Парады ад Сіманёнка

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

Іван Іванавіч Сіманёнак нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Сіманы Пастаўскага раёна. Пасля вучобы ў Лукашоўскай сярэдняй школе паступіў на лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М.Кірава. Працу на вытворчасці ў 1974 годзе пачаў з пасады ляснічага Обальскага лясніцтва Полацкага лясгаса. У 1975 годзе перавёўся ў Пастаўскі лясгас, бліжэй да месца жыхарства бацькоў. Працаваў на інжынерных пасадах, на пенсію ў 2011 годзе пайшоў з пасады начальніка аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення названага лясгаса. У сярэдзіне васьмідзесятых захапіўся садоўніцтвам, пасябраваў з дачкой І.П. Сікоры Лідзіяй Іванаўнай і яе мужам Яўгенам Васільевічам Зуйковым, якія жылі ў Варапаеве. Чытаў шмат садоўніцкай літаратуры, ездзіў па Беларусі за чаранкамі садовых раслін, вёў перапіску і абмен сартамі са шматлікімі садоўнікамі-аматарамі. З пачатку дзевяностых пачаў пісаць артыкулы на садовую тэматыку ў “Талаку”, “Хозяин”, “Гаспадыню”. Адтуль прыязджалі журналісты, трапіў нават на вокладку часопіса “Хозяин”. Выпрабаваў (па-аматарску, вядома) каля сотні сартоў яблыняў і паўсотні сартоў грушаў на прадмет іх прыстасаванасці да мясцовых умоваў. Вырошчваў саджанцы на продаж (у асноўным яблыні сорту Памяць Сікоры), што дапамагло ў складаныя дзевяностыя. Склаў кароткую і ёмкую інструкцыю па тэхналогіі пасадкі садовых дрэў у розных глебавых умовах.

Парады ад Сіманёнка

Абнаўленне старых садоў

Як вядома, ламаць значна лягчэй, чым будаваць. Бываючы ў старэючых вёсках, асабліва ў тых, дзе асобныя хаты куплены пад дачы, можна час ад часу заўважыць спілаваныя або выкарчаваныя яблыні, прычым часта абсалютна здаровыя.

Напэўна, тыповы англійскі травяны лужок або стылізацыя пад японскі сад камянёў маюць права на існаванне, калі яны грэюць душы сваіх уласнікаў. Не вельмі добра, на маю думку, калі дзеля моды марнуюць прыгодныя яшчэ садовыя дрэвы, каб потым купляць тыя ж фрукты… Прыводжу цытату са штодзённай цэнтральнай газеты “Сад – гэта вельмі складаная вытворчасць. За сезон у садзе праводзіцца ад 15 да 20 апрацовак.” Гэта ў Беларусі! А з-за мяжы прывозяць яблыкі і пазалеташняга збору… Атрымліваецца, што маем – губляем. Хачу адзначыць, большасць традыцыйных мясцовых гатункаў яблыняў па ўстойлівасці да паршы пераўзыходзіць новамодныя такога ж тэрміну паспявання. Іншая справа, што зімовых і позназімовых гатункаў было нямнога, і садовы асартымент быў пераважна восеньскім. Выправіць яго магчыма перапрышчэпкай старых дрэваў. Не варта спадзявацца, што пасаджаны нанова на месцы старога малады сад адразу ж дасць багаты ўраджай з-за стомленасці глебы.
Нават пры мізэрнай магчымасці поспеху варта пастарацца амаладзіць дрэва. Калі штамб больш-менш жыццяздольны і ў кроне ёсць некалькі жывых асноўных разгалінаванняў, поспех больш чым верагодны. Вясна – найбольш спрыяльны перыяд для так званай шокавай абрэзкі пладовых дрэваў. Пры гэтым зразаецца ад паловы да дзвюх трэцяў кроны. Натуральна, застаецца ад паловы да адной трэці.

Разлічваем на тое, што так званыя спячыя пупышкі на рэштках шкілетных сукоў або штамбе прачнуцца і з іх прарастуць новыя парасткі. Калі, напрыклад, ад штамба адыходзяць чатыры асноўныя галіны, можна смела зрэзаць дзве або нават тры з іх. Пры гэтым спілоўваем іх не цалкам , пакідаючы “пянькі” ад паўметра да метра вышынёй. На іх і будзе фарміравацца новая крона. Як правіла, на пераважнай большасці мясцовых яблыняў у першы ж сезон вырастае мноства парасткаў-ваўчкоў. На другі год трэба спілаваць аналагічным чынам рэшткі старой кроны і адразу ж брацца за перапрышчэпку і фарміраванне новай.

Найбольш рацыянальным спосабам перапрышчэпкі на падставе ўласнага вопыту лічу простую капуліроўку, пры якой парасткі прыкладна аднолькавага дыяметру вострым нажом зразаюцца наўскасяк і змацоўваюцца скотчам ліпкім слоем наверх.

Колькасць перапрышчэпленых парасткаў павінна быць некалькі большай з той прычыны, што частку з іх давядзецца выдаліць пры фарміраванні ўстойлівай да ветру і разломаў кроны. Неперапрышчэпленыя парасткі трэба адразу ж выразаць або выламаць. Наўмысна не акцэнтую, якімі гатункамі небходна замяняць папярэднія. Тымі, якія падабаюцца іменна вам. Мне, напрыклад, з позніх падабаюцца Ліберці, Валстафт, Алеся, Памяць Сікоры, Беларускі сінап. Але, паўтаруся, кожнаму сваё. Нехімічнае!

Амаладжальная абрэзка

У жыцці кожнага садовага дрэва непазбежна наступае перыяд стагнацыі, калі амаль спыняецца рост, змяншаецца ўраджайнасць, плады драбнеюць і г.д. Праблему гэту ў прамысловых садах рашаюць з дапамогай бульдозера, на месцы былога саду некалькі гадоў вырошчваюць прапашныя культуры, чакаюць, пакуль зямля “адпачне”, і потым закладваюць новы сад. На прысядзібных участках амаль заўсёды гэта немагчыма па розных прычынах — значныя выдаткі, недахоп месца, але часцей за ўсё спрацоўвае сіла прывычкі, шкада расставацца з палюбіўшымся сортам.

Выхады з сітуацыі два – адчувальная падкормка і амаладжальная абрэзка. Задача кардынальнай, амаладжальнай абрэзкі траякая: зніжэнне кроны, раскрыццё яе цэнтральнай часткі, абуджэнне спячых пупышак на шкілетных галінах і штамбе. Калі пры звычайнай, фарміруючай абрэзцы маса зрэзанага галля павінна быць блізкай да масы штогадовага прыросту, то пры амаладжальнай абрэзцы зразаецца нашмат больш, нават да паловы кроны. Больш паловы кроны зразаць не варта, усё ж трэба вытрымліваць хоць нейкі баланс паміж надземнай і падземнай часткамі дрэва. Раскажу пра сваю памылку. Рашыў перапрышчапіць дваццацігадовую грушу, зрэзаў амаль усю крону, пакінуўшы пару невялікіх галінак з ніжняга яруса. Спячыя пупышкі сапраўды абудзіліся, але вельмі позна, ледзь не ў другой палове лета, парасткі пайшлі ў зіму травяністымі, як вынік – дрэва загінула.

Прычына ў тым, што пакінутая маленькая частка кроны не забяспечыла дастатковае сілкаванне вялікай каранёвай сістэмы. Амаладжальную, як і звычайную абрэзку раблю ў канцы зімы – пачатку вясны, да пачатку руху сока. Адрозненне кардынальнай абрэзкі ад шараговай ў тым, што неабходна пакідаць “пянькі” з такім разлікам, каб на іх прачнуліся спячыя пупышкі, выраслі маладыя парасткі, з якіх у будучым і будзе фарміравацца новае аблічча кроны. Перад такой абрэзкай варта пастаяць каля дрэва і выразна уявіць сабе, што вы хочаце ў канчатковым выніку атрымаць. Калі існуючая крона завысокая – пастарацца максімальна яе знізіць, калі пустая ў цэнтральнай частцы – раскрыць цэнтр, калі касабокая – выправіць яе.
Графічна ілюстраваць гэта практычна немагчыма, бо будова кроны кожнага асобна ўзятага дрэва вельмі індывідуальная. Перш – наперш трэба выдаліць начыста сухое і пашкоджанае голле. А далей дзейнічаць па сітуацыі.

Тоўстыя сукі трэба пілаваць у два прыёмы – спачатку чарнавы рэз з падпілам, а потым чыставы адным рэзам. Даўжыня пакідаемых “пянькоў” залежыць ад плануемай будовы новай кроны, звычайна паўметра- метр. Зрэзы адразу ж неабходна замазаць садовай замазкай. Засталося толькі чакаць абуджэння пад тоўстай карой спячых пупышак і роста маладых галінак. У першы пасля абрэзкі сезон чапаць іх не варта – няхай растуць усе.

Да фарміравання новай кроны прыступаем у наступным годзе пасля таго, як закончацца маразы. Рабіць гэта трэба ўдумліва, без лішняй спешкі, выдаляючы максімум парасткаў, што растуць вертыкальна ўверх, пакідаючы максімум галінак, якія схільны да гарызантальнага росту. Праз некалькі гадоў кардынальна абрэзанае дрэва парадуе нармальным ураджаем з нармальнымі пладамі.

Глыбінная падкормка

Гэты артыкул адрасаваны тым, каму “пашчасціла” мець у валоданні кавалачак зямлі з пясчанай, гэта значыць вельмі беднай глебай. Настае момант, калі карані моцнарослых пладовых дрэваў, напрыклад, груш выходзяць за межы пасадачных ямаў, якімі б дастатковымі яны не здаваліся ў момант пасадкі. Гадавыя прыросты запавольваюцца, на штамбе і на шкілетных галінах пачынаюць расці мхі і лішайнікі, закладка пладовых пупышак змяншаецца, плады драбнеюць, становяцца неапетытнымі на выгляд, пабіваюцца паршой. Дрэвам відавочна патрэбна дапамога ў выглядзе амаладжальнай абрэзкі і грунтоўнай падкормкі. Пра грунтоўную падкормку семечкавых пладовых і будзе ніжэй.

Паверхневая падкормка грушаў толькі часткова дасягае вынікаў, бо каранёвыя сістэмы гэтых дрэваў звычайна магутныя і асвойваюць нават бедныя, малагумусныя гарызонты. Некалі даўно прачытаў рэкамендацыю, маўляў, трэба выкапаць у межах праекцыі кроны кругавую вузкую і глыбокую траншэю, а пасля запоўніць яе ўрадлівай глебай (перагноем), але так і не скарыстаўся такой парадай, бо занадта працаёмкая працэдура, ды і не хацелася шкодзіць караням, што непазбежна пры такой тэхналогіі. Неяк, паліваючы сад (звычайна раблю гэта вельмі рэдка, толькі ў перыяд працяглай засухі), зрабіў адкрыццё, што струмень вады ад электрычнай помпы ў калодзежы з лёгкасцю вымывае на паверхню пясок нават са значнай глыбіні (0,8 – 1 м), утвараючы амаль кратавіну вакол гэтай, як бы мовіць, свідравіны.

Калі вада можа здабыць пустую глебу з глыбіні, то нашмат лягчэйшым будзе перанос урадлівай глебы, перагноя, гліны ўглыб да самых каранёў, не шкодзячы ім – ідэя, можна сказаць, ляжала на паверхні. Засталося толькі адкінуць убок намыты на паверхню пясок, прынесці на яго месца перагной, гліну і ўключыць электрапомпу! Атрымаўшаяся на паверхні глебы пажыўная суспензія пацячэ прама да каранёў, мяняючы ў лепшы бок як структуру глебы, так і яе ўрадлівасць. Хачу папярэдзіць, што не варта такім чынам запраўляць у адтуліны мінеральныя ўгнаенні або водны раствор гною, можна пралічыцца з дазіроўкай і наогул загубіць дрэва.

Дастаткова ўнясення ў глыбінныя пясчаныя гарызонты толькі ўрадлівай глебы і гліны! Колькасць “праколаў” і адлегласць паміж імі – адвольныя, лепш рабіць не залпам, а за некалькі разоў вясной і ў першай палове лета.

Выкарыстоўваю калодзежную ваду, наконт выкарыстання водаправоднай меркавання не маю. У шланг устаўляю невялікую тонкасценную трубачку. На такое паляпшэнне глебы пладовыя дрэвы адклікаюцца лепшым ростам ужо на наступны год. Самы момант – прыступіць да амаладжальнай абрэзкі. Але гэта ўжо іншая тэма.

Захаваць ураджай

Здавалася б, што гэта прасцей простага, сабраць яблыкі ці грушы ў скрынкі, паставіць у склеп або кладоўку ды карыстацца па патрэбнасці…Аднак пры гэтым існуе рызыка значных страт. Пра тое, як страты зменшыць, выкажу свае меркаванні на падставе асабістага вопыту. Адзначу, што ніякіх хімічных сродкаў ні пры вырошчванні садавіны, ні пры яе захоўванні не прымяняю прынцыпова, іх і так зашмат у паўсядзённым побыце. Памяшканне, скажам так, прыстасаванае. Кладоўка са стэлажамі каля сцен. Закрытыя металічнай сеткай ад мышэй вентыляцыйныя адтуліны ў сцяне і столі. Пры адсутнасці халадзільнай камеры вентыляцыя памяшкання, асабліва на першым, восеньскім этапе мае ці не вырашальнае значэнне для змяншэння страт. І яблыкі, і асабліва грушы даволі інтэнсіўна “дыхаюць”, ім патрэбна свежае паветра. Шмат свежага паветра.

Аднойчы загружаныя ў машыну з вечара грушы пачарнелі за адну толькі ноч, так і не даехаўшы да рынка. Задыхнуліся ў зачыненым салоне, у абмежаванай прасторы. Другі складнік – тэмпература. Не варта збіраць плады, прызначаныя для захоўвання, ў цёплае надвор”е. Лепш рабіць гэта па халадку. Скрынкі для захоўвання пладоў не павінны быць глыбокімі. Яблыкі пажадана захоўваць не больш, чым у два слаі, з тым разлікам, каб яны ўсе праглядваліся для своечасовага выдалення пачаўшых псавацца, а грушы дык наогул у адзін слой. Пасля збору і раскладкі па скрынках мае сэнс патрымаць іх у цяньку ды халадку ночку-другую, каб ахаладзіліся. Натуральна, што трэба сістэматычна праветрываць кладоўку ў тыя гадзіны, калі вулічная тэмпература ніжэйшая за ўнутраную.

Аптымальная тэмпература захоўвання садавіны блізкая ля нуля градусаў, спрыяльная – ад нуля да пяці градусаў цяпла. Пры вышэйшай тэмпературы хуткасць працэсаў псавання фруктаў павялічваецца. Безумоўна, час ад часу патрэбна рэвізія сховішча, злёгку сапсаваныя плады можна перапрацаваць, а непрыдатныя прыйдзецца выкінуць. Аптымальная вільготнасць у сховішчы для фруктаў павінна быць максімальнай, каля ста працэнтаў. Рэгуляваць вільготнасць, зноў жа,можна за кошт навакольнага асяроддзя, адкрываючы вентыляцыю або нават дзверы ў сырое халаднаватае надвор”е. Можна павесіць унутры ладны кавалак тканіны, час ад часу змочваючы яе або апусціўшы край у пасудзіну з вадой. Гэта працэдура асабліва неабходна тады, калі падчас вялікіх маразоў прыходзіцца працепліваць памяшканне, пры гэтым яго падсушваючы.

На працяглае, да вясны-лета захоўванне яблыкі падбіраюцца па лёжкасці і памерах.Найбольш прыдатныя для гэтай мэты сярэднія і меншыя па памерах плады.

Вялікія яблыкі часта пачынаюць гніць знутры. Безумоўны чэмпіён па лёжкасці – Беларускі сінап, нашмат урадлівейшы і смачнейшы за яго гатунак Памяць Сікоры пры недастатковай вільготнасці падсыхае, але таксама захоўваецца да позняй вясны. Добрыя паказчыкі па знешняму выгляду, смаку і лёжкасці маюць Ліберці, Айдарэд, Валстафт і іншыя. Без хіміі!

Касіць не рыхліць!

Без належнага догляду за зямлёй пад садам на стабільныя ўраджаі спадзявацца не прыходзіцца. Яркі прыклад – закінутыя па розных прычынах садовыя пасадкі ў апусцелых вёсках.Перыядычнасць плоданашэння або яго адсутнасць, дробны памер і няпэўная афарбоўка пладоў, вартых хіба што неадкладнай перапрацоўкі, а не падачы на стол у якасці дэсерта…Маючы больш чым дастатковыя для дзвюх пар рук садовыя плошчы, на ўласным вопыце пазнаў працаёмкасць розных метадаў утрымання глебы ў садзе.

Напэўна, найлепшым з іх будзе падгледжаны вельмі даўно ў старога садоўніка польскай яшчэ школы-закваскі… Ён абкладваў вясной прыствольныя кругі пладовых дрэваў тоўстым,ледзь не ў пядзю таўшчынёю, слоем гною. Праз шмат гадоў мне некалькі разоў удалося паўтарыць яго вопыт. З гноем цяпер, нават у вёсках, скажам так, цяжкавата… Але той, у каго ён ёсць, можа скарыстаць гэты пабочны прадукт жывёлагадоўлі ў мэтах кардынальнага паляпшэння стану садовых пасадак. У сярэдзіне ці напрыканцы мая, які дарэчы, у беларускім каляндары – травень, па падросшай ужо траве-пустазеллю абкладваем гноем свае самыя любімыя дрэвы ў садзе па праекцыі іх кронаў. Натуральна, крыху адступіўшы ад самога ствала дрэва. І на цэлае лета пра догляд зямлі пад угноенымі дрэвамі можна забыцца!

Аўтаматычная падкормка комплексным, па сутнасці, угнаеннем у сукупнасці з фактычным мульчыраваннем глебы вельмі спрыяе як развіццю саміх дрэваў, так і шчодраму іх плоданашэнню. Пры гэтым павышаецца імунітэт дрэваў і пладоў супраць рознага роду захворванняў,павялічваецца памер пладоў, паляпшаецца іх афарбоўка. Прычым эфект ад такой падкормкі-мульчыравання гноем расцягваецца на некалькі гадоў.

Зазначу з уласнага вопыту, што абкладзеныя некалі шчодра гноем яблыні і праз дзясятак гадоў больш прадукцыйныя, чым тыя, што гною ніколі не бачылі. Мушу перасцерагчы ад выкарыстання празмернай колькасці вадкага гною, што вывозіцца з жывёлагадоўчых комплексаў. У сваіх вопытах карыстаўся звычайным саломістым гноем. Ладны яго слой ледзь не да канца лета не даваў прарастаць пустазеллю. У садовай літаратуры ці не самым выдатным лічыцца спосаб утрымання глебы пад садам шляхам сістэматычнага яе рыхлення на невялікую глыбіню з тым, каб не пашкодзіўшы карані культурных дрэваў, не даць прарасці-падрасці пустазеллю. Маленькую плошчу з дапамогай вілаў ці матыкі , напэўна, можна апрацаваць ўручную. Нялёгкая справа. Сучасны мотакультыватар значна аблегчыць гэту работу. Калі б не адно “але”. Частае фрэзераванне глебы парушае яе структуру і, самае галоўнае, амаль начыста вынішчае асноўных вытворцаў гумуса – дажджавых чарвякоў. Ды і карэньчыкі пладовых дрэўцаў бліз паверхні не захаваюцца. Усё ж працаёмкасць гэтага спосабу вельмі вялікая, без належнай механізацыі, што магчыма толькі ў прамысловых масштабах, пры гэтым не абысціся.

Намнога меней высілкаў і часу трэба пры сістэматычным падкошванні адрастаючай травы-пустазелля. Звычайна карыстаўся ручной касой. Спачатку косіш ад штамба па кругу, потым разварочваешся назад зноў па кругу. Складзены двайны пакос як абаранак абдымае дрэва, з – пад яго доўга не можа прабіцца на волю новае пустазелле.Вельмі неабходна сістэматычнае абкошванне ў першай палове лета, каб трава не канкурыравала з пладовымі дрэвамі за пажыўныя рэчывы і вільгаць . У канцы вегетацыйнага перыяду націск на травяністую расліннасць можна паслабіць, рэшткі яе спрыяюць затрыманню снега ўзімку, аберагаючы каранёвыя сістэмы пладовых ад падмярзання. Пры выкарыстанні мотакасы праца больш прадукцыйная і лягчэйшая. Варта не паляніцца і падгрэбсці здробненыя рэжучым апаратам трымера раслінныя парэшткі пад дрэвы як мульчу і элемент сілкавання дажджавых чарвякоў, каторыя перапрацуюць пустазелле ў гумус. Пустазелле ад праполкі агарода таксама можна (і патрэбна!) раскласці пад кронамі пладовых дрэваў.

Хімічнае знішчэнне пустазелля гербіцыдамі накшталт раўндапа на прыватных садовых сотках лічу залішнім. Што б там не пісалі ў рэкламных праспектах вытворцы і гандляры “хіміяй”, бясследна элементы табліцы Мендзялеева не знікаюць… Вельмі перспектыўным напрамкам у садоўніцтве лічу падсеў сідэратаў, напрыклад, рапсу,вікі,гароху і т.д., якія самі па сабе назапашваюць на сваіх карэньчыках азот з паветра, а своечасова скошаныя сваёй масай дадаткова ўгнойваюць глебу ў садзе.

У загалоўку гэтага артыкула знарок не пастаўлены знак прыпынку – коска. Дзе яе паставіць, рашаць вам , паважаныя чытачы…

Сад на пяску

Прафесійная прывычка ацэньваць стан дрэваў у комплексе з глебавымі ўмовамі назапасіла ў памяці шмат разнастайнай інфармацыі. Рызыкну падзяліцца некаторымі меркаваннямі.

Чатыры дзясяткі гадоў з хвосцікам таму назад перавёўся на працу ў Паставы, бліжэй да бацькоў. Ад папярэдніка па лясной справе акрамя службовай кватэры застаўся невялікі пясчаны агародчык з чатырмя маладымі, гадоў па сем-восем яблынькамі.

Адна, недалёка ад студні, расла і адорвала яблыкамі, а тры іншых марнелі, неяк хіліліся набок, лісце на іх было дробным, бляклым. Натуральна, і пладоў на іх не было. Аднойчы, пасля моцнага дажджу з ветрам адну яблыньку вывернула з карэннямі. На карэнні тыя было балюча глядзець, ішлі ўглыб не больш за 15- 20 сантыметраў, чапляючыся за ледзь-ледзь шэры пясок, які толькі ўмоўна можна назваць падабенствам глебы. Карані разрасталіся ў бакі ў выглядзе сінусоіды ў вертыкальнай плоскасці, як бы адскокваючы ад жоўта-чырвонага пясчанага глебавага гарызонту.

Відавочна, першы гаспадар пасадзіў пладовыя дрэвы наспех, без адпаведнай тэхналогіі. Чаму ж тады адно дрэва было моцным і пладавітым? Падказка нескладаная – выкапаная з калодзежнай глыбіні і растрэсеная па паверхні глебы гліна. Яна звязала рыхлы баравы пясок, дадала яму пэўную структурнасць і, галоўнае, уласцівасць запасіць пажыўныя рэчывы,неабходныя для росту і ўраджайнасці. Справа ў тым, што па гэтаму паказчыку гліна саступае толькі чарназёму. Прыпомніўся пачуты ў дзяцінстве аповед пра гаспадара, які пад кожную яблыню ў сваім садзе вазіў па дзесяць вазоў гліны.

Перабраўшыся на новае месца жыхарства, такое ж пясчанае, садзіў пладовыя дрэвы з улікам набытага досведу і не зусім забытага курса глебазнаўства. Капаў ямы метровай глыбіні і такога ж дыяметру, дно ўсцілаў слоем гліны 10-15 сантыметраў, ямы запаўняў прывезенай урадлівай глебай, перамешваючы яе з глінай. Канешне, матэрыяльныя выдаткі былі адчувальнымі, час і праца таксама.

Але натуральнае жаданне схаўтурыць прападала, як толькі ўспаміналася пакручастае карэнне той ветрам паваленай яблынькі. Дарэчы, выкапаны пясок не вывозіў, а раскідваў па агародзе, мяркуючы з цягам часу яго акультурыць унясеннем гліны, торфа і вапны, што ў рэшце рэшт і сталася. Праўда, да чарназёма далёка, але і на ранейшую пустыню непадобна. Пладовыя дрэвы практычна штогод адорваюць ураджаем, ды і пад імі, калі пастарацца, нешта можна вырасціць. Дзеля эксперыменту пасадзіў яблыню без вышэйзгаданай тэхналогіі. Вынік – па некалькі яблыкаў з перыядычнасцю тры-чатыры гады, дрэва відавочна марнее, нягледзячы на такі ж самы догляд, як для іншых. Што датычыць догляду, то ён элементарны – складваць любыя раслінныя парэшткі пад дрэвамі, крыху адступіўшы ад штамба. Прыгодны нават з большага здробненыя галінкі з-пад абрэзкі. Апалыя плады і лісце таксама не лішнія.

Шматгадовы вопыт паказвае, што дагледжаныя і падкормленыя дрэвы устойлівыя супраць хвароб і шкоднікаў. Хімічнымі сродкамі не карыстаюся наогул. Дастаткова глыбокія пасадачныя ямы з глінай і ўрадлівай глебай стымулююць рост часткі каранёвай сістэмы ўглыб, што выключае абязводжванне пладовых дрэваў і неабходнасць іх паліву ў засушлівыя перыяды, якія час ад часу здараюцца. Народную мудрасць: “Хто жыве на гліне – ніколі не загіне, хто жыве на пяску – есць па малому куску” абвергнуць немагчыма, але асэнсаванай працай можна павялічыць урадлівасць пясчанай глебы. Аптымальнай для пасадкі пладовых лічыцца глеба пад 100 балаў, якой у нашай мясцовасці практычна няма. Набліжаныя да гэтага паказчыка – старыя агароды на суглінках са штогадовым унясеннем гною. На такіх землях сад можна садзіць без асаблівых цяжкасцей. На пясчаных, супясчаных і прывазных глебах не з верхняга гарызонту добрых вынікаў без належнай тэхналогіі дасягнуць нельга. Міжволі назіраю, як не вельмі дасведчаныя “садоўнікі” з сізіфавым пастаянствам садзяць яблыні і грушы ў пясок, каб праз некалькі год іх выкінуць. Маўляў, цвітуць, а не пладаносяць.

Бывае, цяжка растлумачыць такім упёртым, што зануджанае, недакормленае дрэва не мае ў сабе сілы закласці дастаткова пладовых пупышак, а калі нешта і завязваецца, то ападае ў пачатку лета. Памеры і смак пладоў у асноўным залежаць ад урадлівасці глебы і толькі ў невялікай ступені ад своечасовай абрэзкі кроны.

Сад – традыцыі і сучаснасць

Маючы біялагічную па сутнасці адукацыю і трыццацігадовы вопыт аматарскага садоўніцтва, адважуся выказаць некаторыя меркаванні па садовай тэматыцы. Магчыма, для кагосьці яны будуць спрэчнымі, але абсалютнай ісціны, як вядома, не бывае…

Традыцыйнае для нашых мясцін садоўніцтва фактычна так і не аднавілася пасля катастрафічнай перадваеннай зімы, калі вымерзла большасць садовых насаджэнняў. Вайна і наступная калектывізацыя, падаткі на кожнае дрэўца, абмежаванне прысядзібных плошчаў прывялі да страты насельніцтвам садоўніцкіх навыкаў.

Прысядзібныя пасадкі па некалькі дрэваў з высокім штамбам і недасяжна высокімі кронамі, каб пад імі свабодна праходзіў конь, толькі ўмоўна можна лічыць садамі. Сабраць з іх плады без лесвіцы немагчыма, ды і гатункі ў асноўным летнія і восеньскія – у верасні густа, а ў студзені пуста. Добра пакалясіўшы па раёну на колішняй сваёй працы, з упэўненасцю магу сцвярджаць, што больш-менш правільна сфарміраваных пладовых дрэў амаль не бачыў – лічаныя адзінкі. Большасць кронаў – загушчаныя, плоданашэнне перыферыйнае і перыядычнае. Касметычнай абрэзкай пры гэтым не абысціся, патрэбна радыкальная – спілаваць прыкладна трэць кроны зверху, каб раскрыць яе цэнтр. Іншая справа, што для недасведчаных гэта цяжка чыста псіхалагічна, вось і абмяжоўваюцца падрэзкай галінак знізу, якраз тых, што рацыянальней было б пакінуць. Правілы фарміравання пладовых дрэў простыя – мінімум вертыкальных галін і парасткаў, максімум – гарызантальных. Вертыкальны (растучы ўверх) парастак, як правіла, малапрадуктыўны, на ім амаль не фарміруюцца пладовыя пупышкі, яго трэба або выразаць, або пакарочваць.

Парасткі, што адыходзяць пад вострым вуглом ад асноўнага стволіка, або правадніка, неабходна выразаць адразу ж пасля іх з’яўлення, інакш у будучым дрэва немінуча расшчэпіцца ці ад ветру, ці ад ураджаю. Правільна сфарміраваная крона не патрабуе дадатковых падпорак нават пры вялікіх ураджаях.
Своечасовая абрэзка стымулюе ўраджайнасць і нават нівеліруе перыядычнасць плоданашэння. Запушчаныя сады звычайна даюць ураджай раз у два гады або наогул не пладаносяць, дагледжаныя ж – штогод. Безумоўна, акрамя абрэзкі неабходна яшчэ і падкормка, як арганічная, так і мінеральная. Лепш за ўсё вясной унесці гной па праекцыі кроны і злёгку (напалову вілаў) перакапаць прыствольныя кругі. Калі гною няма, не бяда. Можна абысціся скошанай травою, вырваным пустазеллем або кампостам. Па колішняй службе ведаю, наколькі засмечваюцца па восені прылеглыя да паселішч лясныя і прылесныя плошчы бульбоўнікам, вырванымі з комам зямлі качарыжкамі капусты, пустазеллем і г.д. Як можна вывозіць са свайго сада- агарода патэнцыйны гумус? Няўжо нельга дзе-небудзь у куточку абгарадзіць пляцовачку метр на метр ці два і складваць туды пустазелле і іншыя арганічныя парэшткі, час ад часу выграбаючы з-пад нізу гатовы кампост? Кампост або мульчу пад садовыя дрэвы можна складваць і восенню, а вось гной уносіць восенню не раю.

Мала таго, што пажыўныя рэчывы за зіму, скажам так, прападуць без ніякага толку, але ва ўмовах зацяжной восені – позняй зімы, як сёлетняя, азотныя злучэнні з гною могуць справакаваць пачатак росту пупышак і іх гібель ад непазбежнага марозу. Паколькі ў прыродзе нічога з нічога не ўзнікае, на маю думку, не варта зграбаць апалае лісце , а таксама плады і выносіць іх за межы саду. Вясной іх трэба заправіць у глебу, злёгку яе перакапаўшы. Утрыманне глебы пад садовымі дрэвамі галоўным чынам залежыць ад фізічных магчымасцяў. Безумоўна, найлепшы спосаб – перыядычна рыхліць яе на невялікую глыбіню.
Або рэгулярна касіць пустазелле, каб яно не забірала пажыўныя рэчывы з глебы і складваць накошанае пад дрэвамі, крыху адступіўшы ад штамбаў.

Магчымы таксама падсеў сідэратаў – рапсу, вікі і г.д. Не пашкодзіць умераная падкормка комплекснымі мінеральнымі угнаеннямі або попелам. Большасць садовых дрэваў патрабуе вельмі ўрадлівых глебаў. На бедных пясчаных і супясчаных глебах нельга выгадаваць добры сад з адпаведнымі ўраджаямі без карэннага іх паляпшэння хоць бы ў пасадачных ямах. У дзяцінстве ад дарослых неяк пачуў, што гаспадар па прозвішчу Ганкевіч, які жыў на пясчанай выспе сярод балот каля Лучайскага возера, пад кожную яблыню вазіў па дзесяць вазоў гліны.

Мне давялося капаць на тым востраве так званыя глебавыя разрэзы як студэнту- практыканту. Усюды супесь-пясок, а ў садзе на метровай глыбіні – слой гліны 10 -15 сантыметраў і, адпаведна, больш урадлівы верхні глебавы гарызонт. Хоць гаспадара даўно ўжо не было, яблыні выглядалі на той момант нядрэнна.
Цяпер там лес, саракагадовы ўжо сасняк. Гэта лірычнае адступленне для тых, хто збіраецца пасадзіць пладовыя дрэвы, у асаблівасці яблыні, на бедных глебах. Без належнай запраўкі пасадачных ямаў у гэтых умовах дрэўцы будуць мець марны лёс, незалежна ад таго, на якіх яны прышчэпах: клонавых або насенных. Не буду ўтойваць сваю прыхільнасць да традыцыйных, экалагічных метадаў аматарскага садоўніцтва. Падкрэсліваю, аматарскага.

Слабарослыя прышчэпы (карлікавыя і паўкарлікавыя) – для прамысловых садоў. Прывяду цытату са штодзённай цэнтральнай газеты наконт сада з кропельным арашэннем:” Сад – гэта вельмі складаная вытворчасць.

Тут неабходна захоўваць тэхналагічную дысцыпліну да дробязяў, іначай намаганні акажуцца марнымі. За сезон у садзе праводзіцца ад 15 да 20 апрацовак. Часта даводзіцца працаваць ноччу, калі спадзе гарачыня і сціхне вецер.” Гэта ў Беларусі! Кропельнае арашэнне – гэта калі да кожнага дрэўца падведзена трубачка ад цэнтральнага рэзервуара з растворанымі ў вадзе мінеральнымі ўгнаеннямі. Плюс пару дзясяткаў апрацовак хімічнымі прэпаратамі. Што ў тых яблыках нехімічнага, сказаць цяжка…

Сярэднерослыя прышчэпы (вегетатыўныя) асаблівых пераваг над насеннымі, на маю думку, не маюць. Справа ў тым, што ўсе клонавыя прышчэпы маюць значны біялагічны ўзрост – некалькі дзесяткаў гадоў. Падчас вегетатыўнага размнажэння – чыста механічнага раздзялення яны маглі набраць цэлы букет хвароб. Насенныя прышчэпы значна здаравейшыя, таму што праз насенне хваробы, як правіла, не перадаюцца. Каранёвая сістэма насенных прышчэпаў большая, дасягае глыбейшых гарызонтаў, што мае свае перавагі ў перыяды засухі або моцных маразоў. Такія пладовыя дрэвы больш даўгавечныя, меней хварэюць.

Трэба адзначыць, што найменш устойлівыя супраць вірусных і бактэрыяльных хвароб насаджэнні ў неспрыяльных умовах: бедная глеба, блізкія грунтовыя воды, недастатковы агратэхнічны догляд, недахоп тых або іншых пажыўных элементаў у глебе, у тым ліку мікраэлементаў, блізкасць старых хворых дрэваў і г.д. Асобныя гатункі яблыняў – Антэй, напрыклад, вельмі няўстойлівы да раку. Выпрабаваўшы каля сотні гатункаў яблыняў і дзесяткі з чатыры грушаў, магу сказаць, што абсалютнага чэмпіёна сярод іх вызначыць немагчыма і не заўсёды можна верыць на слова нават самым, здавалася б, аўтарытэтным выданням і аўтарам. Справа ў тым, што многія выданні грашаць звычайнай кампіляцыяй і дапушчаная кімсьці колішняя памылка тыражуецца бясконца. Шмат гадоў таму адно з выданняў вельмі расхвальвала гатункі яблыняў Лоба і Спартан.

Аднак пасля пэўнага перыяду іх вырошчвання выявілася, што плады Лоба ўжо на дрэве няўстойлівыя да пладовай гнілі , а Спартан драбнее і пабіваецца паршой. Трэба адзначыць, што прынцыпова не прымяняю хімічныя сродкі па ахове сада ад шкоднікаў і хвароб дзеля пчол і чысціні эксперымента. Без ніякай хіміі больш-менш таварны выгляд маюць яблыкі гатункаў Чараўніца, Заслаўскі, Вербны, Джонатан, Ліберці, Рубінавы Дукі, Алеся, Валстафт, Каштэля, Ранет шэры, Беларускі сінап і іншыя. Не магу абысці ўвагай Памяць Сікоры. З яго фактычна пачаў свой шлях у садоўніцтве. Лічу яго ўнікальным па ўраджайнасці, смаку, устойлівасці да хвароб. У вільготным халодным памяшканні яблыкі можна захаваць да вясны.

Асабліва ўдала растуць і даюць багаты ўраджай гэтыя яблыні на гліністых і сугліністых глебах. У васьмідзесятых гадах была нават пастанова Віцебскага аблвыканкама аб масавым развядзенні гэтага гатунку. Сярод гатункаў грушаў найбольш падабаюцца (у парадку паспявання) – Юратэ, Масквічка, Памяць Жэгалава, Беларуская позняя.

У сярэдзіне шасцідзесятых падчас школьнай экскурсіі мы, школьнікі, залатой восеньскай парой слухалі аповед Івана Паўлавіча Сікоры пра сад, экзатычныя расліны і пра жыццё наогул. Ён казаў пра неабходнасць гарманічнага развіцця асобы кожнага, пра трыадзіную мужчынскую жыццёвую задачу. Для тых, хто не пасадзіў яшчэ дрэва, асмелюся прапанаваць кароценькую інструкцыю. Яна складзена на падставе ўласнага вопыту і аналіза тыповых памылак многіх пачынаючых на гэтай ніве.

Інструкцыя

Па тэхналогіі пасадкі саджанцаў пладовых дрэў на пастаяннае месца:

1. Калі Вы восенню купілі саджанец з лісцем, адразу ж пасля пакупкі абарвіце лісточкі.Рабіце гэта акуратна, каб не пашкодзіць пупышкі.

2. Калі ў саджанца не сфарміравана крона, зрэжце верх аднагадовага дрэўца з такім разлікам, каб бакавыя пупышкі далі пачатак бакавым галінкам на патрэбнай вам вышыні.

3. Прадумайце рацыянальную схему Вашага саду.Кустарнікі і нізкарослыя дрэвы лепш садзіць з паўднёвага боку Вашага ўчастка, высокарослыя – з паўночнага.

4. Непажадана перамешваць паміж сабой семечкавыя(яблыні, грушы) і костачкавыя (вішні, чарэшні, слівы).Лепш садзіць іх групамі. Перакрыжаванае апыленне, спрыяючае высокаму ўраджаю, пчолы і чмялі робяць лепш , калі дрэвы аднаго віду растуць побач.

5. Пакуль Вы будзеце капаць пасадачныя ямы, прыкапайце саджанцы ў цяньку, каб не падсыхалі карані.

6. Памер ям для пасадкі залежыць ад глебавых умоў і глыбіні залягання грунтовых водаў:

– на бедных пясчаных і супясчаных глебах глыбіня ям да 1 м, дыяметр – колькі зможаце.На дно ямы патрэбен слой гліны 10-15см. Яму трэба запоўніць прывезенай ўрадлівай глебай уперамешку з глінай.

– на багатых сугліністых і гліністых глебах памер ямы вызначаецца памерамі каранёвай сістэмы.Не варта капаць глыбокую яму ў гліністай глебе, таму што магчыма непажаданае застойнае пераўвільгатненне.

– пры блізкім заляганні грунтовых водаў ( паказчык – сівыя пясок або гліна) глыбіня ям мінімальная. Капаць сівы грунт не мае сэнсу.Калі каранёвая сістэма не можа змесціцца ў яме, абсыпце яе зямлёй з бакоў, зрабіўшы своеасаблівую купіну.

Папярэджанне: ні ў якім разе не насыпайце ў яму гной.Закапаны на глыбіню гной без паветра не раскладваецца на пажыўныя рэчывы шмат гадоў, выдзяляючы серавадарод, метан і г.д.,ад якіх дрэўца звычайна гіне.

7. Перад пасадкай у яму забіце калок, каб можна было падвязаць пасаджанае дрэўца.

8. Садзіце дрэўца з такім разлікам, каб каранёвая шыйка (месца, дзе пачынаецца самы верхні карэньчык) пасля пасадкі была на ўзроўні глебы, або некалькі вышэй агульнага ўзроўню з разлікам на ўсадку ямы.

Папярэджанне: заглыбленая пасадка прыводзіць да дрэннага росту і нізкай ураджайнасці.

9. Засыпайце карэньчыкі, пачынаючы з ніжніх, распраўляючы іх у патрэбных кірунках. Пры гэтым важна, каб кожны карэньчык меў сваю “жыццёвую прастору”, не дакранаўся да іншых. Не варта засыпаць карані зверху рыдлёўкай, лепш падграбаць глебу з бакоў.

10. Адразу пасля пасадкі трэба паліць пасаджанае дрэўца. Вады не шкадуйце, важна, каб глеба прамокла на глыбіню.

11. Падвяжыце дрэўца да калка і восенню засцеражыце ад зайцаў і іншых грызуноў.

Складнікі мульчы як угнаення

Як вядома, у прыродзе нічога з нічога не ўзнікае, дарэчы, і бясследна не прападае. Прырода – гэта сістэма з вякамі адладжаным механізмам. Рэшткі адмёршых раслін з дапамогай, скажам спрошчана, натуральнага працэсу гніення раскладваюцца на даступныя для сілкавання жывых раслін элементы.

Садовым дрэвам своечасовая і рэгулярная падкормка на ўсім працягу іх жыцця неабходна для закладкі пладовых пупышак, росту і выспявання якасных таварных пладоў. На жаль, пераважная большасць аматараў-садоўнікаў лічаць сваю місію закончанай, пасадзіўшы дрэва на добрую глебу і час ад часу яго паліваючы. Пакуль дрэўцы маладыя, ураджайнасць, памер і якасць пладоў больш-менш нармальныя, але, калі карані асвояць увесь даступны ім пласт глебы, плады драбнеюць, ураджай змяншаецца, на аслабленыя дрэвы навальваюцца шкоднікі і хваробы.

У канцы васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя захапленне садоўніцтвам звяло мяне з пажылой жанчынай, якая ў свой час працавала пад кіраўніцтвам І.П. Сікоры ў вялікім садзе паблізу Варапаева. Дык вось, асноўным заняткам пасля абрэзкі вясной і ў самым пачатку лета была падкормка яблыняў і грушаў.
Гной раскідвалі пад дрэвамі, адразу ж перакопвалі прыствольныя кругі, атрымліваючы некалькі злотых. Зрэдку глебу ў садзе вапнавалі, але толькі пры моцным закісленні.

У сучасных прамысловых садах праблему падкормкі рашылі па-іншаму – да кожнага саджанца правялі трубачкі-кропельніцы ад вялікай бочкі з растворанымі ў вадзе пажыўнымі рэчывамі і мікраэлементамі, якія падаюцца па навукова распрацаванай праграме непасрэдна пад дрэўцы.

У пасаджаным на беднай глебе садзе першы метад не падыходзіў па той прычыне, што ад дзясятка курэй шмат гною не бывае, а другі – па сваёй дарагавізне. Прышлося выкарыстаць трэці шлях, які можна назваць бесперапынным мульчыраваннем глебы. Асноўным кампанентам мульчы стала скошанае або вырванае пустазелле, раскладзенае пад пладовымі дрэвамі.

Другі складнік – здробленае да памераў 15-20 см голле ад вясновай абрэзкі тых жа самых яблыняў ці грушаў. Натуральна, абрэзаныя сукі таўсцей за 3 см лепш выкарыстаць як дровы. Здрабняю голле звычайным секатарам або маленькай сякерай на калодачцы і раскідваю пакрысе ў прыствольных кругах, крыху адступіўшы ад штамба.

Трэці кампанент – апалыя і стрэсеныя нетаварныя яблыкі і грушы. Чацверты – апалае лісце як садовых, так і іншых дрэваў накшталт клёна. І, нарэшце, несістэмны складнік – тое, што выкінуць за плот суседзі: трава з газонакасілак, зрэзаныя па восені кветкі і г.д. Галоўнае, каб гэта ўсё было арганічным.

Укладваецца пад дрэвы ў любую пару года. Трамбаваць не варта, павінен быць доступ паветра і атмасферных ападкаў. І ўсё! Можна забыцца на неабходнасць праполак, бо рэдка чаму-небудзь з пустазелля ўдаецца прабіць ладны (да 15 см) слой мульчы. Абсалютна не патрэбны ўнясенне мінеральных угнаенняў і мікраэлементаў, бо на стыку мульчы і глебы працуе вялікая калонія дажджавых чарвякоў на вытворчасці гумуса, найлепшага з усіх вядомых угнаення. Такім метадам карыстаюся не адзін дзясятак гадоў і цвёрда перакананы ў тым што добра накормленыя дрэвы і плады на іх не хварэюць.

Лічу неабгрунтаванымі рэкамендацыі па абавязковаму выдаленню з сада апалых пладоў і лістоты, дастаткова стрэсці падгніўшыя плады і прыкрыць іх , напрыклад, апалым кляновым лісцем. Неяк прачытаў у паважанай штодзённай газеце, што жыхары адной з вёсак косяць траву ў садах, высушваюць яе на сена, а потым употай паляць гэтыя капешкі, бо сена не патрэбна… Узнікае пытанне, а чаму б скошаную траву не ўкласці пад дрэвы, пладовыя і не толькі, або зрабіць кампостную кучу?

Іван Сіманёнак