Пасля вяртання з водпуску. Канец працы ў Штрала. У Ракоўшчыне. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Пасля вяртання з водпуску

У зваротнай дарозе з Чэнстаховы наведаў Варшаву. Будучы тры дні ў Варшаве, наведаў музеі, Галерэю мастацтваў, а таксама іншыя гістарычныя будынкі, такія як Каралеўскі Палац, Лазенкі, Вілянаў і т.п. Пасля гэтага наведаў радню ў Докшыцах, а пазасталы час водпуску знаходзіўся ў Ракоўшчыне, дзе было шмат стрыечных братоў і сясцёр маіх гадоў, таму вельмі весела праводзілі час. Весяліліся кожны вечар да позняй ночы, пад гукі ўласнага аркестра: скрыпак, цымбалаў і віяланчэлі.

У той час адведаў некалькі суседніх фальваркаў, між іншым у Дубаве Хацяновічаў, дзе была моладзь, і ў якім калісьці мы пражывалі. Была там панна Магдалена маіх гадоў, меў да яе сімпатыю, а яе бацькі, як мне гаварылі ў Ракоўшчыне, вельмі хацелі мяне мець за зяця.

Месячны водпуск хутка прайшоў, і я быў вымушаны вярнуцца працаваць у кандытарскую. Якое ж было незадавальненне прыстава Цыркулю ад майго з’яўлення ў кандытарскай і выканання сваіх папярэдніх абавязкаў! Пажадаў ад гаспадара Штрала тлумачэння, якім чынам я ізноў працую ў кандытарскай, калі па яго жаданні быў звольнены. Відавочна гаспадар сказаў, што ізноў прыняў мяне на працу як добрага работніка. Манеўр паўторнага майго прыняцця гаспадаром прыстаў прызнаў за хітрыкі і невыкананне яго жадання цалкам мяне звольніць. Камісар для аказання націску ізноў пачаў рабіць налёты на більярдную залу, таму ўжо маркер сачыў, каб гуляючыя не клалі грошы на більярдзе ці ў більярдныя лузы.

Безвыніковая для прыстава акцыя вымусіла яго да адмены налётаў на кандытарскую, адначасова ён адмовіўся прыходзіць у кандытарскую гуляць у більярд. Былі адноўлены на пачатку існуючыя адносіны з прыставам, г.зн. гаспадары пачалі прыставу пасылаць у розныя ўрачыстыя святы падарункі. Такім чынам, наступіў супакой у трываючай вайне за маю асобу.

Надалей мая праца ў кандытарскай адбывалася пэўны час паспяхова. Карыстаўся павагай, толькі мае прыбыткі ў більярднай зале зменшыліся, таму што кліентура ў гэтай зале пачала вырабляцца з падначаленых яўрэяў, якія назіралі выключна за гульнямі хрысціян. З гэтай прычыны сур’ёзныя кліенты перасталі наведваць більярдную залу.

Каб палажыць канец гэтаму, у паразуменні з гаспадаром і маркерам вырашылі не даваць гуляць непажаданым асобам. З-за гэтага распараджэння пачалі паўставаць канфлікты паміж некаторымі асобамі яўрэйскага паходжання. Яўрэй, па прозвішчы Пагер, работнік кнігарні Бунімовіча, якому таксама адмовілі ў гульні на більярдзе, навёў паліцыю на більярдную залу з мэтай устанаўлення гульні на грошы. Гэты налёт не даў выніку і гаспадары надалей аказвалі мне давер, аднак я пачаў думаць аб іншай працы.

Канец працы ў Штрала

У пачатку 1911 года ў Вільні быў арганізаваны саюз пад назвай “Арлоўска – Віленскі Біржавы Саюз”. Заданнем гэтага саюза было прызначэнне сваіх членаў на розныя адказныя пасады ў дзяржаўных установах і розных прыватных прамысловагандлёвых прадпрыемствах. За зробленыя сваімі членамі злоўжыванні саюз адказваў матэрыяльна. Патрэба ў работніках была вялікая, асабліва ў касірах, бухгалтарах, загадчыках складаў, інкасатарах і г.д.

Уступіў тады ў гэты саюз членам, уносячы як членскія складкі 1000 рублёў, 500 рублёў на абаротны капітал і 150 рублёў на арганізацыйныя патрэбы, разам унёс 1650 рублёў. У сувязі з чым быў абраны членам Назіральнай Рады.

Аперацыі саюза развіваліся паспяхова. Пры саюзе прывялі ў рух некалькі аддзелаў: аддзел рэкламы ў прэсе, аддзел пасярэдніцтва працы, аддзел нагляду маёмасці і г.д. Мне прапанавалі, каб узначаліў які-небудзь аддзел з месячнай платай 60 рублёў плюс 10% ад абароту. Разам плата магла дасягаць 80 – 90 рублёў.

Што праўда, яшчэ ў кандытарскай зарабляў крыху больш, аднак сур’ёзна вырашыў працу ў кандытарскай пакінуць і перайсці ў Саюз. Замаруджваў толькі з прычыны маёй прывязанасці да кандытарскай і да гаспадароў, перад якімі ўтойваў свой намер звальнення.

На Зялёныя Святы прыехалі з Ракоўшчыны дзве сястры Валерыя Давідоўская і Ядвіга Маркевіч. Абедзве звярнулі ўвагу, што дрэнна выглядаю. Сапраўды, у апошні час адчуваў сябе горш. Прычынай гэтаму быў недахоп сну і свежага паветра, таму што ад 9 гадзін раніцы да 11 гадзін вечара працаваў у памяшканні, дзе было досыць пракуранае паветра.

Сёстры пачалі мяне ўгаворваць, каб паехаў з імі ў Ракоўшчыну на нейкі час адпачыць. Прапанову я прыняў і ў сувязі з тым вырашыў адысці ад працы ў кандытарскай. Тады з дрыжаннем на вуснах і моцным хваляваннем сказаў гаспадару Штралу, каб звольніў мяне з займаемай пасады, далікатна падзякаваў за аказаны мне давер у час працы. Адначасова папрасіў гаспадара аб прыняцці ад мяне грашовага разліку.
Гаспадар выслухаў мае словы, не прымаючы разліку, пайшоў у сваё памяшканне. На наступны дзень зранку таксама ўхіліўся са мной размаўляць на тэму майго звальнення і прыняцця разліку. Вечарам таксама адышоў з кандытарскай раней, відавочна, з намерам ухіліцца ад размовы са мной. Па прычыне гэтага папрасіў гаспадыню, каб зрабіла канчатковы грашовы разлік. Развітваўся з гаспадарамі са слязамі на вачах. Шкада мне было іх пакідаць і працу, якую выконваў у кандытарскай, дзе столькі дабраты і павагі пазнаў ад такіх добрых гаспадароў, а асабліва ад пана гаспадара Баляслава Штрала.

Пасля чаго развітаўся з усімі працаўнікамі кандытарскай і адышоў пасля чатырох гадоў і шасці месяцаў працы ў той кандытарскай. Шчаслівы быў перыяд маёй працы ў кандытарскай. Быў ён матэрыяльна заможным, ніколі не паспытаў недахопу грошай і іншых патрэб. Дапамагаў бацькам, бліжэйшым і далейшым сваякам. Быў у атачэнні добрага патрыятычна польскага таварыства. Дзякуючы таму таварыству выбіўся на ўзровень чалавека больш культурнага. Адчуваў сябе ў сваёй кампаніі добра і камфортна, што давала мне вялікае задавальненне.

У Ракоўшчыне

Пасля звальнення з кандытарскай Штралаў мне было ўжо 22 гады і дзевяць месяцаў. Пакідаючы, не думаў, што змена маёй існуючай працы так сур’ёзна паўплывае на лёс майго жыцця. Пасля цяжкіх і клапатлівых перыядаў – выбіўся ў грамадскую іерархію на ўзровень вышэйшы за маё мінулае жыццё. Як ужо ўспамінаў, прыехалі да мяне дзве сястры з Ракоўшчыны, якія ўгаварылі мяне прыехаць да іх на летні перыяд, каб паправіць сваё здароўе і адпачыць перад уступленнем на новую пасаду, якую гарантавана меў у Біржавым Саюзе ў Вільні. Тады і зрабіў свой выезд.

У сваім распараджэнні меў наяўнымі 700 рублёў. Гэта мне дазваляла доўгі час жыць без матэрыяльных клопатаў. У Ракоўшчыну выехаў радасна, з вясёлым настроем. Сястра Марыя засталася ў кватэры за гаспадыню. Яна яшчэ працягвала навуку крою і шыцця ў пані Завадскай. Кошты навукі і харчавання надалей пакрываў. Мой адыход ад Штралаў не аказаў на яе добрае ўражанне. Відавочна, прадчувала, што змена ў маім жыцці, якая адбудзецца, адаб’ецца і на яе жыцці. Насамрэч так і адбылося, таму што першыя два гады яна мела шмат клопатаў па пераадоленні цяжкасцяў у такім маладым узросце.

Пасля прыезду ў Ракоўшчыну амаль кожны вечар збіралася моладзь і ахвотна і весела танчыла з маім удзелам. Вучыў іх новым танцам, якія ўжо танчыў у Вільні. Бываў у спадарства Хацяновічаў у Дубове, дзе сімпатызаваў панне Магдалене. У Ракоўшчыне пачалі гаварыць, што спадар Хацяновіч ахвотна адбыў бы зараз два вяселлі, выдаючы сваю сярэднюю дачку Браніславу, вяселле якой павінна было адбыцца ў хуткім часе, таму жадаў, каб і я ў той самы час пабраўся з Магдаленай.

Аднак я рукі панны Магдалены не прасіў і быў далёкі ад гэтага намеру. У траўні выехаў пагасціць разам з сястрой Валерыяй Давідоўскай у маёнтак Слабодка да спадарства Буйніцкіх, да швагра і стрыечнай сястры Марыі з Давідоўскіх, якая выйшла замуж за Зыгмунта Буйніцкага.

Павінен адзначыць, што мае адносіны з панам Буйніцкім былі вельмі прыязнымі ад першага знаёмства. Пан Зыгмунт заўсёды затрымліваўся ў мяне ў Вільні. Любіў павесяліцца. Ахвотна суправаджаў яго ў гэтых забавах. Любіў такіх людзей, і таму мяне прыцягвала да яго асобы. Таму ахвотна ехаў у Слабодку, і тым больш што вакол Слабодкі былі фальваркі з маімі знаёмымі: спадарствамі Баброўскіх, Казакевічаў, Длужнеўскіх і Мясаедаў, дзе было шмат моладзі, з якой часткова пазнаёміўся ў Ракоўшчыне ці будучы перад гэтым у Слабодцы.

Найлепш ведаў сям’ю спадарства Мясаедаў з маёнтка Мядзведзева, які знаходзіўся за 2 км ад Слабодкі. Былі там тры сястры, сярэдняя Феліцыя была досыць прыгожая, пазнаёміўся з ёй у Ракоўшчыне некалькі гадоў назад і з таго часу перапісваўся з ёй, віншаваў з імянінамі і святамі, не закранаючы любоўных справаў.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля