Хто першы прывёз у Глыбокае шакалад?

Адказ на гэтае пытаньне вельмі просты. Шакалад у 1646 г. патрапіў з Італіі ў Прусію, дзе быў даступны толькі ў аптэках, якія належалі манахам, a з Прусіі ў Рэч Паспалітую. Таму адказ трэба шукаць, пытаючыся, хто адчыніў першую аптэку ў Глыбокім. Аптэка ў Глыбокім з’яўляецца адной з самых старажытных аптэк у нашым рэгіёне. Сваімі каранямі сягае ХVІІІ ст. Першую аптэку ў Глыбокім заснавалі манахі Кармэліты Босыя. Дакладная дата фундацыі аптэкі на жаль невядомая, аднак бяз сумневу з’явілася яна разам з лазарэтам, шпіталём і парафіяльная школай, якія стварылі Кармэліты ў Глыбокім якраз у першай палове ХVІІІ ст.

Манах, які працуе ў аптэцы.

Што тычыцца самой Кармэліцкай аптэкі ў Глыбокім, то ўяўляла яна сабой 4 вялікія пакоі са складам дый аптэчным агародам, на якім вырошчвалі неабходныя зёлы для вырабленьня лекаў. Аптэчныя пакоі знаходзіліся ў будынку кляштара адразу пры ўваходзе каля фурты. А перад яе вокнамі быў пабудаваны аптэчны агарод, абнесены штыкетам з 12 мураванымі слупамі, на якіх былі вазоны з кветкамі. У гэтым агародзе была насыпаная сьпецыяльная зямля, а сам агарод быў падзелены на адмысловыя кватэры, дзе вырошчваліся розныя тыпы лекавых зёлаў. Каб патрапіць ў гэты агарод, была зробленая сьпецыяльная фуртка.

Што тычыцца самой аптэкі, то як ўжо было напісана, складалася яна з 4 пакояў:

1-ы пакой – так званы аптэчны магазін, куды прыходзілі людзі і маглі купляць лекі.

2-і пакой – лабараторыя, мейсца, дзе вырабляліся лекі.

3-і пакой – месца, дзе займаліся прыгатаваньнем зёлаў, каранёў, дзе іх рэзалі, абіралі, каб пасьля ўжо прыгатаваны матэрыял аддаць ў лабараторыю.

4-ы пакой – своеасаблівая сушылка, дзе трымалі розныя зёлы, камялі, карані ў суровым стане.

Акрамя гэтага Кармэліцкая аптэка мела вялізарнае навуковае заплечча, перадусім розныя мэдычныя кніжкі ды зборнікі, а менавіта:

1. Лацінскі слоўнік ў 4 тамах.

2. Медычна-хімічны Thesaurus.

3. Pharmacopoeia Augustana.

4. Медычная Кніга Ёньніса Янгхора (Liber Medicus Jonnis Janghor).

5. Зельнік Сырынэя.

6. Dispensatorium Brandeburgium.

7. Texa Rossica ў 8 тамах за 1811 i 1826 гг.

8. Гербарый зь зёламі.

9. Расійскі медычны сьпісак ў 8 тамах.

10. Pamiętnik Farma ceutyczny за 1820 г ў 8 экзэмплярах, за 1821, за 1822 гг.

Акрамя навуковых кнігаў аптэка мела шмат медычных прыладаў:

1. Аптэчныя бутэлькі розных памераў і кшталтаў з надпісамі – 248 штук.

2. Слоікаў аптэчных розных – 150 штук.

3. Колбаў розных – 208 штук.

4. Жбанкоў гліняных аптэчных – 92 штукі.

5. Цыновыя начыньні, медзяныя друшлякі, падносы, трубкі, кацялкі – 35 штук.

6. Стаўбункі, шалі, дзяўбункі, формы для пякучых камянёў, зёлаў – 127 штук.

7. Формы для шакаладу, леяк – 40 штук.

8. Драўляныя скрынкі – 23 штукі.

Акрамя таго былі яшчэ хімічная печ, машына для вырабу таблетак, сьпецыяльныя машыны для пазалочваньня і пасрэбраваньня таблетак, аптэчная шафа з 415 шуфлядамі з надпісамі, а таксама 195 начыньняў для лекаў.

Усё гэта вымагала вялікай адказнасьці і працы. На пачатку аптэкарамі былі толькі манахі, але пасьля з цягам часу аптэкарамі былі таксама і сьвецкія асобы, але заўсёды з адпаведнай адукацыяй. Аптэкар меў таксама памочнікаў, імёны некаторых нам вядомыя:

1. Лукаш Дземідовіч.

2. Міхал Сівіцкі.

3. Міхал Пашковіч.

4. Якуб Кучко.

Вось так. Уявіце сабе, што ўсё гэта было ў Глыбокім ужо ў ХVІІІ ст. і менавіта тады глыбачане ўжо маглі лячыцца шакаладам!

Зёлы для жанчыны, якая не можа мець дзяцей.

P.S.: На жаль можна яшчэ і сёньня прачытаць ў некаторых кніжках аб тым, што манастыры былі толькі цёмнымі месцамі, дзе самым вялікім злом была навука. Аднак гісторыя паказвае, што ўсё якраз было наадварот, менавіта манастыры былі тым месцам, дзе перадусім разьвівалася навука і гаспадарка, а больш за ўсё медыцына і фармакалогія.Савецкія аптэкі, асаб ліва ў 1940-50 гг. маглі толь кі пазайздросьціць Кармэлітам за тую аптэку, якую яны мелі ў Глыбокім ужо 200 гадоў назад.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №6(618) 9 лютага 2012 года