Мёршчына ў вайне 1812 года

Гэты артыкул увайшоў у першы нумар часопіса “Паазер’е”.

Сучасны Мёрскі раён у пачатку ХІХ стагоддзя ўваходзіў у Дзісенскі, а заходняя яго частка—ў Браслаўскі павет. Перад вайной было складзена каля сарака праектаў будучага вядзення вайны. Роля Мёршчыны ў вайне была вызначана згодна плану, які быў распрацаваны ваенным саветнікам генерал — лейтэнантам К.Л. Фулем і зацверджаны Александрам І. Згодна плану, рускія арміі павінны былі адразу адступаць, манеўраваць, пазбягаць генеральных бітваў да ўмацаванага лагеру, які павінен быў знаходзіцца на флангу наступаючых французскіх войск. Па даручэнню Барклая дэ Толі падпалкоўніку барону Вольцогену было даручана знайсці месца, зручнае для пабудовы ўмацаванага лагеру паміж Дняпром і Дзвіной.

З чэрвеня па верасень Л.Вольцоген вывучаў вялікія прасторы: ад Рыгі да Дзісны. Шляхі Вільня — Дынабург — Дрыса, Вільня — Мінск—Орша, Віцебск — Орша — Магілёў — Стары Быхаў, Стары Быхаў—Бабруйск — Нясвіж — Слонім — Пружаны — Кобрын — Брэст; Брэст — Дубна — Жытомір — Кіеў. Толькі ў кастрычніку ён вярнуўся зноў у Пецярбург.

За гэты час ён дасылаў ваеннаму міністру падрабязныя апісанні дарог і пазіцый ля Рыгі, Вільні, Друі, Дрысы, Барысава, Дынабурга, Віцебска, Оршы, Свянцян, Зэмбіна, Брэст – Літоўска, Будзілова і Магілёва, стан агледжаных ім крэпасцей і агульныя меркаванні аб будучым тэатры ваенных дзеянняў. Менавіта ён і выбраў найбольш зручнае месца для пабудовы лагера ў лукавіне ракі Заходняя Дзвіна насупраць павятовага горада Дрыса, які павінен быў размясціцца якраз на тэрыторыі сучаснага Мёрскага раёна. [8, с. 85]. Будаўнічыя працы пачаліся толькі ў красавіку 1812 года. Уся арганізацыя працы будаўніцтва лагера была ўскладзена на палкоўніка Світы Яго Імператарскай вялікасці Эйхэна. Рабочай сілай павінен быў забяспечыць беларускі ваенны губернатар А. Вюртэмберскі.

Ён распарадзіўся адправіць на будаўніцтва 2 500 тысяч людзей з жалезнымі рыдлёўкамі, піламі, сякерамі. Акрамя Дзісенскага павета былі накіраваны сяляне з Дрысенскага, Дынабургскага, Рэжыцкага, Полацкага, Гарадоцкага, Суражскага, Себежскага і інш. паветаў. Дастаўку рабочых павінны былі забяспечыць засядацелі земскіх судоў. Частка рабочых уцякала ад знясільваючай працы і недахопу харчавання. Пры гэтым больш разбягалася з далёкіх паветаў: Вілейскага, Рэжыцкага, таму асноўны цяжар працы быў на пастаўку рабочых з нашага Дзісенскага, а таксама Дрысенскага паветаў, якія пасылалі не з кожных ста сялян, а з дваццаці—аднаго рэкрута. [6, с. 44]. Праз кожныя тры тыдні рабочыя мяняліся, настолькі знясільваючай была праца. Аплата па тых часах была дастаткова высокай 15 -20 капеек у дзень. Непасрэдна працы пачаліся 12 красавіка.

На працягу двух месяцаў дзве тысячы чалавек уручную насыпалі 11 рэдутаў, высеклі лес паміж вёскамі Кукішы, Шчэберы, Слабада, пабудавалі з дрэваў засекі, і палісады—ўмацаванні з завостраных бярвенняў, укапаных у зямлю. Было пабудавана дзесяць батарэй, перад якімі былі равы, глыбінёй да двух і шырынёй да шасці метраў. Найбольш марудна спачатку ішла пабудова рэдутаў №3 і № 4 і егерскіх умацаванняў супраць іх, таму што спачатку там было многа вады, а таксама трэба было выкапаць шматлікія пні. Памеры лагеру склалі 4,3 кіламетры ў даўжыню і 3,2 кіламетры ў шырыню.

Асноўныя яго рэдуты размяшчаліся паміж вёскамі Брэдзева, Путры (Слабада) Шчэберы, Барсукі, Дварчаны. Кожны рэдут першай лініі прыкрываўся ложэментам –акопам для укрыцця пяхоты і гармат. Даўжыня іх складала 100-80 сажняў. Рэдуты другой лініі размяшчаліся на адлегласці 200-300 сажняў. Вышыня іх дасягала 4-5 метраў. Рэдуты другой лініі былі акружаны яшчэ ”воўчымі ямамі”. З левага флангу, каб французы не маглі непрыкметна падыйсці, была створана засека з высечанага лесу, якая складала ў даўжыню 2,5 кіламетры і такіх засек было тры лініі. [5, с. 281].

Для зносін з правым берагам былі пабудаваны чатыры пантонныя масты, якія на нашым беразе былі прыкрыты трымя прадмоставымі ўмацаваннямі. Акрамя таго, былі пабудаваны масты на рэках Заходняя Дзвіна, Дрыса, Дзісна, Друйка.. Для больш зручнага руху войск на Мёршчыне былі пабудаваны, або добраўпарадкаваны і пашыраны дарогі Браслаў—Пераброддзе—Мёры—Дзісна, Браслаў—Забалоцце—Мілашова—Лявонпаль—Дрыса, Друя—Лявонпаль—Дрыса. Да гэтай пары мясцовыя жыхары называюць гэтыя дарогі або ”французкімі” , або ”лініямі ” Па загаду рускага камандавання былі пабудаваны невялікія масты на рэчках: Вята, Волта, Мёрыца. Настаўніца гісторыі Перабродзкай СШ Самсановіч Н.В. па апытаннях мясцовых жыхароў даведалася, што рускімі войскамі быў пабудаваны мост на палях нават праз возера Набіста. Палі ў вадзе захаваліся да нашых дзён.

Пад час даследаванняў археолага—краязнаўчага гуртка былі знойдзены рэшткі мастоў на рацэ Вята і Храброўка. Рэшткі прадмостнага ўмацавання і палі былі знойдзены намі ля вёскі Слабада. У пачатку чэрвеня працы па будаўніцтву Дрысенскага лагера агледзеў інжынер генерал-лейтэнант К. І. Операман, які далажыў ваеннаму міністру, што будаўніцтва ўмацаванняў выканана Эйхенам з вялікім поспехам і рэкамендаваў яго, падпалкоўніка Нэйтгарда і інжынер–паручыка Класава, узнагародзіць [4, с.44]. Але час паказаў, што будаванне Дрысенскага лагера знясільваючай працай 2,5 тысячамі сялян было дарэмным.

24 чэрвеня 1812 года Напалеон з войскам пачаў пераправу праз Нёман. Згодна папярэдняга плана, 1-ая руская армія пад камандаваннем Барклая дэ Толі пачала адступаць да Дрысенскага лагера. Праз Мёршчыну праходзілі 1, 2, 3, 4, 5 пяхотныя карпусы і 1 кавалерыйскі корпус 1-й рускай арміі. Колькасць першай арміі дасягала звыш 120 тысяч салдат і 380 гарматаў. У Пераброддзі знаходзілася пад час адступлення стаўка рускага імператара Аляксандра І, дзе ён падпісаў два ўказы. За рускімі войскамі паволі рухаліся чатыры французскія корпусы: Нансуці, Манбрэна, Грушы, Латур –Любура пад агульным камандаваннем маршала Мюрата. Па нашых дарогах праходзілі таксама корпусы маршала Нэя і Удзіно.

8 ліпеня Аляксандр 1 агледзеў умацаванні. Вось, што пісаў аб гэтым у сваіх мемуарах ”Дрысские записки” адмірал А.Шышкоў: ”Рускі цар з Аракчэевым, Балашовым, Фулем і вялікай світай агледзеў умацаванні. Фуль даваў тлумачэнні. Тут жа палкоўнік Мішо зрабіў некалькі заўваг Фулю, бо на яго погляд праціўніку нічога не каштавала, каб знішчыць усю рускую армію ў гэтым лагеры. Генерал Фуль ускіпеў і рэзка адказаў Мішо. Падчас спрэчкі Аляксандр дапытліва глядзеў на сваіх прыбліжаных, але ніхто не адважыўся падтрымаць Фуля. ”На другі дзень пасля знаходжання ў лагеры імператар у маёнтку Бялькоўшчына, ля Дрысы, склікаў ваенную раду, на якой акрамя Аракчэева, Балашова, прысутнічалі Барклай дэ Толі, генерал С.Валконскі, прынц Альдэнбургскі і генерал Вальцоген. Усе выказаліся за адступленне з лагера [2, с.63-64]. Тут жа было вырашана ў сувязі з небяспекай знаходжання ў арміі і каб у будучых паражэннях не абвінавачвалі Аляксандра І, яму было прапанавана пакінуць армію. Галоўнакамандуючым стаў ваенны міністр Барклай дэ Толі. 9 ліпеня 1-ая руская армія заняла Дрысенскі ўмацаваны лагер. У гэты дзень спаўнялася 103 гадавіна Палтаўскай бітвы.

Каб узняць маральны дух адступаючай арміі, быў зачытаны высачайшы ўказ: ”Русския воины! Наконец вы достигли цели, к которой стремились. Когда неприятель дерзнул вступить в пределы нашей империи, вы были на границе для наблюдения оной. До совершенного соединения армии нашей, временным и нужным отступлением удерживаемо было кипящее мужество остановить дерзкий шаг неприятеля. Ныне все корпуса 1–й нашей армиии соединились на месте предназначенным. Теперь предстоит новый случай оказать известную вашу храбрость и приобрести награду за понесённые вами труды. Нынешний день, ознаменованный Полтавскою победою, да послужит вам примером. Память победоносных предков да возбудит к славнейшим подвигам! Они мощную рукою разили врагов своих; вы, следуя по стезям их, стремитесь к уничтожению неприятельских покушений на Веру, Честь, Отечество и семейства ваши. Правду нашу видит Бог и ниспошлёт на всё своё благословление.”

1-я руская армія размясцілася ў Дрысенскім лагеры ў наступным баявым парадку: на правым флангу 2-гі корпус генерала Багавута, у цэнтры—3-ці корпус М.Тучкова, на левым флангу 4-ты корпус Астэрман- Талстога. У авангардзе ля вёсак Пруднікі і Лявонпаль знаходзіўся корпус графа Вітгенштэйна, паміж Дрысай і Дзісной корпус Дахтурава [3 ,с, 126-127]. Іх раз’ездам была пастаўлена задача затрымаць праціўніка. Напалеон, даведаўшыся, што руская армія знаходзіцца ў Дрысенскім лагеры, аддаў загад Мюрату перайсці на правы бераг Дзвіны і акружыць Дрысу.

Імператар спадзяваўся, што Барклай дэ Толі дасць бой і руская армія загіне ў пастцы. Але рускі галоўнакамандуючы аддаў загад Вітгенштэйну закрыць шлях на Пецярбург, а ўсёй рускай арміі адступаць у напрамку Полацка. Таму войска, прастаяўшы і адпачыўшы пяць дзён, 14 ліпеня пакінула ўмацаваны лагер і, пераправіўшыся на правы бераг Дзвіны, рушыла на ўсход у напрамку Віцебска для злучэння з другой арміяй Баграціёна. 15 ліпеня генерал Кульнёў даў бой французскай дывізіі пад камандаваннем Себасцьяні. Гродзенскія гусары атакавалі французаў нечакана на маршы паміж Друяй, Чэрневам і Казакова. Былі разбіты два кавалерыйскія палкі і ўзяты ў палон генерал Сен- Жэўе. Гэты бой заставіў Мюрата памылкова прыняць за сутычку з асноўнай арміяй рускіх і прыпыніць наступленне да падыходу ўсёй сваёй арміі.У гэты час штаб Мюрата знаходзіўся ў Бяльмонтах, адкуль 19 ліпеня ён пераносіць сваю стаўку ў маёнтак Клёттаў у Навалаку. Менавіта адгэтуль у 3 гадзіны раніцы 20 ліпеня ён напіша імператару Напалеону, што сядлае каня каб патрапіць ў Дрысенскі лагер і самаму даведацца аб планах рускіх войск.

Толькі на чацвёрты дзень, як рускія пакінулі лагер, французскія войскі падступілі да яго. Вось што пісаў аб гэтым у сваіх успамінах ”З Напалеонам у Расію” доктар Рос: ”Пры няспынным руху да галоўных акопаў незвычайна высокіх і з вялікай колькасцю байніц, у многіх з нас сэрца забілася падвоеным і патроеным тэмпам. Чым бліжэй мы падыходзілі—тым цішэй рабілася—ні чуваць было ні бразгату зброі, ні пакашлівання, ні адзін конь не заіржаў. У кожнае імгненне мы чакалі грамавых залпаў з жэрлаў гармат гэтых акопаў. Раптам туман засцілаўшы нам вочы рассеяўся. Цішыня змянілася спачатку шэптам, а потым рогатам: за вялікімі акопамі не было ніводнай гарматы, ніводнага салдата. Наверсе хадзіў толькі нейкі мужычок, якога раней прынялі за салдата…” [1, с. 109].

Французскія войскі маршала Удзіно разбурылі 23 ліпеня драўляныя палісады Дрысенскага лагера і накіраваліся на Полацк. Земляныя рэдуты і батарэі былі знішчаны падчас меліяратыўных работ, праведзеных ў 70-я гады 20 стагоддзя.Так наш край амаль цалкам пазбавіўся цікавага помніка ваеннай стратэгіі., які зараз быў бы выдатным турыстычным аб’ектам. Засталіся толькі прадмостныя ўмацаванні ля вёскі Слабада. У гэты час Мёршчына з’яўлялася арэнай невялікіх сутычак асобных атрадаў рускіх войск корпуса Вітгенштэйна і французскіх маршала Удзіно, якія імкнуліся разам з корпусам Макдональда прарвацца на Пецярбург. Падчас руху па левым беразе Дзвіны на Полацк Удзіно астаўляе ў Дзісне пяхотную дывізію генерала Марлея і брыгаду генерала Карбіна 12 ліпеня па дарозе з Шаркаўшчыны на Дзісну ля вёскі Каркаўшчына Елісаветградскі полк штаб – ротмістра Леантовіча разбіў падчас начнога бою французскі атрад і захапіў у палон 75 французаў.

15 ліпеня рота з шостага пяхотнага палка генерала Палена корпуса Дахтурава вяла перастрэлку ля вёскі Сцефанполь і вёскі Валынцы. 18 ліпеня ў сем гадзін апоўдні 1 Бугскі казачы полк есаула Жэкуля атакаваў французаў па дарозе з Чэрасаў на Дзісну. Пад час сутычкі заўрад-харунжы Даброў узяў у палон французскага ўлана. Падышоўшыя французскія часці адцяснілі Бугскі полк да Дзісны. Да гэтай пары старажыхары Чэрасаў узгадваюць аб месцы пахавання французскага салдата.18 ліпеня ў данясенні Вітгенштэйна Барклаю дэ Толі сказана, што ля вёскі Узмены быў атакаваны французскі авангард і ўзяты ў палон чатыры гусары. ”20 ліпеня адбыўся бой з французамі ля вёскі Пакаёўцы, на правым беразе Дзвіны , дзе французы былі нечакана атакаваны кавалерыстамі , якія пераправіліся з левага берага. [7, с. 99]. .

Але найбольшыя страты панеслі французскія войскі ў нашай мясцовасці не ад куль і ядраў гарматаў, а ад хваробаў. Пра гэта мы даведваемся з мемуараў Фабэра дэ Фора ”Напалеон: паход у Расію. 1812 год” з гравюрамі маёра артылерыі княства Вюртэмбург фон Каўслера трэцяй арміі Нэя. Яго шлях як раз і праходзіў праз нашы мясціны. Вось, што ён запісаў у сваім дзённіку за 18 ліпеня: ”Дызентэрыя была настолькі моцнай, што салдаты падалі мёртвымі прама на маршы, або валіліся мёртвымі на біваку, без папярэднічаўшых прыкмет блізкай небяспекі. У нашай штаб-кватэры яна схапіла і ўнесла многіх; яна не мінавала нашага высокага кіраўніка, стан яго быў настолькі непакоячым, што ён быў дастаўлены ў Вільна, дзе ў небяспечным стане быў прыкаваны на працягу месяца да ложка”. Прычынай крывавай дызентэрыі было ўжыванне мяса, амаль без хлеба, бо яго запасаў для такой вялікай арміі не хапала.

Падчас шматлікіх краязнаўчых вандровак у гутарках з мясцовымі жыхарамі шмат дзе сустракалі мясціны з назвай ”французскія могілкі”, асабліва ля ваенных шляхоў, але не адзначаны ніякімі баямі, або сутычкамі, напрыклад, ля вёсак Дзінаўка, Запалоссе.

Далей аўтар мемуараў апісвае цяжкасці руху па нашай мясцовасці. ”Дарогі разбітыя бясконца доўгімі калонамі, ідучымі праз балоцістыя лясы па насцілах і барацьба паміж падраздзяленнямі розных родаў войск, бесперапынна даганяўшымі адсякаўшымі адзін другому і не ўтрымліваемыя армейскай паліцыяй, рабілі гэты марш найбольш сцяжарваючым. У такіх умовах, зусім знясіленыя, мы зрабілі бівак 21 ліпеня справа ад дарогі, вядучай на Дзісну справа ад пылаючай вёскі, 22 ліпеня 3-ці армейскі корпус пакінуў бівак пад Дзісной. Брыгада пяхоты і наша батарэя былі вернуты ў яго да прыбыцця другога армейскага корпуса, каб разам з ім 23 ліпеня рухацца на Полацк. Бівак быў наўрад ці прыгодны для жыцця, паколькі мясцовыя жыхары прыбылі на лодках і старанна абшукалі месца стаянкі на прадмет авалодання ўсім, што асталося пасля адыходу: большая часткай рэчаў, якія былі сабраны для патрэб бівака з суседніх вёсак: драўніна, посуд і г.д.

Было цікава, што адзенне гэтых людзей да драбніц было падобна на адлюстраванні, зробленыя 1800 год назад на траянскіх і антанійскіх калонах. Не толькі адзенне, але і ўзровень культуры і лад жыцця адпавядалі таму часу; з-за вельмі абмежаваных зносін з захадам мы былі ім настолькі чужымі, як калі б былі аддзелены не толькі сотнямі міль, але многімі стагоддзямі. Да вечара нарэшце з’явіліся калоны другога корпуса і мы рушылі, каб здагнаць трэці корпус ля Полацка. ”.

25 ліпеня адбыўся бой гусар Кульнёва ля Лявонпаля. З жніўня ля горада Дзісна лятучы атрад генерал-маёра Рэпніна, зводны кірасірскі полк, чатыры эскадроны кавалерградскага палка яе вялікасці і яго вялікасці, двух батальёнаў егерскага палка з дзвюма лёгкімі гарматамі выступілі супраць французаў, разбілі іх, захапілі французскія склады і спалілі іх , знішчылі ў Дзісне мост праз Заходнюю Дзвіна. 22 жніўня, адшукаўшы брод праз Заходнюю Дзвіну непадалёку ад Дрысы, і пераправіўшыся ўплаў паручнік Варанцоў ля вёскі Грамоны разбіў кавалерыйскі атрад французаў, а пяхота схавалася ў лесе [7, с.101-102].

Згодна загаду Вітгенштэйна супраць французскіх войск у верасні–кастрычніку на Мёршчыне вёў партызанскую барацьбу, сачыў за рухам войск Макдональда 24 полк Властава. Атрады гэтага палка дзейнічалі ля вёсак Пераброддзе, Ніўнікі, ля мястэчка Мёры, Наўгароды і г.д. Адступаючыя ў канцы кастрычніка і лістападзе разрозненыя французскія часткі не ўступалі ў бой з рускімі войскамі. Адметнасць Мёршчыны была і ў тым, што тут адзначаны сутычкі мясцовага насельніцтва не толькі з французамі, але і рускімі асабліва падчас адступлення рускай арміі.

Вайна прынесла Мёршчыне шматлікія разбурэнні і страты. Апынуўшыся ў цэнтры адступаючай рускай і наступаючай французскай армій, знішчалі і рабавалі маёмасць як французы,так і рускія.Яшчэ да пачатку вайны у 1810 годзе Барклай дэ Толі ў сваёй запісцы імператару прпаноўваў так званы ”скіфскі план ” вядзення вайны.

Сутнасць яго была ў тым, што ў выпадку наступлення Напалеона неабходна арганізаваць супраціў з выкарыстаннем тактыкі ”выпаленай зямлі” заставіць непрыяцелю аддаляючагася ад сваіх магазінаў усю мясцовасць спустошаную, без хлеба, жывёлы і сродкаў перавозу жыццёвых прыпасаў. Значыць па плану Барклая дэ Толі беларускія землі павінны быць спустошаны і толькі потым астаўлены праціўніку.

У 1812 годзе гэты план быў канкрэтызаваны: вывазіць архівы, інвентары, з якіх непрыяцель мог знайсці звесткі аб мясцовасці, вывозіць з сабою земскіх чыноўнікаў, праводзіць гвалтоўную эвакуацыю мясцовага насельніцтва знішчэнне дарог, мастоў, паромаў, вываз прадуктаў харчавання на падводах мясцовага насельніцтва, знішчэнне правіянту, якога нельга вывезці, разбурэнне млыноў.

Вось чаму, калі салдаты Себасцьяні захапілі Друю , то не знайшлі там ніякіх харчовых запасаў. 19 ліпеня Напалеон канставаў ”Рускія эвакувалі свой лагер у Дрысе і спалілі ўсе масты. І вялікую колькасць магазінаў”. Пра спусташэнні мы чытаем і ў запісках Фабэра дэ Фора: ”Паспешна прасоўваючыся, 400 тысяч чалавек апынуліся без харчовага запасу, дзень за днём, марш за маршам па здратаванай сябрамі і ворагамі зямлі і без таго неапрацаванай, якая калісьці ледзь магла пракарміць жменьку шведаў Карла 12. 3-ці корпус арміі, які рухаўся наперадзе па вялікай дарозе, на якой ўсё ацалелае пасля спусташэння адступаючымі рускімі, збіралася французскім авангардам. Вымушаныя здабываць харч падчас маршаў палкі арганізоўвалі мабільныя часткі, якія яны кожны дзень пасля выхаду з біваку адсылалі ў наваколле справа і злева ад дарогі, яшчэ некранутае праходзячымі часткамі з загадам захопліваць усё ядомае, што яны знойдуць і суправаджаць армію ўбаку на адлегласці некалькі гадзін па магчымасці вяртацца ў лагер увечары. Гэтыя часткі спрасцілі сваю задачу – з большага дзякуючы маленькім сялянскім коням, на якіх перакладвалі груз, калі немажліва было правезці воз. Сілкаваліся ўвечары ў біваку, і тыя, якіх адпраўлялі за харчам, былі атакаваныя з усіх бакоў і яны замест таго, каб суправаджаць цяжка наладаваных коней, сядалі самі на паклажу.

З упэўненасцю можна было сказаць, што пры кожным хоць трохі значным харчовым паступленні знаходзіўся яўрэй у якасці спадарожніка, кіруючага і перакладчыка. Яны прыўносілі ў атрад гвалт ці карыслівасць, альбо і тое і іншае разам. Яны зніклі толькі за Смаленскам…”

Вось чаму страты Браслаўскага павету, у які ўваходзіла частка Мёршчыны, склалі: людзей — 20%, двароў — 15%. Плошча пасеваў скарацілася на 37%. Ад 50 да 60% скарацілася колькасць свіней, кароў, коней, авечак. Вялікія страты панеслі шляхецкія сядзібы. Так, найбагацейшы на Мёршчыне маёнтак Лапацінскіх у Лявонпалі панёс стратаў на 740 тысяч расійскіх рублёў. Спусташэнне прынеслі рускія войскі корпуса Вітгенштэйна, які дзейнічаў тут найбольшы час. Так толькі пасеваў было патаптана 12 квадратных вёрстаў, высечана 5 вёрстаў лесу, спалена 53 сялянскія двары, жыхары якіх згінулі без следу. Захоплена шмат жывёлы, знішчана мэбля і багацейшыя зборы мастацкіх каштоўнасцяў палаца [9, с.157].

Вялікія страты панёс і маёнтак Забалоцце Міхаіла Дзмахоўскага. Французы тут нарабавалі 40 пудоў жалеза, 25 — солі, па 20 пудоў вяндліны і сушанай рыбы,19 пудоў сала, 3 пуды тытуню, 1550 гарнцаў гарэлкі, 140 гарнцаў піва, 240 гарнцаў мёду, а таксама некалькі сотняў гарнцаў воцату. У вялікай колькасці былі рабаваны сыры, масла, воск і інш. Французы прыхапілі таксама куфэркі, старыя стрэльбы, шаблі, гадзіннік, люстру, футру, мэблю, сталовае срэбра, бялізну, 2000 злотых пасаг для дачкі, старыя французскія віны, прадметы даўніны.

Акрамя рабавання ўладальніка маёнтка, войскі не пашкадавалі і сядзібаў яго сялян. Бралі ўсё: хусткі, палатно, мяшкі, косы, вазы. Спалілі дзве адрыны, паздзіралі салому са стрэхаў. Выламаны вокны, дзверы, паламаны і спалены агароджы, сады. Не засталося ў сялян ніводнай жывёлы. Страты, нанесеныя Забалоцкаму маёнтку арміяй Мюрата склалі 26 тысяч 636 рублей срэбрам, страты, нанесеныя рускім войскам—21 тысячу 833 рублі [9, с 156 ].

Салдаты рабавалі не толькі жыхароў, але нават і святыні. Так, былі абрабаваны касцёлы ў Навалацы, Пагосце, Дзісне, Уваскрасенскі манастыр Як вобразна сказаў рускі генерал Армфелд: ”Там, дзе прайшлі арміі нічога акрамя аваднёў і балот не засталося: пасевы вытаптаны, хаты зруйнаваны, быдла забрана, паўсюдна галеча, натоўпы дэзерціраў, трупы людзей і незлічоныя конскія трупы.” Страты, нанесеныя краю, адчувальнымі былі да сярэдзіны 19 стагоддзя, а падзеі вайны 1812 года захаваліся праз пакаленні людзей да сённяшняга часу.

Для аматараў вандровак па месцах, звязаных з гісторыяй падзей 1812 года мы распрацавалі веласіпедны трохдзённы турыстычна –краязнаўчы маршрут ”Пярсцёнак вайны 1812 года”. Агульная працягласць маршрута 160 кіламетраў.А ў гістарычным музеі СШ №3 дзейнічае выстава прысвечаная падзеям вайны.

Вітольд Ермалёнак