На Купала ночка мала. Успаміны Язэпа Квача

Ноччу з 23 на 24 чэрвеня ў нас моладзь святкавала, як мы называлі, Ян. Больш у гэтым свяце было, канечне, ад Купалы, бо скаканне праз агонь і іншыя магічныя дзеянні хрысціянства не адабрае. Нам жа гэта было цікава. Праводзілася яно ў нас каля ракі, каля купальні. Старэйшыя хлопцы стараліся прывезці адкуль-небудзь гумавых пакрышак. Складалі іх ў высокую піраміду і з надыходам цемнаты падпальвалі. Тады пра экалогію не думалі, і паліць пакрышкі ніхто не забараняў. Калі агонь спадаў, то знаходзіліся смельчакі, што пачыналі прыгаць праз касцёр. Помню, адзін раз Базыль (Вася Працук) скакаў, калі касцёр быў яшчэ досыць высокі, ну і ён жа быў у нас “вухар”. Разагнаўся і прыгнуў “шчучкай”, а пры прызямленні яшчэ хацеў перакуліцца. Прыгаючы, зачапіўся за гарачы дрот, прапаліў не толькі штаны, але і на сцёгнах засталіся добрыя палосы. Папараць-кветку шукаць імкнуліся хіба вельмі закаханыя, каб далей ад вачэй пазажымацца, бо навокал не было нават кустоў.

А вось на сапраўднае Купала мы ездзілі ў Лапішкі. Яно было 6 ліпеня. Там касцёр рыхтавалі з дрэў, галля, было старое кола. Свята праходзіла за вёскай, каля лесу. Прыходзілі жанчыны і спявалі сапраўдныя купальскія песні. Сярод іх такая:

Сягоння Купала – заўтра Ян,
На святога Купала дзеўкі зёлкі капалі,
Яны капалі і не зналі,
Да караля паслалі,
Кароль зёлак не пазнаў,
Да каралевы паслаў.
Каралева пазнала,
І ўсім дзевачкам сказала,
Гэта, дзевачкі, не зёлкі,
Гэта, дзевачкі, Купена,
Гэта дзявочая красата,
А хлапечая любата.

Гэта свята ў Лапішках было больш насычана старадаўняй абраднасцю і збірала шмат людзей з навакольных вёсак.

Язэп Квач