Дунілавічы Вілейскі павет

Фота з сайта westki.info

14 снежня 1919 года Дунілавічы былі сведкам незвычайна вялікага з’езду. Каля 15 000 навакольных жыхароў з’ехалася на даўно чаканы момант асвячэння дамініканскага касцёла ў Дунілавічах. З 1866 года ён быў зменены на праваслаўную царкву, а 10 снежня ізноў перайшоў у распараджэнне каталіцкага духавенства. Каталіцкае насельніцтва яшчэ перад вайной рабіла намаганні ў расійскага ўраду па вяртанню касцёла, а затым у немцаў, як таксама і ў бальшавікоў. Самы цяжкі перыяд перажылі каталікі ў бальшавіцкія часы, калі старанні аб вяртанні касцёла закончыліся сапраўднай паразай. Бальшавіцкая “чрезвычайка” прызнаўшы касцёл за каталіцкі спецыяльным пратаколам, замест таго каб яго вярнуць, загадала арыштаваць усіх 12 членаў касцельнага камітэту, а затым зрабіла прысуд, у сілу якога ўсе павінны быць расстралянымі.
Гераічныя члены цудам ацалелі, аднак лічылі за лепшае загінуць, чым здрадзіць справе даверанага сабе касцёла. 10 снежня 1919 года нарэшце польскі ўрад рэабілітаваў невінаватага і пасля 53 гадоў вярнуў касцёл сапраўдным гаспадарам, абапіраючыся на важныя гістарычныя дакументы. Радасць была нечуваная. Незнаёмыя людзі сціскалі сабе рукі, цалаваліся і быў чуваць плач радасці. На асвячэнні касцёла прысутнічалі 12 ксяндзоў, ледзьве дзесятая частка насельніцтва магло змесціцца ў касцёле. На працягу трох дзён быў зменены вонкавы і ўнутраны выгляд і ўяўная царква зрабілася старым дамініканскім касцёлам. Праваслаўнае насельніцтва зусім спакойна прыняло распараджэнне ўрада, бо ніхто тут не сумняецца ў каталіцкае паходжанне касцёла. Зараз здаецца самай жаданай рэччу было б, каб айцы дамініканы ізноў ахапілі сваю старую святыню, будучы так добра ўзгадваемыя насельніцтвам. Пасля праведзенай урачыстасці асвячэння касцёла, сабранае на рынку насельніцтва вырашыла накіраваць Кіраўніку Дзяржавы адозву з падзякай, адначасова жадаючы далучэння да Польшчы.
Мясцовае насельніцтва ў Дунілавічах ахвотна прымае ўдзел у грамадскім жыцці і стварае ў сябе інстытуцыі, як “Польская Маці Школьная”, якая арганізавала ў сваім раёне звыш 40 усеагульных школ. усе школы атрымалі кніжкі, дровы з дзяржаўных лясоў, а настаўнікі заробак. Школ беларускіх у раёне Дунілавіч няма, таму што насельніцтва жадае толькі польскія школы.
Існуе ў Дунілавічах Кола моладзі на чале са сваім энергічным кіраўніком панам А. Рамбальскім. Кола налічвае звыш 80 членаў, якія падзяліліся на тры секцыі: харавую, тэатральную і аркестравую.
У час свят Божага Нараджэння адбыўся шэраг прадстаўленняў польскай батлейкі.
15 снежня арганізавалася тут яшчэ Земляробчае Кола, кіраўніком якога з’яўляецца пан Б. Брыкнер, а 19 снежня прыступілі да рэарганізацыі існуючага кааператыва ў Земляробча-Гандлёвае Таварыства, беручы за пункт выхаду, што таварыства павінна распараджацца не менш як 100 000 марак, каб разгарнуць карысную дзейнасць.
Шчасці Божа карыснай працы! Трэба пажадаць, каб мясцовае насельніцтва далей так праводзіла пачатую справу, як яе хвалебна пачалі.

Б. Маслоўскі

Пераклад – Міхал Гіль