ІІ. Гаспадарка жыхароў мястэчка

Мястэчка Глыбокае складалася з 4 вуліц і плошчы: вул. Віленская, вул. Полацкая, вул. Вялікая, вул. Рынкавая і сам Рынак (Рынкавая плошча). Найвялікшай вуліцай была Рынкавая (як стаць тварам да касцёла – правы бок Рынку ад вул. Вялікай альбо сёньняшняя вул. Савецкая), так на ёй былі пабудаваныя 31 хата. На вуліцы Віленскай (сёньня вул. Леніна да маста) было 25 хат, на вуліцы Полацкай (сёньня вул. Горкага) – 22 хаты. Самай малой вуліцай была вуліца Вялікая (правы бок Рынку ад вул. Віленскай аж да касьцёла), на ёй месьціліся 6 дамоў. А сама назва такой маленькай вуліцы была Вялікая, бо займала яна шмат тэрыторыі, так як дамы былі пабудаваныя толькі па аднаму баку, а па другі быў Рынак, таму аптычна вуліцы была вельмі вялікай.

Пад жыхарамі мястэчка, пад іх хатамі і агародамі было каля 400 га, кляштар займаў 63 га, а ўсё мястэчка Глыбокае разам з неўжыванай зямлёй (кустамі, хмызьняком, балотам) – прыблізна 550 га.

Абавязкі жыхароў мястэчка

Жыхары мястэчка Глыбокае ня мелі шмат абавязкаў перад манахамі-ўладальнікамі. А менавіта жыхары былі абавязаныя выконваць:

1. Глыбоцкія мяшчане пры гону ня служаць.
2. Раз у год адна жанчына з хаты павінна прыйсьці на 4 дні для жніва кляштарнага збожжа.
3. Для біцьця лёду і важэньня яго ў лядоўні ўсе мужчыны павінныя раз на год.
4. Царскі падатак і чынш павінны аддаваць у кляштар.
5. Згодна з царскім указам павінны рабіць зсыпку ў павятовы склад.
6. Тыя, хто ня можа за п ла ціць царскага падатку, яго вартасьць адпрацоўвае ў кляштарных фабрыках, але толькі на падставе добраахвотнай умовы абодвух бакоў.

Гаспадарчы стан жыхароў

Для лепшага разуменьня варта апісаць гаспадарчы стан жыхароў мястэчка Глыбокае паводле вуліц. Пачынаючы ад вуліцы Вялікай.

Вуліца Вялікая

Пры вул. Вялікай жыло 7 сем’яў. Усяго разам яны мелі 18 коней, 2 каровы, 3 сьвіньні, 3 гускі і дзьве курыцы. Чаму так мала, таму што з 7 сем’яў пры вул. Вялікай толькі адна была каталіцкай, 6 астатніх былі габрэямі, якія не трымалі аніякай хатняй жывёлы акрамя коней.

Вуліца Віленская

Пры вул. Віленскай жыло 26 сем’яў (з іх 7 сем’яў габрэяў). Усяго разам мелі 10 коней, 1 вала, 13 кароў, 9 цялушак, 21 авечку, 30 сьвіней, 14 гусак, 21 курыцу, 8 вулёў з пчоламі.

Вуліца Рынкавая

Пры вул. Рынкавай жыла 31 сям’я (з іх 2 сям’і габрэяў). Усяго разам мелі 23 кані, 37 кароў, 14 цялушак, 1 казу, 40 авечак, 62 сьвіньні, 32 гускі, 40 кур, 8 вулёў з пчоламі.

Вуліца Полацкая

Пры вул. Полацкай жыло 26 сем’яў (з іх 7 сем’яў габрэяў). Усяго разам мелі 35 коней, 52 каровы, 20 цялушак, 5 коз, 51 авечку, 83 сьвіньні, 46 гусак, 65 курэй, 8 вулляў з пчоламі.

Лічбамі пазначаныя: 1. Кляштар Кармэлітаў. 2. Аўстэрыя. 3. Парафіяльны касьцёл. 4. Кармэліцкі сад. 5. Капліца сьв. Эльяша. Для падрыхтоўкі гэтай схемы выкарыстаны арыгінальны архіўны план мястэчка Глыбокае за 1857 год. Камп’ютарная апрацоўка Ул. Скрабатуна.

Падсумаваньне

Робячы падсумаваньне, трэба падкрэсьліць, што мястэчка Глыбокае, Полацкага ваяводзтва, разьвівалася дзякуючы манахам-ула дальнікам. Менавіта Кармэ літы былі фундамантам гаспадарчага разьвіцьця рэгіёну, менавіта дзякуючы ім у Глыбокім з’явіліся ня толькі розныя тыпы млыноў, суконная фабрыка ці цагельня, альбо цырульня, але таксама альбо лепш – перадусім – аптэка, лазарэт, шпіталь, фруктовы сад, парафіяльная школа. Менавіта кляштар прыцягваў, вабіў у Глыбокае падарожнікаў, пілігрымаў ды купцоў, дзякуючы якім працавалі корчмы (заездныя дамы) і рынак. Без Кармэлітаў сёньняшняе Глыбокае не было б Глыбокім, каб не манахі, якія ператварылі мястачковую глухмень часоў Язэпа Корсака у квітнеючую ‘’Венецыю’’ – мястэчка Глыбокае, сярод азёраў, рэк і салажалак, затопленае садамі і архітэктурай барока.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №25(637) 21 чэрвеня 2012 года.