Пазыкі. Падаткі. Лесанарыхтоўкі. Кулакі. Успаміны Уладзіслава Ляскоўскага

Савецкая ўлада ўвяла нябачаную раней сістэму эксплуатацыі сельскага насельніцтва. Даводзіліся вялізныя планы здачы дзяржаве збожжа, мяса (жывёлы), малака, масла, яек. Пры іх выкананні, тут жа паступалі звышпланавыя заданні. Грашовыя падаткі налічваліся не толькі за зямлю, але і за кожнае пладовае дрэва, за кожны куст парэчак і малін, за кожны вулей пчол. Такога тыпу падаткі засталіся і тады, калі сяляне паздавалі ў калгас і зямлю, і кароў, і коней, і прылады працы.

Раней, калі ў каго недаставала сродкаў, то бралі пазыку ў банку. Саветы вынайшлі спосаб пазыкі: у свайго насельніцтва. Ужо ў 1945 годзе былі выпушчаныя аблігацыі ваеннай пазыкі. Зразумела, вайна ёсць вайна. І людзі аддавалі апошняе. А ў 1946 годзе – новая пазыка: на аднаўленне і развіццё гаспадаркі. Дык сельская гаспадарка і мела патрэбу ў сродках на аднаўленне і развіццё. А дзяржава брала гэтыя сродкі з беднай вёскі на аднаўленне прамысловасці і развіццё інфраструктуры гарадоў. Сяляне супраціўляліся. Тады на сяло прыязджалі начальнікі з раёну ў суправаджэнні міліцыі, збіралі сялян у чыю-небудзь хату і трымалі не выпускаючы, пакуль не падпішуцца на прапанаваную суму. Мужчыны адказваліся і адмоўчваліся, бо за адкрыты супраціў можна было “загрымець” і ў Сібір (хоць пазыка і называлася дабраахвотнай), а жанчыны плакалі: як выжыць, як карміць сям’ю? Прасцей было браць пазыку у рабочых і служачых, бо яны атрымлівалі зарплату з рук дзяржавы. Тут проста зарплата ўрэзвалася на 15 – 20 працэнтаў. Гэта я адчуў на сабе, калі стаў працаваць настаўнікам. Але ж мяне пасылалі агітаваць калгаснікаў на падпіску, калі яны амаль нічога з калгаса не атрымлівалі. І было сорамна глядзець ім ў вочы.

У 1947 годзе бацька звольніўся з лясной брыгады. І дома адразу атрымаў заданне: ехаць у лес у Расонскі раён і вывезці на станцыю нешта ад 50 да 150 кубаметраў – план вагаўся. Кулакам план 200 кубаметраў.
Бацька запрагае каня, накладвае на воз сена (корм каню), бярэ з сабой торбу харчу на тыдзень і едзе за 150 км у Расоны. Праз тыдзень вяртаецца. Пару дзён адпачывае, атаграваецца. А тады зноў едзе.
У 1947 годзе выйшла Пастанова Саўміна БССР аб падзелу сялян на катэгорыі: кулакоў, сераднякоў і беднякоў і аб падрыхтоўцы да суцэльнай калектывізацыі. У Глыбоцкім архіве захаваліся справы па Шаркоўшчынскаму раёну на 87 сялян, аднесеных да кулакоў. З іх па нашаму Каўшэлеўскаму сельсавету 6 спраў:

1) Татыржа Аляксандр Мікалаевіч, Кантора;
2) Адзінец Уладзімір Адамавіч, Рэчкі;
3) Міхайлаў Купрыян Савельевіч, Гальяшоўка;
4) Рынкевіч Ванда Францаўна, Бардзенцы;
5) Рынкевіч Восіп Фрэмантавіч, Бардзенцы;
6) Пугаўка Ювіналій Адольфавіч, Падрэчкі. (Гл. Фонд 1998, вопіс 2, спр. 39-53).

Гэты спісок не дакладны. Па-першае, Пугаўка Ювіналій не быў выселены. Па-другое, Міхайлаў Купрыян Савельевіч зусім не кулак, бо меў зямлі толькі пару гектараў, жыў у маленькай, беднай хаце (у яго я не раз бываў у хаце). “Віна” яго была толькі ў тым, што пры немцах ён быў назначаны солтысам. Нейкі час ён жыў спакойна, бо ён нікому нічым не нашкодзіў. Яго сын Калістрат нейкі час хадзіў разам са мной у шосты клас. А выселены Купрыян быў пад адну кампанію зачысткі разам з кулакамі ў час калектывізацыі. Многія справы райвыканкам афармляў абыякава. А справы Міхайлавай Кацярыны Кузьмінічны і Рынкевіч Аляксандры Іосіфаўны перакрэсленыя.

Захаваліся дзве цікавыя справы па Каўшэлеўскаму сельсавету пра людзей, якіх я ведаў.

1) Кукуць Аляксандр Іларывонавіч, Старая Борць, 7 га зямлі. Непрацоўныя даходы: сам гнуў дугі, рабіў сані, меў быка-вытворцу, да якога вадзілі кароў. – Справа ў раёне не зацверджаная.

2) Красільшчык Міхаіл Аліферавіч, вёска Гальяшоўка, 7 га зямлі, 10 душ, з іх 8 дзяцей, меў самаробную маслабойку: выціскаў алей з льносемя. – Справа ў раёне не зацверджаная.

Вызначыўшы кулакоў, у 1948 годзе ім давялі падаткі ў 5-кратным памеры. Большасць сямей, распрадаўшы ўсё, што можна, выплацілі гадавы падатак. Хто ж не выплаціў – гаспадара арыштоўвалі і судзілі як злоснага неплацельшчыка. А план лесавывазу перакладалі на жонку. Не ўсе мужчыны маглі справіцца з такімі ўдушлівымі заданнямі, а жанчыны – тым больш. Тады зямлю абразалі па вуглы хаты, забіралі гаспадарчыя пабудовы. У 1949 годзе – зноў тыя ж павялічаныя падаткі. З імі змаглі (на здзіўленне) справіцца толькі два гаспадары на ўвесь раён (у Слабадскім сельсавеце). Ва ўсіх астатніх гаспадарка была поўнасцю разароная. Людзі, кінутыя на галодную смерць, сыходзілі з хаты да сваякоў, да знаёмых, з’язджалі ў Прыбалтыку.

Перад бюракратычнай дзяржаўнай сістэмай паўстала невырашальная задача: кулакі прадаўжаюць стаяць на ўліку, а падаткаў з іх няма. (Не дояцца). З вобласці ідуць у раён грозныя паперы: прыняць самыя жорсткія меры па тэрміноваму збору падаткаў з кулакоў. У раёне разгубіліся. Зразумелі, што ўжо перагнулі палку, спяшаючыся разарыць кулакоў. І вось даюць задні ход: пасылаюць з раёна камісіі з работнікаў фінаддзела з прыцягненнем старшынь сельсаветаў для напісання актаў, што ў дадзенага кулака адсутнічае ўсякая маёмасць, у доме канфіскавана мэбля. І просяць аблвыканкам зняць дадзенага кулака з уліку. (А на гэта такога закону няма!) Праходзіць год. Нядоімкі завіслі. Тады і ў Мінску зразумелі становішча і прынялі меры: вясной 1952 года прыйшоў у Шаркоўшчыну поезд з вагонаў-цялятнікаў. У яго сабралі ўсе кулацкія сем’і, якія яшчэ маглі знайсці, і вывезлі ў аддаленыя раёны СССР. Хай яны працуюць на карысць казахаў і сібіракоў, абы не на Беларусь.

Здавалася, што цяпер ужо расчышчаная сялянам дарога да шчаслівага і заможнага жыцця. У 1949 годзе пачалася і ў 1950-м завяршылася калектывізацыя сялян. Планы лесавывазу перайшлі да калгасаў. А вось падаткі з калгаснікаў не знялі: плацілі за агарод 30 сотак, за кожнае пладовае дрэва, за кожны куст парэчак і малін, за кожны вулей пчол. Засталася падпіска на дзяржаўныя пазыкі, хоць заробкі ў калгасе былі плачэўныя: каля 200 грамаў зерня і каля 20 капеек за працадзень. Прадукцыйнасць працы сялян у калгасах знізілася. Пасяўная кампанія цягнулася ўвесь травень і чэрвень, а ўборка зацягвалася да замаразкаў. Ураджайнасць была нізкай.

У дапамогу калгасам дзяржава арганізавала машынна-трактарныя станцыі (МТС) у Шаркоўшчыне і ў Германавічах. Трактары МТС, па дамове з калгасамі, прысылала трактары для арбы. Сапраўды, трактары паўзорвалі пакінутыя і не араныя ад вайны землі. Пасяўныя плошчы выраслі. Але калгасы багатымі не сталі, бо МТС забірала за работу трактароў амаль усё збожжа. Аказалася, што ўлады не давяралі калгасам і іх старшыням, як раней не давяралі аднаасобнікам. Нават насеннае збожжа патрабавалі адвозіць з калгасаў на склад у Шаркоўшчыну, а вясной на пасеў забіраць назад… Перагібы.

І яшчэ адзін перагіб: чамусці ўлады задумалі і настаялі, каб жыхары хутароў і малых вёсак зносілі свае хаты ў агульны калгасны пасёлак. А калгаснікі былі беднымі, амаль што без зарплаты. За што было будавацца? Гэта быў здзек над людзьмі, як з прыгонных. Людзі супраціўляліся. Тады, пад напорам раённага начальства, сам старшыня калгаса Пратасевіч залазіў на страху “ахвяры” і сам дзёр далоў салому. Вось такая “павага” да чалавечых правоў калгаснікаў! І чалавек разумеў, што мірам не абыйдзецца. І, як “вораг народу” можа за ноч знікнуць з сям’ёй у неабсяжных прасторах Сібіры. Вось і ўсе савецкія правы чалавека. Калгаснік здаваўся, перасяляўся. А прайшло некалькі гадоў, калгасы ўзбуйнілі. І ў новых цэнтрах сталі будаваць пасёлкі, а старыя прыйшлі ў заняпад… Зноў патрэбна стала перасяляцца. Ды і перасяляцца ўжо некаму.

У былых вёсках дажываюць век старыя. Моладзь у гарадах. Яшчэ пасля вайны ў райне пражывала 40 000 чалавек. Цяпер толькі 16 000, ды з іх палавіна ў Шаркоўшчыне. Ад многіх вёсак не засталося і следу.

Уладзіслаў Ляскоўскі