Маёмасны стан глыбоцкага кляштара

Колішняя вуніяцкая царква ў в. Кавалі, якая пабудаваная манахамі Кармэлітамі. Цяпер – праваслаўная царква. Фота Ул. Скрабатуна.

Надышоў час прысьвяціць трохі нашае ўвагі маёмаснаму стану глыбоцкага кляштара Кармэлітаў Босых. Апісваючы маёнтак Кармэлітаў, перш за ўсё трэба прыгадаць той маёнтак, які манахі атрымалі ад фундатара Язэпа Корсака. Дапамогай будзе ў гэтым выпадку тэстамэнт Корсака, згодна зь якім Кармэліты атрымалі: мястэчка Глыбокае, Ластавічы, вёску Памаўшы, вёску Сайтараўшчыну, вёску Кавалі, вёску Леднікі, вёску Сэрагова, вёску Несьцеравічы, вёску Амбрасовічы, вёску Частыя, вёску Шабаны, вёску Слабодку, вёску Ясевічы, вёску Запалоўскую, вёску Гаўзгірды, вёску Запалоўе, вёску Масьцеявічы, вёску Шыпы, вёску Дзехцяры і вёску «агароднікаў», акрамя таго, Корсак запісаў Кармэлітам таксама маёнтак Перадолы з вёскамі Папковічы, Міхайлаў, Мазьнёва, вёскай Вярбілаўскай, вёскай Гарадзішча, засьценкам над ракой Масьцяніцай. У дадатак Корсак запісаў манахам таксама і трэцьці маёнтак Сьвілу, Гнязьдзілава і Вальбаровічы – усё гэта Корсак аддаў Кармэлітам разам з вёскамі, зямлёй, лясамі, пушчамі, з Бабровымі Гарамі, с сажалкамі, млынамі, азёрамі, разам з усімі падуладнымі.

Кармэліты вельмі клапаціліся аб сваіх сялянах, таму сьпецыяльна дзеля іх, на выпадак пажару, голаду, неўрадлівасьці і гд. стварылі Запасны Сялянскі Склад, дзе было трыманае дадатковае збожжа, зьбіранае ва ўрадлівыя гады, калі збожжа было дастаткова. Гэты склад існаваў пры глыбоцкім кляштары ад часоў Напалеона. Кармэліты дзеля зьберажаньня такой вялікай колькасьці збожжа вызначылі двух складаўшчыкоў і эканома, якія сачылі за збожжам, каб яно не было пакрадзена, каб не згніло, каб ня зьелі яго пацукі і гд. Сам склад зачыняўся на тры замкі. Колькасьць збожжа заўсёды была прапарцыянальная да лічбы падуладных сялянаў.

Безумоўна, гэта быў вельмі вялікі маёнтак, пасьля атрыманьня якога глыбоцкі кляштар Кармэлітаў Босых стаўся найбагацейшым кляштарам Кармэлітаў ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў ва ўсёй Эўропе! Манахі змаглі ня толькі добра выкарыстаць дадзеныя магчымасьці, але таксама і разьвіць гаспадарку глыбоцкага кляштара да такога ўзроўню, што ператварыўся ён у эканамічную магутнасьць рэгіёну й ня толькі. Напрыклад, дзякуючы ахвярам глыбоцкіх прыёраў, пасьля пажару быў адбудаваны кляштар у Чэрнай каля Кракава, два разы за глыбоцкія грошы быў адбудаваны кляштар сьв. Тэрэзы ў Вільні, а таксама Вострая Брама.

Каб лепш зразумець адкуль Кармэліты мелі на ўсе гэта грошы, трэба прынамсі ў некалькіх словах распавесьці пра гаспадарчую сістэму Кармэлітаў. А менавіта трэба зазначыць, што дзеля лепшага фунцыянаваньня і разьвіцьця сялянскай гаспадаркі манахі ўжо ў 2-й пал. XVII ст. стварылі ў сваіх уладаньнях фальварачную сістэму. Манахамі былі створаныя 10 фальваркаў, а менавіта:

Першы фальварак – Лас та вічы зь вёскамі Ластавічы, Мацясы, Кавалі, Абруб, Дзехцяры, Шыпы, Запалоўе, Гаўзьдзерды, Бараны, Майсяёнкі, таксама з засьценкамі Востраў, Лаўрынаўка, Барэйкаўшчына. Гэты фальварак меў палацык і капліцу Пана Езуса з часоў Язэпа Корсака, меў 2 карчмы (Кавалі і Лаўрынаўка), некалькі сьвірнаў, гумнаў, хлявоў, вараўню, малачарню, скарбец, млыны: водны, валавы, ветравы тыпу “казачок”, новы млын і яшчэ адзін з валюшам у Мацясах, бровар над сажалкай дзеля вырабу піва, лазьню, прачкарню. У Мацясах Кармэліты мелі таксама пчалярню з 39 вулямі.

Другі фальварак Амбра совічы з вёскамі Амбрасовічы, Замошша, Леднікі і Несьцеравічы. Гэты фальварак меў драўляны палацык, крыты саломай, вараўню, 5 сьвірнаў, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, гумны, 4 адрыны, ветравы млын тыпу “казачок”, пякарню і склад.

Трэці фальварак Каралевічы з вёскамі Каралевічы, Шабаны, Слабада і Ясевічы. Фальварак меў палацык, скарбец, склад, 3 сьвірны, вараўню, хлявы, «літоўкі» – яловыя такі, гумны, адрыны, пякарню і малачарню. Акрамя таго, меў 3 шынкі (карчмы) у Каралевічах, Слабадзе і Ясевічах.

Чацьвёрты – Варанова зь вёскамі Шарагі, Агурні, Несьцеравічы і Брыкеці. Гэты фальварак меў драўляны палацык, вараўню, сьвірны, лядоўню, малачарню, сырніцу, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, валоўню, сушылку, гумны, адрыны, ветравы млын тыпу “казачок”, пякарню і склад, а таксама карчму “Агураноўка” (Ohuronówka).

Пяты фальварак – Сьвіла зь мястэчка Сьвіла і вёсак Сьвіла і Якубоўшчына. Гэты фальварак меў два драўляныя палацыкі і капліцу з фігурай Пана Езуса і абразом Марыі, вараўню, сьвірны, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, ток, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, гумны, адрыны, малачарню, ветравы млын і склад, а таксама карчму ў вёсцы Сьвіла.

Шосты фальварак – Перадолы зь вёскамі Перадолы, Міхалы, Гарадзішча, Кішы, Мазьнёва, Баяры, Дабрэзіна, Яловікі, Сялюты, Цыноўка, Маргі, Якубоўшчына, а таксама засьценкі Захар’яшы, Германаўшчына, Перавоз, Струг і Вусьце. Гэты фальварак меў два драўляныя палацыкі і капліцу сьв. Вэронікі, вараўню, сьвірны, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, пякарню з малачарняй, гумны, адрыны, ток, водны млын і склад, а таксама 2 карчмы, адна ў вёсцы Перадолы, а іншая – у засьценку Перавоз.

Сёмы фальварак – Валь баровічы зь мястэчкам Вальбаровічы, з вёскамі Вальбаровічы, Вуглы, Зарэчык, Слабада, Востраў, Глінна, Шалахіры, Хмялёўшчына, Юраўшчына. Гэты фальварак меў два драўляныя палацыкі і капліцу Маці Божай Балеснай, вараўню, сьвірны, лядоўню, гарэлачны імбар, вяндлярню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, пякарню з малачарняй, гумны, адрыны, 4 такі, валавы млын і два водныя, склад, а таксама 5 корчмаў у мястэчку Вальбаровічы, вёсцы Глінна, Шалахірах, Зарэчыку і пятую пры граніцы з падкаморым Мацкевічам.

Восьмы фальварак – Янкі зь вёскамі Янкі, Касьцюкі, Восава, з засьценкамі Сідоры, Казіно, Козікі, Гэты фальварак меў драўляны палацык, вараўню, сьвірны, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, пякарню з малачарняй, гумны, адрыны, 2 такі, водны млын і склад, валоўню, паташню, а таксама адну карчму ў вёсцы Янкі.

Дзявяты фальварак – Гнязьдзілава з вёскамі Гнязьдзілава, Рубеж, Верацейкі, Далёкія. Гэты фальварак меў два драўляныя палацыкі, вараўню, скарбчык, сьвірны, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, пякарню з малачарняй, гумны, адрыны, 2 такі, водны млын і склад, а таксама адну карчму ў вёсцы Гнязьдзілава.

Дзясяты фальварак – Крукі з вёскамі Крукі, Вятохма, Слабада. Гэты фальварак меў драўляны палацык, вараўню, сьвірны, лядоўню, хлеў з вазоўняй, аборы, бровар дзеля вырабу піва з лазьняй, пякарню з малачарняй, гумны, адрыны, ток, ветравы млын і склад, а таксама 2 карчмы, адна ў вёсцы Калягі, а ішную – у Вятохме.

Самі фальваркі былі своеасаблівым тыпам пася леньняў – вёскі, якія знаходзіліся і будаваліся, а таксама былі эканамічна зьвязаныя з маёнткам, дзе жыў уладальнік фальварка, з той розьніцай, што ў гэтых маёнтках Кармэліты не жылі, а толькі раз на нейкі час у маёнтак, а дакладней, у маёнткавы палац, прыяжджаў манах-эканом, які быў адказны за гаспадарку, менавіта ён правяраў работу сялянаў, як вядуцца працы, зьбіраў чынш і гд. На штодзень у маёнтку жылі асобы, якія там працавалі. Кармэліты выкарыстоўвалі гэтыя палацы як мейсца дзеля летняга адпачынку, пры палацу вельмі часта былі будаваныя капліцы і карчмы. Такая сістэма вельмі спрыяла разьвіцьцю вёсак, бо менавіта яны былі адной з крыніц узбагачэньня кляштара, адной, але не адзінай.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №23(635) 7 чэрвеня 2012 года.