Паслядоўнік справы Сікоры

Гэты артыкул увайшоў у другі нумар часопіса “Паазер’е”.

Вяскоўцы называлі яго не ў жарт мічурынцам за захапленне садоўніцкай справай і звярталіся з павагай: Карпавіч.

Сялянскіх каранёў, з дзяцінства звязаны з працай на зямлі і прыродай, ён імкнуўся да ведаў і пазнання з’яваў навакольнага свету. Душа яго цягнулася да прыгажосці, якую ён убачыў у квітнеючым яблыневым садзе шляхцічаў Бароўскіх у маёнтку Радзюкі на сямігектарнай плошчы. Багаты ўраджай яблыкаў розных гатункаў, назву якіх хлопчык не ведаў, выклікалі ў яго захапленне і інтарэс да садаводства. Вось тады і зарадзілася, мабыць, мара, якую ён выношваў доўгія гады: вырасціць уласны сад.

У краязнаўчым пакоі Радзюкоўскай базавай школы сярод звестак пра знакамітых землякоў-вяскоўцаў захоўваюцца матэрыялы аб жыцці і працы аматара-садавода, здымкі. Яго імя як таленавітага творчага чалавека ўпісана ў кнігу “Памяць” Шаркаўшчынскага раёна.

У 2009 годзе вёсцы Радзюкі быў нададзены статус аграгарадка і адбылося мерапрыемства, прысвечанае гэтай падзеі. Журналісты, запрошаныя госці наведвалі музей, размешчаны ў памяшканні Радзюкоўскага савета. На сустрэчу прыйшлі школьнікі, каб распавесці прысутным пра гісторыю вёскі, яе людзей, вядомых творчых асобаў і працаўнікоў гаспадаркі.

Па стану здароў’я Мікалай Карпавіч прыйсці не змог, але прыслаў кошык чырванабокіх яблыкаў са свайго саду. А гэта быў месяц май.

Ён не толькі ўмеў вырошчваць плады, але і захоўваць іх. Для гэтага пабудаваў спецыяльнае сховішча, там падтрымліваў аптымальны тэмпературны рэжым, ствараў умовы, каб доўгі час плады не псаваліся і былі смачныя і якасныя, не горш за польскія і малдоўскія.

Хто ён гэты руплівы і дбайны гаспадар, таленавіты чалавек, улюбёны ў справу, якую выбраў у жыцці?

Мікалай Карпавіч Папко нарадзіўся ў 1929 годзе ў невялікай вёсцы Скураты Віленскага ваяводства Дзісенскага павета, той частцы Заходняй Бедарусі, якая да 1939 года належала Польшчы. Бацька – селянін-хлебароб, які меў невялічкі надзел зямлі. На ёй разам з бацькамі працавала сямёра дзяцей: пяць братоў і дзве сястры.

Мікалай скончыў толькі два класы польскай пачатковай школы ў вёсцы Савіцкія. Гістарычныя падзеі (1939 год і Вялікая Айчынная вайна 1941-45 г.г.) прыпынілі навучанне. Пасля вайны, працуючы ва ўласнай гаспадарцы і ў калгасе, пачаў самастойна асвойваць навуку. Па падручніку суседа вывучаў “Арыфметыку”, ад брата навучыўся пісать па-руску і па-беларуску.

Вучыўся на курсах меліярацыі, працаваў па гэтай спецыяльнасці. У саўгасе імя Маркава выконваў розныя работы: быў паляводам, працаваў у мехмайстэрні. У сямідзесятыя гады сельгаспрадпрыемства пачало ўзбуйняцца, эканамічна развівацца. Разбудаваўся і цэнтр саўгаса імя Маркава, вёска Радзюкі. Родная вёска Мікалая Карпавіча вызначалася ў далейшым як не перспектыўная, таму што ў той час яшчэ не было маста праз раку Бярозаўку, і ў вясновы павадак, і ўвосень цяжка было дабрацца да крамы, школы, медпункта.

Браты Мікалай і Міхаіл Папко раздзялілі бацькоўскую хату і кожны перавёз сваю палову ў Радзюкі з родных Скуратаў. Пабудаваліся побач. Тут, на сваёй сядзібе, якая цягнулася да рэчкі Гнілухі, прытоку Бярозаўкі, і пачаў Карпавіч вырошчваць свой сад. Садоўніцкай справе вучыўся па кнігах, часопісах. Знаёміўся з аматарамі-садаводамі, абменьваліся саджанцамі, дзяліліся ведамі і вопытам. Выпісваў лепшыя гатункі пладовых дрэў. 3 Глыбоцкага раёна прывёз войлачную вішню і вінаград, з Крыму перадалі чарэшню, з Саратава – кубінскую вішню. Вырошчваў айву, ляшчыну, грушы, розныя гатункі сліў і кветкі. I вядома, яблыні. У садзе Карпавіча налічвалася каля 26 гатункаў пладовых дрэў, назвы гатункаў запісваў у нататнік: “Антэй”, “Бель”, “Мічурынка”, “Памяць Сікоры” ды іншыя.

Прыязджалі карэспандэнты з абласных і рэспубліканскіх газет. Пра свой сад Карпавіч расказваў з захапленнем, частаваў яблыкамі ранніх і позніх гатункаў. На слова “мічурынец” усміхаўся і казаў: “Не, я ў Сікоры вучыўся”. Значыць, чытаў літаратуру знакамітага садавода-селекцыянера. На жаль, з земляком сваім сустрэцца не давялося.

Пайшоў Мікалай Карпавіч на заслужаны адпачынак – стала больш вольнага часу. Заклаў плодагадавальнік. За саджанцамі прыязджалі з розных рэгіёнаў Беларусі, прадаваў танна, мясцовым жыхарам даваў бясплатна.

Садавод-аматар шмат эксперыментаваў. На адным дрэве прывіваў некалькі гатункаў. Вынайшаў уласны метад прышчэпвання матачнага прывою.

Амаль да апошніх дзён працаваў у садзе. Сад быў галоўнай справай жыцця. Мікалай Карпавіч – паўнавартасны прадаўжальнік справы Сікоры, чалавек, які любіў і ўмеў працаваць на зямлі, ствараць на карысць і радасць людзям. Ён нарадзіўся ў беларускай глыбінцы, меў шчырую, адкрытую, паэтычную душу, спрабаваў пяро ў вершаскладанні. Быў прыстойным чалавекам, часта наведваў царкву, добра ведаў Біблію, з ім цікава было паразмаўляць на розныя тэмы, паразважаць. Карпавіч заўсёды імкнуўся нешта спасцігнуць, мабыць, таямніцы нашага быцця і небыцця.

У кожным радзюкоўскім садзе, у іншых мясцінах і нават у далёкай Швецыі растуць Карпавічавы яблыні, які лічыў сябе вучням Сікоры.

Прыйшоў у гэты свет і пражыў не дарэмна: стварыў сям’ю, пабудаваў дом і пасадзіў не адно дрэва, а цэлы сад на памяць людзям.

Людміла Ардынская