Лекі без аптэкі. Успаміны Язэпа Квача

У наш час нас лячылі нашы мамы і бабулі так, як, напэўна, і раней лячыліся нашы бабкі. Да дактароў звярталіся ў крайніх выпадках. Вырасшы ў такіх умовах, я таксама добра засвоіў бабчыну аптэку. Самае звычайнае захворванне ў дзяцей было – гэта “забалеў жывот”. У такім разе мне бабка давала жоўці, у якую дабаўлялі гарэлку. Дзіця так бы яе не выпіла, таму некалькі кропель налівалі ў лыжку з цукрам. Калі даймалі глісты, то давалі выпіць некалькі кропель “шпікунару” (скіпідару), або адвар піжмы. Калі жывот “пагнаў” (панос), то пяклі крута яйка і густа ў яго дамешвалі кміну або давалі адвар з кміну. Для апетыту і ад жывата давалі адвар палыну. Ад “падарвання” памагала цынтурыя. Я помню, як з бабкай яе збіралі на старыцы на палянцы, што была ля дарогі, як ісці да Лысых. Ад захворвання горла дапамагала гарлянка. Калі з’яўлялася нейкая высыпка, то абкурвалі ветрынкамі або змывалі іх адварам. Корань старадуба дапамагаў ад страўніка, а настойка з каранёў валяр’янкі пры нервовых растройствах. Дарэчы, настойкі на каранях даводзілася маме добра хаваць, каб бацька імі не пахмяліўся. На хворы зуб давалі анальгін або зусім вырывалі. У дзяцей здараліся прастуды. Лячылі мёдам, параным малаком, адварам чабору, ліпы. А калі ўжо моцна забірала, то мама загадае – і п’еш “сікі” (мачу). Паспрабуй не выпі! Як напужаюць запален нем, што можаш памерці, бальніцай ды ўколамі, вось і п’еш. І ведаеце, мне то дапамагала. Я доктара не ведаў. З лякарстваў пры прастудзе прызнавалі толькі аспірын. Вып’еш таблетку, добра ўпацееш і папраўляешся.

Была ў нас такая незвычайная хвароба, як “уроцы”, або “з вока”. Дык вось, калі каго-небудзь ураклі, то маці сцірала сваім падалом. Яшчэ лепш памагала ад уроцаў “чацвярговая соль”. Яе растворам змывалі і давалі троху выпіць. Я яшчэ памятаю, як бабка ў “чысты чэцвір”, калі ў хаце ўсё павінна быць як след прыбрана, строіла соль. Яна замотвала соль у нейкую рызінку (анучку), абмазвала яе глінай і клала ў пячурку. Да Вялікання яна там высыхала, і калі ўжо адбылася велікодная імша (рызурэкцыя), то соль вызвалялася ад усіх абгортак і станавілася “памоцная”. Дапамагала ад усякай нячывілі (злых духаў) і свянцоная вада.

Калі ў каго прыкідвалася (з’яўлялася) рожа, то тады ішлі да Паўліны Адамовічавай, бо яна ўмела яе “замаўляць”. Замаўляла яна аржаную муку, якой і пасыпалі балючае месца. У крайніх выпадках ад незнаёмай і невылечнай хваробы ехалі па дапамогу да Далмана, які жыў у Верацеях. Па тых часах – гэта быў адзіны вядомы на ўсю акругу знахар. Да яго ехалі не толькі з усёй Беларусі, але і з Саюза. Ён замаўляў ваду, якую трэба было піць і змывацца да ўсходу і па захадзе сонца. Па тым, на колькі ён быў моцны знахар, гаворыць наступны факт. Неяк з Расіі прыехаў знатны генерал, у яго не магла разрадзіцца дачка. Далман замовіў яму вады, але той сказаў, што можа не паспець. Далман жа адказаў, што і па паветры паслаў сваю дапамогу. Усё абышлося добра, і ўдзячны генерал дабіўся, каб зрабілі прыпынак для цягніка ў Верацеях. А яшчэ аднавяскоўцы расказвалі, што да Далмана ішла па ваду нейкая баба і здалося ёй, што замнога яна нясе яму платы. Прыхавала пад кустом сыр. Далман даў ёй вады і ў канцы сказаў: “Глядзі ж, як будзеш ісці дамоў, то не забудзь пад кустом свой сыр.”
Вот, казала, і сорамна ж было ёй!

Язэп Квач