Не хлебам адзіным… Успаміны Язэпа Квача

Квачы праз усе нягоды і жыццёвыя ператрусы, такія, як войны ці камуністычная навала, пранеслі і захавалі жывую веру ў Бога. А носьбітамі яе ў першую чаргу былі жанчыны: нашы мамы і бабулі. У ёй яны знаходзілі падтрымку і сілы перажыць войны, рэвалюцыі, сямейныя нягоды і драмы. Самай большай небяспекай для яе захавання, лічу, была камуністычная навала. Бо ніякае ліха не зацягвалася так доўга (для большасці падначаленых Расеі аж на 70 гадоў). Дзякаваць Богу, што для нас, заходнікаў, гэты перыяд быў на 20 год карацейшы. Каталіцкая Польшча ў гэтым плане адыграла на нашых землях станоўчую ролю. Пры камуністах, я мяркую, гадоў праз 30, калі б яны яшчэ пратрымаліся, то і наша вера знікла б зусім. За прыкладамі не трэба далёка хадзіць. Паглядзіце на ўсходнюю Беларусь. Вёска Зембін Барысаўскага раёна. Стаяць ужо амаль руіны велічнага некалі касцёла. Звязваюся з настаяцелем Барысаўскай парафіі ксяндзом Аляксеем Раманчуком, што “ўсім мірам” будуе касцёл у Барысаве. Пытаю ў яго:

– Ці нельга адбудаваць такую прыгажосць у Зембіне?

– Хто адбудуе, засталося адсюль толькі дзевяць прыхажан?

А ў нас жа, калі разваліўся Саюз, што тут рабілася! Пааднаўлялі і паадкрывалі ўсе цэрквы і касцёлы. А цяпер і тут ужо старых людзей мала, яны гавораць, што такую работу наўрад ці асілілі б.

Толькі блізу Квачоў былі адноўлены і дабудаваны наступныя касцёлы: Канстанцінава (Святой Тройцы), Дзеркаўшчына (Святога Міколы), Дунілавічы (Архангела Міхаіла), Удзела (Святога Антонія) і іншыя. Наш Канстанцінаўскі касцёл адбудавалі з былога магазіна. Паднялі з цэглы сцены, зрабілі хоры, павесілі звон з былога драўлянага касцёла, які нехта захаваў з мясцовых прыхажан. Аднавілі плябанію (дом для ксяндза) і пабудавалі новую. Усімі працамі кіраваў калгасны прараб Пётра Ралавец. Добрую пакінуў пасля сябе памяць чалавек. І зараз касцёл наш хоць і сціплы, але вельмі ўтульны. А самае галоўнае тое, што ён не пустуе. На святы, калі прыязджаю да мамы ў Квачы, то стараюся трапіць у касцёл на імшу. І радуюся за сваіх землякоў, бачу тут людзей рознах узростаў. Шмат сярод іх і маладых, і дзяцей, і маіх родных з Квачоў. Ніколі не пераставалі дзейнічаць бліжэйшыя святыні ў Глыбокім, а таксама ў Мосары. Я яшчэ памятаю, як на Яна ездзілі на фэст у Масара на кані. Загадзя рыхтавалі калёсы, вупраж і месцы, каб сядзець. Помню, не было салідолу, каб памазаць калёсы, і Вінцулёк прынес звычайнага топленага нутранога сала. На калёсы садзіліся чалавекі чатыры. Мама кіравала канём. Заўсёды была Яніна Ігнашкава, Вінцуська, часам яе Зоська або Анэта Янэчкава. Мама казала, што адзін раз з імі нават ездзіў Ясь і іграў на гармоніку.

А вось адну ўнікальную святыню за часы камуністаў зберагчы не ўдалося. Гэта Беразвецкі кляштар і касцёл, пабудаваныя ў 1760 годзе, яны амаль 180 гадоў знаходзіліся на службе ў Бога, а затым былі ператвораны савецкімі камуністамі і нямецкімі нацыстамі ў лагер знішчэння мясцовага насельніцтва, “палякаў, савецкіх і іншаземных палонных. Моц дэманаў і зараз праследуе гэта месца, бо тут размешчана турма УЖ15-13 (ПК-13). Аб гэтым больш падрабязна будзе гаварыцца далей.

А зараз пра тое, як нас прывучалі да Бога. Не буду адказваць за ўсіх, а раскажу пра сябе. Спачатку вывучылі “мовіць” (маліцца) пацеры, куды ўваходзілі малітвы “Ойча наш..”, “Здровась…”, “Вежань…”. Па тым часе, натуральна, яны былі на польскай мове, і мы іх слаба разумелі. Іх мы мовілі перад сном кожную нядзелю. У час, калі ў касцёле ішла імша, з бабкай мовілі “Ружанец”, “Малітву да Маткі Боскай”, “Анёл Панскі”. Затым мама мяне часам брала ў Глыбокае ў касцёл. Бывалі выпадкі, што каля касцёла дзяжурылі настаўнікі і дзяцей туды не пускалі. Потым мяне рыхтавалі да першай споведзі. Для гэтага, акрамя пацер, трэба было вывучыць недзе з пяць “Катэхізмаў” (асноўных хрысціянскіх запаведзяў). Тады мама заводзіла мяне ў закрыстую і ксёндз пытаў малітвы ды “Катэхізмы”. Калі я яму ўсё адтарабаньваў, “як бобам” (бойка, без запінкі), можна было прыступаць да першай споведзі. Я тады быў, можа, у другім класе. Шчыра прызнаюся, у школьным ўзросце ўдзел ва ўсіх набажэнствах і рэлігійных святах для мяне было хутчэй данінай павагі да традыцый старэйшых, чым унутранай патрэбай. Мы былі вельмі заідэялагізаваныя і ў большай ступені былі матэрыялістамі, чым вернікамі. Але час паставіў усё на належнае месца. А тады мне асабліва падабалася “маё вае” (малітвы ў гонар Маці Божай Маёвай). Яны заўсёды праходзілі ў нашай хаце, а потым, калі стала вольна, то на вуліцы ля крыжа. Збіралася ў нас чалавек 15, пераважна суседскія жанчыны і дзеці. Мы ўпрыгожвалі Матку Боскую букетамі. Спачатку гэта была маці-мачаха, затым “лопух”, чаромха, бэз і іншыя кветкі. У гонар Маёвай тут спявалі ў асноўным песні, і былі яны вясёлыя, чым мне і падабаліся. Мама мая была “завадатар” ва ўсіх касцельных справах, а таксама і завадзіла песні. А бывалі часы, што такі “рацівы”(адважны) заводзіў песню і я. Зусім другі настрой быў падчас малення ў велікодны пост. Збіраліся заўсёды па пятніцах вечарам. Таксама прыхадзілі старэйшыя суседкі: Вінцулёк, Віля, Анэта Янэчкава, Паўліна Адамовічава. Мае мама і бабка прысутнічалі заўсёды. Тут спевы былі жалосныя, асабліва “Дрога кшыжова”, бабулі “сморгалі насамі” (усхліпвалі), і я пад гэта засынаў, бо зімой рана клаўся спаць.

З рэлігійных святаў найбольш радаснае для ўсіх нас, а для дзяцей асабліва, было Вяліканне. Чакалі, калі прыедзе мама з касцёла са свянцонкай. Збіраліся ўсёй сям’ёй, маліліся і сядалі за стол. Спачатку абавязкова з’ядалі ўсё пасвенчанае (яйка, хлеб, соль, мяса, кілбасу), а затым елі ўсё, што Бог падаў. Пастаянным атрыбутам на Вяліканне быў надраны і запраўлены смятанай хрэн, а таксама адвараныя свіныя “санкі” (шчакавіна). Потым мы, малыя, бегалі па хатах па яйка. Абавязкова тройчы віталіся “Хрыстус з мартвых устаў!”. Ужо са школы недзе з другога класа мы збіраліся спяваць “Васолы”. О, якая гэтаму папярэднічала падрыхтоўка! На вясеннія канікулы ўсе збіраліся да Вілі, і яна нам з кантычкі дыктавала, а мы выпісвалі “Васолы”. Адамовічава Паўліна давала нам словы Хрыстоса для паненкі, якія мы спявалі дзяўчатам старэйшага ўзросту і дзеўкам на выданні. Для іх гэта быў вялікі гонар. Яшчэ б, такія добрыя словы і пажаданні:

 

Хрыстос для паненкі (ад Паўкі)
Вельканоцна ноч забавы
Пр. чырвона ружа, сад зялёны вішнёвы
А мы прышлі пад акенца. Пр.
Хочам пазнаць, хто паненка. Пр
Алёначка, паненачка. Пр
Прош адамкнуць акеначка. Пр
Выбер сабе крулявіча. Пр
Крулявіча невяліча. Пр
Што ў Варшаве зямлю мерыць. Пр
Па сто рублеў у дзень берыць. Пр
На коніку паізджаіць. Пр
З стрэмен ножак не вымаіць. Пр
Конік сівы, сам красівы. Пр
Конь з Альбова. Сам з Кракова. Пр
А ты слічна, ты ружова. Пр.
Да вяселля ты гатова. Пр

А ў канцы яшчэ дадаваліся віншаванні.

Каб паненка вялікая расла, каб увосень замуж пайшла. Каб намі не гардзіла, у вяселле папрасіла, мы не будзем дуракамі, каб класці пятакамі, а мы будзем малайцамі, будзем класці чырванцамі.

Недзе на працягу месяца мы трэніраваліся. Рабілі спеўкі. Часам мы сварыліся, і наш гурт распадаўся, потым аднаўляўся ўжо ў другім складзе, але касцяк захоўваўся. Гэта былі Мішка Квач, Антусь, Зютак, Пачкоўскія Эдзік і Валодзя, Алег Радзевіч, Эдзік Ермаковіч (Белы). Мы праходзілі з “Васоламі” ўсю вёску ад пачатку і да канца. А гэта недзе каля 70 гаспадароў, а некалькі гадоў былі яшчэ і ў Альховіках. Той, хто насіў кошык з яйкамі, называўся ў нас “дрыстун”. Каб нікога не абражаць, мы насілі кошык па чарзе. Пакуль пройдзем усю вёску, так напяёмся, што заўтра не можам гаварыць, бо “Васолы” вялікія, ажно 16 слупкоў і часам мы хітравалі, прапускаючы некаторыя слупкі. А былі некаторыя гаспадыні, што сядзелі з кантычкай і правяралі, але мы, каб не было сорамна, такіх ведалі і спявалі ім усё. Часам да нас далучаліся памагчы старэйшыя, асабліва ўзгадваю Броньку Анцюцінага, з яго сіпаватым, але прыгожым голасам (Душы яго неба). Праз пару гадоў мы ўжо спявалі пад гармонік. Добра ігралі Алег, Белы, я таксама дапамагаў неяк “склыгаючы” (слаба іграючы). Заканчвалі мы ўжо прыцемкам. Дзялілі свой набытак і атрымлівалі недзе па 40 яек і па тры рублі грошай (на той час для нас гэта было не мала). Бывалі часы, што праходзілі тры групы валачобнікаў. Мы – самыя першыя, за намі старэйшыя хлопцы, такія, як мае браты. Тут маглі іграць Коля Чэсікаў, наш Толік, Янак Маскалёнак, затым мужчыны, у якіх часцей за ўсё іграў Ясь Абламаў, маглі таксама Калюсь Маскалёнкаў, Шкіль. Вось якія моцныя некалі былі Квачы. У старэйшых часам у кошыку ўжо з’яўлялася і віно, а мужчыны дык дзеля таго і хадзілі. І калі хутка “набіраліся” (напіваліся), то “Васолы” для іх заканчваліся. Помню такі выпадак. Юзюк Янэчкаў ўжо добра нападдаў, Вандзя яго цягне дамоў, а ён ей так далікатна кажа: “Ну, Вандачка, Вандулёк, ну хоць адну хатку!” Трэба ведаць іх абоіх, каб уявіць гэту “карціну”.

Яшчэ добра памятаю куццю. На стол клалі духмянае сена, засцілалі яго белым ільняным абрусам і ставілі стравы. Перад усім маліліся, ламалі і дзяліліся аплаткай. На стале абавязкова прысутнічала поліўка з сушонымі грыбамі, хлебам для закваскі і крупамі, селядцы, кісель, булкі з макам, кісель з журавін. Калядаваць у нас не хадзілі.

Пахаванні ў нас заўсёды праходзілі з адпяваннем па мерлых. Недахопу ў спявачках у Квачах не было. Тут быў добра зладжаны квартэт у складзе Вырусі (маёй мамы), Герці, Альфрэды, Паўліны. А раней “ўспівалі” Зося Дзівакова (Тадорка), Руфіна Мікалаешына, Каця Рублеўскага. Дарэчы ад яе захаваліся і такія сакральныя рэчы, як крыж, што неслі перад нябожчыкам і комжа (белая накідка для таго, хто нёс крыж). А крыж гэты яшчэ з Дзеркаўскага касцёла. Годна памінаюць Квачы і сваіх памерлых “дзядоў” на ўсе Святыя. Апошні год быў і я на гэтым малебне. Ксёндз зачытваў спісы памерлых па “родзінах” (сем’ях). Гэтыя спісы падавалі родныя памерлых, тыя, што яшчэ жывуць. У некаторых сем’ях спісы памерлых значна большыя за тыя, што засталіся пры жыцці. І у мяне ва ўяўленні ўзнікла такая карціна. Стаім на магілках мы, жывыя, сем’ямі, і недзе вакол нас нябачныя нашы “дзяды”. І яны чакаюць і радуюцца, калі каго з іх назаве ксёндз па спіску. І стаяць засмучаныя тыя нябожчыкі, каго ў спісах няма. Стаяць і з дакорам пазіраюць на нас і сваіх родных, што не прыйшлі да іх на сустрэчу і не памаліліся за памерлых. І вось з такімі пачуццямі ў мяне нарадзіўся верш “Дзядам”.

 

Дзядам

Малы лічыў, што будзем разам вечна:
Бабуля, мама, тата і трое нас.
А ўжо цяпер нас тут толькі палова –
Старэйшых пазабраў няўмольны час.

Цяпер, зважаю, меў тады я рацыю,
Хацеўшы вечна быць каля сваіх.
Мы госці тут, а хутка будзем разам,
Для вечнасці зямное – толькі міг.

Нябожчыкі сустрэчы не даждуцца,
Пільнуюць нас, ці прыйдзем мы сюды:
Бацькі, браты, сябры, найдаражэйшыя суседзі
Да нас прыходзяць толькі на дзяды.

А ксёндз чытае паіменна іх па спіску.
Не чуем, а з іх кожны адказаў.
Стаяць панура і глядзяць твае з дакорам,
Як ты не быў і сваіх родных ў спісы не падаў.

А каб з табою не было такога –
Шануй дзядоў, што на пагост ідуць.
Настане час і яны будуць стрэчы рады,
І ўнукі цябе ў спісы пададуць!

(Язэп Братка 21.11.2015)

Яшчэ мушу згадаць пра паездкі нашых квачоўцаў у Вільню на Кальварыю. Ездзілі туды на Актавы. Гэта летам ужо пасля Тройцы. Наведвалі Кальварыю, Вострую браму, ілюстраваную “Крыжовую дарогу”. Раней яшчэ рабілі пешае паломніцтва туды Стэпка (Адамовічава), Віктора (Гені Петрусёвай баба, траціярка накшталт законніцы) і Людвічыха (Юзіка Фэлінага маці). А ўжо на маёй памяці туды ездзілі на поездзе. Бывалі там мая мама, Віля, Вінцуська, Анэта Янэчкава. Ішлі або нехта падвозіў на поезд у Канстанцінава вечарам у пятніцу. У суботу раніцай прыбывалі, хадзілі па святых месцах. Пераначаваць бралі да сябе мясцовыя наведвальнікі касцёла. У нядзелю таксама хадзілі на імшу, а што заставаўся час, хадзілі па магазінах. Помню, мы не маглі дачакацца, калі мама прыедзе з Вільні. Адтуль прывозілі першыя ліхтарыкі, што падзараджаліся з разеткі, а таксама дзешавую вараную каўбасу і розакаляровыя коржыкі.

Вельмі дарэчы трэба тут апісаць адзін выпадак, пра які распавяла мне мама. Меліся паставіць у Квачах каля асфальта на скрыжаванні крыж. Ляжаў ён гатовы і чакаў свайго дня ўстаноўкі. Прыйшоў да мамы Гжэсь Казючы шын і просіць: “Выруся, ты знаеш, што я не здаровы і мне ўжо не многа засталося, я так бы хацеў, каб крыж паставілі каля мяне на перакростку!…” Мая мама не змагла адказаць у такой просьбе. І зараз у вёсцы два крыжы. А чалавеку ж было так прыемна, што выканалі яго просьбу і ён стаў бліжэй да Ўсявышняга…

Шмат дзе па свеце раз’ехаліся Квачы, нашчадкі тых, хто праз вякі ў складаных умовах захавалі жывую веру продкаў. У нас зараз поўная свабода, але найперш – гэта свабода нашага сумлення. Ці апраўдаюць надзею продкаў нашы дзеці? Сёння залежыць ад нас з вамі, Квачы!

Язэп Квач