Да 188-й гадавіны выбуху паўстаньня 1831 г. на Глыбоччыне

Гэрб паўстаньня 1830-31 гг.

Паўстаньне 1830-1831 гг., альбо інакш называнае Лістападаўскім паўстаньнем, распачалося ў Варшаве 29 лістапада 1830 г., аднак на Глыбоччыне гэтае паўстаньне распачалося значна пазьней, а дакладней 10 красавіка 1831 г. Менавіта ў гэты дзень у Шаркоўшчыне адбыўся зьезд мясцовай шляхты Дзісьненскага павету пад кіраўніцтвам графа Аляксандра Лапацінскага, які распачаў кансалідацыю мясцовых патрыётаў і духавенства ў барацьбе супраць расейскіх акупантаў з мэтай аднаўленьня Рэчы Паспалітай. Аляксандар Лапацінскі адразу наладзіў сувязь з паўстанчым камітэтам у Вільні і Варшаве, і менавіта на іх падабенства распачаў стварэньне паўстанчай канфэдэрацыі ў Дзісьненскім павеце.

Дня 10 красавіка ў Шаркоўшчыну прыбылі:

1. Вінцэнты Корсак.
2. Ігнацы Корсак.
3. Вінцэнты Вінч.
4. Баніфацы Вінч.
5. Казімір Лапацінскі.
6. Язэп Лапацінскі.
7. Ігнацы Клёт.
8. Адольф Хомскі.
9. Аўгуст Хомскі.
10. Адольф Багуцкі.
11. Антоні Баярскі.
12. Канстантын Ліневіч.
13. Айцец Нарцыз Ва лынскі, кармэліт з Глыбокага.
14. Ксёндз Яленскі, вуніят.
15. Аляксандар Пангоўскі.
16. Луц’ян Плятэр.
17. Фэрдынанд Плятэр.
18. Рыпінскі.
19. Абуховіч.
20. Ян Клётт
21. Рудольф Клёт.
22. Мікалай Клёт.
23. Гэнрык Клёт.
24. Міхал Клёт.
25. Бароўскі.
26. Мацей Салагуб.
27. Язэп Валасоўскі.

Пяць злотых часоў паўстаньня 1803-31 г.

Удзел у паўстаньні прыняла ня толькі шляхта, але таксама і мясцовыя кадэты з Дзісны (каля 12 чалавек). У суме ў Шаркоўшчыну прыбыло каля 50 чалавек.

13 красавіка паўстанцы прыбылі ў Лужкі ў кляштар айцоў піяраў, дзе айцец Адам Татур, піяр, напісаў Акт канфедэрацыі аб далучэньні Дзісьненскага павету да Рэчы Паспалітай. Пры кляштары быў створаны Паўстанчы Камітэт пад кіраўніцтвам Рамуальда Падбіпенты, а ў склад камітэту ўвайшлі: граф Аўгуст Бжастоўскі, граф Антоні Шырын, Павел Міхалоўскі, Антоні Корсак, Бэнэдыкт Клёт і Фэлікс Багуцкі. На сакратароў выбралі Міхала Куроўскага і айца Адама Татура, піяра, а іх намесьнікамі абралі Флар’яна Карказевіча, Яна Буйніцкага, Нэстара Буйніцкага, Адама Куроўскага, Яна Нарніцкага, Тамаша Мірскага і Канстантына Валасоўскага.

Акрамя таго быў створаны Экзаменацый ны Камітэт пад кіраўніцтвам графа Міхала Храпавіцкага, а пасьля яго адмовы – кіраўніком быў Пётра Вінч. У склад гэтага камітэту ўвайшлі таксама Аўгуст Хомскі і Язэп Корсак.

Дзісьненскі павет дадакова быў падзелены паўстанцамі на камэндатуры. Для мястэчка Глыбокае камэндантам быў прызначаны Язэп Ляскоўскі, а для горада Глыбокае – спачатку вуніяцкі пробашч Аляксандар Скабалановіч, а пасьля Ігнацы Корсак, для Плісы – Нэстар Буйніцкі.

На галоўнакамандуючага паўстанчы мі войскамі ў Дзісьненскім павеце быў абраны дзяржаўца радзівілаўскага Глыбокага – Валянтын Брахоцкі, а яго ад’ютантам – Алойзы Буйніцкі і Ян Буйніцкі. Кавалерыяй кіраваў граф Міхал Храпавіцкі, а яго намесьнікам быў Мікалай Клёт.

Як бачна, мястэчка Глыбокае амаль ўвесь красавік знаходзілася ў руках паўстанцаў. Дня 3 траўня паўстанцы з 3-тысячным войскам занялі Дзісну.

Актыўны ўдзел у паўстаньні прынялі і глыбоцкія манахі Кармэліты босыя. Як вядома з паўстанчых крыніц, Кармэліты былі першымі паўстанцамі ў мястэчку Глыбокае.

Гераіня паўстаньня 1830-31 гг Эмілія Плятэр, якую клічуць беларускай Жаннай д’Арк.

Вось сьпіс Кармэлітаў, якія бралі ўдзел у паўстаньні:

1. Айцец Уладыслаў Казакевіч – меў 61 год, менавіта ён быў пачынальнікам антырасейскага руху на Глыбоччыне, і варта памятаць, што менавіта ён быў уладальнікам мястэчка Глыбокае. Зьяўляўся капэлянам паўстанчых атрадаў.
2. Айцец Нарцыз Валынскі – 27 год, кіраўнік глыбоцкіх брацтваў, менавіта дзякуючы яму, члены брацтваў бралі актыўны ўдзел у паўстаньні і менавіта яны займаліся закватэраваньнем ашмянскіх і вілейскіх атрадаў у Глыбокім. Быў капэлянам паўстанчых атрадаў.
3. Айцец Рамуальд Глінскі – 40 год, адначасава ён быў пробашчам глыбоцкай фары Сьв. Тройцы. Быў капэлянам паўстанчых атрадаў.
4. Брат Анзэльм Гурскі – 27 год, манахам быў 4 гады.
5. Брат Патрыцы Корсак – 17 год, манахам быў 2 гады.
6. Брат Ігнацы Руткоўскі – 18 год, манахам быў 2 гады.

Могуць зьявіцца спрэчныя думкі, як манахі маглі прыняць актыўны ўдзел у паўстаньні? Адказ ня будзе складаны. Варта зьвярнуць увагу на асобы гэтых манахаў. Айцец Казакевіч і айцец Глінскі былі прадстаўнікамі мясцовай улады – уладальнік мястэчка Глыбокае і пробашч. Факт іх удзелу ў паўстаньні быў выкліканы вельмі складанай і нязноснай рэальнасьцю існаваньня ў Расейскай Імпэрыі, таму яны былі здольныя на шмат чаго, каб зьмяніць палітычную сітуацыю, каб вызваліцца з-пад расейскага прыгнёту. Іншыя манахі былі вельмі маладымі асобамі ад 17 да 27 год, якія жылі ў кляштары ня больш 2-3 гадоў, таму яшчэ не навучыліся манаскаму стылю жыцьця. Акрамя таго ўдзел у паўстаньні быў найвялікшай праявай патрыятызму і любові да радзімы. Як бачна, аж 6 манахаў брала ўдзел у паўстаньні, азначала гэта тое, што ўсім жыхарам мястэчка, ня толькі сьвецкім, але і духоўным, карцела як мага найхутчэйшага вызваленьня з-пад расейскай акупацыі.

Аднак, на жаль, ужо 16 траўня расейскі гэнэрал Саф’янаў заняў Глыбокае, дзе знаходзіліся паўстанчыя атрады з Ашмянскага і Вілейскага паветаў. Гэтыя атрады памаршаравалі ў Лужкі, дзе аб’ядналіся з атрадамі з Дзісны і ўтварылі 10 тыс. войска, якое падзялілася на дзьве групы. Першая група пад кіраўніцтвам Брахоцкага вырушыла праз Мосар у Браслаў, з гэтай групай вырушыў таксама і айцец Татур, які забраў з сабой усе акты паўстаньня, каб гэтыя дакумэнты не дасталіся ў рукі расейцаў. Другая група пад кіраўніцтвам братоў Адахоўскіх асела ў лясах пад Глыбокім.

Аднак ня ўсе прадстаўнікі шляхты пайшлі з Брахоцкім у Браслаў, некаторыя вярнуліся дахаты.

Пад канец траўня ў мястэчка Глыбокае прыбыў сам Мураўёў, а на начальніка горада Глыбокае прызначыў палкоўніка Макарава.

Прыехаў Мураўёў у Глыбокае, каб праводзіць сьледства па справе паўстаньня. Затрымаўся ён у кляштары Кармэлітаў босых, можа й па іроніі лёсу меў той самы пакой, дзе затрымаўся Напалеон Банапарт. Першым вязьнем, які апынуўся ў падзямельлях глыбоцкага кляштара, быў кіраўнік паўстаньня – Аляксандар Лапацінскі. Мураўёў асабіста праводзіў сьледства–катаваньні. Аднак варта дадаць, што Мураўёў досыць нечакана ставіўся да зняволеньня паўстанцаў. Напрыклад, калі да яго ў Глыбокае прыбыў Адольф Багуцкі і сам прызнаўся, што браў удзел у паўстаньні, то Мураўёў ня толькі яго памілаваў, а яшчэ зрабіў Багуцкага сваім ад’ютантам. Аднак гэта было адзінае здарэньне.

Нашыя землякі былі асобамі з гонарам, і таму, прыезд і падданьне расейцам для іх было горшым за сьмерць, а Мураўёў найперш за ўсё паставіў сабе за мэту на зламаньне гэтага гонару – праз прыніжэньне іх патрыятычных пачуцьцяў.

Ужо 3 чэрвеня Мураўёў закончыў першы тур сьледстваў-катаваньняў. Кару вязьніцай ў Дынабургу4 атрымалі:

1. Рамуальд Падбіпента.
2. Граф Антоні Шырын.
3. Павел Міхалоўскі.
4. Антоні Корсак.
5. Ігнацы Корсак.
6. Фэлікс Багуцкі.
7. Алойзы Буйніцкі.
8. Міхал Куроўскі.
9. Флор’ян Карказевіч.
10. Ян Буйніцкі.
11. Адам Куроўскі.
12. Ян Нарніцкі.
13. Язэп Сімашка.
14. Антоні Пангоўскі.

Акрамя таго Мураўёў напісаў сьпіс паўстанцаў, якіх трэба было злавіць і адаслаць у вязьніцу ў Дынабург. У гэтым сьпісе быў таксама і глыбоцкі Кармэліт Нарцыз Валынскі:

1. Адольф Багуцкі.
2. Адольф Хомскі.
3. Аўгуст Хомскі.
4. Мікалай Клёт.
5. Язэп Валасоўскі.
6. Казімір Лапацінскі.
7. Вінцэнты Корсак.
8. Язэп Лапацінскі.
9. Валянтын Брахоцкі.
10. Граф Міхал Храпавіцкі.
11. Эдвард Барташэвіч.
12. Айцец Адам Татур, піяр.
13. Ксёндз Зялінскі.
14. Айцец Нарцыз Валынскі, кармэліт.
15. Айцец Гладуноўскі, францішканін.
16. Адам Кастравіцкі.
17. Бэнэдыкт Клёт.

Акрамя таго тры дні пазьней Мураўёў падзяліў Дзісьненскі павет на ключы і кварталы. Кіраўніком глыбоцкага ключа быў прызначаны Язэп Корсак (гэта сьведчыць пра тое, што Мураўёў ня ведаў пра ўдзел у паўстаньні Язэпа Корсака). Мястэчка Глыбокае было падзеленае на 5 кварталаў, а іх начальнікамі былі прызначаныя Язэп Акушка, Аляксандар Рудаміна, Ігнацы Кулеша, Раман Фурс і Пётра Вінч (таксама ўдзельнік паўстаньня). Гэтыя асобы былі адказныя за супакой у мястэчку. Начальнікі кварталаў павінныя былі кантраляваць усе вуліцы і пляц і не дазваляць нікому там зьбірацца ў групы большыя, чым за 2-3 асобы. Апроч таго павінныя былі пісаць кожны дзень Мураўёву рапарт з інфармацыяй на тэму паўстанцаў, якія хаваліся ў лясах каля Глыбокага.

У першай палове чэрвеня 1831 г. Мураўёву ўдалося схапіць наступных паўстанцаў, якія хаваліся ў лесе каля Глыбокага:

1. Казімір Заліўскі.
2. Бэнэдыкт Клёт.
3. Станіслаў Клёт.
4. Адам Кастравіцкі.
5. Айцец Каласанты Адамовіч, піяр.
6. Айцец Адам Татур, піяр.
7. Айцец Станіслаў Заленскі, піяр.

Усе гэтыя паўстанцы былі высланыя ў вязьніцу ў Дынабург.

Вяртаючыся да нашых Кармэлітаў, варта падрэсьліць, што ніхто з іх не патрапіў у вязьніцу, а ўсё гэта дзякуючы дыпламатыі айца Панкацыя Крушынскага, які, будучы эканомам у глыбоцкім кляштары, прыняў з вялікім гонарам Мураўёва, які быў так уражаны прыёмам і асобай Панкрацыя Крушынскага, што манахі для яго сталі паза падазрэньнямі. Менавіта дзякуючы стараньням Крушынскага, прыёр Казакевіч і пробашч Глінскі не трапілі ў вязьніцу. У вязьніцу таксама не патрапіў айцец Валынскі, які ўцёк з паўстанцамі, і сьлед па ім згінуў, бо ў Глыбокае ён ужо больш ніколі не вярнуўся. Зьніклі таксама і манахі Гурскі, Корсак і Руткоўскі, якія таксама ўжо не вярнуліся ў кляштар.

Дзякуючы стараньням айца Крушынскага кляштар не панёс аніякіх стратаў, Мураўёў быў вельмі задаволены сваім побытам ў Глыбокім. Дзякуючы айцу Крушынскаму да арышту ня трапіў таксама і вуніяцкі пробашч з горада Глыбокае Аляксандар Скабалановіч.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №13(625) 29 сакавіка 2012 года.