Глыбоцкае Брацтва Маці Божай Шкаплернай

У мястэчку Глыбокім акрамя брацтва сьв. Язэпа, пра якое ўжо была мова ў папярэднім нумары, існавала таксама яшчэ адно шкаплернае брацтва – Брацтва Маці Божай Шкаплернай. Гэтае брацтва было закладзена 17 лістапада 1753 г. са згоды віленскага біскупа Юрыя Тышкевіча. Сваёй структурай гэтае брацтва было падобнае да Брацтва сьв. Язэпа. Мела свой статут і кіраўніцтва, а таксама манаха-прамотара, які быў адказны за духоўныя справы членаў брацтва. Дарэчы айцец Нарцыз Валыньскі, кармэліт босы з Глыбокага, які быў прамотарам Брацтва сьв. Язэпа, быў таксама і прамотарам брацтва Маці Божай Шкаплернай, члены якога таксама прынялі актыўны ўдзел у паўстаньні 1831 г. у Глыбокім.

Варта прыгадаць, што членамі брацтва не былі духоўныя асобы, так як брацтва было супольнасьцю сьвецкіх людзей, якія мелі жонак, мужоў, дзяцей. Гэта былі звычайныя вернікі, для якіх свая вера была не абыякавай, а ў якой бачылі сэнс свайго жыцьця. Уступалі ў брацтва з розных прычын. Перш за ўсё, дзеля адпушчэньня кары чысьцілішча (адпуст зьвязаны з брацтвам), уступалі таксама дзеля таго, каб пасьля сьмерці члена брацва, іншыя члены былі абавязаныя за яго маліцца і таксама закупіць імшу. Па-трэцяе, ў тыя часы брацтва было адзінай формай удзелу звычайных вернікаў у рэлігійным жыцьці Касьцёла ў больш глыбокай форме, гэта значыць, што звычайны бацька ці матка, якія маюць сваю сям’ю і свае абавязкі, маглі пасьвяціцца служэньню Богу па прыкладу манахаў, толькі на меншым ўзроўні. І на прыканцы, брацтва было першай і адзінай грамадскай арганізацыяй, якая спрыяла кансалідацыі жыхароў мястэчка, спрыяла стварэньню цесных паміжлюдзкіх сувязяў, так як брацтва збірала ў сабе больш – менш падобных людзей, якія маюць падобныя мэты дый ідэалы. Члены брацтва дапамагалі адзін аднаму, маліліся адзін за аднаго. Аднак трэба памятаць, што асноўнай прычынай уступленьня ў брацтва былі адпусты. Варта зазначыць, што ўсё жыцьцё людзей XVII – XVIII стст. было накіраванае на жыцьцё вечнае, таму ўсё, што рабілася ў тыя часы, усё рабілася толькі з адной думкай – ратаваньне сваёй душы – толькі гэта было мэтай кожнага чалавека ў тыя часы.

Герб глыбоцкага Брацтва Маці Божай Шкаплернай. Срэбра, ракако, Глыбокае XVIII ст.

Вяртаючыся да самаго Брацтва Маці Божай Шкаплернай, варта падкрэсьліць, што было яно найбольш уласным брацтвам Кармэлітаў, найбольш тыповым, так як нябеснай апякункай Кармэлітаў зьяўляецца менавіта Маці Божая Шкаплерная, урачыстасьць якой сьвяткуецца 16 ліпеня. У Глыбокім у XVIII ст. гэта было найвялікшае сьвята, так як гэта было сьвята Кармэлітаў, а акрамя того, у Глыбокім знаходзіўся цудадзейны вобраз Маці Божай Шкаплернай, названы глыбачанамі Падхорнай, так як знаходзіўся ў капліцы пад хорам у касьцёле Кармэлітаў. У гэты дзень ў Глыбокае прыходзіла шмат пілігрымаў-паломнікаў. Менавіта гэты алтар, у якім знаходзіўся цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай, належаў Брацтву Маці Божай Шкаплернай.

І менавіта члены гэтага брацтва апекаваліся гэтым алтаром, прымалі імшальныя інтэнцыі і ахвяры, прыймалі і апекаваліся паломнікамі, якія прыходзілі памаліцца перад цудадзейным абразом ня толькі ў сьвята 16 ліпеня, але таксама на працягу ўсяго года. Зараз для арганізаваньня й прыманьня паломнікаў ствараюць розныя арганізацыі, просяць ахову, ваенных аб дапамозе, а ў Глыбокім ужо ў XVIII ст. усё было прадумана і запланавана – створанае адмысловае брацтва, якое ахоплівала вельмі веруючых і адданых людзей, якія бачылі сэнс свайго зямнога жыцьця менавіта ў паслузе іншым, у апецы над алтаром цудадзейнага абраза Маці Божай Падхорнай, апецы над паломнікамі, дапамозе манахам, апецы над хворымі ў шпіталі пры кляштары Кармэлітаў і г.д.

Варта зазначыць, што гэтае брацтва не было жменькай набожных людзей. Не, гэта была добраарганізаваная супольнасьць веруючых, якія мелі свайго прэфекта, намесьніка, сем дарадчыкаў, двух арбітараў, скарбніка, сакратара, закрысціяна, пракуратара алтара, харужага, ялмужнікаў, маршалкаў, інфэрмераў. Ужо судзячы толькі па абавязках, можна сьмела сказаць, што брацтва лічыла найменей каля 30 чалавек. Варта памятаць, што ў Глыбокім былі тры такія брацтвы: сьв. Язэпа, сьв. Барбары і Маці Божай Шкаплернай.

Акрамя ўсяго вышэй пералічанага, члены Брацтва Маці Божай Шкаплернай, таксама як і члены Брацтва сьв. Язэпа ў Глыбокім, павінныя былі кожную нядзелю, пасля першай імшы (а 08.00 з выстаўленьнем Найсьвяцейшага Сакрамэнту з суплікацыяй) сьпяваць Каронку да Маці Божай Шкаплернай – жанчыны і мужчыны наперамен, а таксама а 15.00 сьпявалі нядзельныя нешпары (вячэрня), а пасьля іх, у капліцы Маці Божай Падхорнай, члены брацтва сьпявалі Каронку “Kto chce Pannie Maryi służyć”.

А ў вялікія сьвяты члены брацтва разам з манахамі прымалі ўдзел у працэсіях перад суммай (апошняя недзельная імша, якая адпраўлялася а 11.30) і нешпарамі.

Брацтва Маці Божай Шкаплернай у Глыбокім спыніла сваё існваньне ў 1864 г., калі быў зачынены кляштар Кармэлітаў.

На жаль, сёньня ў Глыбокім вельмі цяжка сустрэць такога тыпу арганізацыі, а ўжо тым больш такога тыпу людзей, якія прысьвячалі ўсё сваё жыцьцё бескарысьліваму служэньню Богу й людзям. Шкада, але гэтыя людзі – члены брацтваў – былі нашымі продкамі. Сёньня шукаем розных ідэалаў, а браць прыклад з нашых разумных і богабойных прашчураў ня хочам.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №9(621) 1 сакавіка 2012 года