Докшыцы ў 1930 годзе вачыма мясцовага карэспандэнта

У віленскай штодзённай газеце “owo” (№95 за 25 красавіка 1930 года) была надрукаваная карэспандэнцыя, падпісаная крыптонімам Szach-Matt. Аўтар расказвае пра розныя – і адмоўныя, і станоўчыя – бакі мясцовага жыцця. 

 

Перад сусветнай вайной Докшыцы выглядалі зусім іначай чым зараз. Шмат што змянілася на добрае і шмат што змянілася на горшае. Найперш адмоўнай рысай для Докшыц ёсць тое, што знаходзяцца яны так блізка ад савецкай мяжы[1].

 

У іншыя часы і ў іншых акалічнасцях гэта магло б паслужыць хуткамі узбагачэнню і лепшаму развіццю гэтага мястэчка. Сёння, з-за таго што мяжа зачынена, гандаль раптоўна аслаб, у Докшыцах – вялікі застой. Цяпер, праязджаючы праз Докшыцы, можна бачыць шмат зачыненых з прычыны гандлёвага застою крамаў. Няма руху!

 

Няма руху ў Докшыцах – у тых Докшыцах, у якіх перад вайной гудзела як у вуллі.

Рынак у Докшыцах, 1925 год. Фота Станіслава Дзікоўскага.

 

Докшыцы, як называлі гэтае мястэчка расіяне, “заштатны горад”[2], былі некалі ціхія і сціплыя звонку, а пад вопраткай гэтага спакою стыхійна біў пульс жыцця. Кажу “стыхійна”, бо ні ў якім іншым месцы, як у Докшыцах, акрамя іншых розных тавараў, ішлі ў бок Лепеля крадзеныя коні. Але гэта было калісьці!

 

Часы мяняюцца! Прыгледзімся, як ёсць зараз. Калі каму-небудзь давядзецца прыехаць у Докшыцы вечарам і каля яшчэ здалёку ўбачыць, пад’язджаючы да мястэчка, святло, якое раптам гасце на некалькі хвілін, а потым замільгаціць на кароткі час перад вачыма – няхай, барані Божа, не думае, што ў мястэчку ёсць столькі неонавых шыльдаў і рэклам. Не, гэта звычайнае электрычнае святло[3].

 

Калі вы вечарам прыехалі ў Докшыцы – раю хутка знайсці гатэль і, калі адчуваеш сябе сумна – можна пайсці ў кіно. Гэтай прыемнасцю, аднак, не заўсёды можна скарыстацца, кіно бывае толькі раз на тыдзень праездам[4]. Але, калі давядзецца трапіць у Докшыцы ў той шчаслівы дзень, калі ёсць кіно – раю пайсці.

 

Можна там адпачыць!.. Не буду казаць пра змест фільмаў, якія там паказваюць – гэта пытанне складанае і змест немагчыма ўхапіць. Змест цяжка ўхапіць не таму што сцэны адна за адной мігацяць на экране з хуткасцю маланкі – не, яны цягнуцца паволі. На працягу аднаго вечара бываюць найбольш паўтара сеансы (у праграме нібыта два). Гэтую “няўхопнасць” ствараюць дзве рэчы: пашкоджаныя кінастужкі і электрычнае святло, якое гасне.

 

Нягледзячы на гэтыя недапхопы, зала заўсёды запоўненая, і прыслухваючыся размовам падчас такіх перапынкаў можна меркаваць, што гледачы якраз тады найлепш забаўляюцца. Лёгкі і вясёлы флірт… на тэму спыненай стужкі і электрычнага святла…

 

Калі падарожны выспаўся ў гатэлі, раю яму наведаць лазню. Тут можна паглядзець, як яна ўладкавана. Сапраўдная рымская лазня! Докшыцкі магістрат не пашкадаваў нічога, каб дагадзіць людзям. А калі б выпадкам здарылася падхапіць пасля купання там заразу – гэта нічога, бо ёсць у Докшыцах адна аптэка – лекі найлепшыя і танна – і два дыпламаваныя лекары.

 

Адзін з іх настолькі ветлівы, што перш чым спытае ў пацыента, што яму баліць, папросіць заплаціць грошы за прыём – нават і ў такіх выпадаках, калі нехта моцна скалечыць руху ў сячкарні, калі трэба дапамога тэрмінова без ніякага гандлявання. Калі б выпадкова мой падарожны трапіў да другога лекара, прашу ўжо самога памятаць пра той абавязак, што за прыём трэба плаціць.

 

Калі яшчэ захоча мой падарожны прайсціся па горадзе, няхай памятае, па-першае, што па тратуарах трэба ісці асцярожна, а размінаючыся з кім-небудзь, зважаць на дошкі, бо не кожная з іх прыбітая – лёгка можна, наступіўшы на адзін канец дошкі – другім скалечыць ці сабе нос, ці іншага прахожага – ну, а калі шпацыр бузе адразу пасля дажджу, то… няма чаго казаць: не пазнаеш сам сябе[5].

 

Па другое, трэба яшчэ памятаць, што свіням (не дзвюхногім), якія шпацыруюць па тратуарах, паводле тутэйшага звычаю, трэба саступаць дарогу. Так, цяжка, але такі ўжо звычай, які дзякуючы традыцыі стаў ужо законам – законам свінні.

 

Пра рэшту раскажу далей. Стараннем шаноўнага Магістрата была выкапаная новая студня ў Докшыцах – вада, аднак, аказалася кепская (без смаку). Некаму з радных прыйшла геніяльная думка… усыпалі ў студню два пуды кухоннай солі – і, кажуць, скаціна некалькі дзён піла ахвотна “мінеральную ваду”. Не ведаю, аднак, ці часта Магістрат мае намер паціху саліць… А калі б так паспрабавалі пасаладзіць – можа б і людзі тады сталі піць?

 

Кажуць, што магістрат мае заснаваць дзіцячы садок, але чакае на… зрэшты, не ведаю, чаго чакае, бо дзяцей ў Докшыцах шмат (можа, чакае пакуль вырастуць). Пажарная Варта зноў змагла набыць новы духавы аркестр, бо, як вядома, некалькі год таму докшыцкія пажарныя разам з інструментамі перайшлі на бок бальшавікоў[6]. Спадзяюся, што новая Пажарная Варта лепш ведае памежную тэрыторыю і праз памылку не пяройдзе мяжу.

 

Адзінай арганізацыяй, якая добра развіваецца пад прафесійным кіраўніцтвам пана Жураўскага ёсць малачарня і кааператыў “Земляроб”[7]. Вялікую дапамогу на працягу шэрагу гадоў у такія цяжкія часы аказвае людзям Польскі Банк у Докшыцах, арганізатарам і кіраўніком якога ёсць мясцовы ксёндз пробашч Францішак Цыбульскі. З вялікім смуткам даведаліся докшыцкія парафіяне, што цяперашні ксёндз пробашч мае быць пераведзены кудысьці ў іншую парафію. Шкадуюць па ксяндзу пробашчу не толькі мясцовыя парафіяне, але і людзі з суседніх парафій, бо ён добры пастыр і арганізатар.

 

Трэба дадаць, што зараз докшыцкая парафія – малая і бедная, а яе межы вельмі нязручны – з аднаго боку яе датыкаецца польска-савецкая памежная паласа, з другой за пару тысяч крокаў ад плябаніі (у тых самых Докшыцах на мосце над Бярэзінай) пачынаецца Параф’янаўская парафія, адлеглая ад Докшыц на нейкія 12 км[8]. Адзіныя, хто цешыцца з выезду ксяндза пробашча Цыбульскага – гэта арандатары касцельных пляцаў у Докшыцах, бо маюць надзею, што Курыя Мітрапаліта пасля выезду ксяндза прадасць ім гэтыя пляцы[9]. Людзі, аднак, не хочуць верыць у гэтыя байкі, бо гэтыя пляцы ёсць значнай матэрыяльнай падтрымкай малой парафіі.

 

Немалую грамадскую ролю ў Докшыцах адыгрывае стары настаяцель праваслаўнай парафіі Пляшчынскі, які шмат год працуе ў якасці касіра ў Польскім Банку.

Касцёл Святой Тройцы ў Докшыцах, збудаваны ў 1745 годзе.

 

Добра і ўзорна ва ўсіх сэнсах паказвае сябе Паштова-тэлеграфічнае ўпраўленне ў Докшыцах. Пошце пасля доўгіх старанняў удалося нарэшце наняць прыдатныя памяшканне і абсталяванне. Шкада, аднак, што гэтае ўпраўленне не мае электрычнага святла – выглядала б лепш.

 

Хацеў бы таксама сказаць пра выгляд пабеленых дамоў у Докшыцах, але пачакаю пару дзён – можа, высахнуць і зменяць свой выгляд – пакуль што пра гэта не буду. Зрэшта, іх нельга чапаць, бо толькі што памаляваныя![10]

Szach – Matt

Słowo, Nr. 95, 25 красавіка 1930 года.

[1] Мяжа паміж Польшчай і СССР праходзіла за вёскамі Рашкаўка і Камайск.

[2] Заштатным у Расійскай Імперыі называўся горад, які не быў цэнтрам павета. Докшыцкі павет, пасля нядоўгага існавання, быў скасаваны ў 1802 годзе.

[3] Докшыцы атрымалі электрычнасць у 1928 годзе ад генератара, усталяванага Прушынскім у фальварку Блонь. Электрычнасць была дарагая і падавалася з перабоямі.

[4] Уласнага кіно ў Докшыцах не было. Кінаапарат, падобна, прывозіў раз на тыдзень уладальнік аднаго з глыбоцкіх кінатэатраў.

[5] Датацыя на будаўніцтва ў Докшыцах бетонных тратуараў была дадзеная толькі ў 1938 годзе.

[6] У 1928 годзе аркестр Пажарнай Варты ў Докшыцах у поўным складзе перайшоў мяжу, шукаючы “лепшага жыцця” ў СССР.

[7] Малачарня – кааператыў па перапрацоўцы малака – быў трэці па велічыні ў Дзісенскім павеце. Земляробска-гандлёвы кааператыў “Земляроб” займаўся гуртовым набыццём земляробскіх прадуктаў, чым ствараў больш выгадныя ўмовы збыту для мясцовых земляробаў.

[8] Гістарычна склалася, што каталіцкія вернікі з маёнтка Докшыцы і левабярэжнай часткі горада належалі да параф’янаўскай парафіі. Толькі ў 1935 годзе былі далучаныя да Докшыцкай.

[9] Гаворка пра некалькі зямельных пляцаў побач з касцёлам, якія былі арандаваныя і на якіх былі збудаваныя прыватныя будынкі. Адзін з іх – мураваны дом габрэйскай сям’і Крамэраў, збудаваны ў 1895 годзе, стаіць у Докшыцах і цяпер.

[10] Загадам міністра ўнутраных спраў Фэліцыяна Славоя-Складкоўскага былі ўведзеныя нормы добраўпарадкавання паселішчаў, згодна з якім знешнія сцены будынкаў мусілі быць пабеленыя. Гэтая норма, з прычыны таго, што аказаў кепскі ўплыў на эстэтычны выгляд паселішчаў і не прынёс карысці, стала аб’ектам моцнай крытыкі і насмешак.

Пераклад і каментары Кастуся Шыталя


 

One Comment