Гаспадарчы дзядзінец кляштара з вінакурняй

На дзядзінцу 1 пад адным дахам знаходзіліся памяшканьне эканома, сталярня і валавы млын. Сам будынак быў цагляны, атынкаваны і пабелены, дзьверы дубовыя на завесах з унутраным замком на ключ, дах быў пакрыты гонтам і дахоўкай. Адразу па ўваходзе быў калідор. На права ад уваходу знаходзілася сталярня, якая мела два вялікія вакны, са шклом і жалезнымі кратамі, якія адчыняліся па палове, шведская печ з чыгуннымі юшкамі і бляшанымі дзьверкамі, падлога цагляная, сьцены атынкаваныя і пабеленыя.

У сталярні знаходзіліся 3 станкі, два старыя (адзін з пасам і адзін з шуфлядай) і адзін новы з пасам. Акрамя таго 3 пілы розных памераў, піла Grat, 7 сьвярлоў, 15 далатоў, 29 гэбляў розных тыпаў, 2 расьпільнікі, дыямэнт для пілаваньня шкла, 3 корбы, 5 сякер, стружак, склют, паўсклютак, шлятвір, зыгель.
За сталярняй знаходзілася памяшканьне эканома, якое складалася з двух пакояў, такіх самых, як і сталярня, з розьніцай у тым, што шведская печ была аздоблена шэрай кафляй. За ім знаходзіўся валавы млын з адным колам і камянём, да якога ўваход быў ад дзядзінца. Падлога была драўляная. Да млына было дабудаванае невялічкае памяшканьне з цаглянай печчу бяз юшак, падлога была гліняная бітая, у памяшканьні былі зробленыя вокны ў млын і на мястэчка.

Каля млыну знаходзіўся лямус (альбо клець) – двухпавярховы драўляны будынак з гаспадарчымі памяшканьнямі, двума ганкамі, адзін над адным,і ўнізе дзьве залі і ўверсе дзьве, таксама і пад дахам дзьве залі, з зашклёнымі ветрынікамі, для складаваньня капчонасьцяў (вяндліны) і іншых харчовых прадуктаў. Такім чынам лямус меў 2 ганкі, 2 бакоўкі, 6 заляў, 24 сусекі, падлога драўляная, 8 акутых дзьвярэй пад ключ. У лямусе знаходзіліся розныя шалі, кадушкі, зэдлікі, 215 мяхоў з сукна, 4 бочкі з сялёдкай, 4 панарады, 4 сахі, 6 баронаў, 6 грабляў, 5 тачак, 7 сякер і шмат іншых рэчаў.

Да лямусу была дабудаваная мураваная дрывотня разам з кузьняй на два горны з комінам, дах пакрыты дахоўкай. Да кузьні дабудавана было памяшканьне з цаглянай падлогай, шведскай печчу, ашклёнымі вокнамі. У кузьні былі два кавальскія мяхі, 2 кавадлы, 18 розных малатоў, 15 напільнікаў, 2 станкі, тачыдла і яшчэ каля 30 штук розных інструмэнтаў.

Каля лямусу былі пабудаваныя мураваныя вінакурня на два горны з комінам і на два катлы, ў якой было розных цэбраў і бочак 134, а таксама металічныя пробкі (ад слова «проба», прабіркі) і мернік алкаголю, саладоўня (месца, дзе варылі солад) з дзвюма фізічнымі печамі і бакоўкай, дзе расьцілі солад з печчу шведскай, хлеў на 13 катухоў, з ясьлямі і драбінамі, з драўлянай падлогай, муштарняй (памяшканьне, дзе трымалі рэчы, якія выкарыстоўваліся ў хляве), складам і памяшканьнем для фурманаў з цаглянай шэрай печчу, хлеў для гною зь ясьлямі і драбінамі і без падлогі, над гэтымі двума хлявамі былі зробленыя 2 склады для сена і саломы, вазоўня (месца, дзе трымалі вазы) 21 розных хамутоў: паштовых (9 штук), ворных, дышлёвых, дышлёвых рускіх, адзіночных з гужамі, вупражных, вупражных рускіх, 2 пазы, 11 аброцяў, 6 нашыльнікаў, 6 лейцаў, 3 рынгонты, 2 сядлы, 6 гун, 6 дуг, зграбло і шчотка, 2 падсядзёлкі, зялёнае сукно, 4 пяньковыя лейцы; брык 3, карафашак 4, 1 падвеска на рысорах, 4 кары на калёсы, 12 колаў, 2 палазы, 7 саняў, 1 кара на палазы, лазьня з калідорам, на канцы якога быў склад з сенямі, над лазьняй два аднаасабовыя памяшканьні з сенямі, з цаглянай печчу. Усе будынкі былі пакрытыя дахоўкай, а некаторыя часткі – гонтам і саломай. Усе вокны былі з жалезнымі кратамі.

Паблізу знаходзілася драўляная студня, крытая, з драўлянай помпай. Да гэтых мураваных будынкаў былі дабудаваныя стайня і хлеў для сьвіней.

PS.

1 Дзядзінец: 1) цэнтральная ўмацаваная частка раньнесярэднявечнага гроду або гораду, якая служыць сядзібай князю ці яго намесьніку, выконвае ваенныя, і адміністратыўнапалітычныя функцыі. 2) агароджаны пляц, двор пры якой – небудзь вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і інш.).

 

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №5(617) 2 лютага 2012 года