Квачы Квачамі. Аэліта. Успаміны Язэпа Квача

Дакладна памятаю, я яшчэ тады не хадзіў у школу, як ў нас з’явіўся тэлевізар. Бадай, адзін з першых ва ўсёй вёсцы. У нашым канцы то дакладна, бо першыя часы збіралася шмат суседзяў паглядзець на блакітны экран. А з’явіўся ён у нас неяк ранняй вясной. Бацька цягнуў яго на спіне аж з Карабоў, бо толькі туды даехаў на папутцы. А бабка ўсё выпраўляла мяне на асфальт паглядзець, ці не ідзе бацька. І я яго заўважыў аж пад самымі Карабамі. Так мне тады здавалася. Тэлевізар быў невялічкі, яшчэ першых выпускаў. Называўся ён “Аэліта”. Пакуль наладзілі антэну, у сяле тады не было спецыялістаў, і дапамагаў нейкі Шчасны з Гінек. Запомнілася першае кіно. Яно было пра Леніна. Як бы Ленін ішоў з чайнікам, і нейкі чырвонаармеец папрасіў у яго вару. І Ленін, вядома ж, “добрая душа” падзяліўся з простым салдатам. А мог бы, як у тым анекдоце, і “паслаць падальшэ”.

Бабы асабліва любілі “кіны” любоўныя, а мы, дзеці, і мужыкі – ваенныя. Самы лепшы баявік для нас, канечне ж, быў “Чатыры танкісты і сабака”. Яшчэ ўсе вельмі любілі глядзець “Збянтэжанага Саўку.” І я таксама. П’еса ішла не доўга, і я пытаў, а ці будзе яшчэ працяг. На гэта мне старэйшыя казалі: “Заўтра другая серыя, называецца “Раз’юшаны Саўка”. І я верыў, што ёсць Саўка яшчэ і раз’юшаны, хаця так і не пабачыў яго на экране, а толькі спрабаваў яго паказаць ужо дарослы, выконваючы пастаноўку разам з Лонскай Тамарай.

Азіраючыся з цяперашняга часу, хачу зазначыць, што тэлеперадачы тады былі вельмі ідэалагізаваныя, наскрозь прасякнутыя камуністычнымі мітамі. Гэта бясспрэчны мінус. Але фільмы былі пра дабро, пра перамогу яго над злом, пра высокія чалавечыя пачуцці, пра абавязак чалавека, пра патрыятызм. Не было надаедлівай рэкламы і бясконцых шоу – праграм з крыўляннямі, з пахабнымі жартамі ды насмешкамі.

Язэп Квач