Квачы Квачамі. Наш правадыр. Успаміны Язэпа Квача

Зусім бесклапотнае дзяцінства незаўважна прайшло. Трэба было рыхтавацца да школы. У Квачах была пачатковая школа. На той час, калі я пайшоў у першы клас, у ёй працавалі дзве настаўніцы: Соф’я Міхайлаўна Харужонак і Паліна Казіміраўна. Акрамя Квачоў, першую чвэрць 1972 года, калі я пайшоў у школу, у нас займаліся і дзеці з Канстанцінава. Потым пабудавалі школу ў Карабах, і яны пайшлі ў новую школу. А мы, Квачы, засталіся адны з нашай Соф’яй Міхайлаўнай.

Я добра памятаю той дзень, калі мы ўпершыню прыйшлі на падрыхтоўку. Я кажу мы, бо на той час быў неразлучны са сваёй сяброўкай Ясей. Вяла нас да школы мама. Ішлі мы ў школу ў добрым настроі, радаваліся новаму. Але па-сапраўднаму радаваліся не мы. Насустрач нам са школы ішлі дзеці, для якіх вучэбны год скончыўся. І сярод іх старэйшы на год мой сусед Антусь. З яго радасць так і пёрла. Параўняўшыся разам з намі, ён высока падкінуў сумку, не памятаю, ці злавіў, і голасна крыкнуў: “Ура!” На наша пытанне, у чым прычына такой радасці, ён адказаў: “Школа закончылася! Канікулы!” І хуценька паспяшаў дамоў. Гэта была нармальная рэакцыя вучня, вучоба для якога не прыносіла вялікага задавальнення, і ён неяк датрываў да канца свой першы клас.

Мы ж адразу расселіся за партамі і пачалі знаёміцца. Я, зразумела, сядзеў з Ясей. Кожны называў сваё імя і прозвішча. Прычым не так, як былі запісаны ў метрыках, а як нас называлі дома. Натуральна, што я назваўся не Іосіфам, а Зютакам. Я быў вельмі здзіўлены, калі Яся назвала аж тры свае імёны: Яся, Ніна і Яніна. А так было ўсё звычайна: мы вучыліся пісаць палачкі і кручкі, нешта малявалі, гулялі, слухалі, аб чым распавядала настаўніца.

Памятаю, як мы вярталіся дамоў і нас пераняла Марыся Маскалёва. Жартуючы, яна сказала: ”Першачкі-дурачкі пішуць палачкі, кручкі.”

Першай лінейкі не памятаю. Для мяне пачатак вучобы пачаўся з таго, што я не ўпадабаў школьную перакуску. На першы час нам у школе давалі папіць чаю, кампоту або кісялю з пячэннем. Гатавала нам наша ўборшчыца цёця Стася з Драздовых. І вось першы раз нам давалі кісель, ён быў не салодкі, і вада як бы нечым аддавала. Я праз сілу з ім ледзь справіўся. На другі дзень, каб не паўтараць над сабой такую экзекуцыю, я перад раздачай вышмыгнуў са школы і перачакаў абед пад школьным ганкам (прыступкі былі высокія, і пад імі можна было схавацца). І якое ж было маё расчараванне, калі сябры сказалі, што сёння давалі добры чай. Дзесьці ў другім класе сталі ўжо нас карміць лепш, а менавіта кожны дзень нам усё тая ж цёця Стася варыла то булён (суп), то малочнае. А для гэтага настаўніца кожнаму з дому загадала прынесці фарфоравую талерку і лыжку. І яшчэ пры нас было адно новаўвядзенне. На фізкультуру настаўніца сказала прынесці кеды, і каб яны былі ў торбачцы. Бабка мне пашыла торбачку з нейкага чырвонага кавалка матэрыі, і на фізкультуру мы ўжо пераабуваліся. Калі нас стала вучыць адна Соф’я Ігнацьеўна, то мы вучыліся ў дзве змены. На другую змену прыходзілі пасля двух урокаў. Не ведаю, як яна, бедная, з намі спраўлялася. Але іншага мы тады і не ўяўлялі. Канечне ж, настаўніцу слухаліся ўсе бездакорна. Другая справа, што некаму ў адно вуха ўлятала, а праз другое вылятала. Я памятаю добра ўсіх тых, хто разам са мной вучыліся на той час у Квачоўскай пачатковай школе. У трох класах вучыўся 21 квачоўскі вучань:

1 клас – Квач Міша, Квач Зютак, Пачкоўскі Эдзік, Кабылінскі Сашка, Радзевіч Генка, Барыла Антаніна, Барыла Вінусь.

2 клас – Кабылінскі Антусь, Ермаковіч Эдзік, Ермаковіч Гуця, Маскалёнак Дануся, Барыла Оля.
3 клас – Квач Лёлька, Пачкоўская Лёлька, Квач Лена, Квач Тадзік, Рудак Марына, Барыла Каця, Кабылінская Люда, Маскалёнак Геня, Квач Алёна, Харужонак Тамара.

Перад другой зменай мы звычайна прыходзілі зарання і бавілі свой час так: гулялі на спартыўнай пляцоўцы ў футбол, бегалі, дапамагалі цётцы Стасі пілаваць дровы, таўкліся ў калідоры, калі было холадна. Настаўніца запрашала нас у клас, давала чытаць казкі і г.д. На перапынках, калі было цёпла, усе выбягалі гуляць на спартыўную пляцоўку, якраз у 1972 годзе паставілі новыя драўляныя спартыўныя снарады. Тут была палка, па якой можна было лазіць, як па канаце. А вось бум я запомніў добра. І не толькі таму, што ўсім хацелася па ім прайсці, і не толькі прайсці, але і скінуць таго, хто ідзе табе насустрач. І вось мне насустрач ішла Пачкоўская Лёлька, упэўненая ў сабе, старэйшая на два гады, у прыгожай новай школьнай форме, але малая. І як сталі мы з ёй тузацца, то я парваў ёй беленькі пярэднік. Яна заплакала і пабегла жаліцца настаўніцы. Я чакаў расплаты, якая не прымусіла сябе доўга чакаць. Яна была ў асобе Тадзіка, Лёльчынага аднакласніка, адзінага хлопца, які вылучаўся між нас ростам і сілай, хадзіў паміж сваіх дзевак, як певень між курэй. І вось ён, нібы паліцэйскі, за руку прыцягнуў мяне ў настаўніцкую. На маё здзіўленне, усё скончылася не так і страшна. Настаўніца мяне трохі паўшчувала ды і адпусціла. Горш было тое, што са мной вучыўся Лёльчын брат Эдзік. Ідучы ў школу, я заходзіўся да яго, бо нам весялей было ісці разам. Пасля гэтага зда- рэння я стаў захадзіцца па Эдзіка мо праз які месяц, бо баяўся яшчэ і маці Лёлькі за сапсаванае адзенне. Але яны мне даравалі і нават не ўпікнулі за гэта ніколі. Разумелі, што гэта дзеці.

Дарэчы, пра дарогу ў школу і са школы. Амаль заўсёды гэта было цэлае падарожжа. Ішлі мы звычайна напрасткі: праз двор Бронькі Анцюцінага (у яго быў добры сабака Ваўчок), каля катлавана, праз калгасны двор каля канюшні, за хлевам ля Зымона, праз лужок і выхадзілі на вуліцу, што ўжо каля Калюся Фэлічкавага і Маскалёнкаў. А па дарозе ж трэба было перамераць усе лужы і гурбы, каля катлавана патрасціся па дрыгве, і каб яна цябе не засмактала, зайсціся да дубоў і набраць там у сумку жалудоў. Ды і яшчэ колькі ўсяго нечаканага чакала нас тады на такой далёкай на той час дарозе да школы. А са школы ішлі яшчэ вальней: спяшацца не было куды. Біліся ў снежкі, штурхаліся. Асабліва цікавы занятак быў, калі ўжо выпадала досыць снегу. Хлопцы прасілі ў калгаснага конюха Юзафкі вялікія конскія сані. Мы каталіся на іх з горкі за канюшняй. Хаця гара была і не высокая, але добра расслізганая, і, разагнаўшы сані, мы ўскоквалі на іх і каціліся даволі далёка, падмінаючы пад сябе лазовае кустоўе.

Пісалі мы, як я памятаю, тры чвэрці першага года чарнільнымі ручкамі. На старых школьных партах яшчэ былі прадугледжаны выемкі для чарніла, калі раней пісалі пяром. З чарнілам было гора. Ручкі то лілі, то шкраблі, то пакідалі пасля сябе кляксы ў сшытках ды на руках. Дапамагала бібула (прамакачка). А апошнюю чвэрць ужо пісалі шарыкавымі ручкамі. О, тады гэта быў прагрэс!

Успамінаю школьныя мерапрыемствы. І перш за ўсё ёлку. Рыхтаваліся сур’ёзна і доўга. Плялі рознакаляровыя ланцужкі, клеілі фанарыкі для ўпрыгожвання, рыхтавалі нумары самадзейнасці. Помню, ставілі сцэнку пра рэпку. Дык мы перад гэтым, можа, тыдзень усё фарбавалі яе, некалькі разоў выразаную з кардона. Дзед Мароз заўсёды была цётка Стася, яна ж старалася (прыносіла) і ёлку. На свята набівалася бацькоў цэлая школа. Свята праходзіла весела для нас і для іх. Яшчэ заўсёды быў адметны адзін вясенні дзень, калі мы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю: прыбіралі, ускапвалі градкі, садзілі кветкі. Часам рабілі экскурсіі ў лес у грыбы, а адзін раз былі нават на Гулідаўскім возеры. З якой бы вялікай ці малой вандроўкі мы не вярталіся – заўсёды прыносілі з сабой прыродны матэрыял для нашых будучых падзелак. Гэта былі шышкі, жалуды, розныя галінкі, лісточкі. Потым мы з іх майстравалі качак, буслоў, вожыкаў. Рабілі розныя кампазіцыі, дабаўляючы вырабы з пластыліну, і яны захоўваліся на палічках. У спецыяльнай шафе месцілася бібліятэка, адкуль мы бралі для сябе чытаць кнігі.

У першым класе перад “Акцябарскімі” нас урачыста прынялі ў акцябраты і прычапілі зорачкі з малым Валодзем (Леніным). А ўжо ў трэцім класе прынялі ў піянеры. Гальштукі нам завязалі ў дзень нараджэння ўсё таго ж куміра абалваненага ім народа. Хаця абалваненыя, напэўна, былі і не ўсе, бо старыя жылі пры розных уладах і ведалі ім цану. А вось з нас, школьнікаў, ляпілі, што хацелі. І мы гэта ўбіралі ў сябе, як губка. І што атрымлівалі на выхадзе? Прывяду звычайны і тыповы эпізод са школьнага жыцця. Мы яшчэ ў першым класе і палітычна непадкаваныя, а напярэдадні Акцябарскіх настаўніца “выхоўвае” нас і адначасова правярае, на што здатны яе выхаванцы. І вось яна задае пытанне: “Хто такі Ленін?” Старэйшыя вучні падымаюць рукі. Але больш за ўсё пнецца і стараецца Антусь. Ён так трасе сваёй рукой, што дацягваецца амаль што не да самага настаўніцкага стала. Ён задаволены, што ў адрозненні ад іншых прадметаў можа хоць тут сябе праявіць і горда адказвае: “Ленін – гэта наш правадыр!” “Сядай, маладзец, правільна,” – кажа задаволеная настаўніца. Задаволены і наш Антусь, што хоць тут ён не даў маху. І гэта Антусь, які не вызначаўся ні па якіх-небудзь прадметах, ды і тое мякка сказана. Затое асноўнае ён засвоіў: хто наш правадыр, і хто вядзе нас наперад да лепшага жыцця. А потым засвоілі гэта і мы, маладзейшыя, і не толькі гэта. Засвоілі і тое, хто наш вораг, хто гатоў парушыць наша мірнае жыццё. Тады ўжо ў пачатковай школе нам “увялі ў вушы”, што наш галоўны вораг – капіталізм на чале з Амерыкай, што нашы ворагі валодаюць страшнай ядзернай зброяй. І яны гатовы яе прымяніць у любы момант. Мы добра ўсведамлялі, што пасля ўзрыву ядзернай бомбы на небе расце грыб, усё гарыць і рушыцца, гінуць людзі і ўсё жывое. І, ведаючы гэта, я памятаю, што быў такі перыяд, калі я не мог падоўгу начамі заснуць. Мне ўсё сніліся жахі ядзернага канца свету. А тады ж так хацелася жыць, гуляць, расці і радавацца жыццю! А ўсё гэта пад пагрозай ядзернага грыба.

І ўсё ж, нягледзячы, як кажуць, на перакосы ў Наркампросе, у Квачоўскай школе ўсе мы атрымлівалі першыя веды, пазнавалі свет і сябе разам з дарагой нашай настаўніцай Соф’яй Міхайлаўнай. Родам яна была з Верацей. Тут жа вучылася і яе дачка Тамара. Пасля была ў Квачах яшчэ нейкая настаўніца, але школа ўжо праіснавала нядоўга. Пасля яе зусім разабралі. З’ехала ў свае Верацеі і наша першая настаўніца. Праз многа часу, можа ў 2000 годзе, я, калі быў у мамы, рашыў наведаць Соф’ю Ігнацьеўну. Неяк дабраўся па вясеннім бездарожжы да Верацеяў. Мяне там чакала расчараванне, бо не знайшоў ні сваёй першай настаўніцы, ні нават яе магілы. устрэчны мужчына расказаў мне, што тая паехала да дачкі некуды ў Расію. Дачка была геолагам, маці там памерла і пахаваная.

Язэп Квач


 

One Comment

  1. Іван Кобзік

    Дзякую за цікавы нарыс пра суседнюю вёску. Вось бы і пра Белявічы хто так душэўна напісаў…