Гісторыя стараверскіх абшчынаў, уваходзячых у склад Шаркаўшчынскага раёна

Кублішчанская стараверская Свята-Троіцкая абшчына

Дакладных звестак аб часе заснавання не знойдзена. Дзейнічаючая царква святой Тройцы была збудаваная ў 1905 г. Але стараверы мелі свой храм і раней. Праўда, цяжка вызначыць, калі ён быў збудаваны. У архівах удалося толькі адшукаць звесткі аб яго існаванні. А менавіта: “Пажарам, быўшым у 1882 г. у в. Кублішчына датла была знішчана наша Свята-Троіцкая малельня, а паколькі блізка ад названай стараверскай малельні іншых не маецца, то мы вымушаныя на свае ўласныя сродкі збудаваць замест згарэлай новую ў названай вёсцы, бо за яе адсутнасцю ў нас узнікаюць цяжкасці ў адпраўленні духоўных патрэбаў і хросце дзяцей“. Быў створаны праект новай царквы. Але ў яе пабудове было адмоўлена, бо знешне яна нагадвала праваслаўны храм (!): была са званіцай і купалам. Толькі 14 студзеня 1900 г. прыхажане атрымалі дазвол на пабудову новага храма, але па выпраўленаму праекту, г.зн. каб звонку ён нагадваў выгляд “сялянскай хаты“.

Пасля 1905 г. (быў прыняты закон аб свабодзе веравызнанняў) былі дабудаваныя званіца і купал, і царква набыла той выгляд, які мае зараз.

У часе польскага панавання ў абшчыну ўваходзіла 22 вёскі і 21 засценак. У Кублішчыне была двухкласная школа, у якой навучалася 110 дзяцей старавераў. Божы Закон для іх выкладаў старшыня абшчыны Міхаіл Ягоравіч Салаўёў.

У 1928 г. у прыходзе налічвалася 2262 прыхажаніны, якія сябе ўсе, без выключэння, лічылі сябе рускімі. Парафія аб’ядноўвала наступныя вёскуі і засценкі: Конахі, Пестуны, Падгайцы, Юнцы, Лаўкі, Селішча, Дворнае Сяло, Марозькі, Крышталі, Смолеўцы, Падзешалеўцы, Мілейкі, Дзяверкі, Забор’е, Струбкі, Мацеўкі, Бабоўшчына, Мінкаўшчына, Глыбка, Мазолева, Промыслі, Чырвонае, Енішкі, Кубелеўшчына, Більдзюгі, Дзяхцяры, Матвееўцы, Кучняры, Грыбаўшчына, Ваўчкі, Канашоўка, Астаноўка, Жалезаўшчына, Мінорына, Чарнічкі, Падапалеўцы і інш.

Барсучынская стараверская Свята-Пакроўская абшчына

Афіцыйна была заснаваная ў 1906 годзе, а перарэгістраваная ў 1926 г.

Царква была збудавана 15 кастрычніка 1894 г., а ў 1912 г. перабудаваная.

У 1926 г. у абшчыну ўваходзіла 972 прыхажаніна, на тэрыторыі якой знаходзілася дзве школы, у якіх для стараверскіх дзяцей Божы Закон выкладаў духоўны настаўнік Фёдар Савельевіч Войтаў. У школаў Барадзенічах навучалася 43 вучні, а ў Старым Пагосце – 24.

У абшчыну ўваходзілі наступныя вёскі: Барсучына, Пішчурына, Ляндэра, Запруддзе, Зарэчча, Стары Борт, Барадзенічы, Галяшоўка, Захвашчоўка, Гнілое Балота, Нізіна, Галуба, Агароды, Вялікае Сяло, Атокі, Іванава, Бяляны і Пукі.

Вясной 1939 г. распачалася пабудова новай каменнай царквы. Але трагічныя падзеі 1939 г.: далучэнене гэтай тэрыторыі да Савецкага Саюза і пачатак Другой сусветнай вайны, – не далі магчымасці скончыць пабудову царквы да канца. У пасляваенныя гады недабудаваная царква мясцовым насельніцтвам была расцяганая па цаглінках. Так вось і скончылася гістрыя Барсучынскай стараверскай абшчыны, якая да нашых дзён не захавалася.

Буеўская стараверская Свята-Успенская абшчына

Афіцыйна абшчына была зарэгістравана 7 снежня 1912 г., аб чым захаваліся дакументы, дзе ў прашэнні ад 19 верасня 1911 г. было напісана наступнае:

“На аснове вышэйшага загада ад 17 кастрычніка 1906 г. маем гонар пакорнейша прасіць Губернскае праўленне дазволіць нам заснаваць стараверскую абшчыну для мэт, азначаных у другім артыкуле, прыкладзеным для адзначанага загада. Пры гэтым зазначаем:

1) усе прыхажане належаць да федасееўскай згоды;

2) дзейнасць абшчыны плануецца распаўсюджваць у Дзісенскім павеце Перабродзкай воласці на: вёскі Буеўшчына, Дзедушкі, Самуйлы, Петкуны; засценкі – Ігнатоўшчына, Дзерванішкі, Канчынава, Рэнгялішкі, Камарышкі, Падліпкі, Чырвоная Гара, Калеснікі, Завацкаўшчына; хутары пры маёнтку Іказнь і фальварку Пасюцішкі. У Ёдзкай воласці гэтага ж павету на: вёскі – Белабокі, Цяцеркі, Шаўляны, Змітры, Вары, Астаноўку; засценкі – Казлоўку, Ліпаўшчыну; маёнтак Ісакаўцы. У Новаалександраўскім павеце Ковенскай губерні Браслаўскай воласці на: вёскі – Укальск, Запруддзе, Лапяны; засценкі – Запруддзе і Падбярэжжа;

3) належачы абшчыне малітоўны Свята-Успенскі храм знаходзіцца ў вёсцы Буеўшчына Перабродзкай воласці Дзісенскага павету“.

Пад заявай падпісалася 140 чалавек.

Драўляны храм, які быў 15 ліпеня 1875 г., на той час прыйшоў у крайняе занядбанне. Прыхажане з гэтай заявай аб рэгістрацыі, прасілі дазволіць ім адрамантаваць святыню.

У 1926 г. у прыходзе налічвалася 1446 вернікаў, у які ўваходзілі наступныя вёскі: Буеўшчына, Дзедушкі, Самуйлы, Петкуны, Ігнатоўшчына, Дзярванішкі, Канчынава, Падліпкі, Сасноўка, Запалеўшчына, Табакераўшчына, Пасюцішкі, Калеснікі, Завацкаўшчына, Клімкі, Камарыкі, Лявонкавічы, Іказнь, Гаўрылава, Белабокі, Змітры, Вары, Цяцеркі, Шаўляны, Падгайцы, Рэнгелішкі, Бернаты, Калоўка, Ліпаўка, Мазуліна, Снорыкі, Атрадныя, Ісакаўцы, Вісяты, Зарэчныя, Ксенжполь, Запруддзе І, Запруддзе ІІ, Запруддзе ІІІ, Укальск, Падбража, Лапені.

Германавіцкая стараверская Свята-Успенская абшчына

Афіцыйна была створаная ў 1926 г., выдзеліўшыся з кублішчынскай і Барсучынскай і на той момант налічвала 411 прыхажан і была зарэгістраванай 19 лютага 1927 г. На пачатку ў склад новаўтворанай абшчыны уваходзілі населеныя пункты:

мястэчка Германавічы – 118 прыхажан;

Прамяны – 69 прыхажан;

Вялікае сяло – 81 прыхажан;

Каралева – 43 прыхажан;

Маргі – 38 прыхажан;

Тулава – 35 прыхажан;

Марыямполле – 15 прыхажан;

Іванава – 12 прыхажан;

Пабудова царквы распачалася 28 чэрвеня 1926 г., у гэтым жа годзе і скончана. Храм захаваўся да нашых дзён, з’яўляецца помнікам народнай архітэктуры. Ён прадстаўляе сабой прамавугольны зруб пад двухсхільным дахам. Над галоўным фасадам, вылучаным ганкам, узвышаецца вежа-званіца, якую завяршае фігурная галоўка. Алтарная частка ўвянчана цыбулепадобным купалам на гранёным барабане.

У час асвячэння новага храма 6 снежня 1926 г. адбыўся невялі інцындэнт, які сведчыць аб тым, што заняпад стараверскай царквы назіраўся ўжо ў той час. “2 снежня бягучага года ў часе святкавання Святога Міколы Цудатворцы ў мястэчку Германавічы адбывалася набажэнства і бласлаўленне новага прыхода і асвячэнне малітоўнага дома настаўнікам Канавлавым Парфенціем Лявонціевічам і двумя пяўцамі Ядэшам Паўлавічам Міхайлавым і Восіпам Грыгор’евічам Грыгор’евым. Паміж ранішняй і гадзінамі у гонар свята і асвячэння новага прыхода прыхажане аддзячылі пяўцоў і ўзнагародзілі гарэлкай, чым абсаромілі ўсё наша стараверства. Бо на першае набажэнства прыйшло шмат інаверцаў і ўсе здзіўляліся, што служба не была скончанай, а пяўцы і частка прыхажанаў былі без пачуцця п’янымі. І другі раз, у нядзелю Святых Праайцоў паўтарылася тое самае“.

У 1927 г. абшчына значна пашыралася і аб’ядноўвала ўжо 968 прыхажанаў. У яе склад уваходзілі наступныя населеныя пункты: Германавічы, Тулава, Марыямполле, Іванава, Прамяны, Маргі, Каралева, Вялікае Сяло, Бяляны, Кушляны.

У 1930 г. прэзідэнт Польшчы Ігнат Масальскі, наведваючы мястэчка Германавічы, сустрэўся і з прадстаўнікамі стараверскай абшчыны.

На тэрыторыі Германавіцкай стараверскай абшчыны нарадзіўся адзін з найбольш слынных дзеячаў стараверства Піманаў Арсені Маісевіч.

Піманаў Арсені Маісеевіч

Нарадзіўся ў в. Белы Двор 2 сакавіка 1863 г., памёр 7 студзеня 1938 г. у Вільні, вядомы рэлігійны і грамадзкі дзеяч Усходняй стараверскай царквы ў Польшчы, буйны прадпрымальнік, палітык, дабрачынца. Нарадзіўся ў стараверскай сям’і Маісея Цімафеевіча і Аляксандры Іванаўны Пісанавых. Доўгі час жыў у Расеі, дзе зрабіў сабе вялікі капітал і актыўна дапамагаў стараверам грашовымі сродкамі.

У 1906 г. – удзельнік з’езда старавераў Паўночна-Заходняга краю ў Вільні. З 1907 па 1915 г.г – намеснік старшыні савета Віленскай абшчыны. У 1918-1939 г.г. – многагадовы старшыня савета Віленскай абшчыны. Як старшыня, узяў на сябе ўсе ініцыятывы па сазыву 1-га Усяпольскага з’езду старавераў. У 1925-39 г.г. старшыня Вэшэйшага Вярхоўнага савета Старавераў у Польшчы. Удзельнічаў ва ўсіх Усяпольскіх з’ездах старавераў, дзе выбіраўся іх старшынёй, а таксама старшынёй вышэйшага савета Старавераў Польшчы. Ён узяў на сябе ўсе растраты па правядзенню 1-га з’езда старавераў Польшчы. Акрамя таго, выдзяляў са сваіх зберажэнняў вялікія сродкі на рамонт і пабудову стараверскіх храмаў, дабрадзейнасць, выдавецкую дзейнасць. Падтрымліваў кантакты са шматлікімі буйнымі рэлігійнымі, навуковымі, палітычнымі дзеячамі, у тым ліку і з прэзідэнтам Польшчы Ігнатам Масціцкім.

У 1930-39 г.г – сенатар Польшчы, быў абраны у лістападзе 1930 г. па дзяржаўнаму беспартыйнаму блоку супрацоўніцтва з урадам. Ён быў першым сенетарам-страраверам. Актыўна абараняў інтарэсы стараверскага насельніцтва ў Польшчы.

Пахаваны на Віленскім стараверскім могільніку.

 

Ракаўская стараверская Свята-Успенская абшчына

Абшчына была створана 27 лістапада 1911 г., афіцыйна зацверджана 14 ліпеня 1926 г. Царква у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы распачата будавацца у 1911 г., а скончана ў 1927 г., будавалася на грашовыя сродкі прыхажанаў. У пачатку 1970-ых г.г. згарэла і ў 1976 г. адбудавана стараннямі Савелія Фёдаравіча Грыгор’ева. У 1928 г. у прыходзе было 427 прыхажанаў.

У абшчыну ўваходзілі наступныя населеныя пункты: маёнтак Ракаўцы, мястэчкі Старая і Новая Шаркаўшчына, вёскі Змітраўшчына, Маркі, Маскалюкі, Шкялі, Ліпнягі, Бубавое І, Дубавое ІІ, Кулагі, Пукі і Курычонкі.

На тэрыторыі абшчыны знаходзілася дзве польскія школы, у якіх навучаліся і дзеці старавераў; Божы Закон для іх не выкладаўся. У школе ў в. Савіцкія навучалася 15 дзяцей са стараверскіх сем’яў, а ў Шкялях – 12.

На адным з паседжанняў абшчыны ў 1933 г. было вырашана стварыць пры прыходзе рускую бібліятэку, якая будзе складацца з царкоўнаславянскіх кніг. Планавалася таксама стварыць кружок для навучання дзяцей царкоўнаславянскай грамаце і солевым спевам. На жаль, сёння цяжка вызначыць, ці былі рэалізаваныя гэтыя пачынанні.

Варонкаўская стараверская Свята-Успенская абшчына

Была заснаваная 30 снежня 1914 г., зарэгістраваная 15 чэрвеня 1926 г. У 1926 г. яна налічвала каля 700 прыхажанаў, а ў 1928 г. іх было 768.

PENTAX Image

Царква у гонар Беззаганага Зачацця Багародзіцы пачала будавацца 15 жніўня 1914 г. Яна захавалася да нашых дзён, аб’яўлена помнікам народнай архітэктуры. Храм уяўляе сабой прамавугольны зруб пад двухсхільным дахам пад шатровай вежай над галоўным фасадам. Над алтарнай часткай устаноўлена васьмігранная вежа з цыбулепадобнай галоўкай.

Пасляслоўе

Як бачым, існуючы каля трохсот год на тэрыторыі нашага рэгіёна, стараверы пакінулі і свой след у яго гісторыі. Першыя перасяленцы былі “піліпонамі“, г.зн. безпапоўцамі піліпаўскай згоды. На сёняшні дзень яшчэ працягваюць заставацца безпапоўцамі федасеўскай згоды, але ўсё больш і больш прымаючы ў сябе рысы паморскай стараверскай царквы. Гэта адлюстроўваецца і на іх быце, і на светаўспрыманні, і на творах вуснай народнай творчасці. Напрыклад, сёння яны асвячаюць свой шлюб у царкве, як гэта ёсць у паморцаў. Хаця яшчэ ў 20-30 г.г. ХХ стагоддзя такое ўявіць было немагчыма.

Росквіт стараверскага жыцця ў дадзеным рэгіёне прыпадае на момант далучэння гэтых земляў да Польшчы. Пасля ж іх уваходу ў Савецкі Саюз, адбудзецца заняпад не толькі стараверскага, але і ўсяго рэлігійнага жыцця. На сёняшні дзён многія канфесіі вяртаюць страчаныя пазіцыі, на жаль, стараверам гэтае зрабіць не атрымліваецца. І ў апошні час мы назіраем заняпад стараверскай царквы не толькі ў нашым рэгіёне, але і ў іншых рэгіёнах, дзе яны пражываюць. Заўважна зменшылася колькасць саміх старавераў, зніклі вёскі, дзе яны жылі, іх дзеці пераехалі ў гарады і адарваліся ад традыцыйнага і рэлігійнага жыцця. Ды й само светаўспрыманне моладзі стала матэрыялістычным, што таксама значна ўплывае на змяншэнне колькасці прыхаджанаў.

Алесь Адамковіч (Вільня)