Дуды глыбоцкага краю

Гэты артыкул увайшоў у першы нумар часопіса “Паазер’е”.

У полі наяўных звестак пра дударскую культуру ў Глыбоцкім краі самымі багатымі безумоўна з’яўляюцца літаратурныя і этнаграфічныя крыніцы. Звесткі пра саміх дудароў і іхныя дуды больш рэдкія, што дадае кожнай новай знаходцы асаблівую вартасць. На сённяшні дзень па розных крыніцах вядома пра трох дудароў звязаных з Глыбоцкім краем, ці шырэй кажучы з Дзісенскім паветам, сярод якіх найбольш вылучаецца дудар з акторскай трупы Ігната Буйніцкага – Адам Шульга. Да нашага часу дайшлі дзве фотакартачкі з выявай Адама Шульгі, інфармацыя пра рэпертуар і склад народнай капэлы, адзін нотны запіс песні. Мала можна сказаць пра канструкцыю ягонай дуды, пра нейкія моманты з жыцця дудара, пакуль няма магчымасці вызначыць час смерці і месца пахавання. Пра іншых дудароў Глыбоцкага краю вядома яшчэ менш. Зусім дрэнна да нядаўняга выглядала становішча з інфармацыяй пра глыбоцкія дуды. Аднак планавая праца ў гэтым напрамку дала свой плён і на сённяшні дзень больш менш вядома пра чатыры дуды звязаныя з Дзісенскім паветам. Гэты тэкст з’яўляецца першай спробай найбольш шырока прадставіць наяўную інфармацыю пра гэтыя інструменты.

Найменш вядома пра дуду на якой граў Пётр Бурэц. На пачатку нашага стагоддзя на Глыбоччыне праходзілі экспедыцыі адмыслоўцаў у пошуку захаваных звестак пра культуру дуды. Такім чынам дудар і даследчык Зміцер Сасноўскі у этнаграфічнай экспедыцыі сустрэў Мікалая Караткевіча, 1932 г.н. (в. Слівіна (хутчэй за ўсё мелася на ўвазе Свіла) Глыбоцкага раёна), які ў дзяцінстве, у перадваенны перыяд, часта прысутнічаў, калі граў дудар Пётр Бурэц.

Пётр Бурэц выкарыстоўваў дуду з вялікім мяшком, таму мог доўга спяваць пад акампанемент свайго інструмента. Гэта была культурная вартасць усёй акругі, таму да таленавітага музыкі паслухаць імправізаваныя канцэрты прыходзілі нават афіцэры польскай стражніцы (заставы), якая знаходзілася непадалёк.” Як выглядала дуда з вялікім мяшком можна толькі здагадвацца. Для ілюстрацыі прыводзіцца рысунак П. Аненскага. Такі тып дуды, пры ўмове што ён адлюстроўвае аўтэнтычны інструмент, хутчэй за ўсё адносіўся да дуды паўднёвага тыпу, але істотна не гэта.

На рысунку адсутнічае соска для надування мяшка і па словах Алеся Сурбы ”Магчыма дудар пры надзмуванні меху трымаў соску зубамі, а пасля таго ён мог заламываць яе пад мышку, каб паветра не выходзіла і спяваць. Калі паветра скончвалася, цыкл паўтараўся зноў”.

У публікацыі Еўдакіма Раманавіча Раманава, беларускага этнографа, фалькларыста і археолага, у 8 выпуску выдання ”Белорусский сборник” (Вільня, 1912 года), знаходзім выяву з дудой з Дзісенскага павета Віленскай губерні, XIX ст.

Дуда прыгожа аздобленая дэкаратыўнымі элементамі з металу, мае вытанчаныя формы, у чым пазнаецца рука спрактыкаванага майстра. Калі прыгледзецца ледзь заўважным рысам ражка бурдона і іншых частак на фотакартачках Адама Шульгі, то можна спекуляваць, што на выяве ў тэксце Еўда

кіма Раманава прадстаўлены той сам інструмент. Гэта даволі імаверна, тым больш што сам Раманаў падкрэсліваў у сваёй публікацыі з 1912 года наступнае: „Достать хороший экземпляр дуды теперь уже нелегко даже и опытному этнографу…”. Калі браць пад увагу час публікацыі, які пакрываецца з актыўнай дзейнасцю трупы Ігната Буйніцкага (1907-1913), геаграфічную лакалізацыю (Празароцкая воласць была часткай Дзісенскага павету), а таксама тое што прадстаўленая дуда вылучаецца сярод іншых дуд таго перыяду сваёй вытанчанасцю то цалкам магчыма што на выяве прадстаўленая дуда Адама Шульгі. З 1907 да 1917 года Раманаў жыў і працаваў у Вільні і ён не мог абмінуць увагай такой падзеі як ”Першая беларуская вечарынка ў Вільні”, на якой 12 лютага адбыўся выступ трупы Буйніцкага. 22 лютага 1910 года адбыўся другі вялікі выступ на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. Была прадстаўленая і беларуская капэла з дударом, пра якую праз год напіша верш Янка Купала. Багатае аздабленне дуды магло мець асаблівае значэнне для дудара, які прадстаўляў дударскую традыцыю на вялікіх сцэнах Вільні, Варшавы і Пецярбурга. Не выключана таксама, што такі нятанны інструмент мог рабіцца па спецыяльнаму заказу і за грошы Ігната Буйніцкага. Такую думку можна лічыць недастаткова абгрунтаванай, але з прычыны малой колькасці звестак канкрэтна ўзятага перыяду, яна мае права на існаванне.

Пра іншую дуду звязаную з Дзісенскім паветам вядома з паштоўкі ”Беларускі дудар”. Здымак дудара быў зроблены фатографам і краязнаўцам Міхаілам Кусцінскім. Картачка была выкананая да 1905 года, то бок да смерці фотамайстра. Паштоўка захоўваецца ў Нацыянальнай Бібліятэцы Польшчы і датуецца музеем 1905-1920 гадамі. Глыбоцкі краязнаўца і аўтар кніжкі ”Глыбокае на старых паштоўках” (1998), Уладзімір Скрабатун, вызначыў, што паштоўка была выдадзеная ў Пецярбургу, у беларускім выдавецтве ”Загляне сонца і ў наша ваконца”. Выдавецтва існавала з 1906 па 1914, таму даціроўка Уладзіміра Скрабатуна больш дакладная за бібліятэчную. Аналіз стаў магчымы дзякуючы перапісцы з Нацыянальнай Бібліятэкай Польшчы і дзякуючы атрыманню адваротнага боку паштоўкі.

Рэпліка дуды з паштоўкі ”Беларускі дудар”. Майстар Сяргей Чубрык. 2018 г.

Да Другога міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў ”Дударскі рэй” была зробленая рэпліка дуды з паштоўкі. Інструмент на ўзор адлюстраванай дуды зрабіў майстар і дудар Сяргей Чубрык. Захаваўшы асноўныя рысы і формы са старой выявы, Сяргей гарманічна ўвёў таксама ўласныя, аздобныя элементы. На замежных дударскіх фэстах адмыслоўцы і дудары беспамылкова заўважаюць падабенства рэплікі дуды з арыгінальнай выявай.

Найбольш інфармацыі пра канструкцыю дуды і пра яе гучанне аднак можна атрымаць выключна тады калі інструмент захаваўся. Сярод пералічаных дуд да нашага часу ўдалося дайсці толькі адной з іх. Гэта адзіны выпадак калі можна весці гаворку пра рэканструцыю, а не рэпліку інструмента. Якраз у гэты час вядзецца праца па вырабу дакладнай копіі глыбоцкай дуды, з вёскі Верацеі (колішняя Празароцкая воласць, Дзісенскага павету, Віленскай Губерні), што ў палове дарогі паміж Паловіцай і Лужкамі, з арэала з якога паходзяць таксама іншыя звесткі пра бытаванне дуды на Глыбоччыне (глядзіце карту „Дударская Глыбоччына”). Дуда гэтая захоўваецца ў Нацыянальным Музеі Літвы ў Вільні і датуецца музеем 1849 годам, а гэта азначае, што яна старэйшая за лепельскую (1877), якая дагэтуль лічылася найстарэйшай, ажно на 28 гадоў! Тут трэба заўважыць што вызначэнне дакладнай даты стварэння дуды з’яўляецца справай даволі праблемнай і вымагае асобнага тлумачэння.

Глыбоцкая дуда з Верацеяў, датаваная 1849 годам.

Пра лепельскую дуду можна прачытаць у часопісе ”Дудар”. Зміцер Сасноўскі піша наступнае: ”Найстарэйшая захаваная беларуская дуда захоўваецца ў Лепельскім краязнаўчым музеі. Гэта прыклад аднабурдоннай беларускай дуды, уласцівай паўночнабеларускаму дударскаму рэгіёну. Апошняе месца выкарыстання гэтай дуды – в. Верабкі Лепельскага раёна.

 

Лепельская дуда з Верабкоў, датуецца 1877 годам.

Інструмент быў набыты ў 1877 г. у мясцовых плытагонаў. Апошні ўладар – Іван Міснік, які быў нашчадным дударом, таму ўвесь ягоны род – і дзяды, і сыны мелі мянушку ”Дуда”. Інструмент быў здадзены ў Лепельскі музей пасля смерці Івана Місніка ў 1968 г. Паводле інфармацыі Уладзіміра Місніка (унука дудара Івана Місніка) дзед граў на вяселлях і хрэсьбінах. Пішчыкі былі выраблены з чароту і захаваліся дагэтуль у працоўным стане”. На прыкладзе лепельскай дуды бачна, што вызначыць колькі дакладна гадоў інструменту немагчыма, адзінае што можа занатаваць музей пры паступленні экспаната гэта тое хто быў апошнім вядомым уласнікам і калі набыў сабе гэты інтрумент. Радавод гэтай дуды сягае да 1877 года, калі інструмент быў куплены ад плытагонаў Днепра-Дзвінскага каналу, а гэта дарэчы азначае, што дуда зусім не мусіла быць вырабленая на Лепельшчыне. Улічваючы спецыфіку плытагонства – хутэй за ўсё інструмент зусім іншага паходжання…

Глыбоцкая ж дуда была вядомая дударскаму асяроддзю і раней. Дудар і майстар Тодар Кашкурэвіч піша пра яе наступнае: „Некаторыя з сучасных дудароў маюць жаданне выкарыстоўваць эгзатычны кшталт мяшка – поўсцю навонкі, надаючы інструменту нібыта старажытны выгляд! На жаль ці на шчасце, але мы маем толькі адзін факт існавання такога інструмента, які таксама знаходзіцца ў Віленскім гістарычным музеі. Пры гэтым мяшок тут зроблены з барсука”. У гэтым каментары бачна непрыхаваную прадузятасць да канкрэтнага інструмента, не гледзячы на тое, што самім жа аўтарам, у іншых тэкстах адзначаецца наяўнасць іншых прыкладаў інструментаў зробленых у такой традыцыі. Мяхі поўсцю навонкі з’яўляюцца стандартнымі для шмат якіх іншых еўрапейскіх традыцый (Славакія, Польшча, Чэхія і інш.). Іншай прычынай нелюбові да гэтай дуды можа быць факт, што інструмент захоўваецца ў Вільні, а таму не зусім упісваецца ў наратыў пра ”літоўскую” дуду, якой асноўным апалагетам і з’яўляецца якраз Тодар Кашкурэвіч. Тым больш, што савецкія і літоўскія даследчыкі пісалі пра дуду з такім футрам як пра ”Лабанорскую” (Labanora duda, ад мястэчка Лабанора ў Свянцянскім раёне) і магчыма што звесткі пра гэты канкрэтны экспанат, зноў жа, не зусім знаходзілі месца ў такой перавернутай карціне свету.

Глыбоцкая дуда на паштовай марцы ”Літоўскія народныя інструменты”

Аналагічная марка ”Беларускія народныя інструменты”

Гістарычную падмену заўважае даследчык беларускай музычнай культуры Зміцер Сасноўскі: „З-за таго што Дзісеншчына ў пачатку XX ст. Уваходзіла ў склад Віленскай губерні, а Віленскі край пазней трапіў у склад Літоўскай рэспублікі, савецкія даследчыкі пачалі адносіць дуды гэтага раёна да традыцыі літоўскага народа. На прыклад, дуду з былога Дзісенскага павета Віленскай губерні ”Атлас музыкальных инструментов народов СССР” адносіць да Літоўскай ССР. Аналагічны лёс напаткаў і іншыя інструменты, якія зараз захоўваюцца ў літоўскіх музеях.” (181 ст.). Як яшчэ можна патлумачыць тое, што ў наш час такі стары інструмент захоўваецца ў запасным фондзе, а не экспануецца наведвальнікам? Вось такое немастацкае жаданне штучнай стандардызацыі ў наш час і нейкія прыватныя інтарэсы ў дударскім руху ў Беларусі і прывялі хутчэй за ўсё да таго, што лепельская дуда паўсюль фігуруе ў якасці найстарэйшай, а глыбоцкая дуда замацаваная як ”лабанорская”, што пярэчыць здароваму сэнсу.

У ”Вялікай Савецкай энцыклапедыі” пад тэрмінам ”Лабанора дуда” ізноў бачым глыбоцкую дуду.

Афіцыйны і засведчаны радавод глыбоцкай дуды сягае 1849 года, такой датай пазначанае стварэнне інструмента. Дуда была вырабленая 80 гадоў да паступлення ў этнаграфічны музей Універсітэту Стэфана Баторыя ў Вільні, у 1929. Глыбоцкая дуда паступіла ў музей на 39 гадоў раней за лепельскую, а ейны радавод больш старажытны на 29 гадоў. Зазначу, што гаворка вядзецца пра тое што засведчана ў дакументах і ў музейнай інфармацыі датычна гэтых двух канкрэтных інструментаў. Можна спекуляваць што лепельская дуда была вырабленая яшчэ раней за глыбоцкую, але даказаць гэтага на сённяшні дзень немагчыма, хіба што шляхам дарагіх лабараторных даследванняў дрэва, або скуры дуды. Калі ўлічваць акадэмічны падыход, то галоўным і адзіным параметрам тут з’яўляецца музейнае датаванне. Калі чыста візуальна, то няўзброеным вокам бачна што глыбоцкая дуда нашмат старэй. Некаторыя часткі дуды, як сапель, парахнеюць ужо праз некалькі гадоў актыўнага ўжывання. Калі б лепельская дуда была старэй за глыбоцкую і выкарыстоўвалася плытагонамі ў вільготных умовах, то даўно ўжо спарахнела б пад уплывам вільгаці, не кажучы ўжо пра расходнікі тыпу сапель дуды. А ў рэчаіснасці інструмент выдатна і цэласна захаваўся. Наогул у розных музеях захавалася каля 20 беларускіх дуд і многія з іх застаюцца без дакладнай даціроўкі. Можна меркаваць, што адным інструментам пашанцавала больш, другім менш. Аднак ёсць інструменты дакладна датаваныя і на сённяшні дзень, найстарэйшай прыходзіцца лічыць менавіта глыбоцкую (верацейскую) дуду.

Перабор і ражок Глыбоцкай дуды

Адметнасць нашай дуды на фоне іншых іструментаў у тым, што мех для яе пашыты са скуры барсука, што робіць яе ўнікальным у кантэксце агульнабеларускай дударскай традыцыі. Што цікава, хоць барсук сустракаецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі, то месца ягонага пашырэння, амаль дакладна супадае з картай пашырэння дуды. Дуда добра захавалася. Не хапае толькі пішчыка жалейкі (унутранага элемента дзе нараджаецца гук дуды). Інструмент знаходзіцца ў запасным фондзе Нацыянальнага музея Літвы, а дакладней у яго этнаграфічнай частцы. Да вайны Вільня была важным культурным цэнтрам Беларусі, таму і не дзіва што там захавалася некалькі важных для беларускай музычный спадчыны інструментаў. Як ужо згадвалася раней, глыбоцкая дуда нажаль не выстаўляецца ў сталай экспазіцыі і захоўваецца ў спецыяльным сховішчы, разам з некалькімі іншымі беларускімі дудамі. Вымярэнне дуды і якасныя выявы былі зробленыя аўтарам гэтага тэксту ў лістападзе 2018 году, з мэтай вырабу дакладнай копіі дуды, над якой у гэты час паралельна працуюць некалькі майстроў-дудароў. Адзін з гэтых майстроў глыбачанін Дзмітры Дзёмін, які дарэчы з’яўляецца таксама родным унукам паэта Алеся Дубровіча, бюст якому ўстаноўлены ў Алеі славутых землякоў. Дзмітры Дзёмін, удзельнік двух папярэдніх фэстаў Дударскі Рэй, абяцаў прэзентаваць копію верацейскай дуды ў фонд Глыбоцкага гісторыка-краязнаўчага музея. Сімвалічна што адноўлены на падставе музейнага экспаната інструмент будзе выкананы менавіта рукамі нашага земляка.

Інструмент выглядае можа не так выкшталцона як іншыя з захаваных. Гэта якраз і можа быць прычынай, чаму абазнаныя людзі быццам наўмысна адсунулі інфармацыю пра яе на задворкі дударскага дыскурсу. Ну а мы, як глыбачане, ужо цяпер забавязаныя вярнуць памяць пра найстарэйшую беларускую дуду, бо побач з іншымі звесткамі і артэфактамі, наш край пацвярджае свой статус як найбольш дударскі рэгіён Беларусі.

Віталь Воранаў