Паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі ў Глыбокім

Кіраўнік паўстаньня Тадэвуш Касьцюшка

Апавядаючы гісторыю мястэчка Глыбокага, варта таксама ўзгадаць адзін цікавы эпізод з гісторыі, які быў адным з першых праяваў патрыятызму і любові глыбачанаў да свае Бацькаўшчыны – Рэчы Паспалітай. Гэтым эпізодам было паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі.

Як вядома, пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, нашае мястэчка апынулася ў межах Расейскай Імперыі, чым былі не задаволеныя ня толькі мясцовыя патрыёты, але таксама і таргавічане (удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі – паплечнікі Расеі). Не былі згодныя з існуючым станам таксама і ўладальнікі мястэчка Глыбокага – манахі Кармэліты босыя. Таму, хутчэй за ўсё, галоўным цэнтрам руху супраць Расеі на Глыбоччыне быў кляштар Кармэлітаў, а яго іспіратарамі былі манахі. Глыбоцкі кляштар пасьля ІІ падзелу Рэчы Паспалітай быў адлучаны ад сваіх вышэйшых манаскіх уладаў (правінцыяла), якія знаходзіліся ў Вільні. Кармэліты былі вельмі зацікаўленыя тым, каб Глыбокае як мага хутчэй вярнулася ў склад Рэчы Паспалітай. Менавіта таму, нашае мястэчка адным з першых на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага прыняло актыўны ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі. А дакладней, Кармэліты пачалі прыгатаваньне да гэтага паўстаньня значна раней, бо ўжо ў 1792 г., адразу пасьля акупацыі Глыбокага маскавітамі.

Гэнэрал Якуб Ясінскі

На пачатку 1794 г. да Кармэлітаў на нараду прыехаў сам Якуб Ясіньскі, які нават пакінуў манахам свайго нованароджанага сына Ваўжыньца (Лаўрэнція), відочна прадчуваў, што паўстане будзе вельмі цяжкім, таму сваё дзіцяці пакінуў на выхаваньне манахам.

Паўстаньне Т. Касьцюшкі распачалося 24 сакавіка 1794 г. ў Кракаве, а ўжо 27 красавіка (месяц пазьней) расейскі маёр граф Левін Аўгуст фон Беньнігсэн атрымаў наказ як мага хутчэй выслаць ў Глыбокае большую лічбу войска, прыкладна каля 120-130 егераў, каб патушыць паўстаньне супраць Расеі. Наступнага дня, 27 красавіка, расейскі гэнэрал Цімафей Туталмін напісаў у сваім рапарце Мікалаю Рэпніну, які быў га лоўнакамандуючым, што ў мястэчку Глыбокае пануе хісткі настрой, і што ўсе жыхары думкамі прыгатаваныя да ўдзелу ў паўстаньні. Таксама гэнэрал Лукашэвіч у сваім рапарце Рэпніну 28 красавіка пісаў, што, быць можа, вялікая лічба расейскага войска ў мястэчку напалохае жыхароў браць удзел у паўстаньні.

Аднак і гэта не дапамагло. Ужо 4 траўня Туталмін пісаў у сваім рапарце да Зубава, што паўстаньне ахапіла Браслаў, Слабодку, Глыбокае і Докшыцы. Туталмін напісаў таксама і пра нейкага “ўніяцкага папа” Канстанцінавіча, які на Вяліканьне не даваў камуніі (не прычашчаў), пакуль веруючыя не прысягнулі прыняць удзел у паўстаньні супраць маскавітаў. Гэнэрал таксама падкрэсьліў вялікую ролю ў прыгатаваньні паўстаньня нашых Кармэлітаў, якія прымалі ў сваім касьцёле “тысячы” прысяг на ўдзел у паўстаньні, а акрамя таго дазволілі куць пікі для паўстанцаў у сваіх кузьнях.

Як бачна, удзел у паўстаньні прынялі амаль усе жыхары мястэчка. Адзінай перашкодай былі габрэі, які працавалі на карысьць расейцаў. Варта прыгадаць, што аж да падзелаў Рэчы Паспалітай, Кармэліты забаранілі габрэям сяліцца ў мястэчку Глыбокім, таму габрэі жылі толькі ў радзівілаўскім горадзе Глыбокае.

Падчас паўстаньня менавіта мясцовыя габрэі працавалі як шпіёны на карысьць расейцаў, і даносілі на ўсіх удзельнікаў паўстаньня. Вельмі вядомым расейскім шпіёнам быў габрэй Моша Шмуйловіч з Мядзеля, дзе Кармэліты босыя таксама мелі свой кляштар. Гэты габрэй 31 траўня напісаў данос на ўдзельнікаў паўстаньня, у якім напісаў ня толькі імёны паўстанцаў, але таксама зазначыў, што менавіта манахі Кармэліты былі сувязістамі паміж паўстанчымі камітэтамі. У якасьці адказу на гэты данос расейскі гэнэрал выслаў дадатковыя войскі ў Глыбокае, Мядзель, Паставы, Шаркоўшчыну, Докшыцы і Сьвір.

Акрамя таго Туталмін выдаў наказ арыштаваць пэўнага Корсака, агітатара на карысьць паўстаньня, якога ён апісаў як вельмі небясьпечнага чалавека. Быць можа, гэтым Корсакам быў пазьнейшы прыёр кармэлітаў у Глыбокім айцец Рамуальд ад сьв. Ёахіма Корсак (прыёрам 1799-1802гг.). Таксама быў выдадзены наказ арыштаваць “папа” Канстантыновіча разам з духавенствам з Лагойска і Докшыц. Цяжка сказаць чаму Туталмін не ўзгадаў пра Кармэлітаў з Глыбокага. Быць можа таму, што ня меў на іх доказаў, бо дзейнічалі больш утойліва, не вядома. Аднак ужо 8 ліпеня гэнэрал Туталмін павялічыў лічбу расейскіх войск у мястэчку Глыбокае, аб чым даклаў графу Мікалаю Салтыкову.

Усе вышэй апісаная дзейнасьць расейскіх уладаў у стасунку да мястэчка, а менавіта той факт, што амаль увесь час гэнэрал павялічваў лічбу войска, можа сьведчыць аб тым, што напрацягу паўстаньня існавала пачуцьцё нарастаючай нябяспекі з боку глыбачанаў. Быць можа, у мястэчку не было маштабнага збройнага супрацьстаяньня, аднак паўстае пытаньне: навошта тады расейцы амаль кожны месяц высылалі ў Глыбокае ўсё новыя і новыя эскадроны жаўнераў? На жаль, сёньня цяжка адказаць на гэтае пытаньне.

Таксама цяжка падцьвердзіць сувязь манахаў Кармэлітаў з Тадэвушам і Самуэлем Корсакамі, актыўнымі ўдзельнікамі паўстаньня. Напэўна Тадэвуш ня раз быў у глыбоцкім кляштары, а перад падзеламі Рэчы Паспалітай ён быў полацкім падчашым, а пасьля і полацкім скарбнікам. Можа менавіта ён, Тадэвуш Корсак, будучы супрацоўнікам Якуба Ясінскага, яшчэ ў 1793 г. выслаў у Глыбокае да кармэлітаў паручніка Кушлеўскага на так званыя “звяды”, можа такім чынам манахі, а перадусім айцец Рамуальд Корсак, кантактаваліся з Найвышэйшай Літоўскай Урадавай Радай, членам якой быў Самуэль Корсак. Аднак ня можна запярэчыць аднаму факту, што кармэліты былі вельмі блізка зьвязаныя з сям’ёй Корсакаў, дзяцей якіх, манахі высылалі да сваёй школы ў Беразьвеччы пры базыльянах, некаторыя зь якіх уступалі ў кляштар, станавіліся манахамі. Акрамя таго, шмат Корсакаў прыняло актыўны ўдзел у паўстаньні Т. Касьцюшкі.

Вяртаючыся да самаго паўстаньня, то як вядома 12 жніўня 1794 г. расейцы занялі Вільню, 10 кастрычніка Тадэвуш Касьцюшка патрапіў у палон, 4 лістапада быў забіты Якуб Ясінскі, 5 лістапада была занятая расейцамі Варшава, а 16 лістапада паўстанцы скапітулявалі – гэта быў канец паўстаньня. Год пазьней, 24 кастрычніка 1795 г. адбыўся ІІІ і апошні падзел Рэчы Паспалітай, якая перастала існаваць як дзяржава. Глыбокае ўвайшло у склад Расеі.

Падсумоўваючы, варта падкрэсьліць вялікі ўнёсак глыбоцкіх Кармэлітаў у арганізацыю паўстаньня, бо менавіта яны прымалі тысячы прысяг на вернасьць Рэчы Паспалітай, якія складала мясцовая шляхта ў прыкляштарным касьцёле Унебаўзяцьця перад цудадзейным абразом Маці Божай Падхорнай, менавіта Кармэліты кулі ў сваіх кузьнях пікі для паўстанцаў, менавіта яны езьдзілі з аднаго кляштара ў іншы як сувязныя паміж паўстанцамі, былі носьбітамі інфармацыі. Быць можа, само мястэчка Глыбокае не адзначылася выдатным збройным паўстаньнем супраць расейцаў, але напэўна нельга не дацаніць “інтэлектуальнага” паўстаньня супраць расейцаў, вялікая заслуга ў чым была Кармэлітаў.

Рэч Паспалітая спыніла сваё існаваньне, аднак глыбачане не намерваліся пагадзіцца з такім станам рэчаў. Як пазьней пакажа гісторыя, глыбачане яшчэ некалькі разоў пад кіраўніцтвам Кармэлітаў змогуць паказаць сваю непрыхільнасьць да расейскіх акупантаў і свой вялізарны патрыятызм да Рэчы Паспалітай.

Архіўны дакумэнт

29 мая. Сообщение генерала И. Германа Н. Репнину освоих действиях в Браславском повете
Получа на ходу повеление вашего сиятельства от 27 мая, из Лушки чрез Ермановичи следовать буду к стороне Браслава и соединюсь около Погоста с баталионом, которой от меня из Десны туда отражен. Но как сей же час получил курьера от господина минскаго губернатора, и кавалера Неплюева, что в Волколате в тридцати верстах от Глубокаго волнение около етаго места в самом народе явно открылось, что команда из Минска в 20 человек туда посланная изтреблена и что посему думать должно, что сие произшествие имеет свой корень в какой-либо особой партикулярной причине, ежели подлинно команда там бывшая в двадцать человеках истреблена. Но при всем том служит сие доказательством, что и внутри границ в настоящих обстоятельствах на мелкия раздробления войски разсыпать не должно. Они приходят от того в неуважение и потому опастности подвержены. Имеется между сими бунтовщиками и мятежниками виленское известное сообщение. Я принужденным нахожусь в Глубокое отделить батальон и туда вскорости отрядить двух ескадронов от Псковскаго драгунскаго полку с орудием, сколь скоро сей полк в Десну прибудет. От реченнаго полку получил сегодня рапорт, что первая колонна онаго прибудет 2 числа июня в Десну.
АВПРИ, ф. 79, оп. 6, д. 1838, л. 20 – 20 об.

Архіўны дакумэнт

13 июня. Отношение генерала И. Германа к Н. Репнину сжалобами на продовольственные трудности
Доставление провианта меня крайне озабочивает. Онаго довольно есть в Десне и Полоцке, но подводы ищутся с великою трудностию. Шедши от Десны с десятидневным провиантом, сей провиант вчерась уже кончился и я перебираюсь всячески, доставая, сколько найду в неприятельской земле. Отрядами изнурил конницу. Нет хлеба в здешнем краю и Польша походит более на пустыню, нежели на обитаемую землю.
Уведомился я сего дня, что десятидневной провиант мой из Десны прибыл в Глубокое. На всякий случай отправил я уже вчерась туда полковыя провиантския фуры. Люди, близ границы живущия, скрываются от страху по лесам и начели только иные возвращаться в свои домы. Подвод собрать трудно. Сам господин провиантмейстер-лейтенант, подполковник Берх вчерась ко мне из Полоцка приехал и я с ним все надобное учреждение зделал для будущаго продовольствия ввереннаго мне отряда, но в разсуждении подвод покорнейше прошу вашего сиятельства господину полоцкому губернатору предписать, чтоб он иногда с своей стороны делал помощь.
АВПРИ, ф. 79. оп. 6, д. 1838, л. 153.

Публікацыя захоўвае стыль і правапіс аўтара. Працяг будзе.

Аляксандр Івашчонак

Вольнае Глыбокае №12(624) 22 сакавіка 2012 года.