Дзіцячыя забавы. Успаміны Язэпа Квача

Нельга ніякім чынам параўнаць дзяцінства наша з цяперашнім. Я не маю на ўвазе матэрыяльны дастатак. Цяпер жывём мы значна лепш. Непараўнальнае жыццё цяперашняга пакалення ў параўнанні з нашым у дзіцячых гульнях і забавах. Помню, яшчэ малым, як толькі сыходзіў снег, малявалі на сухім месцы класікі, кідалі камянёк і скікалі да “Неба”. Вечарамі аж да цямна забегваліся, гуляючы то ў “Пікара”, то ў “Замарозку”. Шмат ў якіх месцах гулялі ў дзіцячы футбол па спрошчаных правілах. Безумоўна, весела было гуляць у “Хаванкі”. Памятаю нашы лічылкі. “Кацілася торба з высокага горба, у тэй торбе хлеб, соль, пшаніца. З кім ты будзеш дзяліцца (жаніцца).” Або такая: “Карыля-барыля замуж ляцела, траўку рвала, на лаўку клала. Чыжык, буш, бушмак, барада.”

Падрастаючы, гулялі з ножыкам у “Рэпку”. Большым дзецям можна было выпрасіцца ў бацькоў і схадзіць “у вёску” (на цэнтр калгаснай сядзібы) — там ужо футбол быў больш грунтоўны. А як станавілася ўжо зусім цёпла, то гулялі часцей у валейбол. У конскай зыгарадцы была пляцоўка з укапанымі слупамі і сеткай для гульні. Мяч часцей за ўсё “стараліся” (дабывалі) недзе ў школе. “Бесперастанку” (увесь час) ганялі на веласіпедах.

Нам пашанцавала з рэчкай. Гэта рака Маргва. Яна цячэ са Стураўскага балота праз Дзеркаўшчыну, Альховікі, паўз Квачы (дзесь за кіламетр), праз Канстанцінава, Верхняе, Мосар. Далей упадае ў Бярозаўку, якая далей нясе яе воды ў Дзісенку, Заходнюю Дзвіну і ў Балтыйскае мора. А пашанцавала вось ў якім сэнсе. Сама прырода стварыла выдатныя месцы для купання. Мы называлі іх Купальня і Цюшка. Былі яны памерамі дзесьці з хату. Купальня была глыбінёй каля метра, а Цюшка крыху глыбейшая. У першай забаўляліся самыя малыя, а ў другой старэйшыя. Часам збіралася чалавек да трыццаці, напэўна. Бацькі з намі не мелі часу хадзіць, і мы былі пад апекай старэйшых. Ад іх жа вучыліся і плаваць, і ныраць, і ныраць з берага. Боўталіся часам да пасінення, вылазілі на бераг, калаціліся. Калі былі дзяўчаты, то мы тады беглі за кусты выкручаваць трусы, каб хутчэй абсохнуць. У дзяўчат былі свае кусты. Адзін раз я на гэтым даў маху. Залазіў у ваду — дзяўчат не было. Выскачыў на бераг і давай выкручвацца, хлопцы зарагаталі, а тут ужо на беразе сядзелі дзяўчаты. Я як даў лататы ў свае кусты. А пасля вярнуўся, як ні ў чым не бывала, не зганьбаваны. Дзякаваць Богу, ніхто тут, на рэчцы, не ўтапіўся і не скалечыўся, ныраючы з берага.

А што ўжо да таго, каб кідацца чым-небудзь, то гэта мы не пераставалі рабіць. Зімой — гэта была гульня ў снежкі. Біліся мы імі ў школе, ідучы са школы, рабілі крэпасці і кідаліся снежкамі праз іх. Летам ў ход ішлі камяні, грузвалі, гліна. Помню, я быў на сваім баку асфальта, каля хлява, а Мішка Чэсікаў на другім, каля Вінцуські. І так пуляем адзін па адным гуляючы, а бывала, і па злосці “б’ёмся”. Тут лавіць варон было некалі, а трэба было пільна глядзець, каб не прапусціць “гол”. Прапускалі рэдка.

Даўней выкошваліся ўсе няўдобіцы, у тым ліку і лужыны. Восенню яны напаўняліся вадой. Затым удараў мароз, і нам было раздолле проста пакоўзацца або пагуляць ў хакей. Дзяцей тады было многа, і ў вёсцы гулялі ў некалькі месцах. Я гуляў або на Юлісевай лужыне, або на Чэсікавай. Канькоў у нас не было. На ўсю вёску былі толькі ў Рысіка Бародзічавага і ў Данака Вацюковага. І калі яны з’яўляліся на полі, то маглі супернічаць бадай што не з цэлай камандай. А мы ў звычайным абутку былі непаваротлівыя, асабліва ў керзачах. Пакуль набярэш ход, а тады не можаш спыніцца. Шайбы таксама былі не заўсёды. Часам іх замяняў адпілаваны круглячок ад нейкага палена, запятак, або проста грудка зямлі. Хакей быў да тых пор, пакуль не выпадала шмат снегу. Тады пачыналіся лыжы і санкі. Мне мама, калі я быў у першым класе, купіла новыя лыжы без чаравікаў, але мы зрабілі крапленне з гумак на звычайны абутак. Лыжы былі з слаба загнутымі насамі, але досыць трывалыя. Гадоў з пяць я на іх адкатаўся. Як толькі прыйдзеш са школы, паеў — і на лыжы. Каталіся то са Сташковай гары, то з асфальта. Рабілі скачкі, аб’язджалі на спусках лыжныя кійкі. Часам ездзілі аж на вялікую гару. У нас гэта была Шыбільніца. Там быў круты і доўгі спуск, але да яе было далекавата, недзе каля двух кіламетраў. Адзін раз прыехалі, а там нехта пабудаваў высокі, пэўна каля метра, трамплін. Другія неяк пабойваліся скакаць. А я рызыкнуў, і тут мая лыжына, якая мне верна служыла год пяць, не вытрымала і зламалася напалам. Яшчэ на лыжах мы ездзілі па Слясаршчыне ганяць зайцаў, цецерукоў. Тады яны былі не такія рэдкія, як зараз, і іх часта можна было бачыць на бярозах або падняць з глыбокага снегу. А курапатак! Катаючыся каля вёскі, можна было падняць статкі тры, а то і больш.

Асабліва ўспамінаецца калаўрот! Яго зрабіў у выхадныя нам бацька на Юлісевай лужыне. Прынёс з кузні ад Фульгента Яхімавага вось і кола. Вось на ноч умарозілі ў палонцы. Наверх на вось надзявалася кола, і да яго мацавалася доўгая жардзіна. На жардзіну перадком надзяваліся санкі і прывязваліся. Круцілі калаўрот двума каламі. Калі тым, хто круціць, было вельмі слізка, то падсыпалі пяску. Хуткасць на санках была тым большая, чым даўжэйшая жардзіна, і чым больш людзей круціць. Пры добрай раскладцы ўтрымацца не было шанцаў, і пасля двух-трох кругоў наезнік адлятаў далёка ў кусты. Эх, вясёлая была забава!

Я расказаў пра свае дзіцячыя забавы. У другіх, можа, было штосьці іншае, але моцна не адрознівалася, бо мы варыліся ў адной стыхіі на прасторах родных Квачоў. Та кая загартоўка ў гульнях, у працы далі тое, што мы добра бегалі, былі лоўкімі, хто больш, а хто менш, умелі плаваць, добра кідалі мяч, што не скажаш пра сучасных дзяцей, якія нішчаць свой час за камп’ютарамі ды мабільнікамі.

Язэп Квач