Катаваньні ў мястэчку. 1831 г.

Адным з найбольш прыкрых эпізодаў гісторыі нашае Глыбоччыны зьяўляецца год 1831 г., а дакладней месяц чэрвень. Менавіта ў гэтым часе ў мястэчка прыехаў найвялікшы “кат Літвы” альбо, інакш кажучы, “Вешальнік” – Міхаіл Мураўёў, на той час магілёўскі губэрнатар. Менавіта ў мястэчку Глыбокім Мураўёў распачаў сваю кар’еру бязлітаснага ката жыхароў ВКЛ, менавіта ў Глыбокім выйшаў на верх яго крыважэрны характар.

Генэрал М. Мураўёў – «Вешальнік».

Тэатрам гэтай бязлітаснай і нялюдзкай драмы сталіся падзямельлі кляштара Кармэлітаў босых у мястэчку Глыбокае. Як ужо ўзгадвалася, паўстанцы былі змушаныя пакінуць мястэчка пад канец траўня 1831 г. пад напорам войскаў Саф’янава. Настуным крокам расейскіх акупантаў была расправа з паўстанцамі, а дакладней ня з самімі паўстанцамі, а з іх патрыятычнымі марамі аб адраджэньні Рэчы Паспалітай. Менавіта для гэтага ў Глыбокае прыбыў Мураўёў, прыбыў перадусім не як кат, якім стаўся, але як “ласкавая рука” расейскага цара, які хацеў дараваць паўстанцам іх правіны ў замен за іх патрыятызм.

Аднак бязлітасны Мураўёў быў больш услужлівы, чым таго вымагаў сам цар. Варта прыгадаць два царскія ўказы ад 6 траўня і 4 чэрвеня 1831 г., згодна зь якімі цар дараваў правіны ўсім паўстанцам, якія прызнаваліся ва ўдзеле ў паўстаньні і выказвалі сваю лаяльнасьць у стасунку да Расеі. Усіх гэтых паўстанцаў улады павінныя былі адпускаць бяз усялякіх праблемаў, так, як гэта рабіў Туталмін, аднак Мураўёў абраў іншую тактыку.

Тактыкай “ката Літвы” было ня толькі затрыманьне паўстанцаў, іх катаваньне, але яшчэ кожны з паўстанцаў павінен быў адракчыся ад сваіх ідэалаў, выдаць сваіх паплечнікаў і зрабіцца паслухмяным грамадзянінам Расеі. Гэтую тактыку вельмі пасьпяхова Мураўёў распачаў у падзямельлях кляштара Кармэлітаў, якія перарабіў у вязьніцу і катавальню. Сам затрымаўся ў кляштары.

Варта прыгадаць, што некалькі манахаў Кармэлітаў прыняло актыўны ўдзел у паўстаньні. Браў удзел таксама і сам прыёр – айцец Уладыслаў Казакевіч, акрамя таго пробашч айцец Рамуальд Глінскі. Таму прыём Мураўёва заарганізаваў айцец Панкрацы Крушынскі, які быў эканомам кляштара. Айцец Панкрацы быў вельмі мудрым чалавекам і адразу распазнаў характар Мураўёва, які быў вельмі ўражлівы на захаваньне людзей. Таму Крушынскі, каб ашукаць Мураўёва і ўратаваць паўстанцаў, хацеў прадставіць мястэчка як паслухмянае расейскім уладам. Каб задаволіць пыху “Вешальніка”, Крушынскі даў яму той самы пакой, дзе затрымаўся Напалеон, а сам прыём быў зроблены з вялікім гонарам.

Аднак у мястэчку не было ані замку, ані вязьніцы, таму Мураўёў прыдумаў стварыць, дзеля сваіх бязлітасных планаў, вязьніцу ў падзямельлях. Нягледзячы на царскія ўказы Мураўёў арыштоўваў усіх паўстанцаў – і тых, каго злавіў, і тых, хто сам прыйшоў. Паволі падзямельлі кляштара пачалі запаўняцца. Што рабіў Мураўёў з паўстанцамі?

Мураўёў быў бязлітасным катам. Перш за ўсё пастанавіў усіх паўстанцаў сялян і мяшчан высылаць ў Сібір альбо забіраць ў рэкруты, а арыштоўваць толькі шляхту. На пачатку арыштаваных замыкалі ў падзямельлях кляштара ў Глыбокім, а пасьля Мураўёў высылаў каго ў вязьніцу ў Дзісну (18 чалавек), каго ў Дынабург (43 чaлавекі), каго ў Полацк (21 чалавек).

Першым арыштаваным быў кіраўнік паўстаньня на Глыбоччыне Аляксандар Лапацінскі. Мураўёў асабіста распачаў яго катаваньні ў падзямельлях кляштара. Гэтыя катаваньні мелі за сваю мэту даведацца пра іншых паўстанцаў. Аднак катаваньні Лапацінскага не прынесьлі дастатковых інфармацый. У тым часе ў кляштарныя падзямельлі патрапілі і іншыя паўстанцы, а сярод іх злоўлены ў лясах каля Глыбокага сакратар паўстаньня айцец Адам Татур, піяр, які перад гэтым спаліў усе дакумэнты паўстаньня, каб яны не дасталіся ў рукі Мураўёву. Аднак Мураўёў, нягледзячы на тое, што Татур быў манахам, распачаў яго катаваньні, якія былі вельмі розныя, пачынаючы ад біцьця палкай да дыбы, пугі, ціскоў на ногі і рукі, агня і гд. Акрамя таго існаваў яшчэ і псіхалагічны фактар – Мураўёў праводзіў катаваньні ў крыпце, каля якой знаходзіўся наступны паўстанец. Такім чынам, той, каго меліся катаваць, чуў таксама, як катавалі яго папярэдніка, чуў яго крыкі і сьлёзы, таму мог прызнацца ва ўсім нават без катаваньняў.

Падчас катаваньняў Мураўёў задаваў 25 пытаньняў для шляхціцаў і духавенства і 6 пытаньняў для сялян і мяшчан. Звычайнай практыкай Мураўёва, як апавядалі яго былыя вязьні, было даваньне для падпісаньня дакумэнтаў падчас катаваньня без мажлівасьці іх прачытаньня. Таму ўсе глыбоцкія вязьні патрапілі ў розныя турмы, бо амаль усе падпісваліся пад дакумэнтамі, прызнаючы свой удзел у паўстаньні.

Катаваньні айца Татура прынесьлі свой плён, падчас жудасных цярпеньняў ён выдаў амаль усіх удзельнікаў паўстаньня, аднак зазначыў, што і сам адыграў значную ролю.

Акрамя таго былі катаваныя і глыбоцкія мяшчане: Пілецкі і Антоні Адынец. Быў катаваны таксама і ўладальнік Псуі і Плісы – Рамуальд Падбіпента. Пасьля катаваньняў замучаных паўстанцаў Мураўёў адсылаў з Глыбокага ў розныя турмы, некаторыя з нашых землякоў не пражылі і года, памершы ў вязьніцы ў Дынабургу, а сярод іх: Алойзы Буйніцкі, Станіслаў Клёт і Бэнэдыкт Клёт, а таксама сялянін Дамінік Мядзьведзеў. Некаторыя патрапілі аж у турму ў Бабруйску: кс. Яленскі, кс. Заленскі і кс. Татур.

Акрамя катаваньняў Мураўёў карыстаўся паслугамі данасіцеляў. Адным зь іх быў Адольф Багуцкі, які сам прыбыў да Мураўёва і прызнаўся ва ўдзеле ў паўстаньні, выдаючы ўсіх паўстанцаў, якіх здолеў пазнаць. Мураўёў сам акрэсьліў працу Багуцкага наступным чынам: “Выдаў ён усе сакрэты і прысягі”. Акрамя таго данасіцелем быў расейскі чыноўнік з Дзісны, які трапіў у палон да паўстанцаў – Антон Сьвятагор, выдаў ён усіх паўстанцаў, якіх пазнаў. Жадаў за гэта ад Мураўёва ўзнагароды, а акрамя таго дамагаўся грошай ад сямей паўстанцаў за сваё маўчаньне, адначасова выдаючы іх родных Мураўёву.

Данасіцелямі на паўстанцаў былі таксама глыбоцкія габрэі, у якіх паўстанцы куплялі порах. Гэтыя габрэі выдалі Мураўёву ўсіх сваіх пакупнікоў. Найбольш Мураўёву прыслужыўся габрэй Фруман з Глыбокага. Як бачна, глыбоцкія габрэі ўжо не першы раз аказаліся паплечнікамі расейцаў. Менавіта габрэі былі найвялікшымі мясцовымі праціўнікамі адраджэньня Рэчы Паспалітай. Менавіта глыбоцкія габрэі даносілі расейскім уладам на паўстанцаў Т. Касьцюшкі, на тых, хто ваяваў па баку Напалеона і таксама цяпер, на тых, хто хацеў вызваліць сваю радзіму ад расейскай акупацыі.

Данасіцелямі на паўстанцаў былі таксама і самі паўстанцы. Сярод іх маршалак дзісьненскай шляхты Ігнацы Лапацінскі, родзіч Казіміра, Язэпа і Аляксандра Лапацінскіх – найвялікшых патрыётаў. Як бачна, нават у адной сям’і маглі знайсьціся данасіцелі, якія даносілі нават на сваіх братоў. Сам Ігнацы Лапацінскі прыняў удзел у паўстаньні, але калі заўважыў, што няма посьпехаў, то адразу перайшоў на бок Мураўёва, выдаючы нават родных братоў. Ігнацы Лапацінскі прыбыў да Глыбокага, дзе дзякаваў Мураўёву за яго ласкавасьць і дабрадзействы. Мураўёў вельмі любіў такіх людзей як Ігнацы Лапацінскі, таму пакінуў яго і на далей маршалкам шляхты, а таксама прызначыў яго камэрюнкерам двору і адзначыў яго ордэнам сьв. Уладзіміра 4 ступені.

Як бачна, сітуацыя пасьля паўстаньня была вельмі складанай для жыхароў Глыбоччыны. Мураўёў стварыў таксама данасіцельскую паліцыйную арганізацыю пад кіраўніцтвам капітана Аляксандрава, якія меліся даносіць на тых паўстанцаў, якія схаваліся.

Шмат нашых землякоў, баючыся катаваньняў Мураўёва, уцякло ў Прусію, а менавіта: Якуб Цыбульскі, Леапольд Клёт, Міхал Сямашка, Вінцэнты Брахоцкі і Станіслаў Радзішэўскі. З Прусіі яны выслалі просьбу аб памілаваньні, каб была магчымасьць вяртання на Глыбоччыну, аднак у памілаваньні ім было адмоўлена. Іншыя паўстанцы выехалі ў Францыю: Радзішэўскі, Рыпінскі, Валадковіч, Лапацінскія, Кеневіч, Уладыслаў Плятэр і Валяр’ян Пяткевіч. Некаторыя паўстанцы выехалі ў Амэрыку: Антоні Корсак, Язэп Астроўскі, Ян Садоўскі.

Акрамя таго за ўдзел у паўстаньні ў некаторых паўстанцаў была канфіскаваная маёмасьць (у Міхала Сямашкі канфіскавалі палову маёнтка Ляхаўшчына). Некаторыя павінныя былі плаціць штрафы: Язьвінскі, Радзевіч. Пасьля свайго бязьлітаснага сьледства ў Глыбокім Мураўёў перадаў усе акты ў Мінскую Сьледчую Камісію. Усяго ў вязьніцу патрапіла 407 чалавек. Памілаваньне атрымалі:

1. Міхал Храпавіцкі.
2. Антоні Дабашынскі.
3. Ёахім Дабашынскі17.
4. Адольф Канаплянскі.
5. Гэнрык Канаплянскі.
6. Каетан Карказевіч.
7. Ігнацы Корсак
8. Язэп Корсак
9. Люц’ян Корсак
10. Адольф Мсьціхоўскі.
11. Антоні Петрыгоўскі.
12.Гэнрык Станевіч.

Падсумоўваючы, варта зазначыць, што дзейнасьць Мураўёва вельмі моцна пахіснула глыбоцкі патрыятызм, шмат мясцовых трапіла ў вязьніцу, некаторых выслалі ў Сібір, у некаторых забралі маёмасьць, некаторыя павінны былі плаціць штрафы, яшчэ іншыя выехалі за мяжу – усё гэта было вялікім коштам за мару аб адраджэньні Рэчы Паспалітай. Кляштарныя муры сталіся такім чынам нямым сьведкам крыві, мук і цярпеньня нашых хвалебных суайчыннікаў.

Наведваючы глыбоцкі кляштар Кармэлітаў босых, варта ня толькі захапляцца яго архітэктурнай прыгажосьцю і дзейнасьцю манахаў, але таксама памятаць аб тых, хто там быў закатаваны і для якіх падзямельлі сталіся Галгофай патрыятычных мараў. Памятайма, што гэты храм зьяўляецца ня толькі сымбалем веры, але таксама і штандарам патрыятычнай дзейнасьці нашых продкаў на шляху здабываньня незалежнасьці.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №14(626) 5 kрасавіkа 2012 года.