Маё нараджэнне. Матэрыяльны заняпад бацькоў. Ракоўшчына. Дзіцячыя забавы. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Маё нараджэнне

Мой бацька, маючы 15 гадоў быў аддадзены сваімі бацькамі вучыцца будаўнічаму рамяству. У той час такая прафесія называлася механік – будаўнік. Другі брат бацькі Міхал быў прыняты ў маёнтак Дамейкаў – Сітцы як супрацоўнік адміністрацыі. Бацька вучыўся шэсць гадоў у вядомага ў той час механіка Санцэвіча, які пражываў у засценку Забор’е гміны Параф’янава Вілейскага павета.

Пасля заканчэння тэрміну навучання бацька працаваў незалежна як механік – будаўнік у маёнтку Сітцы паноў Дамейкаў, арандаваў з нерухомасці Сітцы засценак Дуброўкі ў гміне Параф’янава. Пасля чаго ажаніўся з Антанінай з Казлоўскіх з фальварка Ракоўшчына гміны Параф’янава, пазней – мая маці і братоў і сясцёр.

Я быў трэцім, першымі былі дзве сястры, Зофія і Ядвіга. Пасля мяне былі два браты – Казімір і Станіслаў, а таксама тры сястры: Марыя, Яніна і Эльжбета. Разам з бацькамі нас было васьмёра.

Гаспадарку ў Дуброўцы вёў разам з маці дзядзька Міхал, якога бацька забраў з маёнтка Сітцы да сябе. Бацька ж надалей працягваў працаваць у сваёй прафесіі па розных дварах, будуючы новыя і рамантуючы старыя палацы, як і іншыя будынкі.

Пасля некалькіх гадоў арэнды засценка Дуброўкі бацька вырашыў арандаваць вялікі маёнтак. Мая маці была супраць гэтага, таму што ў Дуброўцы сям’і жылося добра. Засценак быў акружаны лясамі і дзвюма рэкамі. Ягад, грыбоў і рыбы было дастаткова. Аднак бацька стаяў на сваім і арандаваў маёнтак Лявінаўка ў Будслаўскай гміне Вілейскага павета. У тым маёнтку 7 жніўня 1888 года я нарадзіўся. Мне далі імя Каэтан.

Матэрыяльны заняпад бацькоў

Першыя два гады ў маёнтку Лявінаўка добра квітнела гаспадарка. Пасля двух тлустых гадоў надышлі худыя і матэрыяльнае бедства бацькоў. Улетку 1890 года часта бушавалі буры з паводкамі, знішчылі амаль усе збожжавыя культуры на палях. Акрамя таго, у сувязі з распаўсюджваннем быдлячай хваробы пала шмат буйной рагатай жывёлы, свіней і некалькі коней.

У арандаваным маёнтку паўсталі вялікія страты. Але на гэтым, аднак, не закончылася, бо ў маёнтку Крэшчанка ў гміне Плешчаніцы Мінскай губерніі ў графа Тышкевіча ўзведзеныя бацькам на вадзе будынкі: грэблі ставу з мостам на рацэ, вадзяны млын і вадзяныя плаціны на каналізацыйных каналах – пасля моцных дажджоў на працягу некалькіх дзён павадкавая вада сарвала і панесла цячэннем ракі. Усе зробленыя працы і затрачаная наяўнасць былі знішчаныя, пацягнуўшы за сабой страты на некалькі тысяч рублёў. Уладальнік граф Тышкевіч не заплаціў належныя сумы за выкананую працу, тлумачачы, што ён таксама панёс значныя страты за знесены вадой будаўнічы матэрыял. Таму, каб заплаціць рабочым, якія працавалі на будаўніцтве, бацька быў вымушаны прадаць некалькі коней і кароў з гаспадаркі ў Лявінаўцы.

Год стыхійных бедстваў зрабіў немагчымым далейшую арэнду Лявінаўкі. Не хапала коней і буйной рагатай жывёлы праводзіць гаспадарку ў такім вялікім маёнтку.

Па гэтых прычынах бацькі былі вымушаныя арандаваць фальварак Дуброўка, які належаў Хацяновічу з гміны Параф’янава. Гаспадарка ў тым жа фальварку таксама не павялася, таму што зноў дажджы і нізкія землі фальварка сталі прычынаю дрэннага ўраджаю, пацягнуўшы за сабой далейшыя матэрыяльныя бедствы бацькоў. Матэрыяльны заняпад вымусіў бацькоў жыць у фальварку Ракоўшчына, адкуль паходзіла яго маці, і там гаспадарыць на пяці дзесяцінах пасажнай зямлі маці.

Ракоўшчына

Выязджаючы з маёнтка Лявінаўка, я меў пару гадоў, але аднак памятаю, што Лявінаўка знаходзілася пры тракце, вядучым з Докшыц у Даўгінава, а затым у Менск. Гэты тракт быў абсаджаны бярозамі. Хадзіла па ім мая няня са мной і часта купляла ад праязджаючых габрэйскіх купцоў розныя бірулькі, завушніцы і г.д.

Адзін раз, калі яна купіла мне губны гармонік, я меў вялікую ўцеху. Я таксама памятаю, як збіралі мёд у пчол. Бачачы гэта, на наступны дзень сам адкрыў некалькі вулляў. Пчолы роем накінуліся на мяне. Загрызлі б на смерць, калі б не маці, якая прыбегла на мой крык, акружаная пчоламі. Ратавалі, абліваючы вадой і абкурваючы дымам. Бацькі былі вымушаныя завезці мяне ў Менск і там лячыць. Як пазней распавядала маці, што ўсе ночы не спаўшы, сядзела са мной. Засталіся і іншыя ўспаміны аб Лявінаўцы, якія немагчыма тут апісаць.

У фальварку Ракоўшчына мы жылі на працягу двух гадоў. Таксама пражывалі ў ім тры сястры маці. Дзве з братамі Маркевічамі, трэцяя з Давідоўскім. Маркевічы і Давідоўскі мелі па пяць валок зямлі. Акрамя таго, пражываў яшчэ дзядзька маці Казлоўскі, які меў дзве валокі зямлі. Гэта была шляхта з дзядоў, прадзедаў, якая добра жыла. Бацькі, жывучы на пяці дзесяцінах зямлі ў Ракоўшчыне, не маглі дасягнуць такога дабрабыту, хаця бацька яшчэ зарабляў на баку сваёй прафесіяй. Між бацькамі часта паўставалі спрэчкі на фоне матэрыяльнага заняпаду. Маці нагадвала бацьку, што не трэба было выязджаць з фальварка Дуброўкі, у якім так добра нам пашанцавала. Мой бацька тлумачыў, што заняпад наступіў у сувязі з катаклізмамі.

Дзіцячыя забавы

У Ракоўшчыне было шмат дзяцей. Маркевічы мелі адзінаццаць, Давідовічы дзесяць, Казлоўскія – трох, і нас было сем. Таму разам быў трыццаць адзін дзіцёнак. У арганізаваных калектыўных гульнях таксама бралі ўдзел. Мы пераймалі і капіравалі дзейнасць старэйшых. У свой час Давідовічы выдалі сваю стрыечную сястру замуж і справілі вяселле. Пасля вяселля дзеці пачалі гуляць у вяселлі. Мяне жанілі з маёй цёткавай сястрой Ядвігай Маркевіч. Пасля зачытвання паведамлення яе родным братам Антоніем наступнага зместу: бык з Матык, карова з Камарова – запаведзь першая, баран з Невіран, авечка з мястэчка – запаведзь другая, когут (певень) са Скробут, кура з Курова – запаведзь трэцяя. Пасля чаго нас вялі да прыдарожнага крыжа і там давалі шлюб, пасля чаго адбываўся вясельны баль. Бацькі ахвотна давалі на такія балі розныя ласункі і часта самі прымалі ўдзел. Пасля смерці цёткі Эльжбеты – жонкі Юзафа Маркевіча, пачалі гуляць у пахаванні. Звычайна пасля ўлажэння лялькі ў якую-небудзь пушку хавалі яе пад крыжам. Гулялі ў гэта да часу, пакуль дзядзька Маркевіч не забараніў нам працягваць такія забавы.

Пасля двух гадоў пражывання ў Ракоўшчыне бацька не мог пагадзіцца з умовамі горшага жыцця, чым у сваіх швагроў, ён схіліў маці на арэнду зямлі ў Давідоўскага і пераехаў з усёй нашай сям’ёй у мястэчка Докшыцы.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля