Клопаты ў Паставах са святлом

Некалькі дзён раней мы паведамлялі аб пераходзе электрастанцыі на пераменны ток і аб выключэнні на некалькі дзён па гэтай прычыне электрычнасці. Новы від электрычнага току, які ўжо некалькі дзён забяспечвае электрастанцыя, выклікаў з боку абанентаў шмат нараканняў і скаргаў. Святло не роўнае і пастаянна мільгае, акрамя гэтага, шмат разоў на працягу вечара ўвогуле гасне і горад застаецца пагружаным у цемру. Шмат людзей перастала асвятляць электрычнасцю жытло і паліць нафтавыя лямпы ці свечкі, таму што праца пры такім няроўным святле амаль немагчымая. Як мы даведаліся, прамысловае прадпрыемства “Люмен”, якому ў мінулым годзе міністэрства дало канцэсію на вядзенне электрастанцыі ў Паставах, не прытрымліваецца прынятых абавязацельстваў. Прадугледжаныя ў канцэсіі тэрміны перабудовы электрастанцыі не былі вытрыманыя, акрамя гэтага, сама перабудова, якая, згодна з умовамі дадзенай канцэсіі, павінна быць праведзена пры ўтрыманні правільнай дастаўкі электрычнага току, з’яўляецца востра адчувальнай абанентамі. Абаненты маюць намер скласці петыцыю да адпаведных уладаў аб вырашэнні гэтай справы. У сувязі са скаргамі абанентаў мясцовы павятовы стараста дэлегаваў войта гміны маёра Длугоўскага і кіраўніка будаўнічага аддзела інжынера Тапалевіча, якія пайшлі на электрастанцыю з мэтай зарыентавацца аб прычынах недахопаў і правядзення перамоў з кіраўніцтвам прадпрыемства “Люмен”. Кіраўнік прадпрыемства Дон Камай прадэманстраваў новае абсталяванне і машыны і адначасова даў тлумачэнні. Аказалася, што прычынай няроўнага святла з’яўляецца дэфект матора, які рухае дынама-машыну, кола якога мала разганяецца. Кіраўніцтва электрастанцыі праводзіць інтэнсіўныя работы па мантажу дадатковага абсталявання, якое ліквідуе цяперашнія недахопы. Аднак гэта пратрывае да сярэдзіны лістапада.

(“Кур’ер Віленскі” № 299 ад 31 кастрычніка 1936 года).

Пераклад Міхал Гіль