманыя ласкі. На гэтай Cтупні быў напісаны таксама адпуст дзеля тых, якія цалавалі гэтую Ступню.

На алтары было 5 рэліквярыяў, а сам алтар быў разной работы, драўляны, аздоблены 15 фігурамі анёлаў. Уверсе было напісанае Імя Марыі з 12 зоркамі, усё было пазалочана. Ужо сам факт такой велізарнай лічбы вотаў пад канец XVIII ст. сьведчыць аб вялікай папулярнасьці сярод мясцовага насельніцтва. Гэты культ пачаў усё больш разьвівацца ў ХІХ ст., у капліцы пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты: каштоўныя дамскія ўпрыгожваньні, бурштын, залатыя і сярэбраныя ланцужкі, розныя пярсьцёнкі, срэбныя таблічкі з выгравіраваным атрыманым цудам і гд. Як бачна, Глыбокае ў першай палове ХІХ ст. з-за прысутнасьці тут цудадзейнага абраза Маці Божай Падхорнай сталася важным паломніцкім цэнтрам амаль усёй усходняй часткі Віленскай дыяцэзіі. Перад абразом Маці Божай Падхорнай маліўся таксама і Якуб Ясінскі ў часе паўстаньня Т. Касьцюшкі. Перад гэтым абразом маліўся таксама і Напалеон, калі жыў некалькі дзён у глыбоцкім кляштары Кармэлітаў. Менавіта перад гэтым абразом паўстанцы 1831 г. складалі прысягу на вернасьць айчыне і адражэньне Рэчы Паспалітай.

На жаль ў развіцьці набажэнства да Маці Божай Падхорнай перашкодзіла касацыя кляштара Кармэлітаў ў 1864 г., калі і быў перанесены цудадзейны абраз у парафіяльны касьцёл Сьв. Тройцы. Падчас гэтага пераносу расейскімі салдатамі было ўкрадзена шмат дарагіх вотаў. Пасьля разбудовы касьцёла Сьв. Тройцы (1902-1908 гг.), была зробленая адмысловая капліца Маці Божай Падхорнай, дзе цудадзейны абраз знаходзіцца пасёньняшні дзень.

За польскім часам 1921-1939 гг. адбылося аднаўленьне культу да Маці Божай Падхорнай, арганізаваліся паломніцтвы сумесныя каталікоў і праваслаўных з бліжэйшых вёсак і мястэчак, сталася традыцыяй, што ў сьвята цудадзейнага абраза – 16 ліпеня, глыбачане жаніліся. На жаль у пасьляваенныя часы камуністычнага ваяўнічага атэізму разьвіцьцё культу, як і паломніцтвы, прыпыніліся. На пачатку 90-ых абраз быў адданы да рэстаўрацыі ў Мінск. Былі зьнятыя каштоўныя кароны і шаты, а таксама з капліцы былі прынятыя тыя шматлікія экс-воты (уцалелыя па 1864 г., а таксама новыя), якія сьведчылі аб вялізарнай цудадзейнай моцы абраза Маці Божай Падхорнай, якая на працягу столькі стагодзьдзяў была ласкавай апякункай Глыбокага. Можа таму, першая песьня пра Глыбокае была напісаная ў гонар Маці Божай Падхорнай у другой палове XVIII ст. і на нова падцьверджаная віленскім арцыбіскупам 15 красавіка 1924 г. Ніжэй тэкст песьні:

Pieśń
o NMP Podchórnej
w Głębockim Obrazie

Jasny luminarz Kościoła naszego,
Piękna ozdobo Karmelu całego,
Czuła naszych ran lekarko,
Wszelkich łask i cud szafarko – zawitaj!

Nie tak jest pięknie słońce w swym splendorze,
Gdy płynie w głębię po niebieskim torze.
Jak się śliczna pokazała, Gdy Maryja zajaśniała
w Głębokiem!

O Matko droga, wszyscy ogłaszają,
Że niezliczonych cudów tu doznają.
Nikt nie ginie, nikt nie tonie,
Kto w Twej, Maryjo, obronie zostaje!

O Pani niebios i ziemi Królowa,
Któraś każdemu darować gotowa!
Błogosław światu całemu,
Podaj opiekę każdemu w potrzebie!

Jako przy matce zebrana rodzina,
My u nóg Twoich, o Matko jedyna,
Ślemy pokorne błagania,
Wysłuchaj dzieci wołania, Maryjo!

Twój Jezus drogi, Twoje Dziecię z nieba,
Jest wzorem dla nas, jak Cię kochać trzeba.
Uproś nam z nieba miłości,
Byśmy Cię tu i w wieczności wielbili!

Maryjo przez miłość Syna Twojego,
Uproś nam grzesznym łaski u Niego,
Wszystko uczyni dla Ciebie
Jezus Chrystus Syn Twój w niebie swym sługom!

Amen

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №10(622) 8 сакавіка 2012 года