Дзяржаўная Сельскагаспадарчая Школа ў Лучаі

Аляксандр Длутка “Сельскагаспадарчы Тыднёвік” (Tygodnik Rolniczy) №37 – 38, 1926 год.

Маёнтак Лучай ляжыць пры гасцінцу, які праходзіць з Пастаў у Дунілавічы. Да самай бліжэйшай чыгуначнай станцыі Варапаева – 9 км бакавой дарогі. Лучай з часоў Сярэдняй Літвы перайшоў ва ўласнасць дзяржавы як маёнтак пакінуты ўласнікам – белым расійскім генералам. На месцы ёсць касцёл, царква стараабрадцаў, адміністрацыя гміны і пошта. Пад сельскагаспадарчую школу, згодна рашэння сейму, павінна быць выдзелена 30 га ўжытковай зямлі, бо размяшчэнне садоў, парку і часткі лугоў такое, што павінны ўсе разам ўвайсці ў склад школьнай зямлі, каб была магчымай арганізацыя рацыянальнай сельскай гаспадаркі, школьны аб’ект складае 67,2 га агульнай прасторы, з чаго пад сядзібай 0,27 га, агароды з гароднінай займаюць 19,02 га, парк 11,33 га, ворная зямля 16 га і лугі 20,58 га. Будынкі знаходзяцца ў цэнтры ў дрэнным стане і не адпавядаюць патрэбам школы, апрача старога палацу, які хаця знішчаны вайной, але пасля адпаведнай пераробкі цалкам добра будзе служыць для гэтай мэты.

Для канчатковай арганізацыі школы прыступіў Аддзел Сельскагаспадарчай Асветы Міністэрства Земляробства і D.P. з моманту прызначэння на пасаду і прыезду на месца кіраўніка школы 23 лістапада 1925 года.

Цэнтр надалей заставаўся ў валоданні арандатара да 1 красавіка 1926 года і толькі частка палацу да гэтага тэрміна была перададзена пад школу. Нягледзячы на гэта кіраўнік рашыўся адкрыць школу 15 лютага 1926 года, папярэдне правёўшы грунтоўны рамонт атрыманага памяшкання. Пасля красавіка адбыўся рамонт рэшты палацу. Гаспадарчыя будынкі будуць пераробленыя і адрамантаваныя ў наступным годзе. Таксама першых вучняў смела можна назваць супольнымі будаўнікамі школы, таму што ўсё пачыналі ад “а” і мелі магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй і выкананнем шматлікіх справаў, якія наступныя вучні знойдуць ужо гатовымі.

Сельскагаспадарчая школа ў Лучаі ў асноўным абапіраецца на праграму Міністэрства для мужчынскіх земляробчых школ з 11-цімесячным курсам. Аднак ад часу распрацоўкі гэтай праграмы, народнае земляробчае школьніцтва дзякуючы свайму стыхійнаму развіццю шалёна прасунулася наперад, з другога боку іншыя мясцовыя ўмовы, чым тыя, на падставе якіх распрацавана праграма, змусілі кіраўніка ўвесці пэўныя змены.

Курс навучання ў школе працягваецца год, прычым навучанне падзяляецца на дзве часткі: тэарэтычную і практычную. Школьны год падзелены на тры перыяды. Першы досыць кароткі, з’яўляецца перыядам прывучання вучняў да сістэматычнага жыцця ў школе і падрыхтоўкі да напружанай разумовай працы, якая іх чакае. Другі перыяд, самы доўгі – гэта перыяд самых важных работ у гаспадарцы. Адпаведнае дастасаванне лекцый падказвае вучням у сувязі з выконваемымі справамі, цэлы шэраг тэмаў, якія яны жыва абмяркоўваюць. Нарэшце трэці перыяд – гэта перыяд самай інтэнсіўнай разумовай працы. Практычныя заняткі маюць на мэце азнаёміць вучняў з прымяненнем тэорыі ў практыцы і прызвычаіць іх выконваць неабходныя справы, а часта сялянскай грамадой, якая лічыла іх за непатрэбныя. На гэтых занятках вучні працуюць падзяліўшыся на групы: земляробчую, жывёлаводчую, агародніцкую і ў майстэрні, у якой знаёмяцца з вырабам розных прадметаў хатняга ўжытку і прыладаў працы неабходных у гаспадарцы.

Нягледзячы на скарачэнне часткі майстэрняў у сельскагаспадарчых школах іншых рэгіёнаў Польшчы, гэта майстэрня ў Лучаі засталася з погляду на значэнне, якое яна мае на нашай тэрыторыі. Цяпер мы ўпэўненыя, што не адзін выхаванец школы на працягу зімовых вечароў зробіць сабе недарагія і добрыя прадметы хатняга ўжытку і патрэбныя гаспадарчыя прылады. Прагрэс у гэтай справе, нягледзячы на малую колькасць працоўных гадзін, якія на гэта прыпадаюць, настолькі добры, што некалькі самых здольных вучняў будуюць розныя мадэлі ў маштабе і нармальнай велічыні на маючую адбыцца сельскагападарчую выставу ў Паставах.

У кожнай групе ёсць дзяжурны, які абавязаны арыентавацца ў паўнаце працы дадзенага сектара, каб мог скласці справаздачу. Школьная гаспадарка мае камплект земляробчага інвентара, машын для ачысткі збожжа і школьнай маслабойні.

Жывы інвентар складаецца з 6 коней, 6 кароў і 4-х авечак – як уласнасць школы, а таксама кныра і двух белых вялікіх свінаматак англійскай пароды. Сельская гаспадарка ідзе ў кірунку павелічэння вырошчвання прапашных культур і ільну, як важнага экспартнага прадукта, жывёлагадоўчы ж сектар абапіраецца на мясцовых пародах, як матэрыяльна зыходных.

Працоўны дзень у сучасны перыяд наступны:

5.00 – устае група жывёлаводаў і дзяжурны гаспадар.

5.30 – устаюць астатнія вучні.

6.00 – 7.00 – першая лекцыя.

7.00 – 7.45 – сняданне (чарговая група прыбірае школу).

7.45 – 8.30 – другая лекцыя.

8.45 – 9.30 – трэцяя лекцыя.

9.30 – 10.15 – заняткі па вайсковай падрыхтоўцы, якія праводзяцца спецыяльна прысланым вайсковым інструктарам.

10.15 – 11.00 – чацвёртая лекцыя.

11.15 – 12.00 – пятая лекцыя.

12.00 – 13.30 – абед –група жывёлагадоўлі.

13.30 – 17.45 – практычныя заняткі.

18.00 – падвячорак.

18.30 – 19.30 – адпрацоўка лекцый.

19.30 – 20.00 – вячэра.

20.00 – 21.00 – справаздача, агульнае чытанне, рэпетыцыя аматарскага тэатру.

21.00 – агульная малітва.

21.30 – гашэнне святла.

Прадметы, якія выкладаюцца ў школе:

Польская мова – 120 гадзін.

Рахункі, аблічэнне памераў – 168 гадзін.

Навука пра Польшчу (з геаграфіяй і гісторыяй) – 84 гадзіны.

Прыродазнаўства (фізіка і хімія) – 140 гадзін.

Земляробства – 280 гадзін.

Жывёлаводства – 260 гадзін.

Ветэрынарыя – 40 гадзін.

Агародніцтва і пчалярства – 158 гадзін.

Арганізацыя вясковых гаспадарак і асновы грамадскай працы на вёсцы – 160 гадзін.

Будаўніцтва – 20 гадзін.

Ахова здароўя – 20 гадзін.

У вышэйзгаданых лекцыях цудоўна дапамагаюць навуковыя дапаможнікі ў выглядзе табліц, фізічнага кабінета з інструментамі, хімічнага з прэпаратамі і бібліятэкі, якая складаецца з 800 тамоў.

Школьнае навучанне дапаўняецца экскурсіямі. У бягучым годзе вучні наведалі за кошт школы доследную станцыю Бенеконі, дзе ўсвядомілі сабе значнасць, веліч і задачы чыста навуковай працы, а затым маёнтак Трыбаньцы пана Ю. Бароўскага, у якім на свае вочы пераканаліся, як выдатна можна дасягнуць вынікаў праз умелае ўжыванне ў практыцы тэарэтычных ведаў.

У бягучым годзе школа мае 15 выхаванцаў ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў, пераважна сыноў дробных земляробаў. Аплата з Пастаўскага, Дзісненскага і Вілейскага паветаў за інтэрнат складае 6 пудоў жыта. Вучні штомесяц выбіраюць паміж сабой прадуктовага дзяжурнага і яго намесніка, якія вядуць кладоўку і бухгалтэрыю, каб бачылі, як выдаваныя грошы прызначаныя на іх утрыманне. Харчаванне вучняў цалкам дастатковае, што пацвярджае не толькі добры выгляд, але і вага, якая штомесяц фіксуецца. З вучнямі пастаянна харчуецца дзяжурны настаўнік, каб мець надзор і даць прыклад як трэба весці сябе пры стале.

Паколькі галоўнай задачай школы з’яўляецца падрыхтоўка да працы ў сельскай гаспадарцы, а каб вучні і школа не трацілі кантакту з вёскай, персанал школы прымае чынны ўдзел ў працах мясцовага Земляробчага Гуртка, старшынёй якога з’яўляецца кіраўнік школы. Пасяджэнні адбываюцца раз на месяц у школьным будынку, у якіх прымаюць удзел таксама і вучні. Са школай супрацоўнічаюць Дзісненскі і Пастаўскі сеймікі, якія прысылаюць сваіх стыпендыянтаў, размяшчаюць племянны скот, пункт ачысткі зерня і арганізуюць супольныя палявыя доследы.

Вучні ў школе адчуваюць сябе цудоўна, у вольныя хвіліны ад заняткаў і самастойнай працы над сабой, прысвячаюць гульням і арганізацыі аматарскіх прадстаўленняў. Настаўніцкі персанал складаецца з трох асобаў: кіраўніка школы пана інжынера Даніэля Іміелі, настаўніка агародніцтва пана Юзафа Святальскага і інструктара сталярных работ пана Аляксандра Длутка.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля