Лучайская Дзяржаўная Сельскагаспадарчая Школа

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

У 1925 годзе Польскія ўлады прынялі рашэнне аб правядзенні рэформы ў сельскай гаспадарцы, якое 28 снежня таго ж года было аформленае ў выглядзе закона. Пачалася хутарызацыя заходне-беларускай вёскі і ліквідацыя сервітуту, г. зн. сумеснага з абшарнікам валодання зямлёй. Максімальны памер зямельных участкаў ва ўсходніх ваяводствах краіны абмяжоўваўся 300 гектарамі. За адчужаныя “лішкі” землеўладальнікам выплачвалася кампенсацыя. У выпадку адмовы законам прадугледжваўся механізм прымусовага выкупу.

Кіраўніцтва краіны імкнулася вырашыць некалькі праблем. Па-першае, ліквідаваць так званы “зямельны голад”, недахоп зямлі, тым самым скараціўшы і беспрацоўе на сяле. Па-другое, стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі. У ходзе рэформы купіць зямлю маглі і сераднякі і нават беднякі, паколькі на гэта выдаваліся мэтавыя ільготныя крэдыты. Яшчэ адной вострай праблемай вёскі ў 20-30-я гады ХХ стагоддзя была яе перанаселенасць, лішак рабочых рук. Таму многія сяляне адпраўляліся на заробкі ў Прыбалтыку – у Латвію і Эстонію, і нават у такія далёкія краіны, як Аргенціна і ЗША. Вядома, жыхары Віленшчыны або Навагрудчыны ехалі за мяжу не ад добрага жыцця, але, па меншай меры, у іх быў выбар, якога калгаснікі-рабы ў БССР не мелі.

Яшчэ да рэформы вядомы польскі публіцыст В. Бітнер, актыўна заклікаў улады да развіцця сельскагаспадарчай адукацыі ва ўсходніх ваяводствах краіны. Падобныя думкі можна сустрэць таксама ў працах эканаміста і публіцыста, рэктара Вышэйшага Сельскагаспадарчага Вучылішча, міністра сельскагаспадарчых рэформаў ва ўрадзе В. Грабскога Здзіслава Людкевіча, які падкрэсліваў неабходнасць укаранення новых перадавых тэхналогій вядзення сельскай гаспадаркі, заклікаў да надзялення сялян зямлёй за кошт угоддзяў буйных землеўладальнікаў.

Гэтыя ідэі, уласна кажучы, шмат у чым і ляглі ў аснову вышэйзгаданай рэформы, якая вельмі хутка стала прыносіць свой плён. У заходне-беларускай вёсцы з’явіліся моцныя сяляне-фермеры, прадукцыя якіх карысталася заслужаным попытам не толькі на ўнутраным рынку, але і ў многіх Еўрапейскіх краінах, куды адпраўлялася на экспарт. Перадваенная статыстыка сведчыла, што, напрыклад па Пастаўскаму павету ўраджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх іншых культурах – апярэдзіла ЗША. Цяпер гэта гучыць як фантастыка, але так было. Унутраны рынак хутка насыціўся таннымі прадуктамі харчавання. У 30-я гады 1кг чорнага хлеба каштаваў у сярэднім 0,2 зл., 1кг сітнага – 0,25 зл., здобныя булачкі – 1-2 гроша за штуку, 1кг сала – 1,4 зл., 1 кг ялавічыны – 0,7 зл., 1кг сметанковага масла 2 – 2,5 зл., 1 літр малака – 0,1 зл.

У краіне сталі стварацца розныя сельскагаспадарчыя навучальныя ўстановы, мэтай якіх была падрыхтоўка прафесійных кадраў для вёскі. Так, у вёсцы Лучай Пастаўскага павета (Віленскае ваяводства) з’явілася Дзяржаўная Сельскагаспадарчая Школа, якая выпусціла за гады свайго існавання каля 500 пісьменных спецыялістаў.

Зрэшты, на Пастаўшчыне яна не была першай. Каля Манькавіч, пры маёнтку князя Друцкага-Любецкага, яшчэ да Першай сусветнай вайны таксама працавала падобная школа. Яе выпускніком, у прыватнасці, быў Мікалай Навойчык, які ў 30-я ХХ стагоддзя працаваў спецыялістам у маёнтку графа Тышкевіча.

Першым дырэктарам Лучайскай с/г школы, па некаторых звестках, быў аграном Жэмральскі. Навучанне было платным. У сярэдзіне 30-х гадоў штомесячная плата складала 25 злотых. Выхадцам з маламаёмных сем’яў аплачвала вучобу Віленская Сельскагаспадарчая Палата (Wileńska Izba Rolnicza).

Цікавыя ўспаміны пра Лучайскую с/г школу пакінуў яе былы выпускнік Юзаф Талкановіч. У сваёй кнізе “Лёс чалавека” (Człowieczy los) ён піша: “Мая родная вёска (Мякчылы) […] знаходзілася ў 12 км ад савецкай мяжы, на тэрыторыі гміны Даўгінава Вілейскага павета. У 1938 годзе я быў прыняты ў Лучайскую Дзяржаўную Сельскагаспадарчую школу, якая размяшчалася на Пастаўшчыне, пры дарозе, якая вядзе з Дунілавіч на Паставы. Да маёй роднай вёскі было 70 кіламетраў. У школу я дабіраўся на цягніку са станцыі Будслаў, праз Крулеўшчыну, Глыбокае, і далей – да станцыі Варапаева. Потым трэба было пераадолець пешшу 8 км па сельскай, выбоістай дарозе, якая вілася сярод маляўнічых зялёных пагоркаў.
Школьныя будынкі дзіўным чынам гарманічна ўпісваліся паміж двума азёрамі: Лучайскім з паўночна-заходняга боку, і Лісіцкім з паўднёва-усходняга. Двухпавярховы будынак стаяў на ўзвышшы і ўяўляў сабой цудоўны шэдэўр архітэктуры. З заходняга боку меўся балкон, а на фасадзе, над параднымі дзвярыма, была прымацаваная шыльда “PAŃSTWOWA SZKOŁA ROLNICZA”, якая віднелася здалёк.

Школе належалі 60 гектараў зямлі, праз якія пралягала дарога, якая вядзе з Дунілавіч на Паставы. Паблізу размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, агароднінныя плантацыі і цяпліца. На другім баку дарогі быў фруктовы сад, ворныя ўгоддзі і лугі, за якімі ляжала вёска Германавічы, а крыху далей – Карпавічы. З паўднёвага боку, за мастком праз ручай, які злучаў абодва возеры, знаходзіліся вёскі Гаўрылавічы і Васевічы. Па нядзельных і святочных днях людзі з навакольных вёсак групамі ішлі на Імшу ў старажытны і вельмі прыгожы Лучайскі касцёл.

Школьны гаспадарчы двор уяўляў сабой форму квадрата пад агульнай дахам. Там знаходзіліся кароўнік, стайня, невялікая сталярная майстэрня, аўчарня, малочная станцыя і свіран. Для забеспячэння навучальнага працэсу школа ўтрымлівала каля 30 кароў польскай бурай пароды, тры пары коней, каля 30 свіней і столькі ж авечак. Нас навучалі вядзенню сельскай гаспадаркі, садаводству, жывёлагадоўлі, пчалярству і агародніцтву, а таксама вядзенню бухгалтарскага ўліку ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Мы таксама вывучалі механізацыю сельскагаспадарчых работ.

Школа не мела водаправода і каналізацыі, таму ваду нам даводзілася дастаўляць у бочках з возера. Мы яе залівалі ў фільтравальную ўстаноўку, якая знаходзілася ў прыбудове. Дастаўка вады з’яўлялася дадатковым абавязкам навучэнцаў. Як і ўсё бліжэйшае наваколле, школа таксама не была электрыфікаванай. Таму ў вячэрні час заняткі праходзілі пры святле газавых лямпаў з круглявымі кнатамі.
Знутры будынак быў вельмі шырокім і ёмістым. У партэры знаходзіўся прасторны хол, у якім праводзіліся штодзённыя шыхтаванні і праверкі. Калі павярнуць направа, то за дзвярыма размяшчалася канцылярыя, а за выгібам хола былі яшчэ і іншыя памяшканні, кватэры выкладчыкаў. З левага боку знаходзіўся гардэроб, умывальны пакой, сталовая і кухня.

На другі паверх вяла шырокая дубовая лесвіца, з разьбянымі парэнчамі. Па левы бок ад лесвіцы, на другім паверсе, была вялікая аўдыторыя для лекцый і спальня для студэнтаў. Пры ўваходзе ў аўдыторыю, з левага боку стаяла вялікая дошка, а з правага – высокая, з двума прыступкамі, кафедра для выкладчыка […]. Са спальні быў выхад на прасторны балкон. Аўдыторыя для лекцый змяшчала адначасова 60 чалавек. З правага боку знаходзіліся навучальныя кабінеты фізікі, хіміі, механікі, а таксама вялікая бібліятэка. Маляўнічая ліпавая алея цягнулася ад школы да касцёла, і далей да адміністрацыі гміны, пошты, і на плошчу, на якой было пара крамак.

На ўскраіне Лучая, з паўночнага боку, знаходзіліся невялікія могілкі. Там пахаваны заслужаны для ўсёй краіны чалавек, бацька дырэктара школы Эдмунд Знатовіч, аўтар выдатнай манаграфіі аб Лучаі, машынапісная копія якой захоўвалася ў нашай бібліятэцы. Мы маглі яе чытаць, але толькі ў чытальнай зале[…].

У Лучайскую с/г школу прымалі хлопчыкаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, але часам бралі і крыху старэйшых. Моладзь была ў асноўным вясковая. Пасля заканчэння навучальнай установы многія мелі намер працаваць на бацькоўскай зямлі. Але так было не заўсёды. Некаторыя шукалі працу ў буйных маёнтках, у адміністрацыі паветаў і гмін. Іншыя ўладкоўваліся на буйныя малочныя фермы. Большасць студэнтаў былі выхадцамі з польскіх сем’яў, але былі і беларусы, і нават рускія стараверы. Усіх нас аб’ядноўвала шчырая дружба. Большасць вучняў былі з Пастаўскага, Вілейскага і Дзісненскага паветаў. Навучанне доўжылася год, і падзялялася на 2 семестры – зімовы і летні. Урачыстае заканчэнне школы прыходзілася на 1 лістапада, пасля чаго належала абавязковая гадавая практыка ў якой-небудзь вялікай гаспадарцы. Самым здольным студэнтам такая магчымасць прадстаўлялася на месцы, у Лучаі.

Дысцыпліна была суровая. На ранішнюю паверку дзяжурны падымаў нас у палове шостай раніцы, а жывёлагадоўчую групу яшчэ на гадзіну раней. Трэба было хутка апрануцца, заправіць ложак, спусціцца на першы паверх ва ўмывальны пакой і хутка памыцца халоднай вадой, якая цякла самацёкам па трубе з фільтрацыйнай ўстаноўкі. У 7.00 сняданак і пасля кароткага перапынку пачыналіся заняткі, якія доўжыліся да 12.00.

Каля 13 гадзін па раскладзе быў абед. Затым, пасля кароткага перапынку, пачыналіся практычныя заняткі па земляробству, агародніцтву, жывёлагадоўлі, і гэтак жа ў групах: у майстэрні і ў гаспадарчай. Задачай апошняй была дастаўка вады і дроў у будынак школы. Праца ў групах доўжылася два тыдні, пасля чаго адбывалася змена віду дзейнасці. Кіравалі групамі практыканты – выпускнікі нашай школы.

Фізічная праца працягвалася да 17.00 гадзін. Выключэннем з’яўляліся святочныя дні, калі працавалі толькі дзве групы – жывёлагадоўчая і гаспадарчая. Па завяршэнні ўсіх работ мы вячэралі, пасля чаго заняткі працягваліся яшчэ да 20 гадзін. Затым, згодна з раскладам, была самастойная падрыхтоўка па засваенню зададзенага матэрыялу. У 22 гадзіны дзяжурны аб’яўляў вячэрнюю паверку, пасля якой усе разам выконвалі “Wszystkie nasze dzienne sprawy”, і гасілі святло. Выкладчыцкі склад Лучайскай с/г школы складаўся з шасці чалавек:

– Станіслаў Знатовіч – дырэктар школы і выкладчык механізацыі сельскай гаспадаркі.

– Інжынер Баляслаў Бычэўскі – доктар, сельскагаспадарчыя работы.

– Інжынер Казімір Чэхаўскі – агародніцтва, пчалярства.

– Антоній Фяліцкі – батаніка, хімія.

– Зоф’я Знатовіч – паланістыка, гісторыя, матэматыка. Кожную суботу мы наведвалі рымскую лазню, якая знаходзілася каля возера, побач з вежай. Улетку часцяком купаліся ў возеры, вада ў якім была настолькі чыстай, што, пагрузіўшыся ў яе па шыю можна было ўбачыць ступні сваіх ног. Возера было вельмі глыбокім, і часам здараліся няшчасныя выпадкі ўтаплення. Таму для бяспекі, падчас калектыўнага купання, на возера выплывалі дзве лодкі з выратавальнымі сродкамі.

Па нядзелях мы наведвалі Імшу ў Лучайскім касцёле, а па святах (3 траўня, 11 лістапада) урачыста адпраўляліся туды калонай, са школьным сцягам. Абавязковым прадметах была ваенная падрыхтоўка, якую нам выкладаў падафіцэр Корпуса Аховы Памежжа (КАП). Недалёка ад школы было стрэльбішча. Моладзь з захапленнем прымала ўдзел ва ўсялякага роду спартыўных спаборніцтвах. Нас выхоўвалі ў духу патрыятызму і любові да сваёй Радзімы. Школьная падсобная гаспадарка, якой кіравалі прафесіяналы, прыносіла багаты плён. Навакольныя сяляне ахвотна набывалі ў нас саджанцы раслін і маладняк хатніх жывёл. […]. Навучальная ўстанова была забяспечана самым сучасным сельскагаспадарчым інвентаром і прыстасаваннямі, як для ручной, так і для механічнай апрацоўкі зямлі і раслін: у асноўным – амерыканскай вытворчасці. Пасля кожнага прымянення, навучэнцы яго старанна чысцілі і кансервавалі.

У Лучайскай сельскагаспадарчай школе таксама праходзілі штогадовую практыку студэнты Віленскага універсітэта імя караля Стэфана Баторыя […].

У канцы ліпеня 1939 года дырэкцыя арганізавала для нас экскурсію на возера Нарач, дзе мы каталіся на яхтах і лодках, а потым елі вэнджанага вугра, прыгатаванага ў мясцовай вяндлярні. Здалёк бачылі прыгожы будынак дачы, над якой лунаў вялікі польскі сцяг. У гэты час там знаходзіўся контр-адмірал флоту Юзаф Унруг. (Józef Unrug, 1884-1973, польскі контрадмірал, у 1925 -1939 г. г. камандуючы флотам). Гэта акалічнасць нас крыху супакоіла, таму што ў апошні час цыркулявалі чуткі, што быццам бы хутка пачнецца вайна. Але пасля вяртання ў Лучай стан трывогі вярнуўся ізноў. Людзі казалі, што з сумежнага боку Савецкай мяжы быццам бы чутны нейкі падазроны ляск і шум матораў […].

Раптам наступіў той страшны дзень – 1 верасня 1939 года! Лавіны гітлераўцаў рушылі на нашу любімую Радзіму, якая толькі стала адраджацца пасля Першай сусветнай вайны. Захлынуўся бедны народ слязьмі і крывёю! А праз тры няпоўныя тыдні з’явіўся крывавы “вызваліцель паднявольных народаў”, які таксама рушыў углыб нашай краіны […].

Неўзабаве ў двор Лучайскай сельскагаспадарчай школы заехалі цяжкія савецкія танкі…. Сваімі гусеніцамі яны падушылі квітнеючыя клумбы і дэкаратыўныя хмызнякі. Мы стаялі і бездапаможна глядзелі на ўсё гэта, а з вачэй цяклі слёзы адчаю. […].

Нашым выкладчыкам выпаў страшны лёс. Інжынер Казімір Мурашка нейкі час яшчэ працаваў аграномам у Вілейцы, але неўзабаве яго арыштавалі і ўсе сляды па ім згубіліся. Інжынера Казіміра Чэхаўскага, разам з жонкай і маленькім дзіцем, вывезлі ў глыб Расіі. Падобная доля спасцігла і інжынера Баляслава Бычэўскага, а таксама жонку дырэктара школы Зофью Знатовіч. Яе муж, дырэктар школы Станіслаў Знатовіч, як афіцэр запасу ў 1939 годзе быў прызваны ў армію. Антоній Фяліцкі паспеў перад вайной з’ехаць у Пельплін… […].

P. S. Аўтар гэтых унікальных успамінаў – Юзэф Талкановіч, падчас 2-й сусветнай вайны быў партызанам Арміі Краёвай (АК), і ваяваў у 1-й роце брыгады “Нарач” (“Narocz”). Быў узнагароджаны “Срэбным Крыжам Заслугі”, “Партызанскім Крыжам” і “Крыжам АК”. У новай Польшчы працягнуў вучобу і працу па спецыяльнасці. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых публікацый. У маладосці Ю. Талкановіч захапляўся паэзіяй. Яго вершы друкаваліся як у польскіх, так і ў шэрагу замежных выданняў. Апошнія гады свайго жыцця правёў у Далучанах (Польшча).

Выкарыстаныя крыніцы:

• Józef Tołkanowicz “Człowieczy los”. “Wydawnictwo Antyk, Marcin Dybowski”, 2008.

• Кніга “Памяць” па Пастаўскаму раёну, выд. “Белта” 2001 г.

• Артыкул гісторыка І. Мельнікава: “Паміж Захадам і Усходам”.

• Розныя сайты з Інтэрнэту па дадзенай тэматыцы.

Генадзь Квяткоўскі (Даўгаўпілс, Латвія)