Глыбоцкія падзямельлі. Міфы, гісторыя і гіпотэзы

Тэма глыбоцкіх падзямельляў заўсёды вельмі цікавіла ня толькі гісторыкаў, але таксама і жыхароў мястэчка, і турыстаў, і ваенных, і шукальнікаў прыгодаў дый скарбаў. Маючы такое шырокае кола заінтарэсаваных, не дзівота, што ўзьнікла шмат легендаў ды апавяданьняў пра гэтыя старадаўнія і таямнічыя падзямельлі, якія нібыта знаходзяцца пад усім мястэчкам Глыбокім, а сэрца якіх знаходзіцца пад кляштарам Кармэлітаў босых (сёньня царква). Вельмі добра было б аддзяліць міфы пра глыбоцкія падзямельлі ад гістарычнай праўды пра гэтыя ж падзямельлі.

Міфы

Найлепш пачаць ад міфаў. Першы з іх распавядае пра тое, што падзямельлі пад касьцёлам Кармэлітаў (сёньня царква) маюць два паверхі, а ўваход на першы (ніжэйшы) паверх згубіўся, альбо быў адмыслова закладзены ці замураваны. Ёсьць яшчэ іншы міф, які гаворыць аб тым, што касьцёл Кармэлітаў (сёньня царква) быў спалучаны падземным ходам з парафіяльным касьцёлам сьв. Тройцы, а акрамя таго быў спалучаны падземным ходам з кляштарам Базыльянаў (сёньня вязьніца) у Беразьвеччы, а ў дадатак з капліцай сьв. Эльяша на Копцеўцы. Можна пачуць яшчэ адну гісторыю, нібыта сама Копцеўка – узгорак, быў зроблены, а дакладней насыпаны з зямлі, якую выкідвалі падчас капаньня катакомбаў (падзямельляў). Гэтыя гісторыі маюць сваіх сьведкаў і ўдзельнікаў, а нават сучасных сьпецыялістаў і аматараў, якія з новымі прыладамі знаходзяць падземныя пустоты, нібыта тым самым падцвярджаючы нашыя міфы. Варта памятаць, што часамі менавіта міфы дапамагаюць гісторыі разьвівацца.

У кнізе Міхася Ткачова «Замкі і людзі» змешчана схема лакалізацыі замка Корсакаў. Лічбай 1 адзначаны замак на мейсцы колішняга кляштара Кармэлітаў, лічбай 2 – ставы на мейсцы сёньняшняга кансэрвавага завода.

Гісторыя. Касьцёл і кляшар Kармэлітаў

Варта зьвярнуцца да гісторыі, што кажуць альбо аб чым маўчаць гістарычныя крыніцы. Перш варта разгледзець падзямельлі касьцёла і кляштара Кармэлітаў босых (сёньня царква). На пачатку трэба зазначыць, што падзямельлі касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (сёньня царква Раства Багародзіцы) і падзямельлі кляштара (сёньня захавалася толькі адно крыло) – гэта два розныя падзямельлі. Такім чынам, падзямельлі кляштарнага комплексу Кармэлітаў босых у Глыбокім складаюцца з дзьвюх частак: першая – падзямельлі пад храмам, і другая – падзямельлі пад кляштарам. Калі сёньня мы можам пабачыць першыя падзямельлі, то ўжо другія пабачыць немагчыма, бо былі знішчаныя, а дакладней засыпаныя, калі разбурылі два крылы (а дакладней тры) кляштара. Сёньня захавалася толькі адно крыло кляштара (у фатальным стане), пад якім таксама захавалася і адно крыло падзямельля (на жаль, яго ня можна пабачыць з-за тэхнічнага стану, бо ўсё крыло кляштара зачыненае для турыстаў, так як знаходзіцца ў аварыйным стане).

Мая гіпотэза – пад падзямельлямі манахаў знаходзяцца падзямельлі замка Корсакаў, якія былі вельмі глыбокімі – замкавыя лёхі (lochy) і можа быць таму, манахі палічылі іх за не патрэбныя і частку замуравалі, будуючы на іх мейсцы свае падзямельлі.

Вяртаючыся да тых, першых, падзямельляў – катакомбаў пад храмам, што мы ведаем пра іх? Згодна з гістарычнымі крыніцамі, касьцёл і кляштар Кармэлітаў босых (не блытаць з парафіяльным касьцёлам сьв. Тройцы) пачаў будаваць у 1641 г. сам фундатар Язэп Корсак. Як вядома з гістарычных крыніц, падзямельле было пад усім храмам і кляштарам. Фундатар быў пахаваны ў сваёй крыпце пад алтарнай часткай касьцёла, побач з яго крыптай, дакладна пад алтаром, знаходзіўся алтар за памерлых. Што тычыцца іншай часткі, каля лесьвіцы, то гэтая частка была аддзеленая ад рэшты падзямельля кратай. Называлася яна касьцярняй і мела 6 крыптаў, ведаем, што1 належала да сям’і Корсакаў, адна да сям’і Галімскіх, адна да сям’і Тышкевічаў. Да каго належалі іншыя 3 не вядома, крыніцы маўчаць. Калі да часткі, якая названая касьцярняй, пытаньняў няма, то ёсьць пытаньне: што там было? Аднак і ў гэтым выпадку крыніцы маўчаць. Што тычыцца падзямельляў пад самым кляштарам, то там быў свой асобны ўваход. Як дакладна выглядалі падзямельлі пад кляштарам – не вядома. Вядома, што былі яны прыстасаваныя для трыманьня рэчаў, харчовых прадуктаў і гд. Вядома, што ў часцы, якая захавалася, пасьля 1945 г. трымалі малочныя прадукты (адпаведныя прыстасаваньні там можна пабачыць яшчэ і сёньня. Падсумоўваючы, трэба дадаць, што будаўніцтва падзямельляў кляштара з касьцёлам было скончана дзесьці каля 1654 г. Што тычыцца самаго кляштара, то яго пабудова была скончана ў часе прыярату айца Пёрта ад Маці Божай, які быў прыёрам у Глыбокім ад 1661 г. да 1664 г. З гістарычнага пункту гледжаньня гэта ўсё, што можам распавесьці пра падзямельлі пад касьцёлам і кляштарам Кармэлітаў на падставе крыніц.

Касьцёл сьв. Тройцы

Ідучы далей, разгледзім падзямельлі пад пара фіяльным касьцёла сьв. Тройцы. Як вядома з гістарычных крыніц, будаўніцтва касьцёла было скончана пад канец 1642 г. Касьцёл быў пабудаваны драўляны і ня меў катакомбаў, аб чым вядома з візітацыйнага акту з 1654 г. У тым самым годзе касьцёл быў спалены маскавітамі, пасьля чаго быў адбудаваны, але ўзноў драўляны і ўзноў без катакомбаў. Аднак падзямельлі пад касьцёлам сьв. Тройцы зьявіліся ў другой палове XVIII ст. (прыблізна 1770-80 гг.). Падзямельлі былі пад усім касьцёлам і мелі 12 крыптаў. У 1902-08 гг. адбылася разбудова касьцёла, аднак крыпты засталіся бяз зьменаў (што можна пабачыць і сёньня, бо менавіта па памеру падзямельля можна даведацца аб велічыне касьцёла перад разбудовай). На гэтым заканчваюцца нашыя веды на тэму падзямельляў пад касьцёлам на падставе гістарычных крыніцаў.

Касьцёл і кляштар Базыльянаў

Гістарычныя крыніцы кажуць, што будаўніцтва касьцёла сьвятых Пятра і Паўла і кляштара Базыльянаў распачалося ў 1638 г. Гэтыя два будынкі аж да перабудовы ў 1756-1767 гг. былі драўляныя. Менавіта тады з’явіліся мураваныя падзямельлі пад касьцёлам і кляштарам Базыльянаў, якія існуюць па сёньняшні дзень (частка выкарыстоўваецца вязьніцай, а частка замураваная).

Капліца сьв. Эльяша на Копцеўцы

 

Як вядома з гістарычных крыніцаў, капліца сьв. Эльяша была пабудаваная Кармэлітамі на ўзорку пры каталіцкіх парафіяльных могілках, а дакладней, на ўбоччу могілак. Падзямельлі капліцы былі пабудаваныя ў 1804 г. і былі невялічкія, памерам 1/6 велічыні самой капліцы. І перадусім былі пабудаваныя для пахаваньня памерлых манахаў Кармэлітаў.

Падсумаваньне

Як бачна, гістарычныя крыніцы даюць вельмі сьціплую інфармацыю наконт глыбоцкіх падзямельляў. Але нават гэта невялічкая колькасьць ведаў дазваляе разьвеіць пэўныя міфы, але варта таксама памятаць, што ў кожнай байцы ёсьць кавалачак праўды. І варта памятаць, што гісторыя вельмі падобная да матэматыкі, калі мае адзін невядомы і два вядомыя, то хопіць скласьці альбо адняць вядомыя, каб знайсьці невядомы.

І так пачнем ад касьцёла і кляштара Кармэлітаў. Хіба найбольш інтрыгуючай гісторыяй зьяўляецца міф пра двухпавярховыя катакомбы. З гістарычнага пункту гледжаньня гэта міф. Гістарычныя крыніцы нам ясна кажуць: Кармэліты ня мелі двайных падзямельляў, мелі два падзямельлі: адно пад сваім касьцёлам (не блытаць з касьцёлам сьв. Тройцы), а другое пад сваім кляштарам. Здавалася б, усё зразумела. Аднак маем іншы вядомы факт, а менавіта той, што сучасная тэхніка выказвае, што пад падзямельлем штосьці ёсьць. Ці магчыма гэта з гістарычнага пункту гледжаньня? Што тычыцца кармэліцкага перыяду і пазьнейшага часу, то адназначна не!

Вяртаючыся да гісторыі спалучэньня падзямельляў паміж катакомбамі Кармэлітаў і Копцеўкай – гэта таксама міф, бо катакомбы пад кляштарам былі будаваныя ў 1641-54 гг., а Копцеўка 1804 г. – адказ зразумелы. Тое самае тычыцца сувязі з касьцёлам сьв. Тройцы, пад якім катакомбы будаваліся ў 1770-80 гг., тое самае з базыльянамі 1756-67 гг. Лагічна гледзячы, было не магчыма пабудаваць супольнае падзямельле з такой розніцай у гадах. Акрамя таго, аб’ектыўна гледзячы, гэтая сувязь была бяз сэнсу. Чаму? У тыя часы стасункі паміж манахамі Кармэлітамі і Базыльянамі былі вельмі варожыя, так, менавіта варожыя, амаль кожны год цягнуліся судовыя працэсы паміж гэтымі кляштарамі, тое самае трэба сказаць і пра стасункі Кармэлітаў з глыбоцкім пробашчам. Таму будаваць сумесны падземны ход было б найвялікшай бязглузьдзіцай.

Як бачна, легенда пра глыбоцкі андэграўнд у сьвятле гістарычных крыніц знікае. Але ці цалкам? Хіба не.

Гіпотэзы

Варта памятаць, што маўчаньне гістарычных крыніц не азначае таго, што сваім маўчаньнем яны пярэчаць існуючым міфам. Вяртаючыся да глыбоцкіх падзямельляў, як ужо было сказана, яны адназначна не маглі быць пабудаваныя ў часы Кармэлітаў і пазьней, аднак, ёсьць яшчэ іншы перыяд – перад Кармэлітамі. Гэта значыць перад 1641 г. Як вядома, на мейсцы, дзе пабудавалі кляштар, быў замак. Таму, быць можа, гэта ўжо мая гіпотэза, пад падзямельлямі манахаў знаходзяцца падзямельлі замка, якія былі вельмі глыбокімі – замкавыя лёхі (lochy) і, быць можа, таму манахі палічылі іх за не патрэбныя і частку замуравалі, будуючы на іх мейсцы свае падзямельлі, аднак і гэта ўжо толькі мая гіпотэза.

Мне здаецца, што падзямельлі ідуць з-пад кляштара Кармэлітаў у Беразьвечча, абмінаючы касьцёл сьв. Тройцы.

Варта засяродзіць таксама крыху ўвагі на праблему існаваньня замку ў мястэчку Глыбокім. Вядома, што гэты замак ня будаваў Язэп Корсак, і, на жаль, гэта адзіная рэч, якая нам вядомая. Будаваць гэты замак мог Эльяш Корсак, папярэдні ўладальнік мястэчка. Аднак гэта мала верагодна. Чаму? Калі б замак быў новы, то быў бы ён у добрым стане, калі б замак быў у добрым стане, то Язэп Корсак не зрабіў бы сваёй сядзібай Ластавічы, бо менавіта ў Ластавічах Корсак вёў сваё штодзённае жыцьцё, дарэчы, у Ластавічах была таксама і капліца – адна з першых сьвятыняў глыбоцкіх Корсакаў. Менавіта ў гэтай капліцы ў Ластавічах схаваліся манахіні Кармэлітанкі босыя зь Вільні падчас заразы ў 1653 г.

Усё вышэй сказанае можа сьведчыць аб тым, што замак у часах Язэпа Корсака быў ужо ў дрэнным стане і не надаваўся да жытла. Гэта можа азначаць, што замак мог быць пабудаваны Баркалабам Корсакам у ХVIст. Вядома, што гэты прадстаўнік глыбоцкай лініі Корсакаў будаваў шмат замкаў. Але здаецца, што ня будаваў яго Баркалаб. Чаму? Патлумачу далей.

Замак мог пабудаваць таксама і Багдан Астафеевіч Корсак, пачынальнік глыбоцкай лініі Корсакаў у ХV ст., што дадаткова можа сьведчыць аб тым, што менавіта маючы свой радавы замак Багдан Корсак мог прэтэндаваць на быцьцё пачынальнікам новай лініі. Тут варта прыгадаць, што гэта лінія называлася “глыбоцкай”, быць можа менавіта таму, што радавое гняздо – замак Багдана знаходзіўся ў Глыбокім. Такое становішча гістарычных падзей можа тлумачыць шмат рэчаў.

Перш за ўсё існаваньне падземных хадоў здаецца больш рэальным. Пабудова гэтых хадоў у абарончых мэтах нават больш лагічная, чым паміж кляштарамі. А апісаньне праз некаторых сьведкаў, якія быццам бачылі гэтыя хады ў 30-х гг. ХХ ст., вельмі адпавядае сярэднявечнаму будаўніцтву, калі то ніжэйшая частка падзямельля была будаваная з пяскоўца (жаўтавы камень), а вышэйшая з цэглы. Ідучы далей гіпотэзай падземных хадоў, варта зьвярнуць увагу на існаваньне алькежа пры кляштары Кармэлітаў, што дадаткова сьведчыць пра тое, што кляштар быў перабудовай сярэднявечнага замку.

Як вядома, Беразьвечча таксама было адной з радавых сядзібаў Корсакаў, таму будаваньне ходу вельмі лагічнае. Што тычыцца касьцёла сьв. Тройцы, то вядома, што касьцёл быў будаваны бяз падзямельляў, гэта можа азначаць, што, будуючы касьцёл, Корсак, можа, не хацеў закрануць ужо існуючыя падзямельлі, таму, мне здаецца, што падзямельлі ідуць з-пад кляштара Кармэлітаў у Беразьвечча, абмінаючы касьцёл сьв. Тройцы.

Застаецца Копцеўка. Вядома, што там ужо на пач. ХVІІ ст. былі могілкі. Аднак у ХV ст. мейсца размяшчэньня вельмі добрае на свайго роду барбакан альбо абарончую вежу – узгорак, абапал рэчка. Назва “Копцеўка” магла ўзьнікнуць і за кармэлітанскім часам, так як там была і суконная фабрыка, і карчма, і цагельня, якая вырабляла тысячы цэглаў, – там увесь час дыміла, капціла, асабліва цагельня, дзе было поўна сажы, копаці, – адсюль і назва Копцеўка, свайго роду ідустрыяльны цэнтар мястэчка, быць можа, першая назва Копцеўка была стасаваная да той часткі мястэчка, а не канкрэтна пагоркаў.

Падсумоўваючы сваю гіпо тэзу, зазначу, што існаваньне падзямельляў у Глыбокім можа быць цалкам магчымым, калі яны былі пабудаваныя Багданам Корсакам – пачынальнікам глыбоцкай лініі Корсакаў.

Аднак варта памятаць, што гэта – мая гіпотэза. Зазначу толькі, што ня трэба ніколі ваяваць супраць міфаў і легендаў, бо менавіта яны робяць багатай ня толькі нашую гісторыю і культуру, але і нашую кішэнь, бо прыцягваюць турыстаў. Таму, можа, лепш было б ня толькі папулярызаваць розныя міфы пра Глыбокае, але і прыдумваць новыя, больш цікавыя і няверагодныя.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №22(634) 31 траўня 2012 года.


 

One Comment

  1. Алег

    А вядома дакладна дзе у Ластавiчах знаходзiлася сядзiба Корсакау??