Ксёндз пробашч Радзівіл з Докшыц. Успаміны Каэтана Ражноўскага

У 1904 – 1906 гады цягнулася рускаяпонская вайна.У гэты час я яшчэ хадзіў у Гарадское вучылішча ў Докшыцах. Гэта школа раўнялася шасці класам гімназіі. Расія цярпела паразу ў вайне, з чаго мы, вучні-палякі, цешыліся. Кожная параза расійскіх войскаў у нас, палякаў, выклікала вялікую радасць. За гэтыя нашы сімпатыі да японцаў мы атрымлівалі горшыя адзнакі за паводзіны. Акрамя таго, нас называлі бунтаўшчыкамі-мяцежнікамі. Для ўдакладнення заўважым, што з часу паўстання ў 1863 года рускія называлі палякаў мяцежнікамі і бунтаўшчыкамі, выяўляючы сваю пагарду да польскага народа.

Падчас перапынкаў у навуцы ў школе ўзімку мы, вучні, гулялі ў вайну, кідаючыся снежкамі. Мы, палякі, называліся японцамі, рускія і габрэі называлі сябе рускімі. Калі палякі складалі японскую армію – рускія і габрэі расійскую армію, якая была колькасна большай за польскую. Пасля ўпартых баёў, аднак, мы, палякі, перамагалі. Шматкратна, каб даць духу рускай арміі, прафесар Бедз’еўскі, які праводзіў гімнастыку, асабіста кінуўся на чале рускай арміі, спрабуючы правесці атаку на нас, палякаў. У выніку звычайна быў вымушаны бегчы з поля бою пасля атрымання добрай лупцоўкі ад нас, палякаў.

Пасля 1905 года і пасля аб’яўлення рэлігійнай цярпімасці рэлігію па-ранейшаму выкладалі для нас, вучняў-каталікоў, на рускай мове. Рэлігію выкладаў пробашч касцёла ў Докшыцах ксёндз Радзівіл. Усе нашы просьбы да яго заключаліся ў тым, каб ён выкладаў рэлігію на польскай мове. Але яны не прыносілі вынікаў.

Тады пад маім кіраўніцтвам паўстала змова зрабіць абструкцыю (перашкоды) падчас выкладання рэлігіі (каб усе вучні білі рукамі пад лаўкамі, каб заглушыць урок рэлігіі, які праводзіў ксёндз). На наступны дзень, калі ксёндз пачаў чытаць лекцыі па рэлігіі, перахрысціўся на рускай мове, мы ўсе аднагалосна пачалі стукаць рукамі па лаўках. Паўстаў вялізны стук і грукатанне. Святар жудасна спалохаўся, у клас убег школьны дворнік, прыцягнуты стукам. Пасля, апамятаўшыся ад шоку, ксёндз пробашч пачаў супакойваць і прасіць аб спыненні стукаць па лаўках. А калі паспрабаваў хрысціцца на рускай мове, то мы ізноў пачалі стукаць рукамі па лаўках. У далейшым ксёндз прывёў дырэктара школы.

Дырэктар пасля ўваходу ў клас пачаў крычаць, што вы, гэта”.. мятежники, делаете бунт священнику, не даёте преподавать Закон Божий. Смотрите, мерзавцы, что бы больше этого не было”. Пасля чаго павярнуўся да ксяндза, каб выкладаў рэлігію. Калі святар перахрысціўся зноў па руску, я ўдарыў рукамі пад лаўкай, за мной яшчэ двое вучняў ударыла, астатнія вучні заставаліся спакойнымі. Тады дырэктар кінуўся да мяне з крыкам: “Это ты, Рожновский, зачинщик бунта, пошёл вон!», і сказаў мне, каб я пакінуў школу. Пасля чаго ксёндз пробашч Докшыцкай парафіі свабодна надалей выкладаў рэлігію на рускай мове.

На наступны дзень Педагагічная рада школы аднагалосна пастанавіла выдаліць мяне са школы. Згадаю, што ўжо навучаўся ў апошнім класе той школы. Я стаў героем сярод польскіх вучняў і каталіцкага насельніцтва, але гэта не перашкодзіла майму бацьку нанесці мне, семнаццацігадоваму кавалеру, цялеснае пакаранне за свой польскі патрыятызм, а кс. пробашч Радзівіл у наступную нядзелю, пасля майго выключэння са школы, падчас навукі ў касцёле заклікаў парафіян, якія маюць сыноў у школе, каб спакойна і пакорліва слухалі яго рэлігійныя лекцыі на рускай мове і былі пакорлівыя кіраўніцтву школы.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля