Кляштар

Апавядаючы пра адукацыю, пра аптэку, бібліятэку пры кляштары і гд., варта таксама прысьвяціць некалькі слоў апісаньню самаго кляштара Кармэлітаў босых. Бо менавіта кляштар быў цэнтрам альбо нават сэрцам жыцьця і дзейнасьці манахаў, якія стварылі пры кляштары высокаразьвітое гаспадарчае заплечча, навуковае заплечча ў выглядзе бібліятэкі, навуковага габінэту, навіцыяту, парафіяльнай школкі, аптэкі, акрамя таго Кармэліты ства рылі пры кляштары грамадзка-рэлігійныя арганізацыі, якімі былі шкаплерныя брацтвы і гд. Аднак варта заўважыць, што ўсе гэтыя ініцыятывы былі створаныя “пры кляштары” – гэта значыць, што менавіта кляштар быў тым найважнейшым “асяродкам”, ад якога залежыла разьвіцьцё і будучыня мястэчка Глыбокае.

Менавіта таму, каб лепш зразумець вялізарную ролю кляштара ў жыцьці мястэчка, варта апісаць гэты кляштар. Прыгадаю, што кляштар быў мейсцам, дзе жылі манахі, ішакш кажучы, кляштар гэта манастыр. Сам будынак меў два паверхі, уяўляў сабой квадрат, які быў спалучаны з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі такім чынам, што яго франтавая частка была дабудаваная да вуглавой сьцяны касьцёла з дапамогай фурты – мейсцам, якое служыла ўваходам у кляштар. Тыльная сьцяна кляштара была спалучана з тыльнай сьцяной касьцёла. Франтавая частка кляштару была даўжынёй 62 аршыны, даўжыня бакавой сьцяны лічыла 72 аршыны, і тыльная сьцяна лічыла 72 аршыны. Гэтая тыльная сьцяна мела мураваны ганак і алькеж, які ўяўляў сабой вуглавую адасобленую частку кляштара, яна ў сваю чаргу звонку выступала за плашчыню сьценаў. Алькеж быў пабудаваны ў выглядзе вежападобнага аб’ёму. Зазвычай, алькеж быў перабудовай вонкавых сярэднявечных вежаў абарончых замкаў.

Кляштар быў атынкаваны і пабелены, быў пакрыты чарапіцай. Уваход у кляштар быў ад могілак пры касьцёле, якія знаходзіліся на касьцёльнай плошчы, паміж касьцёлам і капліцай Сьв. Крыжа. На гэтых могілках былі пахаваныя розныя асобы, такія як, напрыклад Разалія Корсак і іншыя прадстаўнікі шляхты. Таму каб патрапіць ў кляштар, трэба было прайсьці праз гэтыя могілкі. У кляштар уваходзілі праз фурту. Адразу пры ўваходзе была кляштарная аптэка, якая складалася з 5 пакояў і складу. Па ўвaходзе праз фурту траплялі на кляштарны калідор, якіх на першым паверсе было 4. Напрыканцы гэтага калідору знаходзіўся алькеж, акрамя таго першы паверх налічваў 17 пакояў, а таксама два двайныя пакоі. Акpамя таго на першым паверсе былі: гаспіторыюм – hospitorium – адмысловае памяшкане для гасьцей; рэфэктаж – refektarz – мейсца, дзе елі манахі, свайго роду сталоўка (трапезная); кухня са складам і бакоўкай для чэлядзі, кляштарная пякарня са складам і бакоўкай; парлаторыі – parlatoria – адмысловыя памяшканьні для размоў, напрыклад, калі прыяжджалі розныя госьці ці родзічы, то манахі маглі размаўляць зь імі толькі ў гэтых памяшканьнях, так як у ва ўсім будынку кляштара было забаронена размаўляць, бо манахі павінныя былі жыць і працаваць у цішыні.

Ва ўяўленьні манахаў з Кракава, Вісьніча ці Познаня – Глыбокае знаходзілася недзе далёка-далёка на Поўначы, паміж багнамі і балотамі, там дзе граніца са Скандынавіяй і Масковіяй, дзе заканчвалася Эўропа і пачыналася Азія.

На другі паверх каля кельлі прыёра была зробленая лесвіца, а іншыя лесвіцы з боку гаспіторыюма. На другім паверсе быў толькі адзін звычайны пакой і 22 двайныя пакоі. Акрамя таго адна вялікая заля, адна малая і два вялікія склады. Былі таксама наверсе два карцэры, адзін двайны і адзін звычайны. Гэтыя карцэры выкарыстоўваліся як мейсца пакараньня манахаў, якія паводзілі сябе дрэнна, якія, напрыклад, не прачыналіся на ранішнія малітвы, альбо размаўлялі з жанчынамі без дазволу прыёра, альбо трымалі кляштарныя рэчы ў сваіх кельлях і гд. Таму за пакараньне такія манахі былі трыманыя ў карцэры. Гэта магло доўжыцца ад аднаго дня да некалькіх гадоў.

Гэты карцэр быў так пабудаваны, што манах мог знаходзіцца ў ім толькі на каленях, ня мог ані легчы, ані выпраставацца, а яго твар знаходзіўся ў накірунку алтара. У карцэры не было вакон, манах знаходзіўся там у паўнюткай цемры. У карцэры было таксама вядро для нячыстотаў, якое мянялася раз на тыдзень. Манах, які быў у карцэры, атрымліваў ежу толькі раз у дзень, а гэтай ежай быў кавалак хлеба і кубак піва. Прыгадаю, што ў тыя часы вада не заўсёды была чыстая, а са страўнікавымі хва робамі не заўсёды ўмелі змагацца, шмат людзей у тыя часы памірала ад звычайнай дызэнтырыі, таму з ежай ужывалася альбо піва альбо віно.

Здаралася, што некаторыя манахі ў Глыбокім былі трыманыя ў гэтых карцэрах аж па 3 гады. Ідэяй карцэра ў манастыры не было пакараньне манаха, але дапамога яму, каб ён, будучы на каленях і ў малітве тварам да алтара, зразумеў свае памылкі і выправіўся. Можа паўстаць пытаньне, чаму злосных парушальнікаў манаскіх статутаў не выганялі з кляштара? Справа ў тым, што ў каталіцтве сьвятарскія пасьвячэньні лічуцца “незмазальнымі”. Гэта значыць, што ніхто ня можа пазбавіць сьвятара яго сьвятарства, нават Папа Рымскі. Як вядома, пры сьвятарскіх пасьвячэньнях біскуп намашчае кандыдату сьвятым алеем галаву і рукі, сьвяты алей у сваю чаргу ўпітваецца ў скуру, калі алей упітаўся, яго ўжо нельга вымазаць. Таму калі з кляштара выгналі б манаха, то яго збаўленьне было б на сумленьні кляштара, каб пазьбегнуць такой вялікай адказнасьці ,у кляштарах былі створаныя карцэры, якія б дапамагалі зразумець заблуканым манахам свае правіны і навярнуцца на шлях збаўленьня.

Ужо ў XVIII ст. у мястэчку Глыбокім гулялі ў боўлінг, а сёньня бадай ніхто й ня чуў пра такую гульню, многія езьдзяць адпачываць за мяжу, аднак каб Глыбачане зьбераглі толькі тое, што было, то сьмела б у Глыбокага не было б адбою ад турыстаў з усяго сьвету.

Гульня ў боўлінг каля карчмы.

Варта зрабіць заўвагу, што яшчэ ў другой палове XVII ст. вельмі часта Глыбоцкі кляштар быў разгляданы ня толькі як вельмі багаты і разьвіты, але таксама як і свайго роду папраўчак для дрэнных манахаў з Захаду. Ва ўяўленьні манахаў з Кракава, Вісьніча ці Познаня – Глыбокае знаходзілася недзе далёка-далёка на Поўначы, паміж багнамі і балотамі, там дзе граніца са Скандынавіяй і Масковіяй, дзе заканчвалася Эўропа і пачыналася Азія. Таму вельмі часта, дрэннаму манаху хапала самой думкі аб падарожжы ў Глыбокае, каб выправіцца. Варта таксама памятаць, што ў тыя часы (другая палова XVII ст.) глыбоцкі кляштар быў у стане будаўніцтва, было шмат цяжкой працы, акрамя таго нестабільная сытуацыя, вяліся войны з Масковіяй дый Швэцыяй і гд. Усё гэта стварала пэўную атмасфэру глыбоцкасьці, якая не для ўсіх была прывабнай.

Kасьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Усходні фасад. Рэканструкцыя на палову ХІХ ст. Ул. Скрабатуна

Вяртаючыся да апісаньня кляштара, трэба зазначыць, што на другі паверх была зробленая таксама і трэцьцяя лесвіца каля самай фурты. Каля гэтай лесвіцы былі яшчэ 4 пакоі і заля. Акрамя таго кляштар меў два блехі – мейсца, дзе бялілі палатно, свайго роду маленькія дзядзінцы. На адным блеху была вялікая студня з калаўротам, пакрытая чарапіцай на 4 мураваных слупах, з жалезным ланцугом і двумя вядрамі. Да студні была прымацаваная рына, якая даправаджала ваду аж у самую кляштарную кухню ў вялікую кадзь. На другім блеху была пабудаваная аптэчная лабараторыя, пакрытая гонтам.

Кляштар меў таксама два ганкі для ўваходу на кляштарны дзядзінец. Акрамя таго і на першым, і на другім паверсе кляштара былі зробленыя прыбіральні. Кляштар меў 26 швэдзкіх печаў, таксама 3 з шэрай кафлі, адну цагляную і 4 кухонныя з 22 комінамі на даху, акрамя таго меў 159 ашклёных вакон, усе дзьверы былі драўляныя, пафарбаваныя, з замкамі. Пад усім кляштарам былі падзямельлі.

Акрамя таго пры кляштары для маладых манахаў, для іх фізычнага разьвіцьця была зробленая “крэнгельня” альбо інакш кегельбан, альбо па-сучаснаму – боўлінг. Так, менавіта боўлінг. Пры кляштары была зробленая драўляная паласа (дарожка) з 9 кеглямі і шаром, якім трэба было зьбіць як мага больш кегляў, выстаўленых у выглядзе ромба.

Як бачна, у мястэчку Глыбокім ужо ў XVIII ст. гулялі ў боўлінг, аднак сёньня ў Глыбокім бадай ніхто і ня чуў пра такую гульню, многія езьдзяць адпачываць за мяжу, аднак каб Глыбачане зьбераглі толькі тое, што было, то сьмела б у Глыбокага не было б адбою ад турыстаў з усяго сьвету. На жаль, мы ня ўмеем шанаваць ані нашай гісторыі, ані нашай спадчыны.

 

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №21(633) 24 траўня 2012 года.