Глыбоцкая Бібліятэка

Мястэчка Глыбокае крые ў сабе шмат цікавых скарбаў. Гэтымі скарбамі перш за ўсё з’яўляюцца выбітныя людзі, якія тут жылі, працавалі і пахаваныя, помнікі архітэктуры – маўклівыя сьведкі розных падзей, таксама і праўдзівыя скарбы – золата, срэбра і гд. Аднак скарбам былі і ёсьць таксама й кнігі. У сваёй гісторыі наша мястэчка мела вялікую колькасьць такіх скарбаў, якімі ёсьць кнігі.

Папа Інакенцій ХІІ, які за подпісам кардынала Албануса, выдаў буллу ад 18 лістапада 1697 г., што зьяўляецца адным з першых дакумэнтаў аб паўстаньні глыбоцкай бібліятэкі.

Узьнікненьне ў Глыбокім бібліятэкі было непадзельна зьвязана зь дзейнасьцю манахаў Кармэлітаў, якія зьявіліся ў мястэчку ў І-й пал. XVII ст. Ужо менавіта тады паступова пачала ўзьнікаць пры кляштары бібліятэка – духоўны і навуковы скарб мястэчка. Адным з першых дакумэнтаў аб паўстаньні глыбоцкай бібліятэкі была папская булла ад 18 лістапада 1697 г. папы Інакенція ХІІ, якая дазваляла на закладаньне пры кляштары Кармэлітаў бібліятэкі, з апісаньнем, якія кнігі там маглі б знаходзіцца, хто павінен быў трымаць ключ ад бібліятэкі і гд. Такім чынам, за канкрэтную дату ўзьнікньненьня глыбоцкай бібліятэкі можна сьмела лічыць 18 лістапада 1697 г. Аднак гэта ня значыць, што бібліятэка (у сэнсе кнігазбору) не ўзьнікла раней.

Вяртаючыся да самой бібліятэкі, варта прыгадаць, што ў тыя часы бібліятэкамі называлі таксама адну шафу ці скрыню з кнігамі, бо кнігі былі вельмі дарагія, таму той, хто меў ужо некалькі кніг, лічыў, што мае бібліятэку. Аднак глыбоцкая бібліятэка была вялізарнай бібліятэкай. Уяўляла сабой вялікую залю з кніжнымі шафамі і скрынямі. Дзеля бібліятэкі былі зробленыя адмысловыя навугольныя драўляныя шафы з кратамі і паліцамі, умураваныя на палову ў сьцяну. Такіх шаф было 11, акрамя таго 3 вялікія, акутыя скрыні, з унутранымі шуфлядамі, якія замыкаліся на вісячыя замкі. У гэтых скрынях трымалі найбольш каштоўныя кнігі.

Варта прыгадаць, што ў тыя часы кнігі былі сапраўднымі скарбамі, адна кніга магла каштаваць прыкладна 3-5 кароў, а некаторыя і яшчэ даражэй. З узьнікненьнем друку кошты кніг зьнізіліся, але мець кнігі мог сабе дазволіць толькі вельмі багаты чалавек.

Менавіта таму, трэба было вельмі клапаціцца, каб гэтыя скарбы ніхто не ўкраў, а асабліва ў часе войнаў. Дзеля гэтага бібліятэка замыкалася на замок, ключ ад якога меў толькі манах-бібліятэкар, нават прыёр ня меў дублікату. Чытаць кнігі можна было толькі ў бібліятэцы і толькі пад наглядам манаха-бібліятэкара. Найбольш дарагія кнігі дый пэргаміны трымалі ў скрынях, акутых жалезам, якія зачыняліся на замок, ключ ад якога меў толькі манах-бібліятэкар.

Манах у бібліятэцы.

Быць бібліятэкарам у Глыбокім – гэта была вялікая адказнасьць, таму толькі вельмі прыгатаваныя манахі, якія дасканала валодалі лацінскай мовай, а акрамя таго скончылі ўнівэрсытэт, маглі быць бібліятэкарамі. Апроч таго, бібліятэкар павінен быў сачыць ня толькі за тым, каб ня кралі кнігі, але каб яны ня плесьнілі, бо ў залі, якая ня мела абаграваньня, было вільготна, асабліва ўвосень і ўвесну, таксама каб пацукі не пацуравалі гэтыя кнігі, бо шмат зь іх мела скураныя вокладкі. Бібліятэкар павінен быў сачыць і за тым, каб у драўляных шафах не завяліся караеды і гд. Адказнасьць была вялізарная.

Такой гісторыяй можа ганарыцца кожны эўрапэйскі горад, але ня кожная бібліятэка можа пачынаць сваю гісторыю ад папскай буллы.

Свінцовая пячатка (булла) з імя папы Інакенція IV (аверс) і выявы Пятра й Паўла (рэверс).

Варта таксама прысьвяціць некалькі слоў кніжнаму запасу глыбоцкай бібліятэкі. Перадусім большаць кніг была на лацінскай мове, якія былі прывезеныя з Заходняй Эўропы (у асноўным з Італіі і Германіі). Трэба памятаць,

што ў тыя часы (XVII-XІХстст.) навука адбывалася на лацінскай мове, якая была тады міжнароднай мовай, але таксама і мовай навукі, так як сёньня англійская. Варта памятаць, што бібліятэка была пры кляштары, таму большаць кніг, якія ў ёй знаходзіліся, былі заадрасаваныя да манахаў, і былі яны на рэлігійную тэматыку, але ня ўсе. Варта памятаць, што глыбоцкія манахі клапаціліся пра рознабаковую адукацыю, таму мелі кнігі на розную тэматыку.

У глыбоцкай бібліятэцы кнігі былі падзеленыя згодна з тэматыкай – так званы тэматычны падзел.

Сьвятое Пісаньне – 25 кніг,
Сьвятыя Айцы – 73 кнігі,
Камэнтарыі да Сьвятога Пісаньня – 115 кніг,
Кананічнае Права – 71 кніга,
Мараль – 176 кніг,
Школьныя падручнікі – 129 кніг,
Кнігі для казаньняў – 223 кнігі,
Гістарычныя кнігі – 113 кніг,
Духоўныя кнігі – 375 кніг,
Палеміка – 65 кніг,
Палітыка – 113 кніг,
Паэзія – 52 кнігі,
Кнігі, напісаныя Кармэлітамі – 438 кніг,
Мэдыцына – 29 кніг,
Выбраныя кнігі– 198 кніг,
Volumina Legum – 30 кніг,
Розныя – 290 кніг,
Зборнікі – 181 кніга,
Італьянская літаратура – 27 кніг.

Усяго разам у бібліятэцы пры глыбоцкім кляштары было 2621 кніга. Як на тыя часы гэта была вялізарная бібліятэка, нялічучы іншых маленькіх бібліятэчак у Глыбокім пры навіцыяце, пры парафіяльнай школцы, пры канвікце, пры аптэцы і закрыстыі. Глыбоцкаму кнігазбору маглі пазайздросьціць нават унівэрсытэты.

Акрамя таго ў Глыбоцкай бібліятэцы пасьля 1812 г. знаходзілася вялізарная скрыня з музычнымі інструмэнтамі глыбоцкай прыкляштарнай капэлы, а дакладней яе рэшткі, пасьля таго, як французы канфіскавалі ўсе духавыя інструмэнты. Засталіся толькі віаланчэлі і скрыпкі (каля 10 штук). На сьцяне ў бібліятэцы віселі два абразы, адзін з біблійнай сцэнай, а іншы сьв. Тэрэзы.

Больш-менш так выгладала глыбоцкая бібліятэка аж да свайго закрыцьця, якое наступіла разам са скасаваньнем кляштара Кармэлітаў у 1864 г. Уся гэтая вялізарная бібліятэка перайшла ў царскую казну. Частка кніг была скрадзена глыбачанамі падчас перавозу бібліятэкі, аднак большасьць кніг была перавезеная ў Санкт-Пецярбург, дзе яны знаходзяцца і па сёньняшні дзень у Расейскай Нацыянальнай Бібліятэцы, дарэчы 3 гады таму, мне давялося пабачыць гэтыя кнігі, захавалася нават частка картатэкі.

Частка кніг пасьля рэвалюцыі патрапіла з Санкт-Пецярбурга ў Казанскую савецкую бібліятэку, якая ў часе ІІ сусьветнай вайны часткова была раскрадзеная. Адна з глыбоцкіх кніг, якая там была, называлася Contro caelibatum “Супраць цэлібату” – аднак назва гэтай кнігі была правакацыйная, бо кніга бараніла цэлібат, бачна што савецкі бібліятэкар ня ведаў лацінскай мовы, таму, прачытаўшы назву, узяў гэтую кнігу ў савецкую бібліятэку. Гэтая кніга хутчэй за ўсё была скрадзена нейкім савецкім салдатам, які, будучы на тэрыторыі Польшчы, прадаў яе, і гэтая кніга патрапіла ў Кракаўскі антыкварыят, адкуль выкупіў яе манах Кармэліт босы айцец Ота Філек. І сёньня гэтая кніга знаходзіцца ў кракаўскай бібліятэцы Кармэлітаў босых.

Некалькі кніг з глыбоцкай бібліятэкі захавалася пры парафіяльным касьцёле Сьв. Тройцы ў Глыбокім, гэтыя кнігі былі перададзеныя ў музей айцоў Францішканаў у Вудзеле.

Як бачна, лёс глыбоцкай бібліятэкі быў трагічны, на жаль, з Глыбокага назаўсёды былі вывезеныя тысячы каштоўных кніг. Аднак на пярэдадні Дня Пісьменства, нам варта прыгадаць, якую вялізарную спадчыну мела наша Глыбокае. Такой гісторыяй можа ганарыцца кожны эўрапэйскі горад, але ня кожная бібліятэка можа пачынаць сваю гісторыю ад папскай буллы.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №20(632) 17 траўня 2012 года.