Клопаты з братам Казімірам. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Пасля продажу крамы і выезду сястры Ядвігі ў Пецярбург я зняў кватэру на вуліцы Вакзальнай №9, у якой пасяліўся разам з братам Казімірам і сястрой Марыяй.

З сястрой не меў ніякіх клопатаў. Хадзіла ў майстэрню пані Завадскай і вучылася крою і шыццю. З братам Казімірам жа меў вялізныя клопаты і беды. Брат, нягледзячы на свае маладыя гады, навучыўся гуляць з калегамі ў більярд і ў карты на грошы. Не зважаючы на мой нагляд за ім, часта ўцякаў і начамі гуляў на більярдзе ці ў карты, ну і, відавочна, прагульваў.

Перад пачаткам той гульні меў ужо на кніжцы 500 рублёў. Праз пэўны час гэтыя грошы прагуляў і таемна ад мяне і сястры пачаў выносіць з дому сваё і маё адзенне, пакідаючы яго ў ламбардзе. Атрыманыя грошы прагульваў. Праводзячы такі ненармальны лад жыцця, не спаў па начах, закінуў свае працоўныя абавязкі ў кандытарскай. Часта гаспадар браў мяне за руку і, да майго засмучэння, праводзіў паказваць, дзе брат спаў падчас працы.

Усялякія мае намаганні, каб брата адарваць ад калегаў і накіраваць па дарозе нармальнага і прыстойнага жыцця, не далі выніку. Начамі ўцякаў з дому і не прыходзіў на працу, пакуль не прагульваў усіх грошай.

Гаспадары доўгі час цярпелі яго пагарду да працы з погляду на мяне, аднак, калі пачаў сістэматычна ігнараваць свае абавязкі, звольнілі яго з працы.

Пасля звальнення яго з кандытарскай, ён і надалей пражываў у мяне. Аднак працягваў свае закаранелыя гульні, прагульваючы апошняе сваё адзенне, а таксама і маё, якое таемна забіраў і пакідаў у ламбардзе. Ламбардныя квіткі звычайна клаў на месца, адкуль забіраў адзенне, што давала мне магчымасць пакінутае адзенне выкупляць.

Часта вымушаны быў брата выкупляць з гатэля, дзе пасля пройгрышу адзення па некалькі дзён ляжаў у ложку толькі ў бялізне. Калі служба гатэлю мне паведамляла, павінен быў ісці з адзенннем, каб яго апрануць і заплаціць гатэлю даўгі. Вельмі моцна шкадаваў, так як і сястра Марыя, што брат Казімір зрабіўся такім нешчаслівым. Быў ён, па-за сваіх адмоўных звычак, вельмі добрым хлопцам, далікатным у абыходжанні, быў прыстойным і падабаўся дзяўчатам. Сам плакаў над сваім лёсам і шматразова даваў прысягу, што больш гуляць не будзе, але чаго каштавалі тыя прысягі.

Пасля пары дзён начамі ўцякаў з дому і ізноў гуляў. У кожным такім выпадку заўсёды штосьці з дому забіраў з сабой для аплаты за гульню. Таму я пачаў адзенне і іншыя рэчы замыкаць у чамаданах. Гэта не дапамагло, бо адзін раз распароў чамадан і з яго забраў некалькі новых штаноў і залаты гадзіннік і ўсё гэта пакінуў у ламбардзе, квіток жа ламбардавы паклаў у расчыненым чамадане, а сам з грашыма з’ехаў у Пецярбург да сястры Ядвігі і швагра Завадскага.

Там таксама пачаў рабіць тое самае. Пасля пройгрышу прывезеных грошай пачаў выносіць з дому сястры розныя рэчы і астаўляць іх у ламбардзе. Відавочна, сястра і швагра на яго моцна сварыліся. Праз гэта брат Казімір таемна пакінуў Завадскіх і пачаў бадзяцца начамі па розных публічных дамах і вуліцах. У далейшым быў затрыманы паліцыяй і з-за таго, што не меў пашпарта, быў адасланы этапам да бацькоў у Докшыцы як малалетні.

Праз нейкі час зноў забраў яго ў Вільню, таму што сур’ёзна абяцаў, што не будзе больш гуляць. Аднак жа пасля прыезду ў першую ноч забраў мой гадзіннік і ўцёк з хаты. Знайшоў яго ў вядомай мне кавярні гуляючым у більярд і адабраў гадзіннік. Спрабаваў уцячы, аднак прыгнаў яго дадому і ў якасці кары загадаў маліцца, што той рабіў, заліваючыся слязамі. Я і сястра таксама плакалі над яго нядоляй і лёсам.
Па маёй просьбе гаспадары прынялі яго працаваць афіцыянтам. Некалькі месяцаў працаваў бездакорна, да майго і гаспадароў задавальнення. Брат Казімір быў прыстойным хлопцам, ветлівым і прыемным, таму падабаўся гасцям і ўсім у кандытарскай. Зарабляў ён штодзённа да 8 рублёў і гэта было яго няшчасцем, таму што, маючы грошы, якія не заўсёды мне ўдавалася ў яго забіраць, пасля некаторага часу наноў пачаў гуляць у більярд і карты.

Злым лёсам яго было і тое, што нажыў венерычную хваробу. Пахла ад яго лякарствам, якім лячыўся. Пах таго лякарства быў чуваць у кандытарскай, і гэта было прычынай, што гаспадары з жалем былі вымушаны яго звольніць з працы. Пасля чаго брат працаваў у кандытарскай Браніслава на вуліцы Вялікай, дзе быў афіцыянтам больш як год. Там яго любілі і не любілі. Быў любімы за яго далікатнасць і спрытнае абыходжанне з гасцямі. Быў нядобра заўважаным гаспадарамі з прычыны нерэгулярнага прыходу на працу з-за начной гульні ў карты. Аднак трымалі яго па просьбе артыстак Польскага і Рускага Тэатраў, якія пераважна наведвалі кандытарскую Браніслава, і брата Казіміра любілі больш за іншых афіцыянтаў і толькі жадалі, каб ён іх абслугоўваў.

Гаспадары шмат разоў хацелі яго звольніць, але артысткі яго ад звальнення ратавалі як свайго ўлюбёнка. Брат Казімір, каб вырвацца з-пад маёй апекі, пражываў асобна. Пасля звальнення яго з кандытарскай працаваў у розных рэстаранах афіцыянтам. У той час выйграваў і прайграваў вялізныя сумы.

У 1910 годзе знік з тэрыторыі горада Вільні. Яго калегі казалі, што выехаў з Вільні, але куды, не ведаюць. Дома ў бацькоў у Докшыцах таксама яго не было.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля