Ластаўкі незалежнасці. Успаміны Каэтана Ражноўскага

У 1908-1910 гады ў Вільні адбываліся агульнапольскія Злёты “Сокалаў”, пешых і конных атрадаў. Жыхары Вільні, палякі, у той час перажывалі вялікі энтузіязм і радасць. Пераход “Сокалаў” праз горад на спартыўнае поле быў сустрэты натоўпамі тысяч жыхароў Вільні. “Сокалам” кідалі кветкі пад ногі. На спартыўным полі аглядалі практычныя заняткі пешых і конных “Сокалаў”. Асабліва батальнае відовішча, якое прадстаўляла сцэну бітвы польскіх уланаў з царскімі казакамі пад Рацлавіцамі. Бітва тая скончылася перамогай уланаў.

Гэта відовішча выклікала неапісальную радасць тысяч гледачоў, а вокрыкам не было канца: “Няхай жывуць “Сокалы!”,”Няхай жыве войска польскае!” Гэта адбывалася падчас Зялёных Свят (Пяцідзесятніцы), калі было ў Вільні шмат пілігрымаў да Кальварыі, і хто адмыслова прыехаў, каб паглядзець публічныя выступленні “Сокалаў”.

Прыбыўшыя гледачы разам з віленчукамі вынеслі незабыўнае ўражанне з выступаў атрадаў “Сокалаў”, якія сваёй выпраўкай выклікалі энтузіязм не толькі сярод палякаў, але і іншых нацыянальнасцяў. Як вясной абуджаецца прыгожае жыццё ў прыродзе, так пачало прачынацца ў сэрцах палякаў радаснае жыццё з надзеяй на ўваскрашэнне незалежнай Польшчы.

Жыццё не абмяжоўвалася толькі пачуццямі і любоўю да Польшчы, але гэта станавілася з кожным днём на справе рэальным. Тады пачалі выходзіць у Вільні дзьве штодзённыя газеты «Кур’ер Віленскі» і “Газета цодзенна”. Быў адкрыты Польскі тэатр. Паўсталі розныя Таварыствы, Гурток спеваў “Лютня”, “Сокал”, “Школьная маціца”, “Кааператыўныя Крэдытныя Касы” і г. д. Прыгожа былі арганізаваны вянкі на Віліі напярэдадні Св. Яна.

Баркі, дэкараваныя ліхтарамі прыгожага колеру і лодкі плавалі па Віліі пад гукі аркестра і харавых спеваў. На берагах ракі былі запаленыя велізарныя вогнішчы. Прычым адбываліся гульні, танцы, гонкі ў мяшках, харавыя спевы і гімнастычныя выступы.

Прыгнечанае дагэтуль царамі-сатрапамі польскае насельніцтва пачало абуджацца да вольнага жыцця і незалежнага існавання, як гэта было пры дзядах і прадзедах да падзелаў Польшчы. У кожнай вясковай хаце, засценку, фальварку і дварах пачалі вучыць дзяцей па-польску. Усюды ўжо гучала польская мова. У выніку школьных забастовак было ўведзена выкладанне рэлігіі на польскай мове па некалькіх гадзін штодзень у школе.

Палітычныя партыі пачалі праяўляць сваю дзейнасць. Польская сацыялістычная партыя, скарочана ППС, згуртавала ў сабе пераважна палякаў, якія працавалі разумова і фізічна. Лозунгам ППС была не толькі абарона працоўных ад эксплуатацыі, але і імкненне да незалежнасці Польшчы. У той час ППС карыстаецца велізарнай папулярнасцю сярод польскага народа.

Імя Юзэфа Пілсудскага штораз больш было чуваць. Гэта імя набірала вялікае значэнне ў польскага народа. З гэтым імем польскі народ імкнуўся да аднаўлення незалежнасці Польшчы. Не дапамаглі намаганні некаторых партый пераканаць палякаў да інтэрнацыяналізму, або правых нацыяналістычных польскіх груп. Лозунгам Пілсудскага на чале ППС была незалежная самастойная Польшча. З гэтым дэвізам ішла большасць польскага народа.

У 1910 годзе на станцыі Безданы адбыўся замах на цягнік, які ішоў з Варшавы ў Санкт-Пецярбург. Гэты замах быў справай ППС, якая тады здабыла трыста тысяч рублёў. Гэтыя тысячы былі нарабаваныя ў польскага народа царскім урадам і вывозіліся ў расійскую казну ў Пецярбург.

ППС гэтыя грошы выкарыстала на ідэалагічныя мэты, як на дзейнасць у імя незалежнасці. Усе намаганні жандармерыі, паліцыі і арміі выявіць асоб, якія ўчынілі напад, былі беспаспяховымі.

Пасля аднаўлення незалежнасці ў 1919 годзе дайшло да публічнай вядомасці, што замах быў праведзены пад асабістым кіраўніцтвам Пілсудскага з дапамогай сваіх таварышаў, між іншымі і з Прыстарам.

У той перыяд ужо існавала Дзяржаўная Дума ў Санкт-Пецярбургу, у якую дэпутаты былі абраныя згодна з выбарчым правам. Закон аб выбарах даваў права галасаваць толькі за тых, хто валодае ўласнасцю і заплаціў падатак пэўнай велічыні. Гэты закон пазбаўляў працуючыя народныя масы выстаўляць сваіх кандыдатаў і галасаваць. Па гэтай прычыне ў Думу былі абраны толькi памешчыкі, прамыслоўцы і купцы. У такой Думе дэпутаты абаранялі толькі свае інтарэсы, ігнаруючы сацыяльныя інтарэсы працоўнага класа.

У той Думе “Круг Польскіх дэпутатаў” падаў мемарандум з жаданнем прадастаўлення Польшчы аўтаноміі ў межах былой Кангрэсаўкі. Гэта жаданне не задавальняла большасць польскага народа, які быў толькі за аднаўленне поўнай незалежнасці ў адпаведнасці з лозунгамі абвешчанымі ППС пад кіраўніцтвам Пілсудскага. Дзяржаўная Дума па прапанове чарнасоценцаў, якія групіраваліся ў саюзе ісцінна-рускіх людзей, вымушаная была прыняць рэзалюцыі аб роспуску Думы. Урад з дапамогай гэтых рэзалюцый неаднаразова распускаў Думу і зноў абіраў, у адпаведнасці са сваімі жаданнямі. Такія Думы дачакаліся вайны ў 1914 годзе, не прыносячы народу ніякай карысці. Пасля пачатку рэвалюцыі ў 1917 годзе ўрад цалкам спыніў сваё існаванне.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля