Першае месца працы і прыезд у Вільню. Успаміны Каэтана Ражноўскага

Бацька з 1904 па 1906 гады працаваў на будаўніцтве чыгункі, якая вялася ад Седлец да Балагое ў глыбіню Расіі. Яна праходзіла праз Полацк і Mаладзечна. Гэты ўчастак чыгункі будаваў інжынер Вялешыс з Вільні (літовец). Участак ад Параф’янава да Будслава будаваў інжынер Ганаровіч (паляк) з Вільні, ад імя інжынера Вялейшысa. Уласна ў яго працаваў бацька ў якасці старэйшага цесляра, маючы надзор за іншымі сталярамі і цеслярамі.

Спачатку я таксама працаваў са сваім бацькам, вёў штодзённыя табелі работнікаў і складаў працоўныя лісты. У 1906 годзе інжынер Ганаровіч узяў мяне да сябе на дапамогу, да вялікага майго задавальнення. Мая праца была разнастайнай. Я ездзіў у Полацк і іншыя гарады для ўрэгулявання розных пытанняў, у якасці намесніка пана Ганаровіча. Акрамя таго, я наймаў мясцовае насельніцтва для перавозкі дрэваматэрыялаў для будоўлі, якія закуплялі ў лесе, а таксама іншых будаўнічых матэрыялаў. У суботнія дні дапамагаў выконваць плацёж работнікам.

Тады мой бацька зарабляў 60 рублёў у месяц, я таксама атрымліваў зарплату 60 рублёў у месяц. Акрамя таго, у мяне быў прыбытак ад завозу лесаматэрыялаў па 10 капеек за кубічны метр, якія ў якасці ўзнагароды вызначыў мне пан інжынер Ганаровіч як падарунак за наём возчыкаў на 20 капеек танней, чым раней выплочвалі, эканомячы на гэтым сур’ёзныя грошы.

Да вялікага задавальнення інжынера Ганаровіча, я спраўляўся са сваімі абавязкамі. З назапашанай сумы закупіў сабе годнага адзення і ашчадзіў некалькі сотняў рублёў, а таксама кожны месяц даваў маці па 20 рублёў на патрэбы нашай сям’і.

Будаўнічыя работы на будаўніцтве чыгункі былі завершаны ў канцы 1906 года. Тады ў выніку просьбы майго бацькі інжынер Ганаровіч узяў мяне з сабою ў Вільню з мэтай размяшчэння ў тэхнічную школу для атрымання ведаў тэхніка па будаўніцтву.

Пасля прыбыцця ў Вільню і засяленне ў пана інжынера Ганаровіча, пасля некалькіх дзён пачалася агульная забастоўка, якая праходзіла па ўсёй Расіі. Гэта было пачаткам рэвалюцыі. Чыгунка і ўсе дзяржаўныя ўстановы, фабрыкі і іншыя камерцыйныя прадпрыемствы, школы былі зачыненыя, таксама аб’ятыя страйкам. Паліцыя таксама некалькі тыдняў была зачынена. Замест паліцыі за гарадской бяспекай сачыла міліцыя, якую арганізавалі палітычныя арганізацыі, такія як Польская сацыялістычная партыя і БУНД – габрэйская партыя. У міліцыі былі чырвоныя палосы на рукавах і дубінкі.

У горадзе Вільні жыццё цалкам замерла. Цягнікі не прыходзілі і не адыходзілі. Пошта і тэлеграф былі зачыненыя, што перашкаджала людзям кантактаваць адзін з адным. Тым часам адбываліся масавыя мітынгі і маршы-дэманстрацыі з жаданнем звяржэння ў Расіі самадзяржаўна-царскай улады. Тады царскі ўрад, жадаючы супакоіць рэвалюцыйныя хваляванні, выдаў маніфест да народа. Маніфестам абвясціў аб скліканні Дзяржаўнай Думы, абвяшчэнне амністыі, зніжэнне гадоў службы ў войску.

Я, не маючы што рабіць і магчымасці вярнуцца дадому, таму што Тэхнічная школа была таксама зачынена, наведваў і пазнаваў горад Вільню, які мне вельмі падабаўся і прыцягваў. Я наведаў усе касцёлы, такія прыгожыя і цудоўныя. Мне асабліва спадабаліся: катэдра, св. Яна, Вострая Брама, Св. Духа. Наведаў Замкавую гару, Tрохкрыжскую гару, навакольныя лясы, Закрэнт, Бельмонт, могілкі Бернардынаў і Росы, гарадскія кірмашы і г.д.

У Вільні ў той час пражывала 70 000 палякаў і беларусаў, 60 000 габрэяў, рускіх – 19 000, літоўцаў – ледзь 2000. Іншых нацыянальнасцяў 3000. Разам было да 154 тысяч жыхароў. З улікам працягу забастоўкі і рэвалюцыйных хваляванняў у горадзе працягваліся мітынгі і дэманстрацыі. Усё гэта мяне ўзбуджала і прыцягвала. Прамовы і ўсялякія злавесныя вокрыкі ў адрас царскага ўрада. Акрамя таго, бомбы былі кінутыя ў адміністрацыю і будынак губернатара, адміністрацыю паліцмейстэра і паліцэйскі ўчастак. Гэтыя бомбы з іншымі я прыносіў з Маскоўскай лазні, якая знаходзілася пры вуліцы Завальнай, дзе яны былі зробленыя, на месца, дзе іх кідалі рэвалюцыянеры, у асноўным габрэі. Гэта баявая акцыя супраць царскай Расіі выклікала ў мяне ўспаміны аб змаганні ў 1863 годзе.

Я быў рады, што настаў час помсты царскай Расіі за прыгнёт палякаў, і асабліва за тых, якія загінулі ў Сібіры, не ўбачыўшы будучай свабоднай Польшчы. У маёй душы доўжылася жаданне ўчыніць як найбольшую помсту над царызмам і імкненне да звяржэння цара як жахлівага і ненавідзячага польскі народ, і жаданне адрадзіць незалежную Польскую дзяржаву.

Пераклад з польскай мовы Міхала Гіля