Патрэт Язэпа Корсака

Патрэт Язэпа Корсака, фундатара глыбоцкіх касцёлаў. Ён вісеў у фарным касцёле, але быў прададзены з аўкцыёна ў 1905 годзе, калі з усіх магчымых крыніц збіралі грошы на разбудову касцёла.

За некалькі год да продажу яго паспеў сфатаграфаваць, і апублікаваць фота ў “Tygodniku Ilustrowanym”, краязнаўца Генрык Віньча. Сляды партрэта згубіліся.

Другі партрэт Язэпа Корсака быў у пачатку ХХ стагоддзя ў маёнтку Літоўшчына ў Паўліна Віньчы. Ён быў надрукаваны крыху раней у “Tygodniku Ilustrowanym”.

Той партрэт, верагодна, згарэў у лістападзе 1918 года, калі збальшавізаваныя сяляне разграмілі маёнтак.

Невядомы лёс парэшткаў Язэпа Корсака. Яго пахаванне пад касцёлам айцоў кармэлітаў было разбурана ў 60-70-я гады ХІХ стагоддзя. Паводле Румбальта Полацкага, парэшткі, выкінутыя з сутарэння, пахаваў пан Паўлін Віньча. Аднак Генрык Віньча, сваяк Паўліна, пішучы пра разгром пахаванняў у сутарэннях, не згадвае гэты факт. Ці то гэтага не было – ці то Генрык Віньча з нейкай прычыны адмыслова гэта замоўчаў.

Цяпер у Глыбокім ёсць два партрэты Язэпа Корсака, але сучасныя. Адзін прывёз Аляксандр Корсак з Варшавы, і ён змешчаны ў касцёле. Другі, работы глыбоцкага мастака Дзмітрыя Літвінскага, знаходзіцца ў гісторыка-этнаграфічным музеі.

Кастусь Шыталь