Мястэчка Глыбокае

Герб манашскага ордэна Кармэлітаў.

Mястэчка Глыбокае на пярэдадні паўстаньня 1831 г. выглядала наступным чынам: уладальнікам мястэчка быў Кляштар Кармэлітаў Босых, так як мястэчка было прыватным; акрамя таго была таксама каталіцкая плябанія з ксяндзом пробашчам, аўстэрыя, якая належала да кляштара Кармэлітаў, а таксама 86 дымоў (хат) зь мясцовымі жыхарамі, якіх было 305 – 166 мужчын і 139 жанчын, а акрамя таго трэба дадаць ксяндза пробашча, арганіста, манахаў Кармэлітаў, якіх было 32, сьвецкіх працаўнікоў кляштара – 69, бедных, якія жылі ў шпіталі пры кляштары – 12, вучняў параф’яльнай школы пры кляштары – 15. Такім чынам агульная лічба жыхароў мястэчка Глыбокае складала прыблізна 400 чалавек.

І. Гаспадарчы стан кляштара

„Маторам” гаспадаркі мястэчка былі яго ўладальнікі – Кармэліты, яны кіравалі паўсядзённым жыцьцём Глыбокага, яны былі тымі, хто прышчэпліваў новыя тэхна логіі ў мясцовай гаспадарцы. Таму менавіта ад апісаньня іх гаспадаркі трэба пачаць, але толькі той часткі, якая зноходзілася ў самым мястэчку, бо маёнтак Кармэлітаў не абмяжоўваўся толькі межамі мястэчка, а быў у некалькі разоў большы.

Капліца, якая стаяла ў адну лінію з уваходнай брамай і замыкала правы кут агароджы. Выгляд з двара. Не захавалася. Фота 1930-ых гг.

Лядоўня

Перад уяздной брамай на гаспадарчы дзядзінец, з боку, каля сьцяны кляштара знаходзілася манашская лядоўня – месца, дзе складавалі лёд, своеасаблівы прататып халадзільнай камеры. Лядоўня была выкапаная ў зямлі, уяўляла сабой вялікую, даўгую і глыбокую траншэю. Каб можна было ў яе патрапіць, быў прарыты сьпецыяльны праход – падземны калідор, які дазваляў увайсьці ў лядоўню і адначасова служыў за тэмпературную ізаляцыю. Сама лядоўня мела два бакавыя аддзяленьні зь невялікімі сенямі, якія таксама служылі для захаваньня сталай тэмпературы.

Сьцены, падлога і столь былі зробленыя з дыль – бярвеньняў, а не з камянёў, так як дрэва найлепш захоўвала лёд. Гэты лёд быў складаваны ў спецыяльна зробленыя каля сьцен сусекі, а таксама пад падлогу. У памяшканьнях лядоўні былі зробленыя сьпецыяльныя паліцы, на якіх знаходзіліся рэчы, такім чынам яны не датыкаліся лёду, а лёд не таяў так хутка, бо быў ізаляваны драўлянымі дылямі. Для захаваньня сталай тэмпэратуры на працягу ўсяго года (каля -15Со) былі ўсталяваныя 4 драўляныя дзьверы, якія былі абітыя жалезам, з унутранымі замкамі пад ключ. Дах лядоўні быў пакладзены на ўзроўні паверхні зямлі і быў пакрыты гонтам – драўляным матэр’ялам ў форме дошчачкі зь невялікім зубам.

Скляпеньні кляштара Кармэлітаў. Будынак захаваўся (прымыкае да сёньняшняй царквы). Фота Леанарда Рачыцкага 1930-ыя гг.

Брама

Каб патрапіць на дзядзінец кляштара, была збудаваная мураваная двух-павярховая брама, якая мела па баках два малыя і тры вялікія складзікі, з ганкам і прыступкамі ,каб узьняцца на браму. Малыя складзікі мелі па адным акне са шклом, а вялікія былі без вокан. Усе складзікі мелі моцныя акутыя дзьверы з унутранымі замкамі пад ключ. Сама брама мела двух’ярусны дах з ветрынікамі (wietrzniki), пакрыты гон там, а ў ветраніках – устаўленае шкло. Вароты адчыняліся па палове, былі акутыя, абітыя футрам і памаляваныя, мелі засоў, а таксама замыкаліся на вісячыя замкі.

 

Спадчына Кармэлітаў – крэсла прэора кляштара з двумя львінымі галовамі. Захоўваецца ў касьцёле сьв. Тройцы ў Глыбокім. Фота Ул. Скрабатуна.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №4(616) 26 студзеня 2012 года