Мужчынская земляробчая школа ў Букішках

Ч. Карв. (“Слова” № 291 ад 20 снежня 1925 года)

У пятніцу ўлады самакіравання Віленска-Троцкага павета прынялі ў эксплуатацыю будынак мужчынскай народнай земляробчай школы ў Букішках, кошт будаўніцтва якой і яе асвячэнне аплаціў Сеймік. У цяперашняй сітуацыі гэта такая значная падзея, што трэба ёй прысвяціць некалькі слоў. Ужо пару гадоў таму назад цяперашні кіраўнік павятовага Віленска-Троцкага Сейміка, заслужаны для Віленшчыны дзеяч самакіравання пан Ян Фалевіч – пераняўся думкай стварэння для павета народнай земляробчай школы. Яго задуму з энтузіязмам падтрымаў увесь састаў Сейміка, цудоўна ўсведамляючы значэнне такой школы. Але, як звычайна, перашкодай сталі фінансы, бо з пошукам месца для школы Сеймік дамовіўся хутка. Недалёка ад Вільні, штосьці каля 10 км Вількамірскм трактам знаходзіцца маёнтак Букішкі. Гэта была маёмасць Радзівілавічаў, якую ў 1863 годзе канфіскаваў царскі ўрад і перадаў “заслужанаму” ў змаганні з паўстанцамі генералу Божаранаву. Яго там яшчэ памятаюць старыя людзі. Шляхам спадчыны маёнтак перайшоў да сына генерала Божаранава. Польскі ўрад згодна Закона аб маёнтках спадчынніка пазбавіў маёмасці і землі прызначыў на парцэляцыю.

Тады Сеймік прадстаўляючы неабходнасць заснавання школы – шляхам вельмі вялікіх намаганняў – набыў ад урада цэнтр маёнтка са зруйнаваным дваром і гаспадарчымі будынкамі, усяго штосьці 100 дзесяцін. Але як ужо гаварылася, з-за недахопу фінансаў праект быў адтэрмінаваны. І так цягнулася да гэтага года. У ліпені – зноў жа, змагаючыся са шматлікімі цяжкасцямі – Сеймік дамогся крэдыта ад Міністэрства земляробства. З агульнага каштарысу на суму каля 108 000 злотых, Міністэрства пакрывала чвэрць сумы, ці 27000 злотых, 54 000 злотых зваротнага крэдыту, рэшту Сеймік павінен пакрыць з уласных сродкаў. Гэта ўжо быў ліпень, а таму самы час каб распачаць нейкія работы. Са стараны Сейміка кіраўніцтва будаўнічымі работамі праводзіў сеймікавы інжынер пан Станіслаў Паплаўскі і праводзіў іх згодна ўласных праектаў у сапраўды амерыканскім тэмпе. Таксама дзякуючы заслужанай у Вільні будаўнічай кампаніі “Інжынеры Шопа і Зіммерман”, якая выканала ўсе работы за няпоўныя поўгода, пры дажджлівым, неспрыяльным для будаўнічых работ леце, увесь комплекс будынкаў, уласна ў пятніцу быў ужо гатовы. А працы выканалі хутка, але непрыгожа.

Двухпавярховы мураваны двор у стане, у якім яго атрымалі, для мэты не падыходзіў. Перадусім быў замалы. Надбудавалі другі драўляны паверх, зменены ўнутраны інтэр’ер пакояў, узведзены шырокі жалезны дах, бетонавай канструкцыі сходы, правялі каналізацыю, пажарныя краны – словам, цяпер гэта першакласны школьны будынак. Цудоўнае ўражанне робяць вялізныя светлыя вучэбныя залы, сталовая, сухія і цёплыя спальні на другім паверсе, ну і іншыя гаспадарчыя пакоі. Падумалі таксама і пра жылыя памяшканні для настаўніцкага персаналу. Старыя муры галоўнага будынка бровара, што стаялі побач, інжынер Паплаўскі ўжыў такім чынам, што зрабіў ладны домік з трымя ахайнымі і чыстымі кватэрамі. Не будуючы новага будынку сэканомлена штосьці каля 50 тысяч злотых. У глыбіні сада над ручаём пастаўлена таксама для выхаванцаў школы новая вялізная лазня.

Абсталявана школа можа яшчэ не зусім, але ў ва ўсякім разе багата. Перадусім са 100 дзесяцін зямлі, для школы прызначана 30, на астатняй зямлі Сеймік будзе ствараць узорную ферму. Праз пару гадоў валодання зямлёй, Сеймік імкнуўся да паступовага назапашвання ўсяго таго, што будзе патрэбна для школы. Гэта гаспадарчыя будынкі, земляробчыя прылады, 18 кароў, 12 коней, з якіх адзін вельмі цудоўны ангельскі рэпрадукцыйны жарабец. У гэтым немалая заслуга цяперашняга адміністратара пана Венцковіча. Калі дадаць, што школа будзе мець фруктовы сад на больш чым 4 гектарах – трэба прызнаць, што гэта ўжо шмат.

Сеймік – як мяне праінфармаваў вельмі адданы для ідэі школы пан стараста Грабоўскі – ужо запрасіў дырэктара . Ім будзе павятовы аграном Дунілавіцкага Сейміка пан Еленеўскі. Кваліфікацыя знойдзенага дырэктара першарадная, бо акрамя заканчэння Пятроўска-Разумоўскай Акадэміі ў Маскве – шматгадовая педагагічная практыка. Акрамя таго прадугледжваюцца два выкладчыкі спецыяльных прадметаў і адзін – агульных. Уласна адбудзецца на гэтыя пасады конкурс. Курс школы будзе працягвацца 11 месяцаў. Будуць прымацца сыны земляробаў, ад 16 гадоў і вышэй, неабавязкова паходзячыя з Віленска-Троцкага павета, пакуль што будуць прымацца і з іншых паветаў Зямлі Віленскай. Аплата за ўтрыманне 6 пудоў жыта штомесяц. Гэтага не хапае і Сеймік кожнаму вучню будзе даплачваць. Усяго прадбачыцца месцаў на 90 вучняў. Адкрыццё школы – 15 студзеня.

Цэнз – 4 класы ўсеагульнай школы. Выкладаныя прадметы ахопяць земляробства, жывёлагадоўлю, вытворчасць малочнай прадукцыі, агародніцтва і пчалярства, затым усё пераходзіць у практыку. Акрамя таго агульныя прадметы ў неабходным аб’ёме.

А зараз – увесь цяжар прыпадае на грамадскаць, менавіта на земляробчыя арганізацыі і актыўнейшых грамадзян павета. Трэба школу адпаведна разрэкламаваць. Вясковец з цяжкасцю аддае свае месячныя 6 пудоў збожжа на аплату навучання сына, не бачыўшы з гэтага хуткай карысці. І ўласна перакананне земляроба і яго самага блізкага суседа, што навучанне яго сына ў Букішках неадкладна дасць садавіну, што верне вартасць выдаткаванага на навучанне жыта, ляжыць на плячах кожнага, хто дабро нашай краіны мае ў сэрцы. Нарэшце трэба паварушыць гміны, пераканаць гміннякоў, што кожны з іх павінен лічыць сваім абавязкам – каб хаця б аднаго хлопца прысылаць у школу за свой кошт. Калектыўнымі намаганнямі лягчэй – і на аднаго адукаванага земляроба, які пазней будзе служыць прыкладам, у гміне стане больш. Таксама маем непахісную надзею, што пройдзе два – тры гады, і створыць Букішская школа новы, яркі атрад земляробаў і ў далейшым не стоміцца ў сваёй працы па росквіту нашай Зямлі Віленскай.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля