Гісторыі паходжання некаторых лынтупскіх мянушак

У Юравінах была зямля твайго дзеда, Ягора Гарбуля,–апавядальнік звяртаецца да аўтара.

А называлі так, бо твайго дзеда абзывалі “Юрачкай”. Вось, і ўсё ўрочышча так назвалі, Юравінамі. Чаму дзеда твайго абзывалі Юрачкай? – Ды таму, што ён быў такі маленькі, прыгожанькі, як Юрачка. А мянушка гэта ў вашым Гарбулёўскім родзе яшчэ даўнейшая.

Казалі, што дзед твайго дзеда, Мацеем яго звалі, як быў падлеткам, быў няпісанай прыгажосьці, нібыта Святы Юр’я, сышоўшы з Нябёсаў. Гэта, выходзіць, твой прапрадзед?! З-за гэтай яго прыгажосьці моладзь на ўсіх вясновых святах толькі яго бесспрэчна выбірала Юр’ем. Вось і прыліпла да яго мянушка Юрка на ўсё жыццё. Пазней і сыноў яго, Марціна, Аўгустына, і прадзеда твайго, Усціна, так абзывалі. А з унукаў чамусьці гэта мянушка прыліпла толькі да твайго дзеда Ягора. Можа, ён на свайго дзеда, Мацея, быў вельмі падобны ці што яшчэ? Не ведаю.

Пра гэтага твайго прапрадзеда Мацея старыя калісьці шмат чаго цікавага казалі. –Вельмі паважаны ў людзей быў чалавек! З царом за нашу волю біўся, за гэта на катарзе ў Сібіры пакутаваў. Ды й катарга яго не зламала! – вярнуўся годным чалавекам! – на дух не пераносіў тых, хто перад “маскалямі” спіну гнуў.

Казалі, што адразу, калі ён вярнуўся з катаргі, за Цагельняй, у канцы Прыдаткаў, паставіў вялікі дубовы крыж па ўсіх паўстанцах, што не вярнуліся дахаты.

Вось з той пары і месца тое людзі пачалі называць “Ля Дубовага Крыжа”. Шмат гадоў той крыж прастаяў ў тым месцы, бо “маскалі” так і не даведаліся, з-за чаго і па кім гэты крыж стаіць. Гадоў яму, падобна, намнога больш за сотню будзе. Здаецца, што толькі недзе пад канец шасцідзясятых паваліўся гэты крыж ад старасці. Што ж зробіш?!. Так ёсць. Нічога вечным не бывае…

Гісторыі некаторых лынтупскіх мянушак

Раней не толькі аднаго твайго дзеда абзывалі. Ва ўсіх лынтупскіх мянушкі былі. Вось, можа, помніш, у 60-тых быў такі Алік Якубовіч, вельмі добра на скрыпцы граў! Ніводнае вяселле ці якая гулянка без яго не абыходзіліся! Таму да яго і прыліпла мянушка “Скрыпка”. Як скажаш Алік Якубовіч, дык рэдка хто такога і ведае, а як скажаш Скрыпка – дык усе ведаюць! (Тут апавядальнік трохі не ўлічыў узрост аўтара запісаў. Я гэтага Якубовіча–Скрыпку не мог ведаць толькі па адной простай акалічнасьці: у час славы гэтага майстра-музыкі мне было вельмі мала гадоў).

Як гэтага Якубовіча Скрыпкай абзывалі з-за таго, што добра граў на скрыпцы. Так і ўсіх Шапеляў абзывалі Гайды.Казалі, з-за таго, што іх продак на гайдзе калісьці граў. Гайда, – гэта такая дуда з мяхамі, падобнымі на кавальскія, толькі меншымі.

Гэтыя Шапелі калісьці былі вельмі багатыя, многа зямлі ворнай у Лынтупах мелі.

Раней у самым мястэчку ў людзей ворнай зямлі мала было, толькі на гароды. Ва ўсіх зямля была болей па вёсках, як і ў Бушэўскага. Бушэўскі ў Лынтупах, мусі толькі з две – тры валокі меў, не болей. А ворная зямля ў Лынтупах была толькі ў двух радоў. Паловай зямлі валодалі твае продкі Гарбулі, а другая палова была ва ўласнасці тых Гайдоў (Шапеляў). Пра гэтых Гайдоў старыя казалі, што іхні продак з’явіўся ў Лынтупах яшчэ пры Гільзену. Гэта такі багаты барон нямецкі меў калісьці Лынтупы ва ўласнасці. Гэты Гільзен, казалі, вельмі любіў музыку і нярэдка для сваіх гасцей тут, у мястэчку, ладзіў вялікія балі ды канцэрты. Для гэтага ён трымаў у сябе аркестр, у які назбіраў выдатных музыкаў з ўсёй Еўропы.

Вось і продка гэтых Шапеляў ён аднекуль прывабіў у свой аркестар. Ці не з Францыі, бо нярэдка Шапеляў яшчэ абзывалі дэ Шапель, калі моцна нос задзіралі. Усе яны з гэтага роду былі, напэўна, з нараджэння, “цо то я”, – вельмі фанабэрыстыя, – ставілі сябе заўсёды вышэй іншых, хаця тут, у Лынтупах, толькі адна шляхта жыла. Можа, яшчэ якога паходжання яны былі вышэйшага за простую шляхту? Я аб гэтых Шапелях добра ведаю, бо сваяками нам прыходзяцца.

Вось гэты іхны продак, казалі, вельмі добра граў на гайдзе і быў у вялікай пашане ў Гільзена ды яго гасцей. Таму за сваю ігру заўсёды атрымліваў вельмі каштоўныя падарункі. Так і разбагацеў. А за тую дуду – гайду людзі яго і абазвалі Гайда. Гэта мянушка назаўсёды прыліпла да ўсяго ягонага роду. Толькі цяпер іх перасталі так абзываць, а пры Польшчы і раней Шапеляў мала хто ведаў. Для ўсіх яны Гайды былі!

А ігнацішскіх Шымкавічаў і цяпер “карасямі” абзываюць. Старыя казалі, што ў даўнія часы, яшчэ да цара, вельмі багаты род іхні быў. За дваццаць валокаў зямлі мелі! Адна валока больш за дваццаць гектараў цяперашніх будзе, вось і палічы, колькі зямлі ў тых Шымкавічаў было!

Праўда, ворнай зямлі ў іх было небагата. Усё болей балоты ды ручаёвыя нізіны. Але гэтыя кемлівыя Шымкавічы і ад гэтай неўрадлівай зямлі добры прыбытак мелі.У сваіх балотах і нізінах панакапалі яны сажалак, стаўкоў невялікіх ды рыбу разводзілі ў іх на продаж. Казалі, што ўсе Лынтупы і Свянцяны тады ў іх рыбу куплялі. Яны і ў Вільню рыбу сваю вазамі вазілі. Там у іх тры свае лаўкі для гэтага былі. Яшчэ, апроч рыбы, яны шмат скаціны трымалі. Род іхні вялікі быў. Гэта, як прыдйзе пара сенакосу, дык яны, як мурашы, усім сваім родам незлічоным высыпалі на свае нізіны ды балоты. Касілі, скошанае выносілі на сухое месца. Ды амаль усю працу рабілі па калена ў вадзе! Вось людзі як нагледзіліся імі, як яны ў вадзе боўтаюцца, нібыта карасі, так іх і абазвалі “карасямі”. Так гэта мянушка і прыліпла да іхняга роду назаўсёды. Праўда, з тых даўнейшых часоў з іхняга вялікага роду мала хто і застаўся. Старыя казалі, што ў час паўстання Касцюшкі, не то самі яны паўстанцамі былі, ці то паўстанцаў у сябе хавалі, рознае казалі, цяпер ужо ніхто праўду не ведае. Толькі адно людзі ведаюць, што неяк тады на іх казацкі атрад наляцеў і ўсіх пасеклі. Казалі, што казакі не пашкадавалі ні жанчын, ні малых дзяцей. Толькі два малыя хлопчыкі з іхняга роду паспелі ўцячы і схавацца неяк у дрыгве. Там людзі іх і знайшлі апасля. Вось толькі з-за гэтых двух хлопчыкаў і ацалеў у нас іхні род.

Алесь Гарбуль